Вы тут

Паўнамоцтвы судовых выканаўцаў зменяцца летам


Змяненні ў Законы «Аб выканаўчым вядзенні» і «Аб судовых выканаўцах» запрацуюць у Беларусі ў ліпені 2021 года. Пра найбольш канцэптуальныя з іх расказала распрацоўшчык закона Кацярына ЛЯХАВА, кансультант упраўлення прававога забеспячэння галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі.


Каго задаволяць першым?

Нагадаем, што Законы «Аб выканаўчым вядзенні» і «Аб судовых выканаўцах» былі прынятыя ў 2016-м і запрацавалі ў 2017 годзе. Тады пашырылі магчымасці і правы судовых выканаўцаў, павысілі іх службовы статус, а таксама ўзмацнілі ролю патрабавальнікаў доўгу. Нягледзячы на тое, што з таго моманту прайшло не так шмат часу, узнікла «аб'ектыўная неабходнасць карэкціроўкі гэтых прававых актаў», паведаміла эксперт:

— Змяненне ўказаных законаў абумоўлена развіццём грамадства, інфармацыйных тэхналогій і эканамічных адносін, што патрабуе своечасовага ўдасканалення дзейных падыходаў. А асобныя палажэнні закона прапанаваныя з улікам практыкі іх прымянення ў замежных калег і ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання ў межах міжнароднага ўзаемадзеяння.

Змяненнямі ў законы мяркуецца, напрыклад, скарэктаваць чарговасць задавальнення патрабаванняў спагнаннікаў. Больш прыярытэтнымі стануць патрабаванні, якія маюць сацыяльную накіраванасць. Гэта, напрыклад, датычыцца аплаты працы грамадзян, якія працавалі ці працуюць у даўжніка па працоўным ці грамадзянска-прававых дагаворах, прадмет якіх — выкананне работ, аказанне паслуг ці стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. А таксама пакрыцця ўрону, нанесены злачынствам або адміністрацыйным правапарушэннем.

На першым месцы, як і раней, застанецца задавальненне спагнанняў па аліментах, пакрыццё расходаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, а таксама кампенсацыя за ўрон, нанесены жыццю і здароўю.

— Калі з даўжніка спагнана недастаткова сродкаў, то, каб задаволіць патрабаванні спагнаннікаў, запазычанасць ім будзе вяртацца прапарцыянальна сумам, якія неплацельшчык вінаваты кожнаму з іх, — удакладніла Кацярына Ляхава.

Медыяцыя як матывацыя

Мяркуецца ўкараніць сістэму матывацыі для даўжніка і спагнанніка запазычанасці праз магчымасці інстытута медыяцыі. Такая прапанова скіравана на стымуляванне добраахвотнага ўрэгулявання бакамі спрэчкі пытанняў пакрыцця запазычанасці па выканаўчых дакументах, расказала прадстаўніца Мінюста:

— Заключэнне паміж патрабавальнікам і даўжніком пагаднення аб прымяненні медыяцыі стане, па-першае, падставай для прыпынення выканаўчага вядзення. Па-другое, у выпадку заключэння міравога пагаднення паміж бакамі або наяўнасці медыяцыйнага пагаднення пры існаванні падстаў для спагнання прымусовага збору яго памер складзе палову ад устаноўленага.

Каб прадаць арыштаванае

Маёмасць, якую забралі за даўгі, змогуць пасля няўдалай спробы продажу пераацэньваць не адзін раз, а чатыры.

Калі ў прадугледжаны законам тэрмін маёмасць даўжніка не рэалізавалі, замест адной пераацэнкі, якая цяпер складае да 20 % ад першапачатковага кошту, можна будзе праводзіць чатыры такія працэдуры. Пры гэтым устаноўлены фіксаваны памер пераацэнкі — 20 % ад першаснай цаны арыштаванай маёмасці.

Каб зрабіць таргі (у тым ліку электронныя) больш выніковымі, умовы іх правядзення зменяць. Калі пакупнік маёмасці падчас таргоў не аплачвае кошт, за які яна была набытая, або высветліцца, што ўдзельнік таргоў не меў права ўдзельнічаць у іх, тады права набыць маёмасць перадаецца іншаму ўдзельніку таргоў. У дадзеным выпадку — таму, хто не стаў пераможцам таргоў, але зрабіў перадапошнюю стаўку.

«Электронны» дакумент і экстэрытарыяльнасць

Асобныя канцэптуальныя змяненні, замацаваныя ў законе, скіраваны на развіццё інфармацыйных тэхналогій у дзейнасці органаў прымусовага выканання. Прадугледжана, напрыклад, магчымасць накіраваць працэсуальныя дакументы бакам выканаўчага вядзення ў электронным выглядзе, што павысіць аператыўнасць атрымання дакументаў абодвума бакамі, удакладніла спецыяліст.

Запрацуе таксама прынцып экстэрытарыяльнасці ў дачыненні да дзейнасці органаў прымусовага выканання. Гэта азначае, што паўнамоцтвы судовага выканаўцы будуць распаўсюджвацца на ўсю Беларусь, а не на дакладную тэрыторыю краіны.

— Замацаванне гэтай нормы дазволіць аператыўна здзяйсняць выканаўчыя вядзенні, у тым ліку і на тэрыторыі іншай вобласці, раёна, раёна ў горадзе, — падкрэсліла Кацярына Ляхава.

Дазвол на абмежаванне

Судовым выканаўцам дадуць права прымаць меры ў выглядзе часовага абмежавання правоў даўжнікоў (грамадзян і індывідуальных прадпрымальнікаў) на кіраванне транспартнымі сродкамі і маторнымі маламернымі судамі, магутнасць рухавіка якіх перавышае пяць конскіх сіл, а таксама права на паляванне. Пакуль такія правы знаходзяцца ў кампетэнцыі судоў.

Разам з пашырэннем паўнамоцтваў павышаюцца і патрабаванні да пасады судовага выканаўцы.

Прадугледжваецца неабходнасць праходжання кандыдатам на пасаду судовага выканаўцы стажыроўкі і тэсціравання на веданне заканадаўства аб выканаўчым вядзенні.

Такія правілы неабходныя з улікам высокай адказнасці судовых выканаўцаў падчас выканання службовых абавязкаў.

...І больш магчымасцяў

Некаторыя змяненні ў законы закрануць і спагнаннікаў даўгоў. Напрыклад, накіраванне выканаўчага дакумента па месцы атрымання даўжніком заробку ці даходаў, якія прыраўноўваюцца да яго, больш не будзе падставай для спынення выканаўчага вядзення.

Даванне судом ці іншым упаўнаважаным органам (асобай) адтэрміноўкі ці растэрміноўкі здзяйснення выканаўчага дакумента стане падставай толькі для прыпынення выканаўчага вядзення.

Акрамя таго, спрошчаны парадак абскарджання пастаноў, дзеянняў (бяздзейнасці) судовых выканаўцаў. Устаноўлены мінімальныя патрабаванні пры падачы дакументаў для разгляду працэсуальнай скаргі.

Закон мае на ўвазе таксама спрашчэнне парадку звяртання спагнаннікаў у орган прымусовага выканання для ўзбуджэння выканаўчага вядзення. Абавязак спагнанніка найперш прад'явіць аплатнае патрабаванне, аформленае на падставе выканаўчага дакумента, у банк ці небанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю для спісання ў бясспрэчным парадку грошай з рахунку даўжніка (індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы), перш чым выканаўчы дакумент будзе прад'яўлены да здзяйснення ў орган прымусовага выканання, заменяць правам спагнанніка ажыццявіць гэтае дзеянне.

Ірына СІДАРОК

Фота top-shop.ru

Загаловак у газеце: Спагнаннікі супраць даўжнікоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?