Вы тут

Што трэба ведаць пасажыру таксі


Апошнім часам, асабліва ў перыяд пандэміі, паслугамі таксі беларусы сталі карыстацца нашмат часцей. Разам з тым з'явілася нямала пытанняў — як у пасажыраў да кіроўцаў падчас паездкі, так і ў апошніх часам ёсць прэтэнзіі да сваіх кліентаў. Хто мае рацыю, а хто не? Разабрацца з гэтым дапамаглі спецыялісты Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый. Разам з імі мы адправіліся ў рэйд, каб на свае вочы ўбачыць, ці выконваюць сталічныя таксісты Правілы дарожнага руху, ці маюць патрэбныя для перавозак пасажыраў дакументы і што павінны ведаць тыя, хто садзіцца ў салон.


Наша сумесная работа пачалася а сёмай гадзіне раніцы. Са спецыялістамі ўпраўлення кантролю аўтатранспарту філіяла Транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці Андрэем ЖЛОБІЧАМ, а таксама Уладзіславам ШАМЕЦЬКАМ спыніліся ў раёне чыгуначнага вакзала. Міма едуць дзясяткі аўто, вялікая колькасць з якіх — таксі. Серабрыстая Lada спынілася на паркоўцы, мужчына за рулём — індывідуальны прадпрымальнік, а значыць, сам адказвае за тэхнічны стан транспарту перад выездам у рэйс. Аднак не ўсё аказалася гладка, сярод парушэнняў кіроўцы — адсутнасць знешняга і ўнутранага афармлення салона, праблемы з перыядычнасцю атрымання допуску транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху і адсутнасць страхавога поліса грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі.

Андрэй Жлобіч кажа, што ў большасці выпадкаў ва ўсіх таксістаў аднолькавыя. Сярод іх — не пройдзены тэхагляд (часцей за ўсё кіроўцы праходзяць яго раз у два гады, але па заканадаўстве гэта варта рабіць кожныя паўгода), адсутнасць абавязковага страхавога поліса перавозчыка перад пасажырамі і тыя парушэнні, якія згадалі вышэй.

...Пакуль Уладзіслаў Шамецька распавядаў аўтамабілісту пра яго правы і абавязкі як кіроўцы, з'явілася думка: дзіўна, што хтосьці ў прынцыпе займаецца такой сур'ёзнай (а аўтатранспарт — гэта сродак павышанай небяспекі) дзейнасцю, нічога пра яе толкам не ведаючы. Аднак спецыяліст растлумачыў: «Сапраўды бывае, што некаторыя анлайн-сервісы ўводзяць у зман сваіх работнікаў, запэўніваючы, што іх страхуюць, але на самай справе гэта не так. У цэлым сталічныя таксісты сталі выпраўляць парушэнні хутчэй, чым яшчэ некалькі гадоў таму. Але ж зразумела, што некаторыя мэтанакіравана своечасова не праходзяць тэхагляд, не маюць патрэбных дакументаў, лічаць, што так прасцей: не трэба марнаваць і час, і грошы».

Выдача прадпісанняў аб парушэннях — справа, якая патрабуе нямала часу: на тое, каб расказаць аб неабходным, выслухаць, аформіць дакументы. Адпусціўшы аднаго кіроўцу, адразу спынілі наступнага. «Што ён парушыў?» — цікаўлюся ва Уладзіслава Шамецькі. «Здаецца, усё, што было толькі магчыма. Па-першае, адсутнічаюць знешняе і ўнутранае афармленне аўто, страхавы поліс грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі, парушана перыядычнасць дазволу допуску да ўдзелу ў дарожным руху, таксама няма пры сабе пасведчання кіроўцы і таксометра (які патрэбны пры перавозцы пасажыраў за гатоўку). Дарэчы, менавіта гэтага таксіста мы ведаем добра, прыкладна раз у месяц трапляецца нам на вочы і атрымлівае акты аб пэўных парушэннях».

Кожнага кіроўцу можна «прабіць» па асобнай базе і высветліць, ці прыцягваўся ён, або дырэктар арганізацыі, ці іншая адказная асоба за выпуск транспартнага сродку на лінію. «Звычайна парушальнікі спакойна рэагуюць на нашы заўвагі, але часам таксіст не валодае дакладнай інфармацыяй, таму пачынае канфліктаваць. Але часцей за ўсё пасля нашага тлумачэння згаджаюцца і супакойваюцца», — адзначыў Уладзіслаў Шамецька.

— А бывае пагоня за аўтамабілямі таксі? — цікаўлюся ў спецыялістаў.

— Вельмі часта. Наш экіпаж не раз ездзіў па горадзе за парушальнікамі, асабліва ў гадзіну пік. У некаторых выпадках такая справа зацягваецца надоўга. А вось п'яныя або бяспраўныя сярод таксістаў сустракаюцца вельмі рэдка, іх амаль няма, што радуе. Дарэчы, мы можам без усялякіх пазначэнняў апазнаць таксіста на звычайным, здавалася б, аўто. Па марцы машыны, адкрытым на тэлефоне мабільным дадатку, які выкарыстоўвае амаль кожны таксіст. Вось раніцай спынілі такі аўтамабіль. Кіроўца спрабаваў збегчы ад нас, але не выйшла. Увогуле, па назіраннях больш як 90 працэнтаў таксістаў мае хоць адно парушэнне. Бываюць такія, хто нават пасля пяці, шасці прадпісанняў аб парушэннях не выпраўляе сітуацыю — ці то з-за нежадання губляць час і грошы, ці то з-за звычайнай ляноты.

Дарэчы, многіх кіроўцаў таксі мы ўжо добра ведаем у твар, нават дырэктараў іх арганізацый, і радуе, калі пасля выпісанага акта за нейкае парушэнне сустракаеш іх на лініі ўжо ў належным стане. Прыемна глядзець на аўтамабіль: і допуск атрыманы, і курсы кіроўцаў таксі пройдзены, і адпаведна аформленае аўто, — кажа Андрэй Жлобіч.

Спецыялісты расказалі, што часта можна назіраць, як кіроўцы спрабуюць падмануць, каб не атрымаць парушэнне. Маўляў, «вязу не пасажыра, а сябра—жонку—цешчу—брата»…

— Нядаўна злавілі таксіста, які вёз пасажыраў на машыне ў аварыйным стане: біты бампер, няспраўныя фары, лопнутае лабавое шкло... У такіх кіроўцаў адказ заўсёды адзін — прыводзім аўтамабіль у парадак. Пытанне ў такім выпадку ўзнікае і да пасажыраў. Навошта садзіцца ў такую машыну? Але яны кажуць, што так паездка абыходзіцца значна танней. Вось і атрымліваецца, што пытанне грошай стаіць вышэй за ўласную бяспеку, — заўважае Уладзіслаў Шамецька.

Варта адзначыць, што на сёння пасажыры маюць шмат прэтэнзій да тых таксістаў, якія не карыстаюцца паслугамі дыспетчара, а бяруць «ад бардзюра» па таксометры.

— Так, назіраем шмат выпадкаў, калі пасажыр садзіцца ў аўто, а па выніку паездка атрымліваецца ў два-тры разы даражэйшая, чым абгаворвалася першапачаткова... Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, трэба на месцы даведацца, колькі будзе каштаваць паездка, а таксама прастой. Кіроўца абавязкова павінен агучыць прыкладную суму згодна з касавым апаратам, сумешчаным з таксометрам, і, прыбыўшы на месца, выдаць чэк пасажыру. Калі яго няма — вы маеце права не аплачваць паездку згодна з правіламі аўтамабільных перавозак пасажыраў. Калі заказ быў зроблены праз мабільны дадатак са спісаннем сродкаў з вашай банкаўскай карткі, то чэк павінен прыйсці вам па электроннай пошце, — звярнуў увагу Уладзіслаў Шамецька.

На што трэба звярнуць увагу ў таксі, каб засцерагчы сябе як пасажыра перад паездкай? «Перш за ўсё гэта наяўнасць страхавога поліса перавозчыка перад пасажырамі, — так вы цалкам застрахаваныя і ў выпадку ДТЗ атрымаеце грашовую кампенсацыю. Ды і ўвогуле важна спытаць пра ўсе тыя дакументы, якія мы ўжо згадвалі раней, яны аднолькава неабходныя», — падсумаваў Андрэй Жлобіч.

Падчас гутаркі з супрацоўнікамі Транспартнай інспекцыі на стаянку таксі пад'ехаў яшчэ адзін кіроўца на серабрыстым Reno. Спецыяліст настаяў на праверцы дакументаў, таксіст адказаў, што іх у яго няма, маўляў, забыўся. Саставілі адпаведны акт і адпусцілі, спадзеючыся, што ў наступны раз абыдзецца без парушэнняў. А далей спынілі таксіста, які ўсе пытанні аб парушэннях пераадрасаваў дырэктару фірмы, папрасіўшы інспектара растлумачыць на гэты конт, якія дакументы павінны быць у наяўнасці.

Лічба

З пачатку года ў Мінску і Мінскай вобласці былі агледжаны 39 аўтамабіляў, выяўлена 81 парушэнне, выдадзены 22 прадпісанні на выпраўленне парушэнняў кіроўцам таксі і ўстаноўлены тэрміны іх выканання. Спецыялісты інспекцыі перыядычна праводзяць кантрольныя мерапрыемствы ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам па падатках і зборах, ДАІ і іншымі кантралюючымі органамі. Праверкі праходзяць ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Бяспечныя «шашачкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».