Вы тут

«Каменная кветка» стане даступная для турыстаў. Стала вядома, калі Чорны замак Гальшанскі пакажа свае скарбы


Яшчэ некалькі гадоў таму Гальшанскі замак я бачыла толькі ў руінах, якія паступова сціраліся з зямлі з-за дажджоў, вятроў, снягоў і няўрымслівых турыстаў. Цяпер гэты гістарычны аб'ект проста не пазнаць — за паваротам сціплай рэчкі Гальшанкі гасцей Гродзенскага рэгіёна сустракаюць Паўночная вежа, прыведзеныя ў парадак рэшткі сцен і візіт-цэнтр.

Тры гады таму тут пачаліся рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы. «Каменную кветку» — менавіта так яшчэ да вайны звалі замак у Гальшанах — было вырашана захаваць і ператварыць у прывабны для турыстаў гістарычны аб'ект.

Калі пад'язджаеш да Гальшанскага замка, першае, што адзначаеш, гэта акуратнасць. Адчуванне, што ў маёнтка зноў з'явіўся гаспадар, які з асаблівай увагай прывёў усё ў парадак — добраўпарадкаваў тэрыторыі каля замка, стварыў інфраструктуру з вялікай аўтамабільнай стаянкай, расставіў новыя святлодыёдныя ліхтары і зладзіў дэкаратыўную падсветку ўздоўж алей.

Мы ўжо пісалі, што нядаўна тут адкрыўся візіт-цэнтр, але гэтым разам раскажам, чым здзівіць Паўночная вежа, якія знаходкі былі выяўлены на тэрыторыі замка і калі ўжо можна будзе цалкам акунуцца ў гісторыю адной з самых містычных мясцін Беларусі.


З карцін і гравюр

Гальшанскі замак — адзін з самых любімых для мастакоў. З асаблівым запалам яго малявалі Напалеон Орда, Альбрэхт Адам і Вінцэнт Дмахоўскі. Дарэчы, усе работы гэтых аўтараў можна лёгка знайсці ў адкрытым доступе.

Але на іх некаторыя часткі гістарычнага аб'екта ўжо былі разбураныя. Да нашага часу захаваліся толькі рэшткі Паўночнай вежы і Паўночна-Заходняга корпуса. Менавіта яны трапілі пад фрагментарныя рэстаўрацыйныя работы.

— Усе раскопкі, што праводзіліся на тэрыторыі Гальшанскага замка, дапамаглі нам лепш уявіць, як ён выглядаў цалкам, — расказвае Сяргей ЖЫЛІК, метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры. — Спецыялістамі быў выяўлены ўвесь перыметр палаца, у тым ліку Паўночна-Заходні корпус. Былі знойдзены фрагменты вежы, а таксама замкавай капліцы. Цяпер, дзякуючы гэтаму, мы можам меркаваць, як ён выглядаў на самай справе.

Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што Павел Сапега, прадстаўнік аднаго з магутных беларускіх родаў, будаваў замак на працягу ўсяго свайго жыцця. Аднак завяршыць пачатае не атрымалася, бо ўвесь час не хапала грошай, і ён памёр там жа ў 1635 годзе. Насуперак таму, што магнат у завяшчанні абавязаў захоўваць маёнтак і рэзідэнцыю суцэльна ў валоданні роду Сапегаў, да сярэдзіны XVІІ стагоддзя яе падзялілі, і тая пачала прыходзіць да заняпаду.

Каб захаваць аўтэнтычны выгляд Гальшанскага замка, было вырашана выканаць фрагментарнае аднаўленне і музеефікацыю руін.

Шматузроўневая экспазіцыя

Можа падацца, што Паўночная вежа ўжо цалкам адрэстаўраваная. Аднак пакуль тут выкананы толькі вонкавыя работы: гідраізаляцыя падмурка, умацаванне кладкі сцен, іх тынкоўка, зроблена падсветка. Наперадзе ўнутранае адстройванне і афармленне экспазіцыйных памяшканняў.

Па словах суразмоўніка, усяго будуць задзейнічаны чатыры ўзроўні: падвальнае памяшканне, першы, другі і трэці паверхі. Кожны з іх па-свойму прадставіць гісторыю Гальшанскага замка.

Экспазіцыя падвальнага памяшкання стане сапраўдным скарбам для аматараў містыкі, легенд і паданняў. Літаральна скарбам, бо па задуме спецыялістаў там установяць падлогу-вітрыну, пад якой схаваюць скарбы Гальшан. Тыя самыя, што размяшчаліся ў спальных пакоях уладальнікаў замка.

Таксама гэта памяшканне напоўняць рамантызаваныя героі з твора знакамітага беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Паўстануць перад турыстамі і вобразы знакамітых Белай дамы і Чорнага манаха.

Першы паверх будзе прысвечаны археалогіі. У прыватнасці, там размесцяцца ўнікальныя гістарычныя знаходкі, знойдзеныя на тэрыторыі Гальшан і Гальшанскага замка ў розныя перыяды пошукавых работ.

Другі ярус стане цікавінкай Паўночнай вежы. Яго цэнтр — прыгожы барочны камін, які адсылае нас да эпохі Сапегаў. Дапоўняць гэты антураж зандаж з унікальнай керамічнай пліткі, якая была знойдзена падчас раскопак, а таксама фрагменты падлогі ўнікальнага мура, якую можна сустрэць толькі ў гэтым магнацкім замку.

Экспазіцыя гэтага паверха раскажа радавую гісторыю мястэчка Гальшаны. Са слоў Сяргея Жыліка, у дадзеным выпадку стаяла задача паказаць пераемнасць.

— Мы паспрабуем паказаць гэтую пераемнасць у выглядзе ніткі такога непасрэднага сваяцтва, — сцвярджае гісторык, — ад Соф'і Гальшанскай (маці дынастыі Ягелонаў. — «Зв.») да Паўла Стэфана Сапегі. Хоць замак належаў гэтаму роду, але Сапегі з'яўляюцца пераемнікамі князёў Гальшанскіх, якія ў гэтым мястэчку першапачаткова пабудавалі гарадзішча.

На трэцім паверсе турыстам пакажуць вялікае пано, што сфарміруе ўяўленне пра тое, як замак выглядаў у розныя часы, якім яго змаглі захаваць мастакі і гісторыкі на старажытных карцінах і гравюрах. Там жа з'явяцца партрэты ўладальнікаў рэзідэнцыі.

Акрамя таго, тут установяць макет Гальшанскага палаца ў разрэзе. З яго дапамогай можна будзе ўбачыць, наколькі розныя па сваёй функцыянальнасці былі памяшканні ў крэпасці. А таксама зразумець, што гэта дасканала прадуманы будынак, дзе кожнае памяшканне мела сваю функцыю.

Важным момантам з'яўляецца той факт, што экспазіцыя, размешчаная на розных паверхах Паўночнай вежы, павінна будзе вытрымаць пэўную тэмпературу і вільготнасць, таму яе называюць «халоднай».

— Усе экспанаты для музея ўжо выраблены, — кажа Сяргей Аляксандравіч. — Яны могуць быць выстаўлены на агляд у экспазіцыях у любы час, засталося толькі дачакацца завяршэння адстройвання.

Адкрыць дзверы да фестывалю

Акрамя Паўночнай вежы, турысту даступнае так званае параднае памяшканне, якое з'яўляецца часткай Паўночна-Заходняга корпуса. Гісторыкі сцвярджаюць, што ва ўнутраным двары ўздоўж сцен праходзіла галерэя, па якой можна было трапіць у жылыя памяшканні. Цяпер тут часткова адноўлены калоны і ачышчана тэрыторыя.

Ва ўсім гэтым цагляным збудаванні велізарную ролю маюць металічныя вонкавыя лесвіцы. З іх дапамогай можна трапіць ва ўнутраны двор, прайсціся па парадным пакоі і нават спусціцца ў склеп былога замка. Але самае галоўнае — лесвіцы выконваюць ролю назіральнай пляцоўкі і дазваляюць трапіць у вежу з трэцяга паверха.

Менавіта тут адкрываецца самы чароўны краявід. У падзорную трубу можна будзе ў дэталях разглядзець перыметр замка, а галоўнае — ацаніць панараму кампактных і прыгожых Гальшан і бязмежных пагорыстых прастораў Ашмяншчыны.

— У перспектыве, — рэзюмуе «наглядчык» Гальшанскага замка, — работа над Паўночна-Усходнім корпусам, рэшткі якога былі знойдзены падчас археалагічных работ. Дарэчы, на дадзены момант гэтая частка замка закансерваваная грунтам. Для руін так лепш. Тым не менш пачатак супрацьаварыйных рэстаўрацыйных работ ужо пакладзены.

Сама Паўночная вежа зможа адкрыць свае дзверы ў маі, калі ў мястэчку зноў арганізуюць штогадовы фестываль «Гальшанскі замак», які ў папярэднія гады збіраў мноства гасцей не толькі з Беларусі, але і з іншых еўрапейскіх краін.

Работнікі музея спадзяюцца, што да гэтай падзеі ўсё будзе гатова.

Даведка «Звязды»

У ролі заказчыкаў і выканаўцаў гэтага аб'екта выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва пры Ашмянскім райвыканкаме.

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама адзначылі, што будаўніцтва візіт-цэнтра было выканана за кошт бюджэтных сродкаў Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта. Астатнія работы ў Гальшанскім замку вядуцца дзякуючы фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва.

Акрамя таго, Гальшанскі замак з'яўляецца ўдзельнікам дзяржпраграмы «Культура Беларусі», разлічанай на 2016—2020 гады, і ў бягучым годзе была пададзена паўторная заяўка на дадатковае фінансаванне.

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?