Вы тут

Медальён


Медальён

Пра памяць, якая калісьці стане бляклымі кветкамі, бюстамі і камянямі.

Граніт зачароўвае спачатку, потым — бярэ ў палон.
Крывадушныя чыгунныя галубкі, выцвілыя, бляклыя ружы, лампадкі (ручкі воскам цягнуцца з трэснутага нутра), брамкі, лавачкі, фразы тыпу «Ад сяброў і знаёмых», дзе-нідзе падмаляваныя крыжы ды, калі крочыць ад уваходу, бюсты «герояў» на першай лініі. Іх жонкі зрэдку сустракаюцца на другой.
А далей, там, за закінутымі і «жывымі», пасля нізкіх кустоў брусніц, паміж горкамі з камянёў — Славік. Хлопчык наш, Славік, там.
Хоць, магчыма, ён і не тут. Мы не ведаем. Гэта раней памяталі, дзе ён ляжыць, але кароткія сустрэчы былі занадта балючымі, словы пустымі, станавілася невыносна зябка і сумна, імжыў халодны бісерны дождж, моклі ногі — многія ж былі яшчэ ў туфлях. Восень. Вось яно, аказваецца, як. Так бедна і недарэчна: нарэзка, гарэлка, аранжавы ліманад. Хутка выпілі, разбегліся. А цяпер разгубленыя стаім, спрэс незнаёмыя імёны: усе чужыя, не «нашы», не тыя.
Славік жа існаваў калісьці: дакладна вядомы почырк, і рост, і касцюм, і вялікія туфлі — камяк ваты разам са шкарпэткай, а на пятцы прылеплены пластыр, — а ў гэтых не было жыцця, не. І прыйшлі яны адразу старымі, адразу сівымі, з пасаджанымі недарэчна вачыма, тонкай лініяй (палоскай рота) ды завялымі, нібы жухлымі ад яблычнага чарвяка, тварамі, чорна-белымі аваламі-медальёнамі.
Хто замкнуў іх туды? Навошта? Без адказу.
Прыгожыя і прыбраныя, як заморскія каменныя брахмы, глядзяць услед. Астры вянуць, чапляюцца пальцамі за штаны — просяць застацца. Ліпы звісаюць над галовамі нізка, бязлюдна, толькі старыя сустракаюцца на сцяжынках, а іх унукі стрымліваюць смяшкі — маўчы. «Ён ля плота, напэўна?» — «Ідзём».
Славік, вядома, здзівіўся б, даведаўшыся, дзе апынуўся «пасля ўсяго». Але дзе? Мы не ведаем.
Ці не жадаем ведаць, каб лішні раз не цешыцца або не хвалявацца. Магчыма, ён і не паміраў. Падціснуўшы сінюшныя пальцы, ходзіць дзесьці ў сваіх чаравічках не па памеры, моршчыць разгублены твар — пустое. Дом яго яшчэ тады хутка прадалі нейкай высокай цётцы, падзяліўшы назапашанае барахло, як і было загадана ў завяшчанні, так, што кожны нават застаўся багатым: табе ўсё дзяцінства, табе адпачынак, а вам вось скрутак — трымайце беражліва, — унутры няскончаны дыялог. Пра што?
Мы не ведаем.
Памяць сцерла балючае і дурное, сярод мятай паперы — выключна попел ды астылыя вугольчыкі ад урыўкаў фраз («Памятаеш? Пра памерлых толькі “харошае”!»), іншага, зрэшты, нічога няма. Дзе ты, Славік, хлопчык наш, Славік, дзе? Раскажы нам, Славік, пра што там было?
Вечарэе. У прыцемках мы навобмацак спяшаемся да варот, спатыкаючыся, рассыпаем шэрыя рэшткі гранітных слоў. Вецер іх падхоплівае і нясе — медальёнчык вымалёўваецца за спінай.

Сяргей ШАМАТУЛЬСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».