Вы тут

Іван Шамякін. Дабрыня як дамінанта светапогляду


У 1921 годзе, калі Іван Шамякін нарадзіўся на Гомельшчыне ў вёсцы Карма Добрушскага павета, Гомельская губерня ўваходзіла ў  склад Расійскай Федэрацыі. Дадзены факт ніяк не адбіўся на лёсе Івана Пятровіча, хіба толькі крытыкі папракалі яго, ужо сталага літаратара, за некаторую колькасць русізмаў у творах. Але што зробіш: для пісьменніка гэта матчына мова — так гаварылі ў іх мясцовасці. Больш важна — сам характар мясцовасці. Вакол Добруша — рэчкі і каналы, таму Уладзімір Пракапцоў на­ зваў горад «маленькай Вене­ цыяй».


Іван Шамякін на лецішчы, 1970-я гады

А яшчэ дубровы — па іх, як быццам, племя радзімічаў, якое жыло тут, прыйшоўшы некалі з захаду, і назвала паселішча Добрушам. Зямля нарадзіла выдатных дзеячаў: той жа Уладзімір  Пракапцоў, генеральны дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, вядомы мастак, стваральнік музейнага квартала ў Мінску. Яго зямляк Васіль Калінін — іканапісец. Аляксандр Старацітораў на Чорным моры вы­вучаў і трэніраваў дэльфінаў, а калі вярнуўся на радзіму, узначаліў раённую арганіза­ цыю ветэранаў і шмат зрабіў для ўшанавання памяці знак­ мітых землякоў.

«Геній месца» — рэч важная, вартая ўвагі: чаму на той ці іншай тэрыторыі з’яўляюцца асобы, выдатныя ў пэўнай сферы дзейнасці? «Умяшчальны ландшафт» (Л. М. Гумілёў) — галоўнае, на што варта звярнуць ува­ гу. Ландшафты вакол вёскі Карма разнастайныя, надзвычай маляўнічыя, у асноўным лясы, дзе служыў лес­ ніком бацька будучага пісьменніка Шамякіна.

Прыродны фактар, у які ўваходзіць і генетыка, най­ важнейшы ў фарміраванні асобы. Што тычыцца памяці пра род, то Шамякін ужо ў сталым узросце зацікавіўся сваімі каранямі. Дзядоў ён памятаў добра. У прыватнас­ ці, у аўтабіяграфіі адзначае цікавы характар дзеда па ба­ цьку Міны. У сям’і захоўвалася цьмянае паданне, што продкі некалі мелі прозвішча Чарназёмавы. Адзін з іх вярнуўся з Расіі, куды ездзіў на заробкі, ужо з прозвішчам Шамякін, якое і прыжылося. Адкуль, чаму, невядома. Прычым напачатку слова вымаўлялася і пісалася «Шэмякін», таксама, як у сусветна вядомага расійскага мастака Міхаіла Шэмякіна. Сам Іван Пятровіч у канцы 1940-х гадоў, ужо калі стаў пісьменнікам, выправіў новыя дакументы, памяняўшы адну літару ў прозвішчы, бо так — больш па-беларуску.

Само слова — ад «шыю мяць». Магчыма, продак пісьменніка любіў біцца, як вадзілася, прытым рытуальна, у вёсках таго часу, і перамагаў. Пра сілу роду ўскосна сведчыць фізічная моц роднага дзядзькі Івана Пятровіча — Трафіма Мінавіча. Неардынарны быў чалавек: мала што дужы, дык і вясёлы, смяшлівы, заўсёды спяваў. Аб ім у майго бацькі — самыя светлыя ўспаміны. Ды і дзеда Пятра Мінавіча я сама памятаю высокім і моцным нават у сталым узросце. Але Іван пайшоў у сваю маці — Сынклецію Сцяпанаўну — нізкага расточку.

Дзед будучага пісьменніка па маці меў прозвішча Калінін. Чалавек разумны, разважлівы, справядлівы, прытым багаты, карыстаўся ў людзей вялікай павагай, таму на працягу больш чым дваццаці гадоў аднавяскоўцы выбіралі яго старастам вялікай вёскі Карма.

У вёсцы, дарэчы, адпраўляў службу святы Іаан Кар­ мянскі — Іван Гашкевіч (1837—1917 гг.). Паходзіў ён з вя­ домага роду беларуска-ўкраінскіх святароў Гашкевічаў. Яго родзіч — першы консул Расіі ў Японіі, вядомы ву­ чоны, знаўца Усходу. Свята-Пакроўскую царкву, у якой у ХІХ ст. служыў Іаан, у 1950 г. улады разбурылі. У 1991 г. выпадкова знайшлі яго нятленныя мошчы. Тады і царкву аднавілі, дзе мошчы захоўваюцца.

Як уплывала на маіх родных — прадзедаў — блізкасць да святога? Такі чалавек, бясспрэчна, утвараў вакол сябе асаблівую духоўную атмасферу. Шамякін-атэіст гэтым не зацікавіўся. Але аб маральных якасцях роду я мяркую хоць бы па бабулі. Фенаменальна працалюбівая, мужная і  рашучая, але ціхая, рахманая, сарамлівая, заўсёды баялася, як бы не надакучыць, не замінаць іншым людзям, не займаць іх часу сабою. У прынцыпе такім жа быў і Іван Пятровіч. Безумоўна, калі стаў зна­ камітым, прыходзілася яму і выступаць перад вялікімі калектывамі, і сядзець у розных прэзідыумах, і часта хадзіць па чыноўніках. Але не любіў быць у цэнтры ўвагі.

Само слова «Карма» (з націскам на другім складзе) я лічу старажытным, ад арыйцаў: на санскрыце «карма» (з націскам на першым складзе) — вызначаны ўчынкамі чалавека яго лёс.

Шамякін верыў у свой шчаслівы лёс, меў яго, лёсу, падказкі, намёкі з ранняга дзяцінства. Так, у лесніка Пятра Мінавіча любілі чытаць паэму Я.  Коласа «Но­ вая зямля» — пра сям’ю лесніка Міхала. І мне, шасцігадовай, бацька чытаў паэму па вечарах. Стаўшы Дабрыня як дамінанта светапогляду пісьменнікам, Іван Пятровіч лічыў Коласа сваім на­ стаўнікам і заўсёды ганарыўся знаёмствам з ім.

У жыцці кожнага чалавека здараюцца падзеі, якія аказваюць такое моцнае ўражанне, што вызначаюць светаадчуванне, характар, нават лёс. У навуцы такое выключнае ўражанне называецца імпрэсінгам. Ім­ прэсінгаў можа быць некалькі на працягу жыцця, але найбольш запамінаецца першы, дзіцячы. Шамякін піша: «Першы яркі ўспамін маленства — як бацька ехаў служыць лесніком. Было гэта ў 1925 годзе. Самае моц­ нае ўражанне ад гэтай паездкі — равы ў вёсцы Крупец. Другое гэткае ж моцнае ўражанне зрабіў Сож і першы параход, які я ўбачыў».

Яшчэ адно ўражанне — ужо гадоў у дванаццаць, калі бацька Івана працаваў у лясніцтве каля вялікай вёскі Церуха Гомельскага раёна. Тут вучань церухскай школы вучыўся разам з будучай жонкай, пра што, безумоўна, тады не ведаў. Але праз некалькі гадоў яны сустрэліся ў кінатэатры ў Гомелі, дзе Іван Шамякін вучыўся ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, а Марыя Кротава — у медыцынскім вучылішчы. Пачалі сустракацца, потым працавалі ў розных месцах Беларусі, перапісваліся. Каханне прайшло выпрабаванне часам, расстаннем на пяць гадоў падчас вайны, службай Шамякіна ў войску. Пражылі разам 58 гадоў… Марыя Філатаўна для Івана Пятровіча — і любімая жонка, і маці яго дзяцей, і муза, і выдатны сакратар (закончыла з адзнакай, ужо маючы трох дзяцей, філалагічны факультэт педагагічнага інстытута).

Іван Шамякін у Таджыкістане, 1967 г.

Умовы фарміравання чалавека, будучага пісьменніка, шмат што вызначаюць у яго творчых прыхільнасцях, нават у яго стылі. Прырода ваколіц Церухі асабліва моцна паўплывала на светаадчуванне Шамякіна, неаднаразова даравала натхненне. У 1951 г. на грошы Сталінскай прэміі за раман «Глыбокая плынь» ён будуе ў Церусе звычайную вясковую хату, куды прыязджае з сям’ёй літаральна кожнае лета на працягу дзясяткаў гадоў.

На пясках павырасталі магутныя сасновыя бары, у якіх поўна вадзілася звяроў і птушак, выспявалі ягады і грыбы яшчэ нават у 1950—60-я гады, а тым больш у дзяцінстве Шамякіна. Тут, менавіта ў Церусе, Шамякін напісаў папулярныя ў чытачоў раманы «У добры час», «Крыніцы», «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні». Сюды пастаянна прыязджалі госці — калегіпісьменнікі: беларускія, рускія, украінскія. Асабліва часта заязджалі менавіта ўкраінскія пісьменнікі — заўсёды шумныя, гаманкія, дасціпныя, падобныя да запарожскіх казакоў.

У Церусе разам з гасцямі наладжваліся рыбалкі на Сож і яго старыцы, паходы ў лес па ягады і грыбы. Асабліва Шамякіны любілі «частаваць» экзотыкай: вазілі на адно з азёраў, дзе рос таксама, думаю, даледавіковы рэлікт — вадзяны арэх чылім: плады ў яго чорныя, калючыя, а вараныя на смак вельмі падобныя да харчовых каштанаў.

У творах, напісаных Шамякіным у 1950—60-я гады, праз мастацкі тэкст свеціцца радасць жыцця, прага творчасці, шчасце як гармонія, якую магчыма — тады ён верыў у гэта — ажыццявіць і ў чалавечым грамадстве.

Гады паездак у Церуху — літаральна кожным ле­ там  — былі часам поўнага, абсалютнага шчасця, якое толькі можа быць у жыцці чалавека. Адчуванне шчасця вынікала і з назіранняў за станоўчымі зменамі ў краіне, і ад уласных творчых сіл, даволі ранняй славы, уключа­ насці ў эліту грамадства, і ад сямейных радасцей. Але ў немалой ступені яно звязвалася з яшчэ непарушанай пупавінай яднання з прыродай, з вёскай. Успаміны пра вясковае маленства і найлепшую творчую пару ў Церу­ се Шамякін назаўсёды захаваў у сваім сэрцы як самае дарагое ў жыцці. Гэта абумовіла, як я мяркую, яго жыц- цярадаснасць (праўда, да 1990-х гадоў, калі трагічныя абставіны існавання змянілі яго светаадчуванне. Быць інтэлігенту аптымістам у той ліхі час — кашчунна).

Жыццярадаснае светаадчуванне, на маю думку, за­ кладвалася яшчэ да нараджэння. Нарадзіўся Шамякін зімою, а гэта значыць, што ў першы перыяд перынаталь­ нага развіцця атрымаў шмат сонца, энергіі ад прырод­ ных стыхій, а ў другі — яго маці, пасля збору ўраджаю, добра, з вітамінамі, харчавалася. Я найлепш памятаю бацьку не ў песімістычным настроі — пасля смерці адзі­ нага сына і развалу СССР, а смяшлівым, дасціпным, хоць і не такім востра-дасціпным, як яго сябра камедыёграф Андрэй Макаёнак. Шамякін меў рысы гіперактыўнага тыпу псіхікі (паводле класіфікацыі псіхатыпаў вядомага савецкага псіхолага П. Ганушкіна): бадзёры, дынамічны, любіў смех, жарты, іранічна ставіўся да многіх праяў рэ­ чаіснасці, асабліва да чыноўнікаў. З Макаёнкам яны часта нязлосна разыгрывалі сваіх сяброў і калег.

Шамякін прагнуў пастаяннай вучобы, набыцця ведаў, а таксама любіў пісаць ад рукі. Ён шмат чытаў, сабраў велізарную бібліятэку. Прычым чытаў павольна, уважліва, з алоўкам. І запамінаў прачытанае на ўсё жыццё. Пра эрудыцыю пісьменніка сведчыць кола чытання яго герояў — інтэлігентаў і моладзі: тут найперш беларускія пісьменнікі — Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Андрэй Макаёнак, рускія, замежныя — А. Пушкін, А. Астроўскі, М. Някрасаў, І. Тургенеў, А. Чэхаў, І. Гётэ, В. Скот, А. Дзюма, Ф. Шылер, Г. Гейнэ, М. Твен, Р. Л. Стывенсан, Т.  Шаўчэнка, Л.  Талстой, М.  Горкі, М.  Шолахаў, П.  Бажоў, Ф.  Цютчаў, С.  Ясенін, У.  Маякоўскі, А.  Блок, І. Ільф і Я. Пятроў… Па маіх назіраннях, героі Шамякіна цытуюць ледзь не ўсіх сусветных класікаў, дэманструюць знаёмства і з антычнай міфалогіяй, і з Бібліяй. Героі-чытачы ў кнігах І. Шамякіна — яскравы і паказальны прыклад фарміравання сябе праз літаратуру. І гэтым Шамякін выхоўваў сваіх рэальных чытачоў.

Шмат што ў жыцці пісьменніка аказалася звязаным з архітэктурай. Ён вучыўся ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў і да арміі працаваў па спецыяльнасці. А пахавалі Шамякіна ў дзень, калі грамадскасць Мінска павінна была адзначаць 30-годдзе выхаду яго, найлепшага ў Беларусі, рамана пра дойлідаў — «Атланты і карыятыды»…

Збудаванні — тое акружэнне, у якім жыве чалавек, — уваходзіла ў яго свядомасць паступова: ад вясковых хат і старожак у лесе да Зімовага палаца і хмарачосаў НьюЁрка. Шамякін шмат ездзіў, асабліва па Еўропе, ды і па Савецкім Саюзе. Любіў асабліва Вену, Бялград, Кіеў. Падабаліся яму многія гарады, але я мяркую, што найбольш ён усё ж любіў барочныя з іх яркай вобразнасцю, квяцістасцю аздаблення. Мне здаецца, моцныя ўражанні ад архітэктуры ўплывалі на стыль Шамякіна, у прыватнасці, прыхільнасць да барока дадавала эмацыянальнасці ў  яго творы. Іван Пятровіч як першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі курыраваў будаўніцтва Дома літаратара па вуліцы Фрунзэ ў Мінску і Дома творчасці пісьменнікаў «Іслач» — твораў унікальных.

Ва ўласным доме любіў парадак і чысціню. Вызначаўся выключнай акуратнасцю — да педантызму. Сам прыбіраў усе пакоі, дзе жыў і працаваў: у горадзе, на лецішчы.

Заўсёды кіраваўся здаровым сэнсам, хоць перад намі, сваімі дзецьмі, вельмі любіў гуляць у наіўнасць, каб мы яго ў чым-небудзь пераконвалі, нешта даказвалі. Часта пасля га­ рачых спрэчак калег на розных нарадах у СП Ша­ мякін урэшце рамантыкаў асаджваў: «А цяпер давай­це пагаворым цвяроза».

Іван Шамякін з жонкай і дзецьмі — Лінай, Таццянай  і Аляксандрам, 1950-я гады.

Шамякін — тып пісьменніка, маральны воблік якога як чалавека супадаў з  тым, што ён прапаведаваў у сваіх творах (на жаль, гэта не заўсёды супадае). Усе, хто ведаў Шамякіна, адзначалі яго высокія маральныя якасці, яго дабрыню. Алесь Савіцкі пісаў пра сябра: «Чалавек, які не прымае зло і прызнае найвышэйшай вартасцю здольнасць дарыць людзям толькі дабро». Паэт Генадзь Бураўкін: «Дабрыня, якая чыталася нават у самім абліччы Івана Пятровіча, была ў яго не проста закладзенай вясковым выхаваннем, не проста загартаванай горкім ваенным вопытам, а, як любяць казаць сёння мудрыя філосафы, сутнаснай, галоўнай дамінантай ягонага светапогляду».

Янка Сіпакоў: «Іван Пятровіч быў просты ў абы­ ходжанні і нейкі вельмі даступны. Здавалася, для ўсіх. З ім было лёгка гаварыць. Пра ўсё. Зусім не адчувала­ ся розніцы ў гадах, у становішчы, у вопыце — маўляў, я — народны, а ты — пачатковец. З усімі ён гаварыў як з роўнымі…»

І такіх сведчанняў ва ўспамінах пра Шамякіна дзясяткі.

Душэўная шчодрасць, добразычлівасць да людзей, высакароднасць, сумленнасць — самае галоўнае, што вызначала Івана Пятровіча Шамякіна як асобу.

Таццяна ШАМЯКІНА

Фота з сямейнага архіва

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.