Вы тут

Хто і калі дазваляе пабрацца шлюбам у розных краінах?


Дзень Святога Валянціна — свята, у якое закаханыя спадзяюцца пачуць не толькі прызнанні, але і ў ідэале прапанову рукі і сэрца. Прычым ніякі ўзрост для гэткіх чаканняў не перашкода. А вось для рэгістрацыі шлюбу ўзрост якраз вельмі важны, а ў многіх краінах для вяселля яшчэ трэба выканаць шэраг умоў. Пра некаторыя звычаі і патрабаванні да ўступлення ў шлюб расказалі спецыялісты Міністэрства юстыцыі.


ЗАГС — у Беларусі

Стаць мужам і жонкай у Беларусі, як вядома, можна з 18 гадоў. Выключэнні робяцца толькі для цяжарных, пар, у якіх нарадзілася дзіця, і тых непаўналетніх, што дасягнулі поўнай дзеяздольнасці. Для такіх асоб органы ЗАГС могуць паменшыць узрост уступлення ў шлюб, але не больш як на тры гады, расказала прэс-сакратар Мінстэрства юстыцыі Вольга ШЫБКО:

— Асаблівым попытам для стварэння сям'і ў маладых карыстаюцца паліндромы — даты, якія прачытваюцца аднолькава з абодвух бакоў. Найбліжэйшая такая была 12.02.2021, і ў гэты дзень толькі ў Мінску пабралася шлюбам амаль 190 пар.

— Падобны ажыятаж назіраецца і ў Гомельскай вобласці — тут 12 лютага пажаніліся 110 пар, 50 з іх — непасрэдна ў Гомелі, — дадала Хрысціна ОБУХАВА, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

Яшчэ адна прыгожая дата лютага — 20.02.2021. Вясной папулярныя прыгожыя даты для шлюбу — 03.03.2021 і 05.05.2021. Летам — 07.07.2021 і 21.08.2021. А ўвосень — 09.09.2021 і 21.10.2021. Цікавай падаецца і апошняя сёлета «шлюбная» дата 21.12.2021.

Нагадаем, што для шлюбу цяпер зусім не абавязкова падаваць дакументы ў загс згодна з месцам рэгістрацыі — рабіць гэта можна ў любым органе для рэгістрацыі шлюбаў на выбар маладажонаў. Распішуць пару пры гэтым не пазней чым праз тры месяцы і не раней як праз тры дні пасля падачы заявы.

Суддзя — у Бразіліі

Некаторыя краіны падыходзяць да шлюбу вельмі строга, а іншыя — наадварот. Цікавую падборку па замежных патрабаваннях да ўступлення ў шлюб зрабіла Хрысціна Обухава.

Краіна вясёлых карнавалаў — Бразілія — падыходзіць да шлюбу адказна. Каб павянчацца тут, трэба падаць заяву не пазней чым за год да даты цырымоніі. Пры гэтым дазволяць вянчанне толькі тады, калі вы ўжо зарэгістравалі адносіны і маеце шлюбную ліцэнзію.

— Афармленне і падача дакументаў, неабходных для рэгістрацыі шлюбу ў Бразіліі, — задавальненне дарагое, — расказала Хрысціна Обухава. — Каб заключыць шлюб, трэба падаць заяву ў натарыяльную кантору запісу актаў грамадзянскага стану па месцы жахарства аднаго з будучых сужэнцаў. Падчас гэтай працэдуры павінны прысутнічаць два сведкі. Акрамя таго, неабходна выбраць адзін з трох варыянтаў умоў шлюбу: поўны падзел маёмасці, частковы або сумесная маёмасць.

Пасля гэтага дакументы на 30—40 дзён накіруюць на аналіз да суддзі штата. Калі той вырашыць, што перашкод для заключэння шлюбу няма, то на працягу 90 дзён маладыя могуць назначаць дату вяселля.

Дзяржава — у Кітаі

Кітай заахвочвае познія шлюбы і кантралюе нараджальнасць, таму ажаніцца тут можна, калі мужчыне споўнілася 22 гады, а жанчыне — 20.

— У Законе аб шлюбе даюцца ўдакладненні адносна забароны ўступлення ў шлюб па стане здароўя. Тут больш мяккае стаўленне да шлюбу паміж сваякамі. Уведзена судова-прававая адказнасць для асоб, якія парушаюць Закон аб шлюбе, — распавяла спецыяліст.

Рэгіструюць адносіны ў аддзяленнях рэгістрацыі шлюбу ўчастковых бюро запісаў актаў грамадзянскага стану той адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе зарэгістраваны грамадзяне, якія маюць намер пабрацца шлюбам.

— Пажаніцца ў Англіі можна з 16 гадоў, калі вы не з'яўляецеся блізкімі сваякамі. Зарэгістраваць адносіны можна ў англіканскай царкве або рэгістрацыйным офісе, — прывяла яшчэ адзін прыклад Хрысціна Обухава. — А вось развесціся дазволена, калі ваш шлюб цягнуўся не менш як год і вашы адносіны перапыніліся.

Бацькі — у Японіі

Хоць жаніцца ў Японіі дазваляецца з 18, паўналецце тут наступае толькі ў 20, таму жадаючыя пажаніцца павінны прасіць дазволу ў бацькоў. Сама рэгістрацыя шлюбу тут — фармальная працэдура, якая амаль нічым не адрозніваецца ад атрымання любой іншай даведкі. Неабходныя толькі выпіска з сямейнага рэестра — косэкі, асабістая пячатка — ханко, хоць можа быць дастаткова і подпісу, і пара сведак.

— А вось традыцыйная вясельная цырымонія для японцаў — вельмі важная. Яе праводзяць яшчэ да таго, як падаюць заяву ў орган рэгістрацыі, — расказвае Хрысціна Обухава. — Нароўні з жаніхом і нявестай галоўнымі дзеючымі асобамі на цырымоніі з'яўляюцца сінтаісцкі святар і яго памочніцы. У пачатку мерапрыемства святар здзяйсняе рытуал ачышчэння, чытаючы старажытныя малітвы. Затым жаніх і нявеста прымаюць адзін ад аднаго кубачкі з сакэ, адпіваючы з кожнага па тры глыткі. Пасля гэтага маладыя абменьваюцца пярсцёнкамі і прыносяць дары бажаству храма.

Рэгістрацыя шлюбу як фармальнасць

У Грэцыі, амаль як і ў Японіі, роспіс у мэрыі — не надта вялікае свята, на якое грэкі прыходзяць нават у штодзённым адзенні і не надаюць яму вялікага значэння, абазначыла Хрысціна Обухава:

— Значна больш шануецца тут шлюб, замацаваны вянчаннем. Гэта пышнае свята з усёй належнай атрыбутыкай. Вянчанне па законе з'яўляецца афіцыйным шлюбам, як і роспіс у мэрыі.

Стаўленне да фармальнасцяў рэгістрацыі шлюбу ў ЗША таксама не надта ўважлівае. Маладым трэба загадзя атрымаць дазвол на заключэнне шлюбу ў офісе акругі — аддзеле мэрыі ці судзе, пасля чаго праз пэўны час правесці цырымонію. Зрабіць гэта можа не толькі спецыяльна абучаны спецыяліст, але і сябры маладажонаў, якім дазваляецца анлайн атрымаць афіцыйны дазвол на правядзенне шлюбу. Пасля шлюбнай цырымоніі дазвол, які падпісалі маладыя, асоба, што рэгістравала шлюб, і сведкі накіроўваюць назад у офіс акругі. А копію сертыфіката аб шлюбе маладая сям'я пасля можа забраць сама або атрымаць па пошце.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Ажаніцца нельга забараніць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».