Вы тут

Чым займаецца медыяцэнтр БНТУ


З чаго складаецца студэнцкае жыццё? З актыўных будняў, цікавых знаёмстваў, суполак па інтарэсах, а ў кагосьці — яшчэ і з першага рабочага месца. У некаторых студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ёсць тое, што робіць іх шчаслівымі і аб'ядноўвае, — гэта работа ў медыяцэнтры сваёй альма-матэр, а таксама на навінавым сайце Тіmes BNTU. Партал і інфармацыйная пляцоўка функцыянуюць у звязцы. Іх гісторыя пачалася тры гады таму, і за гэты час яны заваявалі давер з боку студэнтаў, выкладчыкаў і іншых інтэрнэт-карыстальнікаў.


Для медыяцэнтра на тэрыторыі галоўнага корпуса БНТУ выдзелена асобнае памяшканне. Тут адчуваецца прыемная рабочая атмасфера: у кожнага работніка свая зона, дзе ён працуе над новым матэрыялам, стварае інфаграфіку, апрацоўвае фота або адказвае на ўваходныя званкі. Адным словам, работа кіпіць. Галоўны рэдактар Тіmes BNTU, а таксама супрацоўніца медыяцэнтра з 2018 года, студэнтка пятага курса машынабудаўнічага факультэта Дзіяна ЗАВАЦКАЯ ўвяла нас у курс справы.

— Наш партал — гэта сучасная пляцоўка для студэнтаў, работнікаў, выпускнікоў і абітурыентаў універсітэта, задача якой — даносіць да іх самую актуальную інфармацыю. Мы з камандай імкнёмся дапамагаць усім, каб яны бралі актыўны ўдзел у жыцці альма-матэр, дзяліліся сваімі думкамі з нагоды таго, што трэба палепшыць, як зрабіць жыццё ў яе сценах цікавейшым, даведацца, што задавальняе або не.

У нас працуюць 27 чалавек, сярод іх як студэнты, так і выпускнікі ВНУ. Працуюць чатыры журналісты, якія пішуць матэрыялы на розныя тэмы: ад асвятлення знакавых мерапрыемстваў БНТУ і інтэрв'ю з вядомымі асобамі да нататак пра тое, як правесці цікава выхадныя ці якія зніжкі прадугледжаны для студэнтаў. А таксама карэктар, два фатографы, спецыяліст па сувязях са СМІ, кантэнт-мейкеры і іншыя. Ёсць і відэастудыя з аператарам, мантажорам, рэкламна-аналітычны аддзел.

— Чым прыцягваеце падпісчыкаў? — цікаўлюся ў суразмоўніцы.

— Для таго каб ахапіць розную аўдыторыю, заўсёды шукаем новыя фарматы, напрыклад праводзім прамыя эфіры з кіраўніцтвам універсітэта ў Іnstagram і на Youtube-канале, ды і ўвогуле актыўна развіваем сацсеткі, каб адразу даць магчымасць зваротнай сувязі любому карыстальніку нашага сайта. Гэта вельмі важна — бачыць зацікаўленасць усіх. Напрыклад, у Іnstagram у нас ужо больш за 10 тысяч падпісчыкаў, у Telegram — больш за 2,5 тысячы. Хочам аддаць больш увагі і TіkTok, бо, як ні круці, гэта самая хуткарослая платформа, чым абавязкова трэба карыстацца. Сочым за дзейнасцю СМІ, інфармацыйных рэсурсаў іншых універсітэтаў, розных дзіджытал-агенцтваў. Трэба разумець, якія тэндэнцыі ёсць у гэтай сферы. Цяпер у нас ёсць англійская версія сайта. Перыядычна сустракаюцца матэрыялы на роднай мове, мы толькі вітаем гэта!

Штогод сайт Тіmes BNTU наведвае 450 тысяч карыстальнікаў, якія забяспечваюць яму два мільёны праглядаў (!). За мінулы год на партале было размешчана каля дзвюх тысяч публікацый, каманда правяла больш за 360 фотасесій і зрабіла больш за 20 тысяч здымкаў. Дарэчы, уся рэкламная прадукцыя БНТУ, якую можна бачыць ва ўніверсітэце, у метро і ў іншых месцах сталіцы, у тым ліку і брэндбук ВНУ, — гэта таксама работа медыяцэнтра. «Мы ўдзельнічалі ў распрацоўцы канцэпцыі і арганізацыі святочных мерапрыемстваў з нагоды 100-годдзя роднай альма-матэр. Увогуле, для таго каб ВНУ паспяхова развівалася, у тым ліку прысутнічала ў розных рэйтынгах, важная колькасць згадак пра БНТУ і спасылак на наш сайт у інтэрнэце, колькасць навін і іх праглядаў, падпісчыкаў у сацсетках на акаўнты ўніверсітэта», — расказала Дзіяна.

Цікава, як дзяўчына аказалася ў камандзе Тіmes BNTU і стала яго галоўным рэдактарам?

— Некалькі гадоў таму вырашыла паспрабаваць сябе ў журналістыцы, да таго ж вельмі хацела пачаць займацца чымсьці цікавым акрамя вучобы. Убачыла запіс ва ўніверсітэцкай групе «УКантакце» аб тым, што шукаюць ахвотных у каманду Тіmes BNTU. Прыйшла на гутарку, выканала тэставае заданне, прайшла яго і — панеслася! Хадзіла на мерапрыемствы і асвятляла іх, паралельна рэдагавала публікацыі іншых журналістаў на сайце, а таксама размяшчала навіны. Зарэкамендавала сябе як адказны і добрасумленны работнік, таму і заняла кіруючую пасаду. Гэта, дарэчы, маё першае рабочае месца. З вучобай работу сумяшчаць аказалася лёгка, большую частку апошняй можна зрабіць «на аддаленцы», патрэбны толькі ноўтбук і вольны час. Дзякуючы такой рабоце навучылася знаходзіць падыход амаль да кожнага. У жыцці я не вельмі камунікабельная, аднак у сацсетках — іншая справа.

Пакуль мы размаўлялі з Дзіянай, з чарговага задання прыйшла карэспандэнт Тіmes BNTU — студэнтка пятага курса будаўнічага факультэта Ксенія МАЗГАВАЯ.

— Яшчэ ў школьныя гады мне падабалася пісаць сачыненні, нават разглядала варыянт паступлення на факультэт журналістыкі БДУ, але вучылася на фізіка-матэматычным профілі і, адпаведна, на ЦТ здавала фізіку і матэматыку. У выбары ВНУ сумненняў не было, — падала дакументы на будаўнічы факультэт БНТУ, мой дзядуля і дзядзька таксама былі звязаныя з гэтай ВНУ. На трэцім курсе адчула, што маю шмат вольнага часу, да таго ж вучоба давалася лёгка. Даведалася, што Тіmes BNTU шукае журналістаў, і зразумела, што гэта ідэальны шанц наблізіцца да сваёй мары. Пакінула заяўку, і мне патэлефанавала Дзіяна. Вызначыліся з першай тэмай для матэрыялу, я над ім папрацавала, і ён спадабаўся рэдакцыі. Вельмі рада, што знайшла сваё першае месца работы менавіта ў медыяцэнтры. Штодзень я ў пастаянным руху, з'яўляюцца новыя знаёмыя, я даведваюся нешта новае і развіваюся ў сваёй любімай справе. Здаецца, што дагэтуль я была абсалютна іншым чалавекам. Пакуль бачу сябе менавіта ў гэтым кірунку. Такая работа змяніла мяне як асобу, я стала больш рознабаковая і ініцыятыўная. Адчуваю, як пачала хутчэй успрымаць і апрацоўваць вялікія аб'ёмы інфармацыі.

— Як і хто можа трапіць да вас у каманду? — пытаюся ў дзяўчат.

— Мы перыядычна праводзім гутаркі, размяшчаем інфармацыю аб вакансіях у нашых сацсетках. Тыя, хто вучыцца на першым і другім курсах, асабліва хочуць трапіць да нас. Калі ў студэнта ёсць пэўныя прафесійныя якасці, якія нам патрэбны, з радасцю возьмем яго на работу. Бывае, не адразу з усімі знаходзім агульную мову, але гэта нармальна. Галоўнае — імкнуцца якасна выконваць свае абавязкі і быць працавітымі, адказнымі, крэатыўнымі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена камандай Тіmes BNTU

Загаловак у газеце: Сувязнае звяно, або Расказвае і паказвае медыяцэнтр БНТУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».