Вы тут

Медыкі расказалі, як прышчапляліся ад COVІD-19


У Беларусі завяршаецца планавая вакцынацыя медработнікаў расійскай вакцынай супраць каранавіруса «Спадарожнік V». Нагадаем, што іх пачалі прышчапляць першымі, бо медыкі знаходзяцца ў групе рызыкі. Міністэрства аховы здароўя размеркавала вакцыну па рэгіёнах — у залежнасці ад заявак медустаноў. Папярэдне былі адпрацаваныя ўсе пытанні захавання халадзільнага ланцуга.


Падчас прышчэпкі старшая медыцынская сястра  Таццяна Крыўнюк.

З ліку медработнікаў, якія былі заяўлены на першы этап вакцынацыі, ужо на пачатак гэтага тыдня ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцях і ў Мінску было прышчэплена 100 % ахвотных, у астатніх рэгіёнах да гэтай лічбы наблізіліся да канца тыдня. Да пачатку наступнага тыдня вакцынацыя медработнікаў мусіць быць завершана, паралельна прышчэпкі пачнуць рабіць работнікам устаноў адукацыі, інтэрнатаў, дамоў састарэлых і сацыяльных службаў — прадстаўнікам усіх тых прафесій, якія шмат кантактуюць з людзьмі.

А пакуль мы паразмаўлялі з медыкамі, якія атрымалі вакцыну ад каранавіруса. 11-я сталічная паліклініка была адной з першых у Мінску і краіне ў цэлым, дзе пачалі рабіць гэтыя прышчэпкі.

Таццяна Крыўнюк, старшая ўчастковая медыцынская сястра 1-га аддзялення агульнай практыкі, была сярод тых, хто зрабіў прышчэпку.

— За ўвесь перыяд маёй работы ў медыцыне мінулы год быў самы цяжкі. Было шмат і знаёмых, і пацыентаў, якіх, на вялікі жаль, не ўдалося выратаваць. Калі ўсё гэта бачыш, працуючы ва ўчастковай службе — а яна адной з першых адчула на сабе маштаб распаўсюджвання гэтай інфекцыі, — хочацца неяк застрахавацца ад хваробы.

Ніякіх пабочных эфектаў пасля прышчэпкі ў медыка не было, акрамя болю ў месцы ўколу, які за пару дзён прайшоў.

— Пры надаўліванні адчуваўся боль у месцы ін'екцыі. Але гэта не выклікала вялікага дыскамфорту, — кажа Таццяна Яўгенаўна.

Страху заразіцца паміж першай і другой прышчэпкамі таксама не было, нягледзячы на тое што працуе медыцынская сястра якраз на прыёме пацыентаў разам з урачом агульнай практыкі.

— У нас ёсць алгарытм работы ў сродках індывідуальнай аховы. Наведвальнікі і пацыенты строга прытрымліваюцца масачнага рэжыму. Таму вялікіх апасенняў няма.

Дадаткова ніякіх мер медык не прымала, акрамя вітамінатэрапіі — пастаралася насыціць свой рацыён вялікай колькасцю садавіны і гародніны.

Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 11-й гарадской паліклінікі Ірына Ісаева кажа, што адразу прыняла рашэнне прышчапляцца.

— Медыкі — тая катэгорыя, якая найчасцей сустракаецца з хворымі і больш за ўсё падвяргаецца рызыцы заражэння. Паколькі з'явілася магчымасць вакцынавацца, вырашыла абараніць сябе ад хваробы. Так атрымалася, што мы сталі аднымі з першых.

Ніякіх пабочных эфектаў Ірына Уладзіміраўна таксама не адчула.

— Хіба што балючасць падчас увядзення вакцыны, але яна такая ж, як і падчас увядзення іншага прэпарата. Пасля ніякіх адчуванняў не было — ні слабасці, ні тэмпературы.

Дадатковым спосабам захаваць здароўе падчас трох тыдняў да наступнай прышчэпкі ўрач называе фрукты, гародніну і мёд.

Святлана Масюк, старшая медыцынская сястра аддзялення фізіятэрапіі 11-й гарадской паліклінікі, таксама сярод тых, хто вырашыў вакцынавацца. У чэрвені мінулага года яна атрымала станоўчы тэст на каранавірусную інфекцыю. Праўда, перахварэла ў лёгкай форме — без пнеўманіі.

— Зберагчы ад захворвання сябе, сваіх блізкіх і іншых людзей, якія мяне акружаюць, — такі быў мой матыў прышчапіцца, — кажа Святлана Мікалаеўна.

Пасля прышчэпкі ў яе з'явіліся лёгкія катаральныя сімптомы — слабасць, закладзенасць носа, нязначна паднялася тэмпература. Праз два дні ўсё прайшло. У найбліжэйшы час медык атрымае другую дозу вакцыны.

На мінулым тыдні ў аўтарытэтным брытанскім медыцынскім часопісе The Lancet быў апублікаваны артыкул, які даказвае эфектыўнасць расійскай вакцыны «Спадарожнік V». Вакцына, дарэчы, названа ў гонар першага спадарожніка, які запусціў Савецкі Саюз, абагнаўшы ў касмічнай гонцы ЗША. Яна мае эфектыўнасць 91,6 % праз 21 дзень пасля першага ўколу, што ўсяго на некалькі працэнтаў ніжэй за Pfіzer-BіoNTech і Moderna.

На мінулым тыдні ў Беларусь паступіла чарговая партыя расійскай вакцыны — 40 тысяч. У пачатку сакавіка мяркуецца атрымаць яшчэ 100 тысяч вакцын. Паводле слоў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, у канцы сакавіка пачнецца масавая вакцынацыя ўсіх ахвотных:

— У канцы сакавіка мы плануем масавы выхад вакцыны айчыннай вытворчасці разам з нашымі расійскімі калегамі. Тады пачнём прышчапляць усе катэгорыі насельніцтва: тых, хто выявіць жаданне і ў каго не будзе супрацьпаказанняў, — сказаў міністр.

Раней кіраўнік Міністэрства аховы здароўя паведамляў, што за студзень, люты, сакавік і красавік плануецца вакцынаваць 1,2 мільёна насельніцтва, а затым выйсці на паказчык у 5—5,5 мільёна прышчэпленых ад каранавіруснай інфекцыі. У некаторых паліклініках ужо збіраюць даныя пра жадаючых прышчапіцца.

Што датычыцца вытворчасці расійскай вакцыны ў Беларусі, то для гэтых мэт будуць задзейнічаны дзве пляцоўкі «Белмедпрэпаратаў» у Мінску і магутнасці віцебскага прадпрыемства «БелВітуніфарм».

У памятцы міністэрства аховы здароўя Расіі апісаны непажаданыя рэакцыі пасля ўвядзення «Спадарожніка V». Гэта павышэнне тэмпературы цела і дрыжыкі, болі ў суставах, болі ў мышцах, павышаная стамляльнасць, агульнае недамаганне, галаўны боль, балючасць месца ін'екцыі, ацёчнасць, павелічэнне крованапаўнення сасудаў тканкі. Рэакцыі могуць з'явіцца ў першыя і другія суткі пасля прышчэпкі і праходзяць на працягу трох наступных дзён. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што амаль такія ж пабочныя рэакцыі могуць выклікаць і вакцыны іншых вытворцаў, у прыватнасці Pfіzer-BіoNTech і Moderna, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў Еўропе і ЗША. Некаторыя медыкі выказваюць меркаванне, што менавіта ў людзей, якія перанеслі каранавірус, часцей з'яўляюцца пабочныя рэакцыі на прышчэпку.

Алена КРАВЕЦ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.