Вы тут

Раім схадзіць


Тыдзень беларускай мовы, Музычны хорар, Рамантычны люты ў Музеі Ката, іпрэзы ў абласных гарадах і іншае — афіша «Звязды».


Тыдзень кіно па-беларуску

Дзе: voka.tv

Калі: у любы час

Колькі каштуе: бясплатна

Увесь тыдзень да 21 лютага бясплатна глядзіце фільмы у беларускім дубляжы

У калекцыі VOKA ужо больш за 70 стужак, якія агучылі прафесійныя беларускія акцёры, дыктары і музыкі. Вы знойдзеце тут мастацкія і анімацыйныя фільмы ад сусветных і беларускіх майстроў: «Палёт над гняздом зязюлі», «Гэта цудоўнае жыццё», «Мой сусед Тотара», міні-серыял пра Несцерку ды іншыя.

Усе яны сабраныя ў медыятэцы «Кіно па-беларуску». Заходзьце на сайт або ў мабільны дадатак VOKA з 15 па 21 лютага і атрымлівайце асалоду.


Мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы «Родная мова ў марах, у песнях, у снах...»

Дзе: Музей беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Багдановіча, 13

Калі: 19 лютага, 16:00

Колькі каштуе: 3 BYN

«Мова ‒ гэта вялікі народны скарб.
Яго нельга не паважаць...»
Іван Мележ

19 лютага а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу «Родная мова ў марах, у песнях, у снах...», прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы.

Сёння ў свеце налічваецца больш за 6 тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню мовы, якую мы завём матчынай.

Мова жывая, пакуль на ёй размаўляюць. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, беларускую мову лічаць роднай 5 мільёнаў 58 тысяч жыхароў нашай краіны. Гэта значыць, большасць грамадзян Беларусі.

Сёння гонар і абавязак кожнага з нас — шанаваць родную мову, абараняць яе. У першых шэрагах абаронцаў нацыянальнага скарбу заўсёды ідуць пісьменнікі, якія звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, моцай мастацкага выказвання паказваюць нам і ўсяму свету багацце і прыгажосць беларускай мовы, яе чысціню, выразнасць і мілагучнасць.

Падчас мерапрыемства «Родная мова ў марах, у песнях, у снах...» прагучаць вершы беларускіх паэтаў і народныя песні ў выкананні струдэнцкіх творчых калектываў мінскіх навучальных устаноў:

  • студэнтаў творчага саюза БДУ,
  • паэтычнага тэатра «Рытмы сэрца» (БДУІР),
  • вакальнай студыі «Шанс» (БДУІР),
  • навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага.

Тэл. для даведак і папярэдняй замовы квіткоў: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


Батанічны сад. Фестываль лядовых скульптур

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, г. Мінск, вул. Сурганава, 2В

Калі: 14 лютага, пасля — калі дазволяць умовы надвор’я

Колькі каштуе: 10 BYN (5 BYN — льготны, бясплатна — дзеці дашкольнага ўзросту, інваліды ўсіх груп, сіроты, дзеці са шматдзетных сем’яў, ваенныя тэрміновай службы)

​Алюзіі на Дон Кіхота, 3D-малюнкі Анры Матыса і пераасэнсаванне старажытных міфаў: у Батанічным садзе праходзіць фестываль лядовых і снежных скульптур «Сусвет крышталяў».

Калі казаць дакладней, то гэта не проста фестываль, а яшчэ і конкурс. Удзел у ім прымаюць каманды прафесійных скульптараў, працы якіх мы бачым на вуліцах горада. Таксама сваёй «зімовай» творчасцю падзеляцца і студэнты профільных факультэтаў.

Скульптары абыгрываюць «снежныя тэмы». Напрыклад, вясковае дзяцінства з катаннем на санках, якія перагортваюцца і скідваюць цябе ў гурбу. Або сямейства белых мядзведзяў, якія грэюць адзін аднаго. Адны з самых цікавых прац тыя, якія выклікаюць асацыяцыі. Напрыклад, лядовая скульптура Валянціна і Рыгора Борздых «Падарожны». Вясёлы чалавек у вострым капелюшы адважна крочыць наперад: ну чым не Дон Кіхот падчас свайго падарожжа? Або сапраўды таленавітая праца Вадзіма Мацкевіча і Сяргея Ермаловіча «Танец». Скульптары звярнуліся да мастацкага напрамку ў жывапісе, які называецца фавізм. І паўтарылі адну з самых знакамітых карцін Анры Маціса. Каманда «Самародак» вельмі цікава асэнсоўвае сусвет у снежнай скульптуры «Канец», дзе рэальнасць ідзе разам з выдумкай. Жывёлы, якія даўно не існуюць, служаць асновай будачаму.

Лепей за ўсё прыходзіць на фестываль у другой палове дня. У час, калі сонца заходзіць, і колеры закату адлюстроўваюцца ў лёдзе. Але калі наведаць выставу атрымліваецца толькі днём, гэта таксама цікавы вопыт. Амаль пусты і сонны Батанічны сад нагадвае невялічкі лес за горадам. А скульптуры — быццам бы ажыўшыя вобразы са старонак кніг дзяцінства.

Фестываль-конкурс «Сусвет крышталяў» будзе доўжыцца па 14 лютага. Паспейце завітаць у Батанічны сад: наступная магчымасць пабачыць скульптуры з’явіцца толькі праз год. А пакуль палюбуйцеся незвычайным відовішчам на фотаздымках Яна Хведчына.

Арына Карповіч, фота Яна Хведчына

Больш фота глядзіце па спасылцы


Тыдзень беларускай мовы ў НАН

Дзе: НАН Беларусі, г. Мінск

Калі: 15 – 22 лютага

Колькі каштуе: бясплатна

У 2021 годзе, вызначаным у нашай краіне як Год народнага адзінства, асаблівае значэнне набывае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Гэта сферы, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа (цяпер — адзін з філіялаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). Менавіта яна забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства. Інстытутам мовазнаўства запланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў у рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

  • Так, 15 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзе праведзены круглы стол «Акадэмік Яўхім Карскі — заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф». Мерапрыемства прымеркаванае да 160-годдзя вучонага і 100-годдзя Інбелкульта.
  • 16 лютага ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя кнігі «Шкляр Г. З. Выбраныя працы. Моўная спадчына» і круглы стол «Беларуская мова ў кітабах». Кітабы ствараліся з XVI ст. татарамі, якія пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Кітабы — шматмоўныя рукапісы, у якіх дамінуе тагачасная беларуская народна-дыялектная мова, пры гэтым напісаныя яны арабскім пісьмом. У кітабах адлюстраваны побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў і гісторыкаў.
  • 17 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў рамках мерапрыемстваў Школы юнага лінгвіста адбудзецца сустрэча з навучэнцамі, настаўнікамі і дырэктарам мінскай гімназіі № 25. У праграме запланаваны знаёмства з працай айчынных вучоных-мовазнаўцаў, навукова-практычны семінар на тэму «Выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій пры вывучэнні беларускай мовы», гульня-віктарына па фразеалогіі і безэквівалентнай лексіцы.
  • 18 лютага ў рамках мерапрыемстваў Школы юнага лінгвіста будзе праведзены Трэці адкрыты конкурс расказчыкаў беларускай народнай прозы «Кацігарошак».

У БНТУ запланавана сустрэча з беларускімі і замежнымі студэнтамі на тэмы «Па старонках беларускай кнігі» і «Беларуская мова — дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь».

Таксама ў гэты дзень адбудзецца прэзентацыя электроннага перавыдання класічнай працы Івана Насовіча «Словарь белорусского наречия» — галоўнай крыніцы слоўнікаў беларускай мовы канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзяў. Электроннае перавыданне слоўніка ўтрымлівае арыгінальны і асучаснены рэестры, арыгінальны тэкст і дадаткі, яно дапоўнена матэрыяламі крытычнага, біяграфічнага і бібліяграфічнага характару, забяспечана магчымасць пошуку па тэксце і па ключавых словах, падабраных да аўтарскіх рускамоўных дэфініцый. Адрасавана яна мовазнаўцам, гісторыкам, этнографам, фалькларыстам і ўсім, каго цікавіць беларускае слова.

  • 19 лютага ў 13.00 адбудзецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Прыняць удзел у ёй можна непасрэдна ў памяшканні Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, д. 15) або ў фармаце анлайн. Для ўдзелу неабходна будзе прайсці рэгістрацыю (запоўніць Google-форму). А ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільма «Гаворкі Беларусі» аб дыялектных групах гаворак беларускай мовы і іх адметных асаблівасцях.
  • 22 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа будзе праведзены круглы стол на тэму «Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства». Удзел у пасяджэнні прымуць супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, члены Экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову, члены Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, спецыялісты філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, выкладчыкі ВНУ.

Падрабязней


НЦСМ. «Альтэрнатыва»

Дзе: НЦСМ, г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: па 21 сакавіка

Колькі каштуе: 5 BYN (2 BYN — льготны)

Праект складаецца з пяці самастойных экспазіцый, у кожнай з якіх аўтары адлюстроўваюць свой шлях у сучаснай арт-прасторы: персанальныя выставы Паўла Кашэўскага, Уладзіслава Квартальнага і Паўла Булвы, куратарскія праекты Марыі Карпянковай і Валерыі Каляга.

Павел Кашэўскі, выстава плакатаў «20/20».

У экспазіцыю ўвайшлі дваццаць аўтарскіх плакатаў члена Беларускага саюза дызайнераў Паўла Кашэўскага, якія занялі ў 2020 годзе прызавыя месцы або выйшлі ў фінал міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фестываляў і дэманстраваліся на выніковых выставах плакатаў у Беларусі і шэрагу краін свету. Прадстаўленыя плакаты прысвечаны сацыяльным і экалагічным тэмах, найбольш актуальным у 2020 годзе: пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19 і звязаныя з ёй наступствы сацыяльных паводзінаў (дыстанцыяванне, ізаляцыя і інш.); барацьба з карупцыяй; захаванне матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны; «фэйкавыя» навіны; сацыяльная адказнасць і талерантнасць у сучасным грамадстве; развіццё зялёных зон горада; забруджванне навакольнага асяроддзя; захаванне біялагічнай разнастайнасці; успрыманне планеты Зямля як нашага агульнага дома.

Павел Булва, выстава графікі «Seul contre tous».

Праблематыку работ у экспазіцыі можна ўмоўна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі: 1) Малюнкі як рэлігійна-філасофская рэфлексія на тэму экзістэнцыяльнай адзіноты і адчужанасці, вечнасці, канцэпцыі неўміручасці чалавечай душы ў рамках эсхаталагічнай філасофіі. 2)Прадстаўленыя малюнкі — частка серыі работ на тэму адзіноты, неабароненасці, адчаю, смерці, экстазу, чакання, спалоху, нерашучасці, страху і сэксуальнасці. 3) Серыя малюнкаў, якія адлюстроўваюць мастацкія пошукі сімвалічнай інтэрпрэтацыі хрысціянскіх тэм і матываў.

Уладзіслаў Квартальны, выстава графікі «Падарожжа па-за часам».

Тэмы афортаў Квартальнага разнастайныя — ад міфаў, класічнай сусветнай літаратуры да выдуманых сюжэтаў. Гэта разнастайнасць тым дазволіць гледачу падарожнічаць у розныя светы праз парталы мастацкага свету і ўяўленні мастака. Любімыя тэмы мастака звязаны з падарожжамі — аўтар зачытваўся ў дзяцінстве раманамі пра марскія прыгоды, скарбы, піратаў, аб падводных глыбінях — так была створана серыя «Каардынаты прыгод»; асобная вялікая серыя афортаў прысвечана грэцкай міфалогіі і выдатным жанчынам твораў Гамера «Адысея» і «Іліяда». На выставе прадстаўлены таксама акварэлі ў жанры партрэта, якія раней не экспанаваліся. Многія з іх «са скрыні стала», створаныя «для душы».

Малыя формы тыражнай графікі і экслібрысы Уладзіслава Квартальнага працяглы час удзельнічаюць у міжнародных выставах і конкурсах, дзе карыстаюцца заслужаным поспехам у гледачоў і атрымалі прызнанне ў выглядзе 40 узнагарод, але рэдка выстаўляюцца ў Беларусі.

Куратарскі праект Марыі Карпянковай «Канспект»

Праект уключае каля 40 работ, якія ствараліся студэнтамі мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на працягу 2020-2021 гг. Творы нарадзіліся ў выніку пераасэнсавання маладымі мастакамі візуальнага і лекцыйнага матэрыялу дысцыпліны «Гісторыя замежнага выяўленчага мастацтва», абавязковай для вывучэння ў БДАМ для ўсіх спецыяльнасцяў.

Форма вядзення канспекта па гісторыі мастацтва «у малюнках» уяўляецца вельмі натуральнай для студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцяў. Студэнты прадэманстравалі самыя розныя спосабы «канспектавання», у выніку чаго нарадзіліся і творы-амажы, і творы-інтэрпрэтацыі, і творы-рэплікі.

Аўтар і куратар праекта — Марыя Карпянкова, загадчык кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Куратарскі праект Валерыі Каляга «Мы, вядома, адразу ў Рай»

Такую назву праект атрымаў у сувязі з «канструкцыяй» экспазіцыі. Уваходзячы ў залу на падлозе глядач убачыць ружовыя стрэлкі з тэкстамі, якія з’яўляюцца «даведнікамі» па экспазіцыі і па жыцці кожнага чалавека: дзяцінства-childhood, малалецтва-adolescence, сталасць-maturity, старасць-oldness.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены QR-code з аўдыё. На выставе вы зможаце паслухаць віртуальны шпацыр у аўдыё-фармаце.


Найбольш папулярныя музычныя ўвасабленні «Фаўста»

Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 50

Калі: 17 лютага, 19:00

Колькі каштуе: 13 — 23 BYN

У беларускай дзяржаўнай філармоніі 17 лютага пройдзе канцэрт з цыкла «Музыка і слова», прысвечаны «Фаўсту» Іагана Вольфганга фон Гётэ.

«Фаўст стаў героем не толькі літаратурных твораў, але і атрымаў права на аднаго з найпапулярнейшых, упадабаных вобразаў музычнай творчасці, асабліва рамантычнага. Вобраз шукаючага, незадаволенага, таго, што імкнецца да пазнання чалавека, які валодае дапытлівым розумам, вобраз утрапёнай асобы — такі герой быў найбольш блізкі мастакам-рамантыкам. Яны, увасабляючы вобраз легендарнага Фаўста, на самой справе вылівалі душу, распавядаючы пра свае захапленні і памкненні. Менавіта аўтабіяграфічнасць рамантычнай творчасці дазволіла стварыць мноства ўнікальных твораў, натхнёных шэдэўрам Іагана Вольфганга фон Гётэ», — адзначылі ў філармоніі.

Кожны з мастакоў увасабляў «Фаўста» па-свойму, кожны знаходзіў у ім блізкае, хвалюючае, што і станавілася асновай твора. «Французскага кампазітара Шарля Гуно прыцягнула гісторыя кахання Фаўста і Маргарыты. Гектару Берлiёзу імпанаваў бунтарскі характар ​​трагедыі, дзе Фаўст — гэта ўвасабленне нездаволенасці, дапытлівага крытычнага розуму. Вялікі канцэртны твор нямецкага кампазітара Роберта Шумана ідэйна грунтуецца на вобразе Фаўста-змагара, героя, будаўніка, які аддае свой розум і працу на служэнне людзям», — распавялі арганізатары.

У канцэрце прагучаць найбольш папулярныя музычныя ўвасабленні «Фаўста», якія будуць суправаджацца мастацкім словам.


Выстава «Пра мінулае і адвечнае» да 75-годдзя мастака Міколы Купавы

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116, пам. 306

Калі: па 28 лютага

Колькі каштуе: уваход па чытацкім білеце

Да 28 лютага ў зале дакументаў па мастацтве (пам. 306) праходзіць кніжна-ілюстрацыйная выстаўка «Пра мінулае і адвечнае», прысвечаная 75-годдзю вядомага беларускага мастака, уладальніка дыплома і медаля Францыска Скарыны Міколы Купавы.

Адзін з прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, руплівы змагар за збіранне і захаванне гістарычных помнікаў нашай краіны, каштоўнасцей мінулага, з якім непарыўна звязана будучыня, Мікола Купава — чалавек, які шчыра і аддана, па-сапраўднаму любіць нашу невычэрпную культурную спадчыну і родную мову, перажывае за развіццё нацыянальнай школы ў мастацтве. Ён перакананы, што беларуская культура — гэта вялікі мацярык са шматлікімі скарбамі.

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў Оршы, старажытным горадзе з багатай гісторыяй і культурай. Атрымаў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыўся ў П. Любамудрава, В. Шаранговіча. З 1972 г. да сённяшніх дзён М. Купава вядзе актыўную выставачную дзейнасць, працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, акварэлі, жывапісу, гістарычнай кампазіцыі, экслібрыса. Ён выканаў мастацкае аздабленне звыш 30 кніг і альбомаў, стварыў цэлую галерэю партрэтаў слынных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, адлюстраваў вобразы спрадвечных помнікаў прыроды, цудоўныя беларускія краявіды.

На выстаўцы экспануюцца рэпрадукцыі твораў Міколы Купавы, прысвечаныя галоўным тэмам яго творчасці — пісьменнікам Янку Купале і Якубу Коласу, розным перыядам іх жыцця, звязаным з імі мясцінам. Напрыклад, прадстаўлены копіі лінарытаў з альбома «Шляхамі Янкі Купалы». Прывабяць увагу наведвальнікаў рэпрадукцыі да твораў Цёткі, а таксама шэраг кніг з ілюстрацыямі Купавы: «На шырокі прастор» С. Александровіча, «Браткі» Д. Бічэль-Загнетавай, «Той курган векавечны...» К. Цвіркі, «Судны дзень Скарыны» М. Арочкі, «Фрэскі» С. Тарасава, альбом «Францішак Бенядзікт Багушэвіч», беларускія народныя казкі і іншыя выданні.

Дапаўняюць выстаўку публікацыі пра Міколу Купаву, інтэрв’ю з ім, а таксама яго артыкулы, кнігі і каталогі выставак, укладальнікам якіх з’яўляецца мастак.

На працягу доўгага часу Мікалай Мікалаевіч з’яўляецца чытачом Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, яго ведаюць і паважаюць супрацоўнікі, а кніжныя фонды «алмаза ведаў» поўняцца выданнямі з цудоўнымі ілюстрацыямі Міколы Купавы. Графік прымае актыўны ўдзел у мастацкіх выстаўках бібліятэкі. Так, яго экслібрысы прадстаўлены ў экспазіцыі музея кнігі «З кніг Уладзіміра Караткевіча», а на выстаўцы «Княства вобразаў і слоў» экспануюцца акварэлі М. Купавы да казак У. Караткевіча. Удзельнічае Мікалай Мікалаевіч і ў выдавецкіх праектах бібліятэкі: ён аказаў значную дапамогу ў афармленні электроннага дыска «„Не пакідайце ж мовы нашай беларускай“: да 180-годдзя Ф. Багушэвіча», яго творы часткова ўпрыгожваюць вокладку і ўнутраны інтэрфейс гэтага выдання.


Музычны хорар «Жахі замка Операвіль»

Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1 (камерная зала)

Калі: 23 лютага

Колькі каштуе: 9 — 16 BYN

У камернай залі Вялікага тэатра Беларусі 23 лютага будзе прадстаўлена праграма ў жанры «музычны хорар» — «Жахі замка Операвіль».

«Ідэя «Вельмі страшнага канцэрту» нарадзілася ў нас з канцэртмайстрамі Юліяй Шчарбаковай і Ірынай Целяпнёвай даволі спантанна: падчас падрыхтоўкі да аднаго з нашых камічных праектаў мы сталі разважаць на тэму містыкі, жахаў і насычанасці опернага рэпертуару перадсмяротных арыямі. Падумалі, што гэта вельмі добрая глеба для новага канцэрту. Так і нарадзілася праграма ў жанры «музычны хорар» — «Жахі замка Операвиль», — распавяла рэжысёр дыпламант міжнародных фестываляў Алена Медзякова.

Паводле задумы аўтараў, у Операвіль раз у год злятаюцца прывіды і містычныя істоты з музычных твораў. І вось у такую ​​ноч у замак выпадкова трапляюць двое маладых людзей. Адны прывіды спрабуюць іх спакусіць, іншыя — напалохаць. Героям трэба пратрымацца да раніцы.


Рамантычны люты ў Музеі Ката

Дзе: Музей ката, г. Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 23

Калі: па 28 лютага

Колькі каштуе: 8 — 10 BYN

Музей Ката ў лютым падорыць наведвальнікам рамантычны настрой і ўтульную атмасферу. Вас чакаюць займальныя стасункі з катамі і кошкамі, творы мастацтва, і шмат іншых забаў на кашэчую тэматыку.

Котакафэ, размешчанае ў музеі, падае кожнаму наведвальніку гарачыя напоі і прысмакі ў падарунак.

Коцікі, якія насяляюць Музей Ката, у мінулым бяздомныя. Пасля ператрымкі і ветэрынарнага агляду яны трапляюць у музей, а затым уладкоўваюцца ў добрыя рукі. Таму вы можаце не толькі пагутарыць з катамі, але і знайсці сабе аднаго.


Інклюзіўная фотавыстава «Мы тут»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 7 сакавіка

Колькі каштуе: для дарослых — 7 BYN, для студэнтаў — 5,50 BYN, для школьнікаў — 4 BYN

Выстаўка падрыхтавана сумесна з праектам «Мы тут» Беларускага дзіцячага хоспіса. Гэты праект адзіная ў краіне праграма паліятыўнай дапамогі для дарослых.

Дзякуючы падтрымцы партнёраў, генеральнага партнёра музея кампаніі JTI, музей стаў даступным для наведвальнікаў з інваліднасцю. З восені 2020 года рамках праграмы «Уключыся ў Музей!» падапечныя хоспіса рэгулярна наведваюць выставы і мерапрыемствы. Вынікам сумеснай работы стала ідэя фотапрэзентацыі прадметаў са збору музея, якія ніколі раней не выстаўляліся. Гэтыя прадметы вельмі розныя, але не могуць знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі па адной прычыне: з-за сваёй далікатнасці яны маюць патрэбу ў асаблівых умовах. Сапраўды гэтак жа ў асаблівых умовах з-за далікатнасці здароўя маюць патрэбу і некаторыя наведвальнікі. Музей кожны дзень працуе над тым, каб зрабіць сваю прастору больш даступным для ўсіх людзей і музейных прадметаў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь валодае адным з найбагацейшых збораў у краіне. Аднак для наведвальнікаў даступная малая частка яго калекцый. Гэтая выстава дае магчымасць прадметам як бы сказаць нашым наведвальнікам: «Мы тут, мы зусім побач. Давайце знаёміцца! ». Тое ж самае могуць сказаць і людзі, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах наведвання музея.

На выставе прадстаўлены фатаграфіі 15 прадметаў з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, а таксама матэрыялы пра Беларускі дзіцячы хоспіс.


Выстава «Моўны код», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: з 5 па 28 лютага

Колькі каштуе: для дарослых — 7 BYN, для студэнтаў — 5,50 BYN, для школьнікаў — 4 BYN

5 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае работу выстава «Моўны код», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Мы ўспрымаем мову як дадзенасць, а між іншым гісторыя беларускай мовы нагадвае дэтэктыў з закручаным сюжэтам і яскравымі адметнасцямі. Ці ведаеце вы, што ў ХVI стагоддзі старабеларуская мова была афіцыйнай у Вялікім княстве Літоўскім? Калі нарадзілася літара Ў? Што беларуская мова мела тры алфавіты — кірылічны, лацінскі і арабскі?..

На выставе прадстаўлены графічныя работы Уладзіміра Басалыгі з серыі «Мова наша родная» (1980–1990-х гг.), творы сучаснай мастачкі Томы Пракоф’евай «Беларускi алфавiт», артэфакты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Выстава дапаможа ўзнавіць пэўныя веды пра беларускую мову, узгадаць любімыя словы, пацешыць наведвальнікаў інтэрактыўнымі элементамі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, акрамя выставы, прапануе актыўнасці:

  • Інтэрактыўная гульня «Не шукаючы, не знойдзеш». Гульня разлічана на дзяцей і дарослых, гэта інтэрактыўнае падарожжа па старонках гісторыі, дзе самі рэчы адкрыюць свае таямніцы!
  • Экскурсія «Шлях кнігі да чалавека: з гісторыі кнігадрукавання». Дапаможа даведацца аб гісторыі развіцця пісьменнасці на беларускіх землях, пачынаючы ад перыяду рукапісных берасцяных грамат да вынаходніцтва друкарскай справы і стварэння першых друкаваных кніг.

Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) адзначаецца штогод 21 лютага ў адпаведнасці з рашэннем ЮНЕСКА 1999 г. і накіраваны на заахвочванне моўнай разнастайнасці, папулярызацыю і захаванне моўных і культурных традыцый.

Выстава арганізавана пры ўдзеле Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Рэалізуецца ў рамках вялікага музейнага праекта «Беларусь і беларусы», скіраванага на папулярызацыю айчыннай гісторыі і культуры.

На экскурсію і гульню дзейнічае папярэдні запіс.

Тэл.: (017) 374-83-22, 365-48-27


Экспазіцыя, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча 13

Калі: з 8 лютага па 16 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN, для навучэнцаў — 3 BYN

8 лютага 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Абодва класікі яшчэ пры жыцці, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі... Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа можна працягваць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца пра гэта значна больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную «Палескую хроніку» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань»), а творы Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль» як і раней адгукаюцца ў сэрцы чытача.

Экспазіцыя прадставіць партрэты і фатаграфіі І.Шамякіна і І.Мележа, графічныя працы вядомых мастакоў А.Кашкурэвіча, Н.Паплаўскай да твораў пісьменнікаў, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і інш. Лейтматывам экспазіцыі стануць успаміны Івана Шамякіна «Палёт над Палессем», прысвечаныя Івану Мележу.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 16 жніўня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі пісьменнікаў, даследчыкі жыцця і творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа, літаратары.

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21.


Віцебск. Выстава драўляных скульптур

Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, г. Віцебск, вул. Леніна, 36

Калі: да 4 красавіка

Колькі каштуе: 3,50 BYN

17 лютага ў 17:00 у Ратушы адкрываецца выстава драўлянай скульптуры з фондаў установы культуры «Віцебскі абласны краязнаўчы музей» «Песня дубровы».

Драўляная скульптура з’яўляецца адным з самых старажытных, традыцыйных і распаўсюджаных у мінулым відаў народнага мастацтва Беларусі.

Нашы далёкія продкі ведалі, што драўніна валодае вельмі каштоўнымі якасцямі: воданепранікальнасцю, цеплаізаляцыяй, невысокай шчыльнасцю, багатай разнастайнасцю малюнка тэкстуры. Да таго ж, драўніну зручна апрацоўваць і нарыхтоўваць. У сувязі з гэтым, дрэва шырока выкарыстоўвалася — практычна ўсюды ад будаўніцтва абарончых збудаванняў да кухоннага начыння, сельскагаспадарчых прылад, а таксама твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Паступова праца з дрэвам вылілася ў дзіўнае ўменне людзей зрабіць з прыроднага матэрыялу сапраўдны твор мастацтва.

Мастацкая разьба па дрэве, як выгляд дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вядомая на беларускіх землях з XII стагоддзя. Пры гэтым мела сваё развіццё не толькі разьбяное мастацтва буйных і сярэдніх формаў, але таксама стваралася і развівалася разьба малых формаў, напрыклад разьбяная драўляная цацка і скульптура.

На выставе будуць прадстаўлены работы з фондаў УК «ВАКМ», якія ўваходзяць у склад найцікавай калекцыі драўлянай скульптуры, дробнай пластыкі, аб’яднанай у раздзел «Драўляная разьба народных майстроў Віцебшчыны».

Працы — вынік творчасці разьбяроў па дрэве з Віцебска, Оршы, Полацка, Наваполацка і іншых гарадоў.

Калекцыя работ народных майстроў дае ўяўленне аб разнастайнасці творчых почыркаў мастакоў, паказвае, наколькі поўна адбіліся ў іх творах час і падзеі. Майстры маюць свой голас у агульнай панараме мастацтва. У ім гучыць філасофскае стаўленне да свету. Тут кожны індывідуальны ў бачанні свету, у выбары стылю і тэхнікі, у выкарыстанні матэрыялаў. Арыгінальнасць творчых тэхналогій і шырыня ў прайграванні зрабілі творы народных майстроў прадметам даследавання і калекцыянавання.

Выстаўка «Песня дубровы» дазволіць гледачу не толькі пазнаёміцца ​​з інсітным мастацтвам Віцебшчыны, але і ўспомніць забытыя народна-фальклорныя матывы. Працы разьбяроў па дрэве адлюстроўваюць сцэнкі з жыцця простых людзей, нават не заўсёды сучаснікаў м

Фота: Ратуша


Віцебск. Выстава «Незнаёмцы з мінулага»

Дзе: Віцебскі абласны краязнаўчы музей, г. Віцебск, вул. Леніна, 36

Калі: пастаянная экспазіцыя

Колькі каштуе: 1–2 BYN

Прадметы побыту — прадметы гісторыі. Гэта асаблівы свет. Мы ўсе гаворым пра гісторыю краіны, пра важныя падзеі, здзяйсненні. Але забываем, што гісторыя пачынаецца ў нас дома з простых рэчаў, дробных прадметаў, якія мы не заўважаем. А між тым дастаткова азірнуцца вакол, прыгледзецца да рэчаў, якія нас акружаюць.

Прадметы побыту, якія знаходзяцца ў фондавых калекцыях Віцебскага абласнога краязнаўчага музея раскрываюць цалкам па-новаму гісторыю штодзённасці мінулых пакаленняў. Рэчы, якія ўзнікалі на мяжы XIX–XX стагоддзяў у першую чаргу з утылітарным прызначэннем, з’яўляліся яшчэ і прадметамі эстэтычнага асалоды. Аднак не заўсёды знешні выгляд адпавядаў унутранаму зместу, што і выклікае сумневы ў сучаснага чалавека па правільным выкарыстанні таго ці іншага прадмета. На выставе прадстаўлены прадметы гарадскога і сельскага побыту канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, а таксама прадметы побыту савецкай эпохі, якія ўжо выйшлі з ужытку.

Наведвальнікам выставы таксама будзе прапанавана прыняць удзел у інтэрактыўнай гульні. З яе дапамогай кожны жадаючы атрымае магчымасць пабываць у розных эпохах і самастойна скласці інтэр’ер «дваранскай гасцінай», «сялянскай хаты» або «кватэры перыяду СССР».

Пры афармленні экспазіцыйнай прасторы, прысвечанай савецкай эпосе, выкарыстоўваліся фатаграфіі Аляксандра Сеннікава.

Выстава «Незнаёмцы з мінулага» дазволіць па-новаму зірнуць на рэчы, якія зусім нядаўна лічыліся мала прыкметнымі. Але магчыма, праз некаторы час, прадметы штодзённасці чалавека, народжанага ў XXI стагоддзі, таксама стануць невытлумачальнай загадкай для будучых пакаленняў.

На выставе прадстаўлена больш за 200 прадметаў з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.


Магілёў. Экспазіцыя «Прырода краю»

Дзе: Краязнаўчы музей, г. Магілёў, Плошча Славы, 1

Калі: пастаянная экспазіцыя

Колькі каштуе: 1,50 — 3 BYN

Экспазіцыя адкрыта 6 чэрвеня 1990 на другім паверсе музея і размешчана ў 5 залах плошчай 350 кв. м. Яна дазваляе атрымаць цэласнае ўяўленне аб прыродных багаццях Магілёўскай вобласці.

Наведвальнікі могуць азнаёміцца ​​з палеанталагічнымі матэрыяламі, якія даюць уяўленне аб істотных момантах эвалюцыі як нашай планеты, так і тэрыторыі краю. Асаблівасці рэльефу і клімату, глебавая і геалагічная структура ўсходняга рэгіёну Беларусі паказаны з дапамогай шматлікіх біягруп, калекцый і рэалістычна выкананых дыярам. Вялікае месца адведзена паказу асноўных прыродных ландшафтаў краю: лясоў і вадаёмаў, балот і лугоў, якія паказаны ў адзінстве расліннага і жывёльнага свету Магілёўшчыны.

1-й зала прысвечана працэсу фарміравання Сусвету і асноўным этапам геалагічнай гісторыі Зямлі. Прадстаўлены закамянеласці, касцяныя астанкі маманта, калекцыі мінералаў. Наступная зала прысвечана рэльефу, ландшафтам і фенолагам Магілёўшчыны. Шматлікія біягрупы дазваляюць убачыць стан прыроды ў розныя часы года. Дыярама паказвае частку тыповага ўзгорыстага ландшафту аднаго з раёнаў Магілёўскай вобласці.

У наступнай зале паказаны водныя прасторы краю. Прадстаўлены асноўныя насельнікі рэк, азёр і балот. Адна з дыярам прысвечана такой цікавай жывёле як бабёр. У дыяраме таксідэрмічныя скульптуры жывёл і птушак паказаны ў руху, што стварае ілюзію рэальнасці.

Апошняя зала экспазіцыі прысвечана лясным масівам і іх шматлікім насельнікам. Тут экспануюцца тры самыя вялікія тэматычныя дыярамы, дзе ў натуральным асяроддзі прадстаўлены барсукі, ласіха, воўк і кабан у розны час года. У адкрытым паказе прадстаўлена таксідэрмічная калекцыя птушак.

Фота: vMogileve.by


Гомель. Выстава «Жывая спадчына Гомельшчыны»

Дзе: Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, г. Гомель, вул.Кірава, 49

Калі: па 27 лютага

Выстава раскажа пра нематэрыяльную гісторыка-культурную спадчыну рэгіёну, уключаную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і спадчыну, якая знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА.

У спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА) знаходзіцца вясновы абрад «Юраўскі карагод» вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы. Сярод нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэспубліканскага значэння — каляндарныя абрады Веткаўскага, Гомельскага, Лельчыцкага, Хойніцкага раёнаў, а таксама традыцыя пакланення каменным крыжам («Каменныя Дзевачкі») вёсак Данілевічы і Баравое Лельчыцкага раёна.

Цікавыя будуць наведвальнікам і мясцовыя пеўчыя стылі Ельскага, Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў.

Прадстаўленыя ў цэнтры народнай творчасці і рамёствы: мастацкія практыкі саломапляцення рэгіёну і неглюбская народная тэкстыльная традыцыя.

Канцэпцыя выставы старанна прапрацавана. Дэталёва падабрана абрадавая атрыбутыка, экспануюцца прадметы побыту, традыцыйныя касцюмы, фатаграфіі, тэматычная друкаваная прадукцыя і сувеніры — копіі матэрыяльных прадметаў атрыбутыўнага кода.

У афармленні выставы-прэзентацыі задзейнічаны сучасныя тэхналогіі — з дапамогай QR-кодаў наведвальнікі могуць глядзець відэаматэрыялы па кожнай часткі экспазіцыі.

Арганізатары выставы-прэзентацыі — абласны цэнтр народнай творчасці сумесна з раённымі ўстановамі культуры. Выстава будзе доўжыцца да 27 лютага.


Брэст. Тыдзень роднай мовы

Дзе: Бібліятэкі ДУК «Брэсцкая ЦГБ імя А.С. Пушкіна», г. Брэст

Калі: 15-21 лютага

Тыдзень роднай мовы ў бібліятэках ДУК «Брэсцкая ЦГБ імя А.С. Пушкіна»

Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна, бульвар Шаўчэнкі, 3 (15.02 — 21.02)

Чытальная зала:

  • Бібліягід «Сустрэча з беларускай кнігай»;
  • Парад кніг «Аўтограф як каштоўнасць»
  • Майстар-клас пяром «Беларускі арнамент»;
  • Віктарына «Цікава ведаць»;
  • Літаратурны подыўм «З павагай да роднага слова»;
  • Дрэва «Мова беларуская».

Абанемент:

  • Бібліяпрэзентацыя «Міравая літаратурная класіка — па-беларуску»;
  • Дзень паэзіі «Класіка гучыць»;
  • Кніжны дыліжанс «Ад прадзедаў спакон вякоў...»;
  • Куфар казак;
  • Кветка беларуская «Прыгажосць беларускай мовы».

Цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка, набярэжная Ф. Скарыны, 32

15.02 — 21.02:

Фотаакцыя «Зямля мая, ты — кніга непрачытаная...»;

  • Паэтычны калейдаскоп «Гучы, мая мова, як срэбны званочак»;
  • Бліц-віктарына «Скарбонка беларуская»;
  • «Квэст-гульня «Смак роднай мовы»;
  • Тэатральны куток «Чароўныя казкі»;
  • Майстар-клас «З бабулінага Куфэрка».

Бібліятэка — філіял № 1, Маладагвардзейская, 1

  • 15.02 — 22.02 Выстава «Твае першыя кніжкі па-беларуску»;
  • 18.02 — 21.02 Выстава вырабаў з саломкі ўдзельнікаў клуба «Олимпиец» пад кіраўніцтвам Хартанюк А.В.

Бібліятэка — філіял № 2, Дуброўская, 5\1

  • 15.02 — 21.02 Выстава рамёстваў;
  • 16.02 Майстар-клас «Беларускія рамёствы» (13:40 — 15:00);
  • 19.02 Літаратурна-кулінарны гастрафэст.

Бібліятэка — філіял № 3, Чырвонагвардзейская, 2А

19.02:

  • Гадзіна роднай мовы «Жывая вада бацькоўскіх крыніц»;
  • Літаратурнае чытанне «Беларуская казка» з В. Сандрыкавай;
  • Майстар-клас «Матчыны кросны»
  • Гульня-віктарына «Таямніцы родных слоў»

Бібліятэка — філіял № 5, Суворава, 112

  • 15.02 — 21.02. Гульнятэка па-беларуску; дзіцячая фотасесія.
  • 18.02. Знаёмства з беларускімі рамёствамі (14.00-15.00).

Бібліятэка — філіял № 6, Жукава,1

  • 15.02 — 21.02 Крыжаванка «Беларускае слова»;
  • 17.02 (14:00) Літаратурнае кафэ «Ты зжылося з намі, слова беларускае», лектар Дуброўская Наталля Мікалаеўна.

Бібліятэка — філіял № 7 «Юнацтва» імя У. Калесніка, Маскоўская, 342\1

18.02:

  • Тэматычная зона «Сябруй з роднай мовай»;
  • Майстар-клас «Маленькі цуд» (Кніжная закладка). (11:00 — 16:00).

15.02 — 21.02:

  • Кіназала «Лепшая беларуская класіка»;
  • Літаратурны конкурс «Пазнай твор па пачатку»;
  • Тэст-гульня «Цікавыя словы»;
  • Майстар-клас «Васількі з фетру». (11:00 — 16:00).

Бібліятэка — філіял № 8, Высокая, 22\1

15.02 — 21.02:

  • Конкурс-выстава малюнкаў «Колеры роднай зямлі»;
  • Фотазона;
  • Акцыя «Чытаю па-беларуску»;
  • Майстар-клас «Рамёствы роднай зямлі» (14:00 — 15:00);
  • Выстава творчых работ ДУА «Шматпрофільны цэнтр дзяцей і моладзі» (г. Брэст). Клуб «Пралеска», вул. Я. Купалы, 14\1, аб’яднанне па інтарэсам «Біякераміка» (кіраўнік: Хартанюк Алеся Вячаславаўна).

Бібліятэка — філіял № 10

  • 17.02 Літаратурна-музычная імпрэза «Мова — душа народа»;
  • 17.02 — 21.02 Кірмаш рукатворных цудаў;
  • 17.02 Падарожжа па беларускім казкам;
  • 18.02 Майстар-клас «Мяшочак з духмянымі травамі»

Бібліятэка — філіял № 12, Бульвар Касманаўтаў, 120

15.02 — 21.02 :

  • Інтэрактыўная выстава «Зберагаем традыцыі — зберагаем гісторыю»;
  • Літаратурны калейдаскоп «Выпадковая сустрэча з беларускай кнігай»

Пінск. «Лютаўскія музычныя вечары»

Фота: Палеская праўда.

Дзе: Гарадская канцэртная зала, г. Пінск, вул. Кірава, 37

Калі: па 25 лютага

Колькі каштуе: 4-5 BYN

У гарадской канцэртнай зале Пінска праходзіць традыцыйны фестываль «Лютаўскія музычныя вечары».

Мерапрыемства, якое стала культурным брэндам горада, адбудзецца ў 27-ы раз. У праграме заяўлена чатыры канцэрты.

17 лютага адбудзецца другі вечар, прысвечаны фартэпіяннай музыцы. Знатакоў высокага мастацтва чакае выступ піяніста-віртуоза, саліста Белдзяржфілармоніі Аляксандра Музыкантава. У выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў прагучаць шэдэўры сусветнай класікі.

Наступным у праграме 22 лютага стаіць канцэрт вакальнай музыкі. Салістка Белдзяржфілармоніі лаўрэат міжнародных конкурсаў Нэлі Душчынская (сапрана) і акампаніятар Таццяна Вішнякова падораць слухачам вечар рускага раманса.

Завершыць цыкл творчых сустрэч 25 лютага выступленне гарадскога камернага аркестра пад кіраўніцтвам Аксаны Макарэвіч. Спецыяльна да фестывалю калектыў абнавіў канцэртную праграму. Выступленне аркестра будуць суправаджаць салісты Ганна Рыжко і Віталь Ракала, а таксама выканаўцы на органе, фартэпіяна, акардэоне і домры.


Гродна. Квэст «Таямніца палаца Храптовічаў»

Дзе: Музей гісторыі рэлігіі, г. Гродна, вул. Замкавая, 16

Калі: па сакавік

Колькі каштуе: BYN, для двух чалавек — 7 BYN

Музей гісторыі рэлігіі запрашае на сямейны квэст «Таямніца палаца Храптовічаў»

Уявіце. Паўзмрок, свечка ў вашай руцэ, ціхая музыка. А ўдалечыні — чорная постаць захавальніка таямніц палаца, якая марудна да вас накіроўваецца. Інтрыгуе?

Акуніцеся ў чароўную атмасферу і разгадайце глыбокія таямніцы, пакрытыя цемрай. Такога музея вы яшчэ не бачылі. Спадабаецца і дзецям, і іх бацькам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?