Вы тут

Работнікаў аховы здароўя, якія перахварэлі на COVID-19, плануюць аздаравіць за кошт прафсаюза


Каля двух тысяч работнікаў сістэмы аховы здароўя — членаў прафсаюза могуць разлічваць на такую дапамогу, паведамілі ў рэспубліканскім камітэце галіновага прафсаюза.


Так, курс санаторна-курортнай рэабілітацыі ў студзені ўжо прайшлі 330 чалавек.

Самымі актыўнымі ў справе аздараўлення сваіх работнікаў сталі прафсаюзныя арганізацыі Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, а таксама сталіцы. Дарэчы, сярод тых, хто паправіў сваё здароўе, ёсць і студэнты-медыкі.  

— У сувязі з леташняй пандэміяй галіновым прафсаюзам былі ўзмоцнены многія складнікі прафсаюзнай дапамогі, пашыраны яе магчымасці. Работнік сістэмы аховы здароўя, які перанёс каранавірусную інфекцыю, звярнуўшыся ў сваю пярвічную прафсаюзную арганізацыю, мае права разлічваць на дапамогу прафсаюза ў аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Зніжка на аплату пуцёўкі за кошт сродкаў прафсаюза ў санаторыях УП «Белпрафсаюзкурорт» можа складаць да 75 % яе кошту, — патлумачылі ў рэспубліканскім камітэце.

І гэта яшчэ не ўсё. Галіновы прафсаюз таксама аказвае сваім членам матэрыяльную дапамогу для набыцця пуцёвак у санаторыі сістэмы «Белпрафсаюзкурорт», зніжаючы іх кошт. Так, былі накіраваныя на аздараўленне работнікі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, РНПЦ псіхічнага здароўя, РНПЦ дзіцячай хірургіі, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Медыцынскай службы грамадзянскай авіяцыі, якія знаходзяцца на прафаабслугоўванні рэспубліканскага камітэта.

Таксама дзве студэнткі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта змаглі з дапамогай рэспубліканскага камітэта правесці зімовыя канікулы з карысцю для здароўя: пасля сесіі два тыдні яны правялі ў санаторыі «Нарач». Прафсаюз аплаціў 100 % кошту пуцёвак дзяўчатам, якія з'яўляюцца сіротамі.

— Будучыя ўрачы выказалі ўдзячнасць за такую патрэбную і своечасовую падтрымку, тым больш што абедзве студэнткі задзейнічаны ў аказанні дапамогі пацыентам з COVID-19, а адна з іх сама перанесла каранавірусную інфекцыю, — падкрэслілі ў рэспубліканскім камітэце Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Вольга АЛЯКСАНДРАВА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?