Вы тут

Як будзе рэалізоўвацца дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе»


Дзяржаўная праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 гады ўвайшла ў сілу ў Беларусі. На рэалізацыю яе мерапрыемстваў, што скіраваны на развіццё ЖКГ, сферы бытавога абслугоўвання, павышэнне даступнасці энерга- і газазабеспячэння ў населеных пунктах, запланавана 18 467,4 млн рублёў. Пра мэты і мяркуемыя дасягненні чарговай пяцігодкі ўдасканалення камунальнай сферы расказаў начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Андрэй РАМАШКА.

Чакаецца, што задачы дзяржпраграмы будуць дасягацца за кошт павышэння эфектыўнасці і надзейнасці функцыянавання аб'ектаў ЖКГ з адначасовым зніжэннем затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), а таксама прапанавання якасных бытавых паслуг і забеспячэння больш шырокага доступу грамадзян да энергетычных рэсурсаў.


— ЖКГ — галіна эканомікі і жыцця грамадства, дзе цесна пераплецены інтарэсы іншых сфер. Немагчыма ўявіць высокі ўзровень жыцця і матэрыяльнага дабрабыту людзей без развітой сістэмы жыллёва-камунальнага абслугоўвання, — адзначыў Андрэй Рамашка. — А дзяржпраграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» — адзін з інструментаў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў цэлым. Дзяржпраграма ўключае ў сябе сем падпраграм.

  • «Даступнасць паслуг» — павінна садзейнічаць забеспячэнню даступнасці і якасці ЖКП, а таксама павышаць якасць і разнастайнасць бытавых паслуг.
  • «Добраўпарадкаванне» — скіравана на павышэнне ўзроўню добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў. Падчас яе рэалізацыі мяркуецца праводзіць капітальны рамонт і рэканструкцыю ўнутрыквартальных дваровых тэрыторый.
  • «Эфектыўнае цеплазабеспячэнне» — мусіць павысіць надзейнасць, тэхналагічную і эканамічную эфектыўнасць цеплазабеспячэння.
  • «Рамонт жылля» — уключае ў сябе «аднаўленне тэхнічных і спажывецкіх якасцяў, а таксама захаванне эксплуатацыйнай надзейнасці жыллёвага фонду. А яшчэ павінна стварыць бяспечную эксплуатацыю ліфтавага абсталявання ў дамах», падкрэсліў спецыяліст.
  • «Чыстая вада» — абавязана забяспечыць жыхароў вадой пітной якасці, павысіць якасць ачысткі сцёкавых вод і надзейнасць сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення.
  • «Мэта-99» — заклікана мінімізаваць аб'ёмы захавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА).
  • «Развіццё электраэнергетыкі і газіфікацыі населеных пунктаў» — мае на мэце будаўніцтва (рэканструкцыю) размеркавальных электрасетак працягласцю 3 464,9 км, каб грамадзяне выкарыстоўвалі больш электраэнергіі, забяспечваючы такім чынам большы камфорт свайго пражывання.

— Па выніках дзяржпраграмы чакаецца будаўніцтва каля 800 станцый абезжалезвання з мэтай забеспячэння 100 % беларусаў вадой пітной якасці да 2025 года. Неабходна пабудаваць і рэканструяваць 70 ачышчальных збудаванняў сцёкавых вод. Дасягнуць выкарыстання ў 2025-м не менш як 64 % ствараемых ЦКА. Замяніць 4727 ліфтаў у жылых дамах, — расказаў прадстаўнік ЖКГ. — Акрамя таго, штогод неабходна ўводзіць у эксплуатацыю пасля капрамонту не менш як 3,5 млн м2 агульнай плошчы жылых дамоў, а таксама рамантаваць і рэканструяваць 2 % прыдамавых тэрыторый.

На працягу пяцігодкі плануецца таксама штогод зніжаць затраты на аказанне паслуг насельніцтву не менш чым на 5 %. А таксама скараціць страты цеплаэнергіі ўласнай вытворчасці арганізацый ЖКГ з 9,8 % да 9 % да 2025 года.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.