Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы ні ў якім разе не будзем дагматыкамі


У сваёй заключнай прамове Прэзідэнт Беларусі перш за ўсё падзякаваў удзельнікам VI Усебеларускага народнага сходу за актыўнасць, адказны і ўдумлівы падыход да рашэнняў, абмеркаванняў лёсавызначальных для краіны пытанняў.


«Сённяшняе і будучыня Беларусі ў нашых руках, і перш за ўсё ў руках прысутных тут дэлегатаў, — сказаў ён. — Бо вы — самая высокая эліта нашага грамадства. Мы ідзём наперадзе. За намі пойдуць іншыя, калі яны хочуць жыць у мірнай і спакойнай краіне. Таму ад нас залежыць усё».

Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку ўхвалены, адзначыў лідар. Сацыяльная арыентаванасць беларускай эканамічнай мадэлі застаецца нязменнай, дадаў ён.

«Форум паказаў высокі запыт грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцяў і прыярытэтаў, — дадаў Прэзідэнт. — Гэта кажа пра тое, што за гады незалежнасці нам удалося выбудаваць сістэму, у аснове якой непахіснасць суверэнітэту краіны, які трымаецца на традыцыях, патрыятызме, памкненні народу да міру».

Як суверэнная дзяржава Беларусь па-ранейшаму адкрыта да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усім светам, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым яна не зменіць курс на пабудову Саюза Беларусі і Расіі і Еўразійскую інтэграцыю. Брацкая Расія і вялікі Кітай застануцца нашымі стратэгічнымі партнёрамі, і не толькі эканамічнымі, абазначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы з вамі абмеркавалі кірункі далейшага развіцця беларускага грамадства, вызначылі змены, якія неабходныя для найбольш поўнага ўдзелу насельніцтва ў прыняцці дзяржаўных рашэнняў. Гэта і пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, і канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, умацаванне мясцовага самакіравання, павышэнне ролі грамадскіх структур у палітычным жыцці краіны», — пералічыў кіраўнік дзяржавы і падкрэсліў, што ўсё, што прагучала на сходзе не з’яўляецца догмай, але будзе прааналізаванае і, магчыма, дапоўненае.

«Мы ні ў якім разе не будзем дагматыкамі і не будзем трымацца жалезабетонна за тое або іншае выказанае меркаванне, гэта датычыцца перш за ўсё мяне, натуральна, я вам гэта абяцаю. Усё павінна быць дэмакратычна з улікам вопыту, як заведзена казаць, цывілізаваных дзяржаў», — заключыў Прэзідэнт.

«Мы не павінны дапусціць гэтага раздзялення»

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў некалькі выступленняў, якія прагучалі на сходзе, з пункту погляду, як ён сказаў, звычайнага чалавека. Перад гэтым ён прапанаваў адказаць на пытанне: «Што вы будзеце рабіць, калі вам вашы ворагі, супернікі, канкурэнты будуць нешта раіць зрабіць?» І сам адказаў, што аксіёма — зрабіць наадварот.

«Нават калі не думаеш, а вораг табе раіць, у жыцці заўсёды так было — зрабі наадварот», — паразважаў Прэзідэнт і дадаў, што ў крытычнай сітуацыі людзі аб’ядноўваюцца і ідуць за лідарам.

«Людзі аб’ядноўваюцца, згутоўваюцца вакол канкрэтнай асобы, якая вызначаная альбо якую яны захочуць вызначыць, і ідуць за гэтым лідарам, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Так было заўсёды ў гісторыі чалавецтва».

Ён зноў прапанаваў паглядзець на прапановы супернікаў улады: размеркаванне паўнамоцтваў, свабода асобы, дэмакратыя, лібералізм поглядаў, перакананняў і іншае. Гучыць прыгожа, пагадзіўся лідар і заклікаў падвергнуць гэта сумненню.

«Бо гучыць добра і мы быццам не супраць, мы не супраць дэмакратыі, і наш сход сёння — гэта дэмакратыя, але мы не хочам той дэмакратыі, якую прапаведавала „самая дэмакратычная дзяржава“, калі застрэліла бясстрашную жанчыну, якая ваявала за гэту дэмакратычную дзяржаву, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка трагічны вынік спробы захопу Капітолію ў ЗША. — Пра якую дэмакратыю тут размова? Чаму я гэта кажу? Не таму, што супраць дэмакратыі, пераразмеркавання паўнамоцтваў — гэта будзе. Я да таго, што мы заўсёды павінны думаць і не паддавацца эмоцыям, асабліва калі нам нехта раіць збоку і бачыць у нас самых сур’ёзных канкурэнтаў».

Такія парады маюць мэту разбурыць, лічыць Прэзідэнт. Ён пагадзіўся з выступоўцам, які заклікаў не паўтараць чужых памылак і ўлічыць горкі вопыт суседзяў.

«Таму яшчэ раз паўтараю — мы павінны згуртавацца», — заявіў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што ў краіне хапае лідараў, што менавіта такія выступалі з трыбуны сходу.

«Запомніце, калі толькі нас раздзеляць, мы вырачаныя, мы загінем, — папярэдзіў беларускі лідар. — Мы не павінны дапусціць гэтага раздзялення. Трэба сціснуць зубы, сабрацца і перажыць гэты складаны і няпэўны перыяд».

Усе ўхваленыя на сходзе планы нечага вартыя, калі не супярэчаць гэтаму, дадаў Прэзідэнт.

Шлях, які вызначыла для сябе краіна ў гэтым перыядзе, ад зямлі, сказаў Аляксандр Лукашэнка, але няма гарантыі, што ён не будзе адкарэктаваны, бо ніхто не ведае, які глабальны выклік з’явіцца заўтра.

«Мы будзем імкнуцца ісці гэтым шляхам, але ў жыцці могуць быць усякія моманты, і да гэтага мы з вамі павінны быць гатовыя, — патлумачыў ён. — Але няпэўнасці каласальныя і сказаць, што мы вось такія гераічныя ўрачыстым маршам пройдзем і ўсё вырашым, нельга. І ў гэтыя хвіліны няпэўнасці нашай будучыні мы як ніколі павінны быць акуратныя і асцярожныя. І адзіныя. Не час сёння ламаць і крышыць».

Таму і ствараючы новую Канстытуцыю трэба дзейнічаць вельмі акуратна і асцярожна, патлумачыў думку Прэзідэнт.

«Трэба проста заняцца партыйным будаўніцтвам»

Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі на працягу першага паўгоддзя правесці перарэгістрацыю партый. Ініцыятыва прагучала падчас форуму.

«Гэта правільна. Трэба дапрацаваць той закон, які ёсць, разумеючы, што ён нам будзе патрэбны, і пасля Канстытуцыі мы будзем многія законы дапрацоўваць. Давайце зараз гэта зробім і правядзем перарэгістрацыю партыяў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А людзей папярэдзьце, каб яны думалі, перш чым уступаць у нейкую палітычную арганізацыю».

У той жа час на Усебеларускім народным сходзе гучалі думкі, што партыям пакуль рана даваць магчымасць абірацца ў парламент па партыйных спісах, бо большасць палітычных арганізацый у краіне існуюць фактычна толькі на паперы. А значыць, да фарміравання партый трэба падыходзіць больш сур'ёзна.

«Трэба проста заняцца партыйным будаўніцтвам, і калі мы ўбачым, што ў выніку гэтага працэсу (ён можа хуткім быць, можа быць вельмі доўгім), калі людзі зразумеюць, што партыя Алега Гайдукевіча (дэпутат, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. — «Зв.») адрозніваецца ад партыі Аляксея Камая (старшыня савета Камуністычнай партыі Беларусі. — «Зв.»), тады можна людзям прапаноўваць галасаванне па партыйных спісах», — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, само грамадства павінна саспець для ўвядзення гэтых навацый. Важна не падзяліць грамадзян правядзеннем падобных рэформаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. «Таму трэба ісці асцярожна, як па тонкім лёдзе. Бо правалімся і не выкараскараемся. Сёння не час для сумніўных эксперыментаў», — падкрэсліў ён.

«Нашы перамены — гэта не тое што не мяцеж, гэта нават не рэвалюцыя. Мы павінны рухацца эвалюцыйным шляхам».

Паводле яго слоў, будуць прапрацаваны і прыняты неабходныя навацыі ў заканадаўстве ў цэлым — не толькі новыя законы і ўказы, але і іншыя нарматыўныя прававыя акты.

«Планы вялікія, перспектывы сур'ёзныя. Для таго, каб дасягнуць тых межаў, да якіх імкнемся, у нас ёсць усё. Ёсць воля народа, людзі, гатовыя весці калектывы да пастаўленых мэтаў, ёсць наша жаданне захаваць краіну», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Я абсалютна мірны чалавек. Я не хачу ніякага бою, ніякіх сутыкненняў. Я ніколі гэтага не зраблю. Але наступаюць такія моманты, калі трэба і зубы паказваць», — падкрэсліў беларускі лідар. У якасці прыкладу ён прывёў рашэнне аб перакідцы часткі Узброеных Сіл у раён Гродна ў перыяд выбарчай кампаніі мінулага года.

Словы асаблівай удзячнасці Прэзідэнт адрасаваў тым грамадзянам, хто ў складаны перыяд адкрыта заявіў пра сваю падтрымку дзеючай улады, удзельнічаў у аўтапрабегах і мітынгах. У прыватнасці Аляксандр Лукашэнка згадаў пра ўдзельнікаў мітынгу на плошчы Незалежнасці ў жніўні 2020 года. «Вы не разумееце, якую ролю адыгралі ў той час. Мы паказалі тады і потым, што акрамя іх (апанентаў дзеючай улады. — «Зв.»), ёсць яшчэ вельмі шмат людзей, якія не проста маюць іншы пункт гледжання, а поўныя рашучасці яго адстойваць. Гэта было вельмі важна», — сказаў Прэзідэнт.

Праект новай канстытуцыі з’явіцца цягам года

Прэзідэнт адзначыў, што новую Канстытуцыю трэба будзе распрацаваць і прыняць цягам года, і звярнуў увагу, што пасля яе прыняцця неабходна будзе адкарэктаваць вялікі аб'ём нарматыўна-прававых актаў.

«Мы павінны выканаць тое, што абяцана кіраўніком дзяржавы: прыняўшы Канстытуцыю на працягу 11–12 месяцаў, мы павінны рэалізаваць яе асноўныя палажэнні. Гэта запатрабуе змены цэлага масіва законаў і заканадаўчых актаў. Перакананы, што мы на новы праект Канстытуцыі да канца гэтага года выйдзем і прымем гэты асноўны юрыдычны дакумент на рэферэндуме, магчыма, сумясціўшы яго прыняцце з мясцовымі выбарамі. Думаю, гэта будзе нармальна, гэта будзе пэўная эканомія сродкаў», — сказаў Прэзідэнт.

Згодна з календаром на сайце ЦВК, выбары мясцовых Саветаў дэпутатаў павінны прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра прапановы прыбраць з Канстытуцыі палажэнне пра нейтралітэт Беларусі:

«Было закранута прынцыповае пытанне, перш за ўсё для Прэзідэнта. Розныя людзі, ваенныя і неваенныя, прапаноўвалі канстытуцыйна замацаваць прынцып, супрацьлеглы нейтралітэту. Няма нейтралітэту, і, шчыра кажучы, мы і не праводзілі курс, які быў бы жорстка звязаны з нейтралітэтам. Вось такая канстытуцыйная норма. Жыццё змянялася, і мы вымушаныя былі падладжвацца, мяркуючы, што нельга ўвесь час змяняць Канстытуцыю. Таму, відаць, трэба нам абмеркаваць гэтае пытанне са спецыялістамі і выкласці па-іншаму гэтыя патрабаванні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але перш трэба прыняць канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, заявіў кіраўнік дзяржавы. «Абмяркоўваючы яе, мы прыйдзем да канстытуцыйных зменаў у гэтым плане», — адзначыў ён.

«Працэс запушчаны»

Прэзідэнт Беларусі расказаў аб планах па змяненні заканадаўства па спыненні масавых беспарадкаў, правакацый і правапарушэнняў.

«Падабаецца гэта некаму ці не, працэс запушчаны, мною даручана розным структурам органаў улады падрыхтаваць праекты адпаведных нарматыўна-прававых актаў. Важна не толькі спыніць усялякія масавыя беспарадкі, але і каб мы выглядалі цывілізаванай дзяржавай, каб усе, убачыўшы гэтыя законы, разумелі, якія будуць наступствы за тыя ці іншыя дзеянні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час парламент прыме адпаведныя законы.

Пра цэны на лекі

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўлады прымуць сур'ёзныя рашэнні ў выпадку завышэння ў аптэках цэн на лекі.

Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на выступленне старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды, які закрануў тэму цэнаўтварэння, у тым ліку кошту лекаў, і заявіў, што ўсталяваннем высокіх коштаў асабліва грашаць прыватнікі.

«Мы прымем вельмі сур'ёзныя рашэнні, ажно да закрыцця гэтых аптэк, канфіскацыі іх і вяртанне ў даход дзяржавы. І ўсталюем вельмі жорсткі парадак па коштаўтварэнні ў аптэках. Іншага не дадзена», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ва ўмовах пандэміі, калі людзі хварэюць на розныя хваробы, дзяржава не будзе «жартаваць з лекамі, спадзявацца на нейкі рынак».

Прэзідэнт таксама даручыў ураду і Мінпрацы прапрацаваць узнятыя ФПБ пытанні ўдасканалення пенсійнай сістэмы.

Пра арэнднае жыллё

«Што тычыцца жылля. Мы будзем рабіць акцэнт на арэндным жыллі, у тым ліку і для прадпрыемстваў. Няхай прадпрыемствы больш будуюць свайго жылля», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба адкрыта казаць: арэнднае жыллё ўсё-такі будзе і прывязваць работнікаў да прадпрыемстваў. Нам гэта цяпер вельмі трэба. Вось гэтыя „летуны“, „скакуны“ з аднаго месца на іншае — гэта гібель для вытворчасці. Таму і жыллё павінна выконваць гэтую ролю, прывязваць работнікаў да прадпрыемстваў», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Згодна з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, у 2021–2025 гадах у Беларусі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 725 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля.

Пра мэтавы набор у ВНУ

«Мэтаваму набору ў ВНУ быць. Гэта адназначна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што будуць зробленыя пэўныя высновы з апошніх падзей. «Нам патрэбныя моцныя, надзейныя студэнты, таму што гэта будучыя спецыялісты і кіраўнікі», —упэўнены ён.

У той жа час мэтавы прыём не будзе некрытычным. «Каб ВНУ не запоўнілі сярэднія людзі, выпадковыя. Нам трэба ўлічыць і наш вопыт савецкага часу, мы яго памятаем. Трэба разумець, што калі будуць моцныя людзі з ведамі, значыць, краіна будзе развівацца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама закрануў тэму ўступных iспытаў пры паступленнi ў ВНУ, адзначыўшы, што трэба аб'яднаць цэнтралізаванае тэсціраванне з вочным сумоўем. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца ў бліжэйшы час з удзелам спецыялістаў.

Дзеці і моладзь — гэта наш прыярытэт

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы і запатрабаваў узмацніць работу сістэмы адукацыі з маладым пакаленнем.

«Вы ведаеце, што адбываецца з нашай моладдзю, якая часам застаецца сам-насам у інфармацыйнай прасторы. Там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі — замежныя ідэолагі, а часам — злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, — гэта пытанне не толькі да бацькоў, але і да ўсёй сістэмы адукацыі. Я вельмі прашу: усе тыя, хто мае дачыненне да сістэмы адукацыі, страпяніцеся», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ад якасна выбудаванай работы з моладдзю шмат у чым залежыць будучае развіццё Беларусі. Бо можна прыняць колькі заўгодна законаў, дзяржаўных рашэнняў, праграм, але для выхавання патрыятызму ў маладога пакалення гэтага недастаткова. «Законы рэагуюць на жыццё людзей, усталёўваюць парадак. Але ў іх ніколі ўсе нюансы не прадугледзіш. Усё залежыць ад чалавека. Шмат што залежаць будзе ад нас, ад асобы, народа ў цэлым. Дзеці і моладзь — гэта наш прыярытэт», — падкрэсліў беларускі лідар.

У сувязі з гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на ролю педагогаў і сістэмы адукацыі ў цэлым. «Не трэба займацца маралямі. Так, недзе трэба і лекцыю прачытаць, а недзе трэба павесці за сабой, сваім прыкладам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці пазітыўнага прыкладу работы з моладдзю ён прывёў арганізацыю экскурсій на айчынныя прадпрыемствы, дэманстрацыю ўзораў тэхнікі і тавараў, якія вырабляюць у Беларусі. «Дзеці павінны выхоўвацца на гэтым, каб яны бачылі, што мы сапраўды прасунутая нацыя і ўмеем такое ствараць. Можа быць, менш тады будуць і за мяжу глядзець. Усё — у элементарным. Трэба схамянуцца. І тут да сістэмы адукацыі ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі», — лічыць Прэзідэнт.

«Яшчэ раз кажу: не будзем займацца сваімі дзецьмі мы — імі зоймуцца чужыя настаўнікі жыцця. І тады ў гісторыі беларускай незалежнасці, якую павінны працягнуць нашы дзеці, можна будзе паставіць тлустую кропку», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

Пра сход

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу і даў наказ дэлегатам.

Ён звярнуў увагу, што часам людзей хвалююць не столькі палітычныя пытанні, якія на слыху, а больш практычныя тэмы. «Акрамя палітычных надбудовачных пытанняў, іх хвалюе базіс, эканоміка, іх жыццё. Гэта асаблівасць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, гэта стала сігналам для кіраўніцтва краіны, каб своечасова ўбачыць пытанні, якія найбольш хвалююць людзей, і аператыўна рэагаваць на іх: гэта рост коштаў у крамах і на паслугі ЖКГ, будаўніцтва жылля, працоўныя месцы, прыцягненне моладзі ў вёскі.

Удзельнікаў сходу ён заклікаў не хвалявацца з нагоды магчымай крытыкі з боку апанентаў.

«Нас будуць крытыкаваць, яны ўжо гэта робяць. Ім застаецца гэта рабіць. Але вы асабліва не хвалюйцеся. Мы фарміруем парадак нашага жыцця, парадак дня. Ім (апанентам. — «Зв.») прыпадае плесціся ў хвасце. Няхай аналізуюць, крытыкуюць, толькі па справе, пажадана б. І каб не хлусілі, менш рабілі памылак, у чым яны нас папракаюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён лічыць, што цяперашні сход быў асаблівым, нават у параўнанні з першым УНС, хоць той быў важным і цяжкім. «Але грамадства было іншае і дэлегаты, мы былі тады іншымі, — заўважыў Прэзідэнт. — Тут я адчуў маналіт».

«Мы ўсе гаворым пра тое, што прыйдуць новыя людзі ў палітыку. Вы ў пераважнай большасці падрыхтаваныя людзі. Пабываўшы тут, вы набылі пэўны вопыт», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І заклікаў дэлегатаў, асабліва моладзь, не сыходзіць з палітыкі, выкарыстоўваць атрыманы пры падрыхтоўцы і ўдзеле ва УНС вопыт. «Калі вас будзе цікавіць палітыка, не сыходзьце з яе. Асабліва ў перыяд партыйнага будаўніцтва і на гэтым сур'ёзным зломе ў нашым жыцці».

«Калі ласка, вярніцеся дадому і паведамце людзям пра нашыя рашэнні. Пра гэты ўнутраны напал. Той дух перадайце людзям. Нас павінны перш за ўсё зразумець людзі, якія накіравалі нас сюды», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама ўзгадаў практыку мінулых гадоў, калі рознага маштабу форумы, сходы праводзіліся органамі ўлады часцей. «Прыгадайце савецкія часы: з'езды, паміж імі пленумы па абмеркаванні прынцыповых пытанняў. Мы неяк падыходзілі да гэтага пытання (а потым адышлі), калі мы збіралі актыў у Мінску і абмяркоўвалі актуальныя пытанні развіцця нашага грамадства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Значная мэта такіх сходаў — зносіны, абмен меркаваннямі, магчымасць пачуць адзін аднаго.

«Гэта таксама важна — каб вы адсюль з'ехалі перакананымі людзьмі. Калі вы перакананыя, то вы за сабой зможаце павесці іншых», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Таму важнасць і каштоўнасць УНС як раз у тым, што «няхай Лукашэнка сваіх тут сабраў, але гэтыя свае ўплываюць на грамадства».

Асобна Прэзідэнт выказаўся аб канцэртнай праграме, якая завяршыла першы дзень сходу і стала своеасаблівым падарункам для дэлегатаў. Хоць Аляксандр Лукашэнка не змог прысутнічаць асабіста, ён паглядзеў усю версію ў тэлеэфіры і высока ацаніў падрыхтаваную праграму. «Многія такога цэласнага канцэрта даўно не бачылі, дзе і рэгіёны ўдзельнічалі, дзе людзі танчылі, спявалі. І сучасныя песні. Я бачыў рэакцыю многіх, асабліва жанчын. Думаў пра тое: выдатна, людзі прыехалі і ўбачылі, што, аказваецца, ніхто не загубіў беларускую культуру. І тыя, хто сёння пераабуўся і сышлі, — на іх месца прыйшлі маладыя, новыя», — падзяліўся меркаваннем беларускі лідар.

Пра працяг

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб'явіў VI Усебеларускі народны сход закрытым і паабяцаў працягнуць дыялог па ўзнятых пытаннях.

«Яшчэ раз шчыра дзякую вам за тую працу цягам двух дзён тут. Гэта вельмі карысна не толькі для вас, але, можа быць, нават перш за ўсё для мяне. Мы працягнем дыялог, які пачалі ў гэтай зале. Я вам абяцаю, што ён будзе насіць па ўсіх напрамках разгалінаваны і глыбокі характар. Мы будзем разам з вамі абмяркоўваць глабальныя праблемы. Перш за ўсё па пераўладкаванні нашага грамадства, фарміраванні новай заканадаўчай базы нашай дзяржавы. Гэта я вам абяцаю», — сказаў Прэзідэнт.

Удзельнікам УНС ён пажадаў міру, здароўя, творчых і прафесійных поспехаў у імя будучыні Беларусі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».