Вы тут

Паднябесная «гукае вясну»


Амаль сярэдзіна лютага на календары, а чарада свят усё працягваецца. У нас маразы і завеі, а ў Паднябесную прыйшло Чуньцзэ — Свята вясны. Так рамантычна тут называюць пачатак новага года. Сёлета гэта 4719-ы. І сустрэлі кітайскі Новы год не толькі на яго «радзіме». Яго таксама ад усёй душы адзначылі ў многіх краінах, дзе пражывае значная колькасць кітайцаў, перш за ўсё ў дзяржавах Усходняй Азіі. У Кітаі з гэтай нагоды распачаліся вялікія святочныя канікулы. Каларыту месяцоваму Новаму году надае і люстраная дата — 12.02.2021. Чым жа адметнае Чуньцзэ і як правільна «гукаць вясну» ў лютым?


Ад Жоўтага імператара

Кітайскі каляндар папулярны таксама ў Камбоджы, Манголіі, В'етнаме і іншых азіяцкіх краінах. Гэта сістэма з 60-гадовым цыклам. Яна грунтуецца на... астранамічных цыклах Юпітэра. На працягу 60 гадоў такая планета робіць пяць абаротаў вакол Сонца. Зыходзячы з гэтага, азіяцкія астролагі падзялілі шлях Юпітэра на 12 частак. Дні пазначаліся камбінацыяй з дзесяці знакаў, так званых ствалоў, у якія ўваходзілі пяць «зямных стыхій» — дрэва, агонь, зямля, метал, вада. Гэтыя знакі яшчэ класіфікуюцца па прыкметах «ян» (мужчынскі) і «інь» (жаночы), а таксама па 12 «галінах», якія пазначаліся задыякальнымі сімваламі жывёл.

«У нас у Кітаі свая сістэма задыяка, ці «шу» — па жывёлах, і яна больш папулярная, чым звыклыя вам, еўрапейцам, «вадалей-блізняты», — растлумачыў парталу rіa.ru Фан Фэй, заснавальнік падкаста і пабліка «Шэры Мока». Дарэчы, такім хітрым спосабам кітайцы таксама высвятляюць і ўзрост новага знаёмага, прыкідваючы, у якім годзе ён мог нарадзіцца.

У адпаведнасці з кітайскай традыцыяй гады адлічваюцца ад пачатку праўлення Хуан-дзі — з 2698 года да н. э. Такім чынам і атрымліваецца, што сёлета наступае 4719-ы. Хуан-дзі, або Жоўты імператар, — легендарная асоба, ён лічыцца заснавальнікам даасізму і — ні больш, ні менш — першапродкам усіх кітайцаў. Прынята лічыць, што жоўты колер суадносіцца з характэрным адценнем вады ракі Хуанхэ. Цікава, што гэты колер у Кітаі стаў імператарскім, кіраўнік насіў адзенне залаціста-жоўтага колеру, на спіне звычайна вышываўся залатымі ніткамі іншы сімвал імператарскай улады — лун, які з'яўляецца адначасова і адным з рачных божастваў.

Хуан-дзі пасля цяжкай барацьбы здолеў падпарадкаваць сабе правадыроў асобных плямёнаў і стварыў першую кітайскую дзяржаву ў гарах Куньлунь — на захад ад ракі Хуанхэ. Устанавіўшы мір, Жоўты імператар прынёс ахвяры багам, прызначыў чыноўнікаў-кіраўнікоў і ўвёў першыя ў краіне законы. Усяго Хуан-дзі меў 25 сыноў, 14 з якіх сталі родапачынальнікамі вядомых кітайскіх кланаў. Яму прыпісваецца вынаходства сякеры, лодкі і вёслаў, ступкі і таўкачыка, лука і стрэл, сукенкі і туфляў, а таксама падзел зямлі на надзелы. Яго паплечнікі стварылі іерагліфічную пісьменнасць і каляндар. Хуан-дзі прыпісваюць аўтарства многіх класічных твораў, у тым ліку асноватворных медыцынскіх трактатаў Хуан-дзі Нэй цзін, а таксама кароткага сачынення ў вершах Іньфуцзін, ушанаванага ў даасізме. Прывязку да легендарнага імператара мае таксама «Жабіны канон», які змяшчае прадпісанні па акупунктуры і лячэнні прыпяканнямі.

Дасюль захаваўся маўзалей Хуан-дзі — месца, дзе быў пахаваны легендарны Жоўты імператар. Ён знаходзіцца за 140 кіламетраў па аўтатрасе на поўдзень ад цэнтра гарадской акругі Яньань правінцыі Шэньсі. Маўзалей з'яўляецца адным з першых збудаванняў, якія былі ўключаны ў спіс ахоўваемых аб'ектаў культурнай спадчыны Кітая. Ён складаецца з дзвюх частак — храма Хуан-дзі і залы маўзалея. Паводле легенды, імператар узышоў на неба, таму ў маўзалеі захоўваюцца толькі яго адзенне і капялюш. Шматлікія кіраўнікі Кітая са старажытных часоў прыязджалі сюды ўшанаваць Хуан-дзі.

У 2637 годзе да н. э. па загадзе заснавальніка кітайскай цывілізацыі ўстанавілася сістэма летазлічэння, у якой базавым стаў поўны 60-гадовы цыкл. Падчас Сіньхайскай рэвалюцыі ў 1911-м кітайцы перайшлі на еўрапейскую сістэму, але, нягледзячы на гэта, дасюль выкарыстоўваюць старажытны каляндар.

Колер настрою — чырвоны

На працягу тысячагоддзяў у Паднябеснай і па ўсім свеце адзначаецца Свята вясны. Штогод дата Чуньцзэ змяняецца, паколькі вызначаецца выключна па месяцава-сонечным кітайскім календары. Адсюль і другая назва — месяцавы Новы год. Пачатак святкавання прыпадае на другі маладзік пасля зімовага сонцастаяння і таму перамяшчаецца ў межах месяца — паміж 21 студзеня і 21 лютага. Сёлета Свята вясны адзначаюць з 12 лютага, пры гэтым афіцыйныя канікулы ў кітайцаў будуць доўжыцца амаль тыдзень.

Перад святам краіна літаральна расцвітае кумачом. Паўсюль вісяць плакаты з вытанчана выпісанымі на іх іерогліфамі «фу» (шчасце) і «сі» (радасць), гірлянды ліхтароў і іншыя ўпрыгажэнні, і ўсе яны — выключна чырвонага колеру, які азначае поспех і дабрабыт. На дзвярах жыхары налепліваюць парныя каліграфічныя надпісы, выкананыя чорнай тушшу на чырвонай паперы. Змест зводзіцца да выказвання жыццёвых ідэалаў гаспадара хаты або добрых пажаданняў на новы год. На дзверы налепліваюць таксама выявы духаў-ахоўнікаў і бажаства багацця ў надзеі, што яны прынясуць у хату шчасце і дабрабыт.

Традыцыйна перад святам у Паднябеснай настае час «суботнікаў» — напярэдадні Чуньцзэ кітайцы павінны прыбраць свой дом, прычым робяць яны гэта грунтоўна. Пасля таго як дом вычышчаны, усе мяцёлкі, саўкі, анучы прыбіраюцца ў месца, дзе б іх ніхто падчас свята не змог убачыць. Падчас Чуньцзэ займацца ўборкай непажадана. Паводле народных легендаў, перад наступленнем Новага года багі дораць людзям удачу, якая асядае ў выглядзе пылу. Вось і атрымліваецца, што, прыбіраючы ў гэтыя дні, можна спудзіць поспех.

Тофу і хунбаа

Жыхары Паднябеснай, мабыць, самыя актыўныя карыстальнікі «сусветнага павуціння» ў свеце, таму ўсё часцей лічаць за лепшае віншаваць сяброў і блізкіх анлайн. На змену традыцыйным званкам і паштоўкам прыйшлі паведамленні па месенджары WeChat. Адзін з самых папулярных спосабаў — адпраўка «стыкера» — анімаванай карцінкі. Часта карыстальнікі сумяшчаюць традыцыйныя пажаданні — кітайскія ідыёмы (чэн'юй) — з пацешнымі малюнкамі або фатаграфіямі знакамітасцяў. Не стаў выключэннем і год Белага Металічнага Быка.

Навагодняя вячэра адрозніваецца не толькі багаццем і разнастайнасцю страў, але і старадаўнімі традыцыямі. Напрыклад, меню не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу (у нас яго называюць «тофу»), бо ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дабрабыт».

Паводле паданняў, у пачатку года ў кожны дом зазірае міфічная істота Нянь і знішчае запасы збожжа, жывёлу, а ў некаторых выпадках — нават дарослых і дзяцей. Таму ў першы дзень Чуньцзэ на ганку пакідаюць трохі ежы, каб задобрыць Няня і такім чынам адкупіцца ад яго. Па адной з легендаў, яшчэ ў старажытныя часы кітайцы аднойчы ўбачылі, як ненасытная істота спалохалася маленькага дзіцяці ў чырвонай вопратцы. Тады людзі вырашылі, што Нянь апасаецца гэтага колеру, і з тых часоў падчас Свята вясны яны апранаюць нешта чырвонае. Акрамя таго, кітайцы з першага да апошняга дня святкавання ўзрываюць феерверкі і петарды, каб гучным шумам адпудзіць злых духаў.

На Свята вясны ў Кітаі прынята абменьвацца падарункамі. Самым распаўсюджаным з'яўляецца чырвоны канверт з грашыма — «хунбаа». Яго прэзентуюць родным і сябрам, а таксама традыцыйна кіраўніцтва кампаній віншуе такім чынам сваіх падначаленых. Чырвоныя канверты — гэта не толькі грошы, але і пажаданне ўдачы і працвітання іх атрымальніку. З развіццём тэхналогій рабіць такія падарункі стала яшчэ прасцей. Той жа WeChat з 2015 года даў сваім карыстальнікам магчымасць адправіць грашовыя «хунбаа» ў асабістыя і публічныя чаты. У старадаўнія часы грошы дарылі ў выглядзе караляў, якія складаліся са ста манет. Гэта было своеасаблівае віншаванне — пажаданне пражыць да ста гадоў. Дарэчы, каралі са ста манет і сёння вельмі папулярныя ў Кітаі.

Бык прынясе ўдачу

На поўначы Паднябеснай на Новы год прынята есці пельмені, а на поўдні — «няньгаа» (скрылькі, прыгатаваныя з клейкага рысу). Паўночнікі аддаюць перавагу пельменям, бо на кітайскай мове слова «цзяацзы» сугучнае са словамі «праводзіны старога і сустрэча новага». Таксама лічыцца, што пельмені нагадваюць сваёй формай традыцыйныя зліткі з золата і срэбра і сімвалізуюць пажаданне багацця. З той жа прычыны жыхары поўдня ядуць «няньгаа», якія сімвалізуюць паляпшэнне жыцця.

Падчас свят кітайцы пераапранаюцца ў ільвоў і драконаў, а таксама ладзяць свае знакамітыя выступленні ў маляўнічых касцюмах і на хадулях. Прынята хадзіць у госці да сяброў, блізкіх і сваякоў і ўручаць падарункі ў чырвонай упакоўцы. Існуе традыцыя, паводле якой, прыходзячы ў госці на Новы год, трэба прыносіць два мандарыны. А падчас сыходу ўжо гаспадары аддаюць свае два мандарыны. Уся справа ў тым, што фраза «пара мандарынаў» на кітайскай гучыць практычна як слова «золата». І атрымліваецца, што такім чынам і госці, і гаспадары жадаюць адзін аднаму дастатку. Навагоднія святы завяршаюцца пасля свята Ліхтароў (Юаньсяацзэ або Дэнцзэ) — на пятнаццаты дзень першага месяца па месяцавым календары.

Белы Металічны Бык сімвалізуе моц, непахіснасць, імклівасць і адвагу. Людзям з такімі якасцямі гэты год прынясе ўдачу, абяцаюць астролагі. Нездарма ж сучасныя жыхары Паднябеснай, калі хваляць іншых, нярэдка кажуць: «Ты — класны» (у кітайскай мове для абазначэння слова «класны» выкарыстоўваецца іерогліф «бык»).


Даслоўна

«Важна пашырыць інвестыцыйную прысутнасць вядучых кітайскіх кампаній і банкаў у Беларусі»

Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VІ Усебеларускім народным сходзе.

«Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Кітай. Наша знешнепалітычная стратэгія адносіць гэтую вялікую дзяржаву да краін далёкай дугі, але дэ-факта адказнае партнёрства, нягледзячы на адлегласць, зрабіла нас найбліжэйшымі суседзямі. Наша стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем стала адной з прычын атакі Захаду на Беларусь у канцы мінулага года, але нас гэта спыніць не павінна. Мне проста ў вочы было сказана: «Вы сыходзіце ад Кітая, Кітая не павінна быць у цэнтры Еўропы». На што я ім адказаў: «Калі Еўрасаюз і ЗША атакавалі нас і эканоміку Беларусі гадоў пяць-шэсць таму маштабнымі санкцыямі, Кітай безумоўна нас падтрымаў, у той час ён адчыніў свае дзверы для нас, і мы ўвайшлі. І што, мы цяпер павінны закрыць Кітаю адзіны шлях у Еўропу, гэтую фортку праз Беларусь? Мы не можам на гэта пайсці, таму што мы людзі ўдзячныя і памятаем, што было тады. Вось такі быў адказ кіраўніцтву ЗША і іншым зацікаўленым у гэтым пытанні», — адзначыў беларускі лідар.

Гэты прыклад, на яго думку, толькі пацвярджае правільнасць курсу на паглыбленне стратэгічных адносін з Кітаем. «Нашы арыенціры развіцця шмат у чым супадаюць, што з'яўляецца асновай для далейшага ўмацавання сувязяў Беларусі і Кітая. Цяпер КНР аказвае рэальнае садзейнічанне нашай краіне ў будаўніцтве жылля за іх кошт, знакавых аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На бягучым этапе важна пашырыць дзелавую і інвестыцыйную прысутнасць вядучых кампаній і банкаў у Беларусі, перш за ўсё ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Нам у сваю чаргу неабходна больш актыўна асвойваць невычэрпны кітайскі рынак», — лічыць Прэзідэнт. Тым больш Кітай, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адкрыўся для Беларусі ў гэтым плане. Цяпер рэалізуецца экспартная заяўка па сельгаспрадукцыі, харчаванні, прамысловых таварах. «Сотні беларускіх сельгасарганізацый ужо акрэдытаваныя для паставак у Кітай. У сярэднім гэта дадасць да нашага экспарту ў КНР каля $700 млн і да $1 млрд», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


З нагоды

«Наша дружба вытрымала шматлікія выпрабаванні»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Старшыню Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна з традыцыйным Святам Вясны, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы дальнабачнасці і эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай палітыцы Кітай у 2020 годзе поўнасцю пазбавіўся ад беднасці і фактычна дасягнуў першай з «мэт двух стагоддзяў» — пабудовы грамадства сярэдняга дастатку.

«Уражальныя поспехі ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй у чарговы раз прадэманстравалі ўсяму свету, што моцны і сучасны Кітай здольны абараніць народ і сваю дзяржаўнасць», — адзначаецца ў віншаванні.

Прэзідэнт высока ацаніў падтрымку і своечасовую дапамогу, аказаныя Беларусі ў няпросты перыяд кітайскім бокам, адзначыўшы, што яны дарагога вартыя. «Запэўніваю вас, што і Кітай заўсёды можа разлічваць на Беларусь. Наша дружба вытрымала многія выпрабаванні, якія мы пераадольваем разам, таму па праве называем сябе «жалезнымі братамі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Перакананы, што ў 2021 годзе мы выведзем двухбаковае партнёрства на новы ўзровень, працягнем сумесную работу па выбудоўванні міжнародных адносін у духу павагі, роўнасці, справядлівасці і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва».

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за асабісты ўклад у развіццё саюзніцкіх сувязяў паміж Пекінам і Мінскам, пажадаў яму добрага здароўя і шчасця, а вялікаму кітайскаму народу — поспехаў і дабрабыту.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.