Вы тут

Караткевіч падчас работы трымаў у руцэ рэч эпохі, пра якую пісаў


Уладзімір Караткевіч. Збор твораў. Т. 19. Лісты. 1 частка. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

«Шляхецкіх» слоў, якія маюцца ў слоўніку Насовіча, не ўжываю, але памятаю цвёрда, што літаратурная мова чыстай і яснай склалася яшчэ ў «Тарасе на Парнасе»! І вершах Багушэвіча... І калі хтось лічыць, што мая мова падобная да іхняй, — я гэтым магу толькі ганарыцца», — так пісаў 14 лютага 1954 года Кандрату Крапіве малады настаўнік сярэдняй школы вёскі Лісавічы Кіеўскай вобласці. Падстава такая: «чорт падаткнуў мяне паслаць свайму таварышу ў Мінск вершы, а той знёс іх у «Вожык», і паэт-пачатковец атрымаў адтуль заўвагу, што вершы напісаны мовай XІX стагоддзя. «Суцішце гэтых кампрачыкосаў у рэдакцыі», «яны звыклі, седзячы там, корчыць дурня, запаршывелі» — ушчувае Крапіву малады аўтар, якога звалі Уладзімір Караткевіч.

Падобныя знаходкі — ледзь не на кожнай старонцы новага, 19-га тома Збору твораў Караткевіча. Том пад рэдакцыяй Алеся Бельскага, падрыхтаваны Анатолем Вераб'ём і Генадзем Кажамякіным, прысвечаны ліставанню класіка, прычым гэта толькі першая частка. Самы першы па храналогіі ліст, змешчаны ў кнізе, Уладзімір Сямёнавіч напісаў... у шэсць гадоў. Гэта пасланне да цёткі Жэні, матчынай сястры, і ейнага мужа Уладзіміра Усюкевіча з Кіева. Маленькі Валодзя дзякуе «за все конфетки», паведамляе, што хварэў на свінку, і суправаджае пасланне малюнкам з выявай дома адпачынку, дзе тады знаходзіўся. У лісце да цёткі Жэні і дзядзькі Валодзі, напісаным праз дзесяць гадоў, Караткевіч выказваецца ўжо адукаваным стылем: «Орша теперь очень скучная. Ничего, кроме книг из районной библиотеки, да кино, помещающегося в каком-то каменном сарае»... Наступны ліст, 1948 года: юнак Караткевіч паведамляе, што перачытаў «Хаджэнне па пакутах», Данілеўскага і «Порт-Артур», чытае Караленку, у Оршы «выловлена банда «Черная кошка» (название трафаретное)», пасля рэформы, якая адмяніла карткі, жыць лягчэй, да таго ж Валодзя разводзіць сам трусоў і здае скуркі. Тут жа і малюнак-комікс: тата забівае труса, Валодзя абдзірае, маці трыбушыць, усе ядуць трусяціну... Вось толькі малюнкі не столькі забаўляльныя, як трагічныя... Спалох маленькай сястры, абрысы мёртвай жывёлкі нагадваюць чалавека, сям’я за сталом прыгнечаная... А вось у 1959-м малады літаратар выказвае меркаванні, вельмі рэзкія, пра сустрэчу пісьменнікаў з Хрушчовым... Усе падрабязнасці біяграфіі Караткевіча ёсць у гэтых лістах, якія падсвечваюць і ягоную творчасць. Напрыклад, у лісце Аляксандру Бялецкаму ад 26 лютага 1957 года Караткевіч падрабязна апісвае творчыя планы: напісаць гісторыю здрады беларускай шляхты. Нешта накшталт «Сямейныя паданні роду Яноўскіх». Ахапіць сем стагоддзяў аднаго роду, два дзясяткі маленькіх аповесцяў. Першай кнігай мусіла быць «Песнь пра меч», пра фарміраванне шляхты ў старажытных войнах з яцвягамі, з «араматам старажытных вежаў сярод лясоў». Далей — «Крутагорскі разлом», як паўночна-заходнія княствы адбіліся ад татар. Далей — аповесць пра крыжаносцаў, потым «Хроніка Юрыя Збароўскага» — пра нараджэнне дробнай шляхты. «Рыцар усечанага шчыта» — пачатак уніі... І гэтак далей. Прынамсі, «Казкі тарфяных балот», якія згадваюцца ў плане, пра заняпад шляхты, пэўна ж, здзейсніліся ў «Дзікім паляванні караля Стаха». А вось у лісце да Максіма Танка Караткевіч прызнаецца: «У мяне ёсць дурная прывычка трымаць у руках рэч тых часоў, пра якія пішаш. На ёй добра канцэнтраваць думку».

Неверагодная колькасці звестак — па гісторыі, літаратуры, сусветнай культуры... Сумленныя і рэзкія ацэнкі. Творчая кухня класіка, яго творы. Ёсць шмат і пра лірычныя перажыванні. Вядома, сабрана не ўсё — складальнікі папярэджваюць, што не ўсе адрасаты аддалі лісты для друку.


Анатолій Марыенгоф. Цынікі. Голены чалавек. Масква, «Азбука», 2020.

Гэта не той пісьменнік, кнігі якога можна параіць кожнаму, каб прыемна прабавіць час. Наадварот — грэблівым не раю. Нездарма ж адзін са сваіх раманаў Марыенгоф назваў «Цынікі». Яго ўвогуле доўга не лічылі за пісьменніка, замацаваўшы на ім цэтлік фальшывага сябра Ясеніна, які прымазваўся да ягонай славы. Але Марыенгоф зусім не быў літаратурнай нікчэмнасцю. Проста яго раманы «Цынікі» і «Голены чалавек» упершыню надрукавалі за мяжой, і ў Савецкай Расіі яны былі прызнаныя «антыграмадскімі». Аўтару давялося каяцца, прыстасоўвацца... А быў ён вартым прадстаўніком пакалення Бабеля, Зошчанкі, Юрыя Алешы, Шклоўскага, Пільняка, Платонава... Той самы бліскучы стыль, у якім звонкасць і жорсткасць рэвалюцыйнай эпохі... «Вельмі добра, што вы з'яўляецеся да мяне з кветкамі. Усе мужчыны, высалапіўшы языкі, бегаюць па Сухараўцы і закупляюць муку і проса. Сваім каханым яны таксама цягнуць муку і проса. Пад ложкамі з карэльскай бярозы ляжаць мяшкі». Так пачынаецца раман «Цынікі» — пра багемных інтэлігентаў, якія апынуліся ў віры ваеннага камунізму. Улюбёная тэма Марыенгофа — хваравітыя, пачварныя адносіны, калі нехта, слабы і далікатны, кахае так, што даруе ўсё... У рамане «Цынікі», выдатна экранізаваным рэжысёрам Месхіевым, галоўны герой пагаджаецца нават на «трохкутнік» — ягоная жонка звязваецца з багатым купцом. Але і ў яе гэта ўсяго толькі ад болю і надлому. Што застаецца «лішнім людзям»? Сарказм і горкі гумар, цытаванне сусветных літаратурных помнікаў і патаемны здзек з непісьменных сучасных уладароў. Калі звыклы свет абрынуўся, застаецца чапляцца за аскалёпкі, і пытанне, ці магчыма так жыць, зводзіцца да таго, ці можна ў Маскве дастаць французскай фарбы для вуснаў. «Голены чалавек» нагадвае «Зайздрасць» Юрыя Алешы. Правінцыйны гімназіст Мішка Ціцічкін, нязграбны і сціплы, на ўсё жыццё скораны аднакласнікам, прыгажуном з гучным прозвішчам Шпрэегарт. Мішка бярэ на сябе ягоныя правіны, жэніцца з ягонай каханкай... Каб урэшце, калі пяройдзена нейкая мяжа, павесіць сябра на шнуры ад парцьер. Ацаніце ж стыль: «Улица была крючкастая, горбоносая. Она лезла в гору тяжело, с одышкой, еле передвигая ухабистые, выбоинистые, худо и лениво мощеные ступни мостовой. На горе сидел забор. Обрюзглый. Крашеный желчью. Расползшийся будто куча. Похожий на остpoг. А также на полковника Боткина, командира Приморского драгунского полка, квартировавшего в Пензе».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выданні для агляду прадставіла кніжная крама «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72

Загаловак у газеце: Рыцар усечанага шчыта і цынікі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».