Вы тут

Беларуская журналістка пра Паднябесную


У Выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга журналісткі і пісьменніцы Інесы Плескачэўскай «Як разгадаць Кітай». Прэзентацыя выдання па добрай традыцыі адбылася ў «Акадэмкнізе»


Інеса Плескачэўская падчас прэзентацыі. Фота Кастуся Дробава.

Аўтар анансавала: «“Як разгадаць Кітай” пра тое, як я намагалася пазнаць, разгадаць Паднябесную. Гэта вопыт эмацыянальнага перажывання. Мне хацелася б, каб людзі, прыехаўшы ў  Кітай пасля прачытання кнігі, ужо многае маглі зразумець. Гэта падрыхтоўка да падарожжа, але не яго замена».

«Кніга “Як разгадаць Кітай” і новая, і не новая адначасова: яна напісана па заявах чытачоў. З 2005 года ў выданні “СБ: Беларусь сегодня” выходзіла мая аўтарская калонка “Лісты з Пекіна”. Пражыўшы 12 гадоў у Кітаі, у калонках я пісала пра тое, што бачыла, як жыла, што мяне здзіўляла, што насцярожвала, што я прымала, а што для мяне было цяжка прыняць — асабісты вопыт знаёмства з Паднябеснай. Калі лісты з Кітая пачалі выходзіць рэгулярна, чытачы расказвалі, што збіраюць мае матэрыялы ў папку і захоўваюць. Гэтых людзей было дастаткова многа. Такім чынам узнікла ідэя сабраць усё пад адну вокладку. Я гэта зрабіла, хоць у кнізе прадстаўлены не ўсе матэрыялы. Асобна збіраю і матэрыялы з рубрыкі “Вандроўкі па Кітаі”, але не ведаю, ці стане гэта калі-небудзь асобнай кнігай», — падзялілася Інеса Плескачэўская.

У выдання цікавы лёс. З дапамогай літаратурнага агента Вольгі Амінавай яшчэ ў маі 2019 года І. Плескачэўская падпісала з выдавецтвам «АСТ» дамову на выданне кнігі пра Кітай. Планавалася, што яна выйдзе ў лютым-сакавіку 2020 года. Але ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса выдавецтва прыпыніла выпуск краіназнаўчай літаратуры. «Я вельмі засмуцілася, але потым з дапамогай Вольгі дамовілася пра тое, што «АСТ» дазволіць выдаць кнігу ў Беларусі: у іх выключныя правы. І яны пагадзіліся зрабіць гэтыя правы невыключнымі для нашай краіны», — расказвае аўтар кнігі.

Выданне складаецца з дзвюх частак — «Мы ў іх» і «Яны ў  сябе». І. Плескачэўская патлумачыла такое раздзяленне абсалютна розным успрыманнем. Да часткі «Мы ў іх» можна прыйсці толькі пасля таго, як пройдзены першы, самы складаны этап, калі чалавек апынаецца ў краіне, у якой ніколі не зможа стаць сваім. Звяртаючыся да галоўнага пытання «Як разгадаць Кітай?», аўтар адказвае: «Трэба адкрыць сваю свядомасць і нічога не ацэньваць — яны ў сябе дома, таму могуць рабіць тое, што захочуць».

Кніга Інесы Плескачэўскай пра Паднябесную вельмі маляўнічая. Гэта трэцяе па ліку яе выданне, дызайнам якога Беларуская журналістка пра Паднябесную прэзентацыі займаўся выдатны беларускі мастак Вячаслаў Паўлавец. Паколькі ў аўтарскіх калонках фотаздымкаў публікавалася значна менш, у кнізе «Як разгадаць Кітай» сабрана каля 130 яркіх, паўнаколерных, якасных ілюстрацый, якія дапамагаюць чытачу разам з аўтарам спасцігнуць кітайскую душу. Аўтарам фатаграфій, сабраных у кнізе, з’яўляецца муж І. Плескачэўскай фатограф Міхаіл Пеньяўскі.

На імпрэзе Інеса Плескачэўская анансавала самыя «сакавітыя» моманты са свайго вопыту жыцця ў Кітаі, якія апісаны на старонках выдання, агучыла некаторыя ўрыўкі з кнігі, адказала на цікавыя пытанні прысутных і завяршыла прэзентацыю аўтограф-сесіяй. «Дзякуй усім, хто прыйшоў. Я прымяніла ўсю (ну, ці амаль усю) вядомую мне кітайскую магію, каб забяспечыць кнізе шчаслівае жыццё: апранула чырвоны кітайскі пінжак, чырвоныя боты і завушніцы з кітайскімі іерогліфамі. Чырвоны — любімы колер Паднябеснай і мой: у ім шмат энергіі і абяцанне шчасця і поспехаў. Я жадаю шчаслівага лёсу кнізе «Як разгадаць Кітай» і іншым сваім кнігам (асабліва «Без жалезнай заслоны», таму што яна цяпер сугучная кожнаму ў Беларусі, нават калі не кожны пра гэта ведае)»,  — падзялілася І. Плескачэўская ў сваім аўтарскім блогу пасля мерапрыемства.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?