Вы тут

Топ-5 эфірных алеяў, якія працуюць не горш за звычайныя лекі


Жыць экалагічна! Сёння гэта не проста модны трэнд, а сапраўднае імкненне сучаснага чалавека. Мы сартуем смецце, пільна сочым за тым, якую ежу спажываем, якую ваду п’ем і чым лечым хваробы.


«Пасля знаёмства з якасцямі натуральных эфірных алеяў, — кажа спецыяліст па прыгажосці і здаровым ладзе жыцця Вольга МАТУСЕВІЧ, — я ў цэлым пераасэнсавала сваё стаўленне да здароўя: адмовілася ад сінтэтычнай парфумы і пазбавілася ад значнай колькасці традыцыйных лекаў, якія неспрыяльна ўздзейнічаюць на страўнікава-кішачную сістэму. І зараз выкарыстоўваю іх толькі ў самых складаных выпадках».

Чалавеку вядомы тысячы лекавых раслін. Доўгі спіс і натуральных эфірных алеяў. Як не разгубіцца і выбраць менавіта тыя, якія акажуць сапраўдны тэрапеўтычны эфект?

«Гэтае пытанне вельмі сур’ёзнае. Якасці эфірных алеяў тых ці іншых раслін вядомы яшчэ са старажытных часоў. Ваша задача — дасканала разабрацца ў тэорыі і пачаць выкарыстоўваць свае веды на практыцы, — адзначае Вольга. — Алеі розных раслін па-рознаму ўздзейнічаюць на чалавека: супакойваюць, танізуюць, дапамагаюць падтрымаць арганізм падчас прастуды і пры розных спазмах, змяншаюць зморшчыны, падсілкоўваюць скуру. Акрамя гэтага, водар добра ўплывае на эмацыйную сферу і пакідае глыбокі след у нашай памяці. Дзякуючы шырокаму спектру ўздзеяння, эфірныя алеі абавязкова стануць сапраўдным выратавальным сродкам для вас і вашых блізкіх у самых нечаканых сітуацыях».

Нашым чытачам Вольга прапануе топ-5 эфірных алеяў, якія абавязкова павінны быць у кожнай аптэчцы. Іх лёгка выкарыстоўваць: можна наносіць на запясці, на ўчасткі цела, выкарыстоўваць у дыфузары.

Лаванда

Сапраўдная каралева эфірных алеяў. Валодае антысептычнымі, супрацьзапаленчымі, спазмалітычнымі якасцямі. Адзін з самых бяспечных натуральных эфірных алеяў. Шырока выкарыстоўваецца ў касметалогіі для ачышчэння скуры твару ад залішняга тлушчу. Дапамагае пры лячэнні экзэмы і дэрматыту. Дзякуючы здольнасці да рэгенерацыі клетак, з’яўляецца першым сродкам пры апёках і зажыўленні парэзаў. Будзьце ўпэўненыя, на скуры нават і следу не застанецца. Акрамя гэтага, выкарыстанне лавандавага алею ўвечары дапаможа супакоіцца і хутка заснуць.

Ладан

Эфірны алей ладану вядомы яшчэ з часоў Клеапатры, якая выкарыстоўвала яго для падтрымання маладосці і прыгажосці. Дзякуючы вялікаму ўтрыманню арганічных спалучэнняў, ладан стымулюе і насычае кіслародам лімбічныя аддзелы галаўнога мозгу, якія адказваюць за эмоцыі. Паляпшае настрой, стымулюе імунітэт, дапамагае пераадолець стрэс і адчай. Можа выкарыстоўвацца пры рэспіраторных інфекцыях. Калі хочаце адчуць гармонію ў душы ці ўзняць настрой, неабходна нанесці па адной кроплі алею на запясці. Прыемны водар непрыкметна дапаможа дасягнуць пастаўленай мэты.

Мята

У якасці прыроднага анальгетыку эфірны алей мяты выдатна дапамагае ад галаўнога болю і спазмаў у страўніку. Дастаткова нанесці некалькі кропель на балючы ўчастак, памасіраваць і ніякіх таблетак не трэба. Падчас рэспіраторных інфекцый пры ацёку насаглоткі, выкарыстоўвайце водар мяты замест ужывання назальных сродкаў. Разатрыце паміж далоняў адну кроплю алею і на працягу некалькіх хвілін проста ўдыхайце прыемны водар.

Эфірны алей мяты добра ўздзейнічае на эмацыйную сферу. Дазваляе вызваліцца ад перажыванняў, звязаных з рухам, напрыклад, падчас пералётаў на самалётах, узбадзёрыць, калі вы хочаце спаць. А калі вас хвалюе пытанне лішняй вагі, эфірны алей мяты дапаможа знізіць апетыт.

Лімон

Эфірны алей лімона ўтрымлівае 73 % ліманена. Гэты кампанент знаходзіцца ў скурцы лімона і абумоўлівае моцны антыаксіданты эфект. Здольны спрыяць на ўтварэнне лейкацытаў, што ў сваю чаргу дапамагае ўмацоўваць імунітэт. Акрамя гэтага, пры дапамозе натуральнага эфірнага алею лімона добра праводзіць працэдуры дэтокса і ашчалачвання арганізма. Дадаць адну кроплю алею ў стакан з цёплай вадой і выпіць за паўгадзіны да сняданку, а на працягу дня дадаваць алей у салаты з агароднінай ці смузі. І яшчэ: дзякуючы эфірнаму алею лімона, можна ачысціць прастору кватэры ці офіса ад вірусаў і мікробаў.

Іланг-іланг

Яшчэ адна назва гэтай расліны — «Кветка кветак». Яе салодкі водар супакойвае, узмацняе канцэнтрацыю думак, дапамагае пазбавіцца ад негатыўных эмоцый і нават пазбегнуць дэпрэсіі.

Іланг-іланг шырока выкарыстоўваецца, каб збалансаваць мужчынскую і жаночую энергіі і дапамагчы ім дасягнуць гармоніі. Менавіта таму, у першую шлюбную ноч ложак маладых высцілалі кветкамі гэтай расліны. Акрамя гэтага, іланг-іланг — першы натуральны сродак у барацьбе з выпадзеннем валасоў. Паспрабуйце сістэматычна ўціраць некалькі кропель алею ў праблемныя зоны, і выдатны эфект не прымусіць сябе доўга чакаць. А ўладальнікам прыгожай шавялюры таксама раім звярнуць увагу на іланг-іланг. Пры яго дапамозе вашыя валасы стануць яшчэ больш густымі і бліскучымі.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Ілюстрацыі Pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?