Вы тут

Раман Галоўчанка прадставіў праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады


План развіцця краіны прадставіў падчас Усебеларускага народнага сходу прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.


У аснове палітыкі эканамічнага росту ўрада — стымуляванне ўнутранага спажывання і рацыянальнага імпартазамяшчэння (павелічэнне даходаў, рэалізацыя дзяржпраграм), разгортванне новага інвестыцыйнага цыклу (зніжэнне рызыкі і выдаткаў інвестараў, стварэнне ўмоў для прыцягнення «доўгіх» грошай у эканоміку, фарміраванне развітай інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны ), рэалізацыя экспартнай стратэгіі (накіравана на ўкараненне інструментаў фінансавай інстытуцыяналізацыі падтрымкі экспарцёраў).

«Я ўпэўнены, што ўсе ўдзельнікі сходу згодны з тым, што дапусціць дэіндустрыялізацыю Беларусі нельга», — сказаў прэм’ер.

Па яго словах, трэба стварыць і развіць як мінімум пяць новых высокатэхналагічных галін і кірункаў. Сярод іх электраіндустрыя са стрыжнем нацыянальнай праграмы электратранспарту.

«Мы працягнем устаноўку айчынных электразарадных станцый. Да канца пяцігодкі траціна гарадскога грамадскага транспарту стане электрычным», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Яшчэ адзін кірунак — біяіндустрыя. За апошнія тры гады, як дадаў прэм’ер, распрацавана звыш 150 новых біятэхналогій. Урадам зацверджана стратэгія развіцця і фармацэўтыкі. Сталі рэальнасцю прамысловасці робаты. Пятая галіна для развіцця — вытворчасць кампазітных матэрыялаў.

«Гэта новая старонка для будучыні. Прадукцыя дазволіць замясціць метал, не саступаючы яму ў якасці», — падкрэсліў прэм’ер.

Ён адзначыў, што ўрад плануе рэалізаваць 47 праектаў у высокатэхналагічных сектарах з аб’ёмам інвестыцый 19 мільярдаў рублёў. Традыцыйныя галіны будуць развівацца на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове.

«На працягу пяцігодкі плануем прыцягнуць у прамысловасць больш за 80 мільярдаў рублёў і рэалізаваць больш за 500 інвестыцыйных праектаў», — заявіў  Раман Галоўчанка.

На яго думку, прыбытковым бізнесам павінна стаць сельская гаспадарка, працягнецца эфектыўнае выкарыстанне сыравінных зон, пабудуюць вытворчыя аб’екты.

«У прыватнасці ад аграрыяў чакаем да канца пяцігоддзя павелічэння аб’ёмаў вытворчасці зерня да 10 мільёнаў тон, малака — больш за 9 мільёнаў тон, мяса — больш за 2 мільёны», — канстатаваў кіраўнік урада.

Па экспарце паслуг, па яго словах, да канца пяцігодкі чакаюць выхад на 12 мільярдаў долараў. Ключавым пытаннем стане камфортнае жыллё — урад павялічыў забяспечанасць на аднаго жыхара да 28,5 квадратных метраў.

Упершыню для садзейнічання разгортванню інвестыцыйнага цыклу сфарміраваны дакумент — Нацыянальны інфраструктурны план Беларусі, у якім сабраны ўсе патрабаванні ў галіне. Туды ўключаны каля 1000 праектаў з аб’ёмам фінансавання 28 мільярдаў рублёў.

«Гэта аснова для развіцця рэгіёнаў. Канечне, мае быць яшчэ дзейнасць па пошуку крыніц фінансавання пад увесь план», — адзначыў прэм’ер-міністр.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.