Вы тут

Іван Мележ. Святло раманіста


Зямное жыццё класіка нашай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Івана Паўлавіча Мележа было не вельмі доўгае: пісьменнік адышоў у іншы свет ва ўзросце 55 гадоў 9 жніўня 1976 года, але паспеў зрабіць у літаратуры вельмі многа. Яго раманная і навелістычная проза, публіцыстыка і крытыка не губляюць сваёй актуальнасці і вастрыні і цяпер. І сёння карыстаюцца папулярнасцю раман «Мінскі напрамак», прысвечаны вызваленчай барацьбе за Беларусь у 1944 годзе, яго аповесці і апавяданні, але творам, які раскрыў усе схаваныя магчымасці таленту пісьменніка, яго сілу, прыгажосць і глыбіню, з’яўляецца «Палеская хроніка» — цудоўная эпапея беларускага сялянства.


Дом-музей народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў аграгарадку Глінішчы Хойніцкага раёна. Фота Кастуся ДРОБАВА

Усе рысы эпапеі, у прыватнасці тыя, якія называе рускі даследчык А. Чычэрын як неад’емныя ад рамана-эпапеі, маюцца ў наяўнасці: чалавеказнаўства, унутраная і знешняя маштабнасць падзей, «прасвечванне» праз лёс асобнага чалавека гісторыі, філасофія гісторыі, змена пакаленняў. І адлюстроўвае яна падзеі надзвычайнай важнасці — усталяванне савецкай улады, пачатак калектывізацыі беларускага Палесся, час «вялікага пералому». Раманіст не давёў сваю задуму да канца, не правёў герояў праз вайну: засталіся толькі накіды гэтай задумы, але якія накіды! Да таго ж не надта вялікі (не больш чым пяць гадоў) мастацкі час у галоўным мележаўскім творы павялічваецца за кошт «перадгісторый», якія даюцца не асобнымі апавяданнямі, як, напрыклад, у Шолахава, а ў рэтраспектыўных унутраных маналогах герояў.

Мастацкая праца Мележа над «Палескай хронікай» працягвалася доўга (прыкладна з 1957 па 1976 год). Часопісны варыянт рамана «Людзі на балоце» з’явіўся восенню 1961 г., праз чатыры гады выйшла кніга «Людзі на балоце» (1965). У 1976-м адбылася часопісная публікацыя апошняга, трэцяга рамана «Завеі, снежань», кнігай жа незавершаны раман выйшаў ужо пасля смерці аўтара — у 1978 г.

Першую частку хронікі сам Мележ называў лірычным раманам. Другая ж — «Подых навальніцы», паводле слоў А. Адамовіча, — гэта ўжо «раман-даследаванне», а трэці (на думку таго ж А. Адамовіча), «трагедыйны», асабліва калі ўлічыць ненадрукаваныя Мележам раздзелы апошняга рамана, якія ствараюць вобраз эпохі, халоднай, мяцельнай, жорсткай і чужой да сваіх дзяцей, як у рамане «Пустадомкі» Лукаша Калюгі. Аўтар «Палескай хронікі» не ўтрымаўся, каб не ўзвысіць свой голас у абарону селяніна-працаўніка: «“Многа кулакоў мы нарабілі”. Многія з тых, каго ссылаем, маглі б папрацаваць з карысцю на агульную справу нашу! Людзі — капітал народны! Добры гаспадар усё, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы, выкарыстае».

У запісной кніжцы беларускага класіка знойдзем і тое, як ён сам вызначае ўласную навізну ў падыходзе да тэмы калектывізацыі. У адрозненне ад многіх іншых творцаў, якія пісалі пра яе, ён убачыў не ідыятызм, не ўласніцкую душу селяніна, а яго самаахвярнасць, даверлівасць, веліч душы. Убачыў неверагодную жорсткасць да яго ў помныя трыццатыя гады, калі загінула вялікае мноства тых, хто ўмеў гаспадарыць.

Раман «Людзі на балоце» сваім лірызмам нагадвае прыгожую, багатую на пачуцці беларускую народна-паэтычную песню. І сама песня шырока ўключана ў мастацкую тканіну твора, дапамагаючы чытачу лепш зразумець душэўны стан герояў. Вось на вячорках у Куранях дзяўчаты спяваюць «Шумяць вербы». Песня, чутая Ганнай не раз, становіцца выразніцай яе самых патаемных пачуццяў і думак. І адначасова з’яўляецца як бы прадказальніцай нешчаслівага кахання яе і Васіля.

І вясельныя песні, якія шчодра прыводзяцца ў «Людзях на балоце», адгукнуцца вялізнаю скрухаю ў сэрцы Ганны, што выходзіць за Яўхіма не па каханні.

Аднак не толькі песні лірычныя і абрадавыя, песні аб гістарычным мінулым чуем мы ў «Людзях на балоце», але і песні новага часу — «Інтэрнацыянал», «Марш Будзённага». Міканор песні пра калеку-салдата, у якой багата плачу, слёз, песні «царскага рэжыму», супрацьпастаўляе «савецкую», «перадавую» песню — «Марш Будзённага», якая, як сказана ў творы, «скора разышлася па цэлай балотнай акрузе…»

Новы час настойліва і ўладна нагадвае пра сябе.

Вялікі знаўца чалавечага сэрца, майстар псіхалагічнага аналізу, Мележ стварае партрэты. «Палеская хроніка» падрабязна апісвае сямейнае жыццё Глушакоў, бацькоў Міканора, Хадоські, Васіля, Ганны. Кожная з гэтых сем’яў мае свой характар, звычаі, традыцыі, сваю галаву. Яўхім і Ганна, стары Глушак і Глушачыха, Васіль і Маня — іх шлюбы асвечаны Царквой, але «нелюбоўныя», хоць і скасаваць іх нялёгка.

Два сыны ў Глушака — Яўхім і Сцяпан. Тым не менш стары лічыць сваім, «бацькавым насеннем», толькі Яўхіма, маючы на ўвазе падабенства да сябе ў маральным плане. У Яўхіма ён бачыць адзін недахоп — «хваробу-любоў». «Глушак падумаў, што хвароба-любоў перадалася сыну не інакш ад маткі — у той змоладу і пазней у галаве многа глупства ўсякага вадзілася. Думаў пра глупствы гэтыя не так горача, як раней, новыя бядоты глушылі даўнейшую крыўду…» За гэтымі думкамі Глушака адгадваецца перажытая ім вялікая чалавечая драма, даносіцца горыч і холад не заснаванага на ўзаемнай любові шлюбу «па разліку», у якім нялёгка захоўваць вернасць. Жаніўся ён на сваёй Куліне, каб атрымаць добры кавалак зямлі. Багацце дасталася яму цаной вечнага недасыпання, стомы, цяжкой, часам непасільнай працы. Ні сябе, ні блізкіх не шкадаваў ён, каб узняць гаспадарку.

Іван Мележ, 1950 г.

У сэрцы Глушака жыве страсць срэбралюбства, багацця, таму ён і пайшоў на вялікія ахвяры. З-за яго прагнасці памерла маленькая ўнучка Верачка (не даў Яўхіму і Ганне своечасова адвезці яе ў  бальніцу). Пакорліва і разважліва ён гаворыць аб смерці малой: «Бог — даў, Бог — узяў!», паўтараючы словы вядомага біблейскага святога праведнага Іава Шматпакутнага, які, нягледзячы на ўсе цяжкія страты, смерці родных, лютыя хваробы, дзякаваў і славіў Бога, а за сваё цярпенне атрымаў узнагароду. Глушак імкнецца пераймаць паводзіны святога, спадзявацца і давяраць Богу, але хрысціянскае змірэнне, якое ён дэманструе, на жаль, знешняе, павярхоўнае, унутры героя кіпіць нярэдка злосць і нязгода з тым, што пасылаецца яму лёсам. Аднак Мележ пазбягае аднаколернасці ў абмалёўцы свайго героя, звяртаючыся да скупых аўтарскіх рэмарак, характарыстык яго паводзін, якія мяняюць наша ўяўленне аб ім. Вось і ў гэтым выпадку, каб не здалося чытачу, што за Глушаковай хрысціянскай пакорлівасцю Богу хаваецца абыякавасць да лёсу малой, беларускі класік дае каментарый да таго, якія ўнутраныя перажыванні гняздзяцца ў сэрцы старога, уключаючы ў сваё апавяданне голас Глушака: «Не трэба думаць, што Глушаку не было шкада малой. Не чужая ж кроў, свая, Глушакова насенне  — і  адзін дзень, і  другі поўз у неспакойныя клопаты ціхі жаль аб нябожчыцы. Да жалю заўсёды прымешвалася злосць на нявестку, асабліва — на дурны выбрык на могілках. Як ні лаяў яе, чуў сябе — і гэта дадавала злосці — нібы вінаваты. Хоць супакойваў сябе: Бог даў — Бог узяў; хоць разважаў цвяроза: не ведаў жа, што так кончыцца, — калі маліўся аб малой, быццам прасіў ва ўсявышняга літасці і даравання».

Пакуты сумлення, якія перажывае Глушак, яго зварот да Бога (чытач неаднойчы застане героя за малітвай), гавораць аб тым, што душа старога хоць і хворая, але жывая, яшчэ здольная на спагаду: не аднаго з куранёўцаў выбаўляў з голаду і бяды ў лютую гадзіну.

З вялікай цеплынёй і любоўю намаляваны ў «Палескай хроніцы» жаночыя вобразы. Найбольш яркімі ў эпапеі атрымаліся партрэты Ганны і Хадоські. Мележаўская Ганна параўноўваецца то з рабінаю, што «зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак», то з вішнёвай кветкай («І ўся яна — як вішня! Як кветка з вішні»), то з макавым цветам («Як мак! Як макаў цвет!»). Узятыя для параўнання расліны ўжо самі па сабе паэтычныя, выклікаюць лірычны настрой, абуджаюць пачуццё прыгожага, яркага, чыстага. «Ганарліўка» Ганна і з’яўляецца такой — прыгожай, яркай, цнатлівай, чыстай. Хораша, паэтычна расказана Мележам пра шчасце першага кахання Васіля і Ганны.

Вобраз Ганны быў узорам для сучасніц, бо заклікаў адстойваць сваю чалавечую годнасць, не губляць дзявочы гонар, не дазваляць нікому крыўдзіць сябе.

Стаўшы жонкай Яўхіма, Ганна пачынае зноў сустракацца з Васілём, бо сэрца яе па-ранейшаму належыць яму.

Мастацкая літаратура адлюстроўвае нямала прыкладаў шлюбу «па разліку», паказаўшы, што яны непазбежна прыводзяць да здрады. І нягледзячы на тое, што «адзюльтэр», парушэнне сямейнай вернасці, якая б прычына яго ні была, амаральныя, пісьменнікі малююць іх, як справядліва заўважае прафесар, протаіерэй В. Зянькоўскі, нібыта гэта з’ява натуральная. Нават у Талстога ў «Ганне Карэнінай», адзначае ён, высокадабрадзейны Карэнін намаляваны так, што чытачы адчуваюць да яго гідлівасць, а жонка, якая парушыла вернасць, насуперак волі мастака (бо Талстой усё зрабіў, каб падкрэсліць амаральнасць Ганны Карэнінай) выклікае да сябе пачуццё глыбокай сімпатыі. Нешта падобнае адбываецца і ў выпадку з мележаўскай Ганнай. «Раганосец» Яўхім, хоць і выклікае пэўнае спачуванне, жаль да сябе, але мала сімпатычны чытачу. А  здрадніца Ганна па-ранейшаму карыстаецца любоўю. Чаму? Таму што чытач добра запомніў яе ранейшае каханне з Васілём і хоча бачыць вернасць яму.

Іван Мележ з маці, братам Расціславам і дачкой Людмілай каля бацькоўскай хаты ў Глінішчах, 1950-я гады

Не атрымалася ў Ганны з Васілём. Паміж Ганнай і гаспадаркай Васіль выбраў усё ж гаспадарку. Не змог ён і разбурыць сям’ю, пакінуць маленькага сына. Дзіўна, што Ганна, калісь сама любячая маці, не можа зразумець прывязанасці Васіля да сына, як бы ігнаруе існаванне гэтай маленькай істоты на свеце, яе права мець бацьку, быць шчаслівым у сям’і, заклікае Васіля да сумеснага жыцця.

Мележ не ідэалізуе сваю любімую гераіню, разумеючы, што тут ёю кіруе эгаізм, клопат перш за ўсё пра сябе, а не пра каханага. Гэтым Ганна вельмі падобна да шолахаўскай Аксінні, якая таксама гатовая дзеля сябе на ўсё. Між тым і Васіль, і Рыгор любяць сваіх дзяцей. Дзеці прымушаюць іх цяплей ставіцца да жонак: «Што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага цельца дзіцяці. Васіль чуў, як у хмурую непрыхільнасць яго ўвайшлі, зашчымелі жаласць да малога і вінаватасць. Паявілася ў душы штосьці чулае, кволае; з-за гэтага прыслухоўваўся ўжо да Мані, прыйшло ў галаву раптам: пра што яна думае?» Для Рыгора ж увогуле дзеці з’явіліся тым вырашальным момантам, які абудзіў у яго душы сапраўднае каханне да Наталлі. Цяпер ён часцей зазірае ў яе вочы, імкнецца спасцігнуць, што ў іх тоіцца.

Абавязак бярэ перавагу ў Васілёвым сэрцы. Ён не можа парушыць маральны закон, разумее недазволенасць шчасця з Ганнай, несправядлівасць таго, што сын будзе сіратою пры жывым бацьку. Ён аказваецца натурай больш глыбокай, чым Ганна, якая адмовілася пільнавацца закона, без жалю разбурыла сямейнае гняздо. Адным словам, Ганна не з тых гераінь-анахранізмаў», якія свята і цвёрда абаранялі хрысціянскія погляды на заключэнне шлюбу, сямейныя адносіны. «Анахранізмам» у «Палескай хроніцы» Мележа, ды і ва ўсёй тагачаснай беларускай літаратуры, з’яўляецца і Хадоська, гераіня, якая цвёрда стаіць на пазіцыях хрысціянскай веры, захавання патрыярхальных устояў сям’і.

Вобразы Ганны і Хадоські побач з коласаўскай Ядвісяй сталі самымі цікавымі і непаўторнымі не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй савецкай літаратуры.

На старонках мележаўскай эпапеі створана вялікая галерэя яркіх пластычных, жывапісных партрэтаў не толькі сялян, але і людзей розных грамадскіх пластоў. Беларускі класік валодаў рэдкім уменнем выразна бачыць знешнасць і характар свайго героя і перадаваць воблік чалавека так, што чытач мог адчуць намаляванае словамі. «У мяне стварэнне партрэта, — прызнаваўся аўтар «Палескай хронікі», — звычайна патрабуе асаблівых намаганняў. Партрэт галоўнай гераіні ў рамане “Людзі на балоце” Ганны Чарнушкі, пададзены ў самым пачатку кнігі, я змог напісаць здавальняюча толькі тады, калі кніга была амаль закончана». Як бачым, Мележ гэтым самым сцвярджае, што ў стварэнні партрэта гераіні ўдзельнічаюць і пейзаж, і дыялог, і ўнутраны маналог, і сюжэт, і г. д.

Іван Мележ у гасцях у танкістаў падчас працы над раманам «Мінскі напрамак», 1950 г

У творы адчуваецца святло прыгожай душы пісьменніка-класіка, яго любоў да чалавека, якога ён называў скарбам.

Цікавасць да творчасці Івана Мележа не знікае ў чытача і сёння. І, думаецца, яшчэ многія і многія пакаленні беларусаў і іншых народаў будуць звяртацца да твораў гэтага ўнікальнай душы пісьменніка і асабліва да яго класічнага твора — «Палескай хронікі».

Зінаіда ДРАЗДОВА

Фота прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».