Вы тут

Прайсці адбор і трапіць у тэхнапарк. Якія магчымасці адкрываюцца там для юных даследчыкаў?


У канцы студзеня ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку стартавала першая адукацыйная змена. Галоўная мэта ўстановы — падтрымка адораных навучэнцаў і развіццё ў іх цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.

На працягу каляндарнага года ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку запланавана правядзенне дзевяці змен (кожная працягласцю ў 24 дні). Пяць змен — у першым паўгоддзі, уключаючы чэрвень, і чатыры змены — у верасні, кастрычніку, лістападзе і снежні.


Як трапіць у тэхнапарк?

Навучанне па праграме дадатковай адукацыі для адораных дзяцей і моладзі будзе праходзіць у кожнай змене 30 вучняў 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны (у складзе трох груп колькасцю да 10 чалавек кожная).

— Каб быць залічанымі ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, неабходна прайсці тры этапы адбору. «Першы — дыстанцыйны (завочны) этап, калі на сайце ўстановы размяшчаецца заяўка, адпаведны праект альбо дасягненні ў выглядзе дыпломаў, якія сведчаць пра тое, што навучэнец з'яўляецца пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Другі этап — вочны, які праводзіцца на базе абласных устаноў дадатковай адукацыі. Ён праходзіць у форме тэсціравання. Тэст накіраваны на выяўленне перш за ўсё здольнасцяў і ўзроўню інтэлектуальнага развіцця. І трэці этап — гутарка, калі навучэнец ужо канчаткова вызначаецца з тым ці іншым кірункам, па якім ён будзе займацца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, — паведаміў падчас круглага стала ў прэс-цэнтры БелТА дырэктар тэхнапарка Сяргей САЧКО.

Што датычыцца кірункаў, то цяпер гэта «робататэхніка», «інфармацыйныя тэхналогіі» і «зялёная хімія». Таксама ў рамках кансультавання прадугледжаны заняткі па засваенні прадметаў агульнай сярэдняй адукацыі.

У адукацыйным працэсе тэхнапарка будуць задзейнічаны матэрыяльна-тэхнічныя, адукацыйныя і кадравыя рэсурсы навучальных лабараторый БДУІР, БДУ і БНТУ.

Разумная электроніка і стартап-мысленне

«Для дзяцей цяпер досыць цікавы час. Цалкам змяняецца парадыгма адукацыі і нашага жыцця. Хлопцы і дзяўчаты актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі, для іх гэта штодзённае жыццё. Хочацца, каб яны былі не толькі карыстальнікамі, а прапаноўвалі новыя ідэі, якія развіваюць гэтыя тэхналогіі, — падзяліўся сваімі думкамі першы прарэктар БДУІР Максім ДАВЫДАЎ. — Мы дадзім ім пэўны спектр ведаў і ўменняў, каб яны маглі зрабіць нешта сваё. У нас будуць тры кірункі. Першы — праграмаванне мікракантролераў, якія дазваляюць зрабіць, дапусцім, разумныя датчыкі, пабудаваць на базе гэтага разумны дом, ну і далей — разумны горад і разумную краіну. Другі кірунак — прататыпаванне. Навучэнцы будуць ствараць трохмерныя мадэлі на камп'ютары, а потым раздрукоўваць іх на прынтары. Гэтыя ж веды можна будзе аб'яднаць з убудаванымі сістэмамі і зрабіць ужо канкрэтную прыладу. Гэта значыць, што на першым навучальным узроўні яны даведаюцца, як ствараць разумную электроніку, на другім — як зрабіць канструкцыю для таго, каб разумная электроніка ператварылася ў разумны прыбор. Трэці кірунак — вэб-дызайн. Тут хлопцы і дзяўчаты вывучаць, якім чынам можна працаваць у інтэрнэце, ствараць свае старонкі, сайты, як зрабіць іх прывабнымі. Для сучаснай моладзі ўсё гэта цікава...»

Навучанне адораных дзяцей і моладзі па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі будзе арганізавана на базе бізнес-інкубатара Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР і рэсурснага цэнтра электронікі і прыборабудавання Мінскага радыётэхнічнага каледжа.

Як расказаў дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ Андрэй АЎСІЕВІЧ, у рабоце Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка будуць задзейнічаны ўсе факультэты БНТУ. «Першая секцыя — робататэхніка. Мы будзем развіваць беспілотныя апараты, робататэхніку для прамысловасці і двайнога прызначэння, сістэму «разумнага дома». Цяпер асобным кірункам можа быць робататэхніка, якая прымяняецца для барацьбы з пандэміяй каранавіруса, — расказаў Андрэй Аўсіевіч. — У першую чаргу мы будзем старацца максімальна развіваць у школьнікаў стартап-мысленне. Усё ж такі вучні дзявятых—адзінаццатых класаў ужо досыць дарослыя. Мы ім дадзім неабходную тэарэтычную базу. Яны ўбачаць, што можна зрабіць, змогуць прапанаваць нейкія свае ідэі і магчымыя прылады».

Філасофія зялёнай хіміі

Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту давераны такія цікавыя кірункі, як біятэхналогіі, тэхналогіі зялёнай хіміі, аэракасмічныя тэхналогіі, нанатэхналогіі і нанафізіка (апошні — сумесна з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам).

— Кожны з гэтых кірункаў з'яўляецца прарыўным у сучаснай эканоміцы ведаў, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін КАЗАДАЕЎ. — Першы пробны камень — праграма па зялёнай хіміі. Цяжка ў цяперашні час знайсці чалавека, які не разумее важнасці азелянення і прымянення хімічна бяспечных тэхналогій. Паколькі ўсе мы бачым, як пагаршаецца стан навакольнага асяроддзя, як змяняецца клімат, якія праблемы ўзнікаюць перад чалавецтвам у сувязі з тым, што мы не заўсёды разумна падыходзім да прыродакарыстання. І тут вельмі важна данесці да навучэнцаў не толькі найноўшыя навуковыя дасягненні альбо апошнія даныя ў гэтай галіне. Важна, каб яны пранікліся самой філасофіяй зялёнай хіміі.

Акрамя таго, навучэнцы зоймуцца вывучэннем пытанняў ачысткі вады. «Наша краіна вельмі багатая на водныя рэсурсы, але мы не заўжды рацыянальна іх выкарыстоўваем, не заўсёды прымяняем дастаткова бяспечныя тэхналогіі. Таму водападрыхтоўка і водаачыстка сёння — першачарговая задача». Таксама хлопцы і дзяўчаты будуць удзельнічаць у рашэнні такой цікавай навуковай задачы, як вытворчасць біяраскладальнай і ядомай упакоўкі.

«Не заўсёды ёсць неабходнасць выкарыстоўваць упакоўку, якая потым ляжа вечным грузам на нашы палігоны, дзе будзе раскладацца 100 або 200 гадоў, нікуды не сыходзячы з біясферы. Ужо ёсць тэхналогіі, калі такія прадукты, як, напрыклад, цукар, мёд, кандытарскія вырабы, можна пакаваць адразу ва  ўпакоўку, якую можна раствараць у напоях. Я і сам яе выпрабоўваў: вельмі адметны смак і цікавыя ўласцівасці з'яўляюцца ў запакаванага такім чынам тавару, — заўважыў Канстанцін Казадаеў. — Плануецца, што навучэнцы наведаюць фабрыку «Камунарка», дзе такія тэхналогіі ўжо прымяняюцца».

Увогуле, акрамя маштабнай адукацыйнай праграмы, для навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка прадугледжаны таксама розныя культурніцкія, пазнавальныя, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв’ю: ndtp.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».