Вы тут

Чаму ў Віцебску прыпынілі продаж абанементаў на наведванне дзяржаўных лазняў?


Карэспандэнт «Звязды» па просьбе віцебскіх аматараў па́ры высвятляў, чаму прыпынілі продаж абанементаў на наведванне дзяржаўных лазняў. І даведаўся наконт гэтых устаноў у абласным цэнтры.


Абанемент вярнулі

З 1 лістапада мінулага года ў Віцебску адмянілі продаж абанементаў для наведвання лазні. Абанемент на дзесяць наведванняў каштаваў 65 рублёў. Калі адзін уваходны білет прадавалі за 8 рублёў, можна было сэканоміць 1,5 рубля, што параўнальна нямала. І гэта радавала, людзі ахвотна куплялі «ўваходны» (па аналогіі з «праязнымі»). Дарэчы, грамадскі транспарт нерэнтабельны, але ж «праязныя» не адмяняюць.

Начальнік галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзядзёла, якому карэспандэнт патэлефанаваў на прамую тэлефонную лінію, канстатаваў, што пакуль, на жаль, ад лазняў толькі страты. Наконт абанемента паабяцаў удакладніць стан спраў, адзначыўшы, што па логіцы «пропуск» станоўча адбіваецца на колькасці наведвальнікаў...

Між іншым, паралельна ў аматараў лазні выклікала вялікую незадаволенасць тое, што незадоўга да «табу» на абанемент кошт наведвання павысілі на 50 капеек, а потым зноў на такую ж суму. Для параўнання бярозавы венік у Віцебску можна купіць за 3 рублі, дубовы — у сярэднім за 4,5...

Юрый Дзядзёла, дарэчы, падкрэсліў, што юрыдычна філіял «Віцебскводаканала» УП «Віцебскаблводаканал» — структура самастойная, адпаведна, тарыфы і іншае зацвярджае без узгаднення з упраўленнем. У пісьмовым адказе ён растлумачыў, што рэалізацыю абанементаў спынілі ў сувязі з памяншэннем колькасці наведванняў з-за эпідэмічнай абстаноўкі. Радуе, што ў лютым пасля трохмесячнага перапынку (пасля звароту карэспандэнта) зноў пачалі прадаваць абанементы ў лазню — па 76 рублёў за 10 наведванняў. На іх, на мой погляд, будзе попыт — купяць тыя, хто без лазні раз на тыдзень ужо не можа. Абанемент дазволіць аплаціць кошт паслугі па меншай цане. Меркаванне пацвердзіла касір лазні, дзе я бываю.

Праўда, падвох у тым, што абанемент сапраўдны 60 дзён з дня рэалізацыі. Нейкая асабіста мне незразумелая «з'ява». І, па сутнасці, у выніку калі пару-тройку разоў прапусціць, напрыклад, з-за хваробы ці ў камандзіроўку выязджаў у выхадныя, то трэба ўсё роўна купляць білет, бо — пратэрміноўка.

Абанементы пасля таго, як усе «талоны» выразаны, забярэ касір лазні, каб здаць свайму кіраўніцтву, якое затым перадасць іх філіялу «Віцебскводаканал» для справаздачнасці. Такім чынам, захаваць, як той казаў, для гісторыі абанемент мне не ўдалося.

Саўны з мікрабасейнамі

Цікава, а што было раней? Ці папулярныя былі лазні? Аказваецца, тэма малавывучаная.

Канстанцін Карпекін, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, знайшоў у першакрыніцах цікавыя факты пра камунальныя праблемы жыхароў Віцебска ў 1926 годзе.

95 гадоў таму грамадзянін М. Селязнёў паведаміў у рэдакцыю мясцовай газеты «Заря Запада» пра адсутнасць шкла на працягу больш як двух месяцаў у вокнах парнога аддзялення лазні № 2. А ў лазні № 6 (знаходзілася недалёка ад месца, дзе цяпер плошча Перамогі) падлога праламаная. Пра ўсё гэта распавялі ў публікацыі «Людзей калечаць»...

У энцыклапедычным даведніку «Віцебск» выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, які выйшаў у 1988 годзе, ёсць невялічкая даведка. У абласным цэнтры ў 1987-м было восем лазняў. Будынкі ўзвялі ў 1950—1960-х гадах.

У №№ 1, 2, 6 тады былі фінскія саўны з «мікрабасейнамі і пакоямі адпачынку». У даведніку таксама распавядаецца пра дзве гарадскія саўны з мікрабасейнамі на вуліцах Савецкай і 2-й Садовай. Цяпер у інтэрнеце можна знайсці інфармацыю пра пятнаццаць віцебскіх саўн. Цэны ад 15 да 40 рублёў за гадзіну.

Пятнаццаць гадоў таму ў Віцебску было восем дзяржаўных лазняў. Наконт расцэнак: і тады камунальнікі сцвярджалі, што паслугі стратныя. Наведванне агульнага аддзялення лазні з парылкай каштавала 2500 рублёў (без парылкі — 1200, у душавой кабіне — 4440).

На жаль, даўгабудам стаў першы ў Віцебску лазнева-аздараўленчы комплекс, які знаходзіцца недалёка ад гіпермаркета «Грын» на скрыжаванні вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Будаўнікі над ім пачалі працаваць аж восенню 2010-га. Першапачаткова тут штосці атрымалася, бо грунт прасеў і прыйшлося рабіць больш доўгія палі. І дрэнажныя работы зрабілі, хоць праектам гэта спачатку не прадугледжвалася. Планавалі здаць пад ключ у канцы мінулага года, ды не выйшла. Пачакаем.

Куды пайсці?

Раю абавязкова тым, хто не быў яшчэ ў віцебскіх лазнях, наведаць спачатку не камерцыйную. Калі ласка, прыходзьце ў лазню № 1. Гэта ў некалькіх хвілінах ходу ад чыгуначнага вакзала. Лазня — адна з дзвюх, парылка якой ацяпляецца дровамі.

Унутры калоны, упрыгожаныя чырвоным мармурам. Усё выглядае досыць багата. Па лесвіцы падымаешся на другі паверх, дзе парылка. На першым паверсе на сценах — вельмі цікавыя драўляныя пано.

Знаёмы выкладчык знакамітага мастацка-графічнага факультэта Віцебскага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, які таксама пастаянна наведвае лазню, сказаў, што каштавалі барэльефы, як два аўтамабілі «Волга». Па яго версіі, а ён, безумоўна, ведаў у савецкі час усіх вядомых мастакоў Віцебска, гэтыя творы зрабілі ў 1986—1991 гадах.

Паверце, лазня — найлепшы сродак ад дэпрэсіі, месца, дзе вы праз шмат гадоў можаце сустрэць сяброў, знаёмых, сувязь з якімі страцілі, завесці новых. Гарантыя таго, што прасцей будзе пазнаёміцца з супрацьлеглым полам, ужо паверце старому халасцяку. Венік купляйце — і хутчэй у лазню. Не пашкадуеце!

P.S. Аўтар будзе ўдзячны, калі чытачы падзеляцца ўспамінамі, фотаздымкамі па тэме.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?