Вы тут

Чым прываблівае Дзяржынскі раён?


Дзяржынск і Фаніпаль з'яўляюцца спадарожнікамі Мінска. Стварэнню камфортных умоў пражывання для людзей у гэтых гарадах аддаецца пільная ўвага. Не забываюць і пра іншыя населеныя пункты. Як будзе развівацца Дзяржыншчына ў найбліжэйшай пяцігодцы, што новага тут з'явіцца, расказаў «Звяздзе» старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч.


— У Дзяржынскім раёне ў гэтай пяцігодцы запланавана шмат новых аб'ектаў. У прыватнасці, у Дзяржынску будзе ўзведзены фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Менавіта гэты комплекс — даўняя мара жыхароў раёна. З такой просьбай звярнуліся да кіраўніка дзяржавы работнікі пры наведванні ім адкрытага акцыянернага таварыства «Агракамбінат «Дзяржынскі». Прэзідэнт пагадзіўся, што такі цэнтр сапраўды патрэбны. Аналагічны спартыўны аб'ект з'явіцца і ў Фаніпалі. У гэтым населеным пункце таксама праектуецца дзіцячы садок на 230 месцаў. Будаўніцтва дашкольнай установы мяркуем пачаць сёлета і, магчыма — паспеем узвесці да канца гэтага года. Фаніпаль мае вострую патрэбу і ў новай школе, таму што дзеючыя перапоўнены, і дзеці займаюцца ў тры змены. Тут жа плануецца новая школа мастацтваў, паліклініка для дарослых. А будынак дзеючай будзе перапрафіляваны пад дзіцячую. Новая ўстанова аховы здароўя дазволіць людзям атрымліваць больш якасныя медыцынскія паслугі, паколькі горад прырастае насельніцтвам. Цяпер у ім пражывае 18 тысяч чалавек, а да 2025 года, як прагназуецца, іх колькасць павялічыцца да 30 тысяч. Такі аб'ект з'явіцца адназначна. Гэта прадугледжана Генеральным планам развіцця горада. Дарэчы, зямельны ўчастак пад будаўніцтва ўжо адведзены.

У мікрараёне райцэнтра Чыгуначны таксама праектуецца комплекс «Дзіцячы сад — пачатковая школа». Мы бачым і ведаем, што трэба людзям, і робім усё неабходнае, каб увасобіць іх пажаданні ў рэальнасць. У прыватнасці, летась у Дзяржынску пачалі ўзвядзенне раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мяркую, да лета ўвядзём яго ў дзеянне. Цяпер гэты цэнтр размешчаны ў будынку 1927 года пабудовы. Натуральна, яго трэба расшыраць, каб ахапіць рознымі відамі дапамогі, паслугамі як мага больш людзей. А на ўліку тут стаяць адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, інваліды, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, шматдзетныя сем'і, асобы, што выйшлі з месцаў зняволення, без пэўнага месца жыхарства. Гэта менавіта тыя катэгорыі, якія маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе. У Цэнтры прадугледжаны ўсе ўмовы для якаснага абслугоўвання: пункт пракату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, кабінеты для індывідуальнай работы, псіхалагічнага кансультавання, для работы гурткоў і майстэрняў, актавая і трэнажорная залы.

Будзем спадзявацца, што сёлета пачнуцца работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Фаніпалі. Праект фінансуе Еўрапейскі банк развіцця і рэканструкцыі. Мадэрнізацыя ачышчальных збудаванняў вельмі актуальная для горада, паколькі ўзводзяцца новыя жылыя дамы і нагрузка на дзеючую сістэму з кожным годам узрастае. Акрамя таго, пастаянна пашыраецца і свабодная эканамічная зона.

— Мікалай Іванавіч, індывідуальнаму ці шматпавярховаму жыллёваму будаўніцтву будзеце аддаваць перавагу?

— Штогод мы ўзводзім 40-50 тысяч квадратных метраў індывідуальнага і столькі ж шматкватэрнага жылля. Паколькі практычна ўсе запланаваныя зямельныя ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва ўжо выдзелены, у гэтым годзе мяркуем больш інтэнсіўна развіваць шматкватэрнае жыллё. Свабодныя месцы, ці так званыя плямы для ўзвядзення шматпавярховікаў закончыліся. Цяпер распрацаваны новы Генплан, дакументацыя, што прадугледжваюць размяшчэнне шматкватэрных дамоў, якія будзем будаваць больш маштабнымі аб'ёмамі. Такім чынам, сёлета ўзвядзём 90—100 тысяч квадратных метраў, а ў 2022-м, магчыма, і 120 тысяч.

У першую чаргу ставім задачу забяспечыць жылплошчай шматдзетныя сем'і, сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У 2021 годзе ў райцэнтры запланаваны ўвод у эксплуатацыю чатырох шматкватэрных дамоў, дзе жыллё атрымаюць шматдзетныя. Практычна завершана будаўніцтва новага мікрараёна ў Дзяржынску.

— Якія першачарговыя задачы ў аграпрамысловым комплексе?

— Нарошчванне вытворчасці малака для таго, каб цалкам загрузіць перапрацоўку. Таму ў апошнія гады практычна ўсе нашы гаспадаркі актыўна займаліся і займаюцца будаўніцтвам сучасных малочнатаварных комплексаў. У адкрытых акцыянерных таварыствах «Маяк-78» і «Баравое-2003» працуюць па тры новыя комплексы з даільнымі заламі. У гэтым годзе ўвялі ў эксплуатацыю такія ў філіялах «Пяцігор'е» і «Фалька-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». Закончылі будаўніцтва другой чаргі МТК у ААТ «Баравое-2003», у планах гэтага года — завяршэнне трэцяй чаргі — памяшкання для запускнога ўтрымання жывёлы.

Будуем малочнатаварны комплекс у ААТ «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Да мая плануем запусціць у дзеянне малочны блок і памяшканне для ўтрымання дойнага статка. Яшчэ адзін МТК з'явіцца ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Путчына», пачалі манціраваць канструкцыі. У планах — новы комплекс у вёсцы Ляхавічы ААТ «Крутагор'е-Петкавічы».

Такім чынам, пасля завяршэння будаўніцтва гэтых комплексаў каля 80 працэнтаў дойнага статку перавядзём на сучаснае беспрывязнае ўтрыманне. Усё гэта дазволіць павысіць надоі малака. Калі ў 2019-м валавы надой па раёне склаў 123 тысячы тон, то ў 2020-м — 131 тысячу тон, рост 9,4 %. Сярэдні надой на карову ў 2020-м на ўзроўні 8096 кілаграмаў. У параўнанні з папярэднім годам плюс 525 кілаграмаў. У лідарах філіял «Фалька-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», дзе атрымалі па 110 84 кілаграмы малака на карову. Гэта на 585 кілаграмаў больш, чым у 2019-м.

— І ўсё ж Дзяржынскі раён — сельскагаспадарчы ці прамысловы? Якая галіна тут пераважае?

— На сённяшні дзень актыўна развіваецца і прамысловасць. Штогод мы прырастаем двума-трыма прадпрыемствамі. І такім чынам аб'ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі ў грашовым выражэнні ў два з нечым разы вышэй, чым сельскагаспадарчай. Разам з тым, аб'ёмы апошняй — адны з самых высокіх у Мінскай вобласці, на ўзроўні Смалявіцкага і Мінскага раёнаў. Так што ў нас развітыя і сельская гаспадарка, і прамысловасць.

У гэтай пяцігодцы, калі Мінэнерга пабудуе падстанцыю ў Чаркасах і ў Дзягілеве, можна будзе казаць аб узвядзенні новых прадпрыемстваў. У нас не хапае магутнасцяў для іх размяшчэння. Ахвотных адкрыць новыя заводы дастаткова, але аднаго жадання мала. Трэба глядзець на праблему рэальна. Мы нават не можам будаваць з гэтай прычыны электрадамы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.