Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. Сюрпрыз


Жыццё пражыць — не поле перайсці. Дарога жыцця не заўсёды роўненькая. Час ад часу спатыкаюцца ўсе. Калі любіш чалавека, памятай, што ён таксама памыляецца, і вучыся дараваць. У кожным з нас столькі намяшана... Хачу расказаць адну гісторыю, якая мяне ўразіла.


Гадоў колькі таму накіравалі мяне на курсы павышэння кваліфікацыі. Група сабралася разнамасная, хтосьці ў дарагіх ботах да калена, а хтосьці ў растаптаных чаравіках. Хтосьці ў норковым футрачку, а хтосьці ў заношаным палітончыку. І ўзрост у жанчын быў розны, і погляды на жыццё.

Выкладчыкі ставіліся добразычліва, наведванне было вольнае, і мы, задаволеныя зменай абстаноўкі, не асабліва ўнікалі ў прадметы. Аднак адна выкладчыца мне запомнілася на ўсё жыццё. Гэтую жанчыну Бог не надзяліў кідкай прыгажосцю, але яна была прыемнай, ахайнай і дагледжанай. Камплімент «прыгожыя вочы», мабыць, быў адзіны, які можна было сказаць пры яе знешнасці. Вось я ёй яго і сказала. Вочы ў яе былі сапраўды прыгожыя, акуратна падфарбаваныя, карыя з доўгімі вейкамі, а галоўнае, разумныя і праніклівыя... Яна ўсміхнулася ў адказ і нечакана зрабіла адступленне ад тэмы, расказаўшы нам сваю гісторыю.

Аповед быў кароткі, але застаўся ў памяці. Не адной сяброўцы я потым дала параду, выкарыстоўваючы вопыт гэтай жанчыны, і мне ён дапамог. І хоць на той момант яе аповед я прыняла ў штыкі, аднак з часам абдумала і зразумела — яна мае рацыю.

Выкладчыца была натуральнай шэрай мышкай, але добразычлівай. Яна пачала проста, з лёгкай усмешкай: «Камусьці Бог дае прыгажосць, камусьці розум, а камусьці добрага мужа. Мне даў добрага мужа. Я заўсёды была замухрышкай, а калі без алегорый — проста непрыгожай. Ну што тлумачыць — вобраз перад вамі, і гэта ўжо з улікам каляровых лінзаў замест грувасткіх акуляраў і майстэрскага макіяжу. Што зробіш — нарадзілася брыдкім качанём. У інстытуце на мяне ніхто не звяртаў увагі, часу на спатканні я не марнавала — таму скончыла яго з адзнакай, затым аспірантуру... Толькі ў трыццаць выйшла замуж. Сама не чакала, што калега зробіць мне прапанову. Апошні час мы разам працавалі над адным праектам і так запрацаваліся, што разам і есці хадзілі, і да ночы на рабоце заседжваліся.

А калі праект здалі, ён і з'явіўся з пярсцёнкам і кветкамі. Я нават разгубілася, мужчына ж ён статны, прыгожы, і раптам — мне прапанову?.. Пражылі мы тры гады, дзетак яшчэ не было, але жылі добра, нават не верылася, што магу быць такая шчаслівая.

І вось аднойчы, вярнуўшыся з камандзіроўкі на суткі раней, я вырашыла зрабіць мужу сюрпрыз. Цягнік прыбываў на вакзал сярод ночы, і я на таксі прыехала дадому. Ціхенька адкрыла ключом дзверы і ўключыла ў вітальні святло...

Калі б гэта былі апошнія хвіліны перад апакаліпсісам, я б атрымала меншы стрэс, чым тады, калі ўбачыла прыгожыя жаночыя туфлікі і плашчык на вешалцы ў пярэднім пакоі. Свет абрушыўся і паляцеў у тартарары. Падлогу гайданула пад нагамі, і я прытулілася да сцяны. Што рабіць? Мяне літаральна трэсла, і гэта замінала засяродзіцца. Інстынктыўна схапіўшы парасон з тумбачкі, ледзь не рванула ў спальню. Неймавернае жаданне разбіць госці галаву паўстала само па сабе.

Але разважнасць спыніла. «Спакойна! Трэба падумаць, — я прыкладала вялізныя намаганні, каб супакоіцца. — Калі ўварвуся і ўчыню скандал, прыйдзецца разводзіцца... Ці хачу я страціць мужа? Не».

Я зразумела, што трэба шукаць іншае рашэнне. У спальні было ціха. Значыць, спяць, святло ў вітальні не разбудзіла.

Я ціхенька выключыла святло і на дыбачках выйшла з кватэры. Вярнулася на вакзал і, даўшы сабе невялікую перадышку, каб супакоіцца і каб голас не дрыжаў, патэлефанавала мужу:

— Мілы, я цябе разбудзіла? Я прыехала, і вельмі хачу дадому. А тут яшчэ цягнік затрымаўся... Забяры мяне з вакзала.

Праз хвілін сорак муж быў на вакзале і без усялякай памады на каўнерыку. Сустрэў мяне з кветкамі, і, калі б я не была дома гадзіну таму, ніколі б не здагадалася пра познюю госцю і нікому б не паверыла, калі б мне такое сказалі. Дома таксама ніякіх прыкмет прысутнасці дамы не выявілася. І я нічога не сказала мужу ні тады, ні пазней. Больш такіх здарэнняў не было. Муж — я гэта адчуваю — мяне кахае і паважае, жывём у міры і згодзе, у нас двое дзетак. Пражылі разам ужо трыццаць гадоў, і я рада, што тады прамаўчала, хоць гэта было няпроста.

Вядома, калі муж па жыцці паганец, трэба яго гнаць. Ну а калі чалавек добры і з ім поўнае паразуменне — то навошта ўсё рваць? З-за хвіліннай яго слабасці секчы канцы, бурыць сваё і яго жыццё? З кожным можа здарыцца. Няма такой сям'і, каб хоць раз у жыцці хтосьці не звярнуў «налева», а калі і ёсць, то адна на мільён.

...Гэта была адзіная лекцыя на курсах, якую мы, жанчыны, слухалі затаіўшы дыханне. І кожная прымервала сітуацыю на сябе...

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?