Вы тут

ЖЭС супраць «плюшкіных». Камунальнікі патрабуюць ачысціць кватэру ад смецця, але жыхаркі не ідуць на кантакт


Магчыма, справа не зусім тыповая. Бо такіх «плюшкіных» у нашым асяроддзі сустракаецца няшмат. З іншага боку, усе грамадзяне маюць права на камфортнае і спрыяльнае асяроддзе, за якім сочаць жыллёва-камунальныя службы. Дзяржава забяспечвае грамадзян жылымі «квадратамі», а тыя, у сваю чаргу, павінны выконваць правілы агульнага пражывання. Але бываюць выпадкі, калі гэтыя нормы парушаюцца. Прычым, справа цягнецца не адзін год…


«Нядобрая» кватэра

Работнікі камунальнай службы неаднойчы выязджалі па скаргах суседзяў у адзін з гродзенскіх шматпавярховікаў. Жыхары скардзіліся на непрыемны пах з кватэры і затапленне. Але трапіць у «нядобрую» кватэру аказалася складана. А калі нарэшце камунальныя службы атрымалі доступ, убачылі перад сабой жудасную карціну — усё жыллё ўяўляла з сябе самы сапраўдны сметнік.

Толькі аднойчы работнікі ЖЭСа змаглі зрабіць фотафіксацыю жылога памяшкання. Відовішча непрыгляднае. Фотаздымкі прадставіла падчас судовай справы майстар ЖЭСа. Яна расказала, што ў выніку абследавання ўстаноўлена, што кватэра знаходзіцца ў антысанітарным стане, паўсюдна складзіруецца бытавое смецце, розныя рэчы, бутэлькі... Бруд на падлогавым пакрыцці, на сценах, на вокнах. Газавая пліта адключана, ракавіна і кухонныя шафкі знаходзяцца ў антысанітарным стане, у санвузле неабходна замена ўнітаза, відавочна, што прыборка доўгі час не праводзілася.

Найбольш уражвае той факт, што да такога стану сваё жытло давялі жанчыны. Быў агучаны і той факт, што жыхары дома заўважалі, як жанчына, што тут пражывае, нясе ў кватэру сабранае на вуліцы смецце.

Знаёмства не адбылося

Што за жыхаркі тут жывуць? Як аказалася, маці з дачкой. Не буду называць іх імёны і прозвішчы, скажу толькі, што старэйшай жанчыне пад 80 гадоў, а яе дачцэ — 46. Каб не блытацца, назавём маці Ядвігай Іванаўнай. Пражывае яна з дачкой у шматпавярховіку ў двухпакаёвай кватэры на 56 «квадратаў». Дагавор найму заключаны ў 2016 годзе.

Не буду ўтойваць, што дух рэпарцёра пагнаў мяне на гэтую вуліцу і ў гэты дом. Захацелася асобна сустрэцца з такімі дзіўнымі жанчынамі, якія ператварылі сваю кватэру ў сметнік, і сваімі вачыма ўбачыць стан кватэры. Ці сапраўды там такі жах, як расказала прадстаўнік ЖЭСа. Не інакш жанчыны добрыя віпівохі і вядуць асацыяльны лад жыцця... Так думалася напачатку.

Паблукаўшы крыху, выйшла да патрэбнага шматпавярховіка і зайшла ў пад'езд. На пятым паверсе знайшла згаданую кватэру і націснула на званок. І хоць ён спрацаваў, але ніякіх гукаў з кватэры не было чуваць, ніхто не спяшаўся адчыняць дзверы. Зрабіўшы яшчэ дзве спробы, пазваніла суседзям. Дома аказалася гаспадыня суседняй кватэры. Яна адразу паведаміла, што яе суседка дзверы нікому не адчыняе, а яна сама за сорак гадоў пражывання бок у бок у яе кватэры ні разу не была. Звычайна прыходзяць работнікі ЖЭСа і просяць пасведчыць немагчымасць доступу. «Ну, жанчына як жанчына. Калі-нікалі я магу сутыкнуцца з ёй на пляцоўцы. Яна кудысьці ходзіць, жывуць ціха. Дачку даўно не бачу...» — паведаміла суседка. Дрэннага паху з яе кватэры зараз не чуе, кладоўку пачысцілі...

Паколькі да камунальнай службы звярталіся са скаргай і жыхары з ніжняй кватэры, зайшла і да іх. Праўда, там жыхары памяняліся, а вось суседка збоку расказала, што сапраўды, быў выпадак падтаплення. І тады таксама адбыўся суд. Што датычыцца самой жанчыны, суседка назвала яе ціхай, не агрэсіўнай, але своеасаблівай. Ні з кім не мае стасункаў, не размаўляе. Наконт смецця ў кватэры не ў курсе, а вось парадак на лесвіцы Ядвіга Іванаўна неяк імкнулася навесці. Нават аб'яву вешала, каб не курылі.

Між тым аматарка барацьбы з курэннем раз-пораз атрымлівала ад камунальных службаў прадпісанні аб навядзенні парадку ў сваёй кватэры.

Насуперак камфорту

Усё пачалося, можна сказаць... з клапоў. Аб іх нашэсці і паскардзіліся ў ЖЭС жыхары суседніх кватэр. Майстар участка, якая абследавала кватэру, расказала: «Усе пакоі захламлены, ужо побач з кватэрай стаяў дрэнны пах. Пры ўваходзе ляжалі дошкі, палкі, смецце, рэчы пад пакрывалам. У кухні брудны посуд, слоікі. У залу немагчыма зайсці з-за смецця, санвузел падцякае, хоць ёсць новы ўнітаз, але не ўстаноўлены».

Камунальнікі склалі пратакол аб адміністрацыйным парушэнні, які пазней быў накіраваны на разгляд суда. У прыватнасці, было прадпісана прыбраць смецце, правесці санітарную апрацоўку, замяніць унітаз.

Кватэра, дзе пражываюць жанчыны, адносіцца да жылога памяшкання камерцыйнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду. Правілы ўтрымання прадугледжаны адпаведнай пастановай урада.

Там вызначаны абавязкі як утрымальніка арэнднага жылля, так і наймальніка. У прыватнасці, за кошт наймальніка прадугледжваецца бягучы рамонт, шкленне, замена падлогі і іншыя работы. Згодна з правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, устаноўленымі пастановай Савета Міністраў, а таксама Жыллёвым кодэксам, грамадзяне абавязаны захоўваць жыллё ў належным стане, які адпавядае санітарным, тэхнічным, прыродаахоўным, супрацьпажарным патрабаванням. Калі гэтага не адбываецца, да такіх жыхароў прымаюцца меры ўздзеяння. Як правіла, канчатковую кропку ставіць суд. У адносінах да Ядвігі Іванаўны такіх судоў было некалькі.

Наймальнікам прапаноўвалася прывесці кватэру самастойна ў належны стан, і яны абяцалі гэта зрабіць. Але паўторнае абследаванне не выявіла станоўчых зрухаў. Кватэра па-ранейшаму знаходзілася ў антысанітарным стане, хоць суд прыняў рашэнне выправіць сітуацыю на працягу двух месяцаў. Ці наведзены парадак у кватэры, пакуль невядома.

У ЖЭСе расказалі, што некалькі разоў імкнуліся трапіць у кватэру, але безвынікова. Дзверы так ніхто не адчыніў. Ужо і суседзям надакучылі гэтыя цяжбы, але паўплываць на неахайных жыхароў, як аказалася, вельмі складана. Хоць кватэра арэндная, выселіць жанчын амаль што немагчыма. Запазычанасці па камунальным і арэндным плацяжах у іх няма, яны своечасова і ў поўным аб'ёме ўносяць плату за кватэру. Аплачваюць і ўсе штрафы. Да таго ж сталая жанчына паводзіць сябе ціха, ні з кім не канфліктуе. Адно суцяшае — такіх «плюшкіных» у горадзе адзінкі.

Каментарый у тэму

Алена Каралёва, прафесар кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі Гродзенскага медуніверсітэта:

— У жанчыны, гаспадыні кватэры, канешне, сіндром Плюшкіна. Гэта псіхічнае захворванне. Лічыцца, што такі сіндром сустракаецца ў людзей сталага ўзросту, пасля 65 гадоў. Многія, магчыма, сутыкаліся з гэтым у сваіх сем'ях, асабліва ў адносінах да старэйшых членаў сям'і, якія перажылі вайну ці іншае ліхалецце. Звычайна прычынай такога назапашвання становяцца стрэсавыя сітуацыі.

Часцей на сіндром пакутуюць адзінокія людзі, якім няма чым займацца, іх кола інтарэсаў рэзка звужаецца і зводзіцца да такога назапашвання непатрэбных рэчаў. Быццам яны маюць нейкую справу. У нас была адна такая пацыентка, вельмі цікавая асоба, яна збірала на сметніках ці яшчэ дзе рэчы, якія маглі яшчэ служыць. І тлумачыла, што ўсё патрэбна. І, што самае цікавае, чалавек цягне са сметніка рэчы зусім не з-за беднасці. Бывае, што гэта даволі забяспечаныя людзі. У іх на разліковых рахунках ляжаць грошы, альбо ў кагосьці яны схаваны пад матрацам ці яшчэ дзе. Нейкія каштоўнасці ў іх ёсць. Аднак яны не могуць спыніцца ў жаданні пастаянна назапашваць рэчы, якія ім не неабходныя і не спатрэбяцца. Быў выпадак, калі ў доме паміж хламам прыйшлося зрабіць тунэль, праз які і хадзіў гаспадар. І кожны такі «плюшкін» прыводзіць разумныя доказы сваіх паводзін.

Магчыма, гэта звязана з нейкімі сасудзістымі парушэннямі. Праводзіліся даследаванні, якія выявілі, што такія паводзіны абумоўлены працэсамі ў галаўным мозгу. Там узнікаюць ачагі павышанага ўзбуджэння, але пакуль невядома, дзе і як гэта адбываецца.

Лячыць такіх людзей складана, таму што дыягназ цяжка паставіць. Можна прапанаваць заспакаяльныя медпрэпараты, якія здымаюць узбуджанасць. Гэта патрабуе доўгай індывідуальнай псіхатэрапіі. Але пераканаць такога чалавека амаль немагчыма. Ён не бачыць у сваіх дзеяннях нічога асаблівага.

Можна паспрабаваць адцягнуць іх увагу на нешта іншае, але і гэта таксама складана. Для грамадства яны бяспечныя, але іх гэтае «захапленне» часта прыносіць праблемы навакольным. Таму застаецца толькі адно — па магчымасці расчышчаць гэты хлам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.