Вы тут

Рух наперад


З месяц таму давялося наведаць надзвычай прыгожага чалавека, 90-гадовага ветэрана калгаснай вытворчасці Леаніда Лявонава. Калі гаварылі з ім пра першыя гады работы Леаніда Іванавіча, чамусьці згадалася яшчэ адна сустрэча, таксама нядаўняя, з цяперашнім кіраўніком, дырэктарам сельгаспрадпрыемства «Астрамечава» Алегам Бураком. Напрошваліся некаторыя паралелі і параўнанні. Леанід Лявонаў усталёўваў калгас у 1950-я гады. Калі заступіў на пасаду, нічога не было ў той вёсцы, адны абагуленыя каровы ды коні. Балота па перыметры асушалі канавай, якую капалі ўручную.


Усё пачыналі спачатку, усё адбудоўвалі, пры гэтым аралі, сеялі, садзілі лес. А якія магчымасці даступныя старшыні, каб быць у курсе работы на любым участку? Фурманка з вазком, зімой сані, ну і пасыльны для сувязі, да райцэнтра ж дарогі не было, дабіраліся ляснымі сцяжынамі. Тэлефон правялі потым, адзін на ўвесь сельсавет, пазней паставілі другі ў праўленні гаспадаркі. А калі праклалі дарогу, то і аўтобус з горада пусцілі. Але гэта не адразу, толькі праз гады.

Што ўяўляе сабой цяперашні калгас, можна паглядзець на прыкладзе Астрамечава. Не буду гаварыць пра маштабы розных галін вытворчасці гэтай вялікай шматпланавай гаспадаркі. Акрэслю адну дэталь: з кабінета дырэктара ў рэжыме рэальнага часу можна назіраць за работай любога вытворчага падраздзялення. З дапамогай аднаго дотыку да клавіятуры магчыма трапіць на жывёлагадоўчы комплекс, другім клікам — завітаць на КЗС і паглядзець, як ідзе адгрузка збожжа, далей — пракантраляваць ход рэканструкцыі фермы і работу канвеера ў цэху разліву соку. Ну, вы здагадаліся, увесь вытворчы комплекс ААТ аснашчаны камерамі відэаназірання, і з рабочага камп'ютара кіраўніка ёсць магчымасць «наведваць» кожны цэх і падраздзяленне штодня.

Ці мог уявіць сабе гэта яго калега паўстагоддзя таму? Вядома, не. Толькі ў самых смелых марах мог дапускаць, якія машыны і механізмы прыйдуць на дапамогу чалавеку, а пра тыя спосабы сувязі і магчымасці, якія яны адкрываюць, не тое што ў 1950-х, але і ў 1980-х ніхто не згадваў.

А яшчэ на гэтыя разважанні, як ні дзіўна, падштурхнулі старонкі Мележавых «Людзей на балоце». Цяпер так многа і хораша гавораць пра Івана Паўлавіча з нагоды яго 100-годдзя, што захацелася перачытаць «Палескую хроніку». На першых старонках рамана гаворыцца пра тое, як жылі Курані ў вясновую і асеннюю непагадзь, калі размакала адзіная дарога: «...Але і гэтая нямоцная сувязь са светам пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Восенню ці вясной яна перарывалася на цэлыя месяцы: багна, што страшна разбухала ад слоты і разводдзя, адразала востраў ад свету мацней, чым гэта маглі б зрабіць абшары вадзянога прастору».

Суаднесці апісанне нейкім чынам з сельскай сучаснасцю немагчыма. Ні тэлефона, ні інтэрнэту, ні электрычнасці, хуткая, пажарная, паштовая служба — пра што вы? Людзі месяцамі маглі не ведаць, што, скажам, недалёкі родзіч памёр, альбо ў дачкі ў суседняй вёсцы нарадзіліся двайняты. На дварэ было ўжо ХХ стагоддзе. Калі я зачытала гэты ўрывак і паспрабавала растлумачыць сітуацыю аднаму юнаму сваяку, вучню пачатковай школы, ён сказаў літаральна наступнае: «Калі не было тэлефона ды інтэрнэту, то можна ж было выкарыстаць спадарожнікавую сувязь». «Можна, але для пачатку яе трэба было наладзіць, а яшчэ раней запусціць спадарожнікі», — адказала я. Цяпер жа, седзячы на тым балоце, спакойна можна размаўляць ці перапісвацца са знаёмымі ці незнаёмымі людзьмі, хоць бы тыя знаходзіліся ў Канадзе. І мы ўжо гаворым не проста пра сувязь, а пра ўкараненне ў вытворчасць лічбавых тэхналогій, воблачнага захоўвання інфармацыі, у тым ліку ў глыбінцы.

...Аднойчы ў кампаніі мы заспрачаліся наконт таго, як адрэагаваў бы, скажам, Пушкін, каб яго ўдалося нейкім чынам перамясціць у рэаліі сённяшняга дня. «Чалавек з эпохі, калі не было яшчэ нават чыгункі, калі б трапіў у сучасны мегаполіс з процьмай машын, высачэзнымі дамамі, непрывычнымі гукамі, пахам хранічнай загазаванасці, пэўна б, звар'яцеў», — разважаў адзін. «А далей паказаць са смартфона, як Наталля Мікалаеўна ў ранішняй сваёй красе жадае свайму паэту добрага дня, пры гэтым яна знаходзіцца ў горадзе за сотню міль — і розум не вытрымаў бы», — дапаўняў другі... І ўсё ж перамагло меркаванне, што на тое ён і геній, каб прадбачыць прагрэс чалавецтва. Вунь, Леанарда да Вінчы ў сваім амаль Сярэднявеччы макеты танкаў ды касмічных караблёў чарціў. Думаю, і Пушкіну, каб давялося, атрымалася б паверыць у дасягненні прагрэсу — калі не ўсвядоміць іх, то прыняць душой, што рух наперад непазбежны. Яго ніхто не зможа ўтрымаць альбо адмяніць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?