Вы тут

ХXVІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пачынае працу ў Мінску


Рознакаляровыя стэнды, усмешкі наведвальнікаў і размовы аб літаратуры: Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрываецца ў дваццаць восьмы раз. За час сваёй дзейнасці яна зрабілася аўтарытэтнай пляцоўкай, на якой сустракаюцца кнігавыдаўцы, пісьменнікі і чытачы. У гэтым годзе выстаўка пройдзе пад слоганам «Кніга аб'ядноўвае людзей і краіны». Асноўная экспанентная ідэя — Садружнасць Незалежных Дзяржаў.


Штогод арганізатары здзіўляюць крэатывам. Сёлета вы не проста прыходзіце ў будынак выставачнага цэнтра «Белэкспа», а запрошаны, як жаданыя госці, у вялікі дом, дзе жыве Кніга: цэнтральны стэнд выстаўкі-кірмашу падзелены на ўмоўныя пакоі. «Зала» — гэта галоўная пляцоўка. Тут выставілі найлепшыя кнігі ўсіх краін СНД, якія сталі пераможцамі міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Гэта яшчэ адна з «фішак» выстаўкі — конкурс праводзіцца ўжо сямнаццаты год, і за гэты час беларускія кнігавыдаўцы атрымалі 164 дыпломы рознага ўзроўню. А вось у «Кабінеце пісьменніка» размешчаны мастацкія, грамадска-палітычныя і культурныя выданні краін СНД. Немагчыма ўявіць кватэру без дзіцячага пакоя, таму і на выстаўцы ёсць аднайменнае аддзяленне. Ёсць і «Кухня» — месца, дзе кнігі «гатуюцца» і «выпякаюцца» пісьменнікамі. Як напярэдадні на прэс-канферэнцыі расказаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч, там арганізатары паспрабавалі размясціць усе беларускія кнігі, якія былі выдадзены летась, а ўсяго выстаўлена да агляду каля пяці тысяч кніг.

Каб наведвальнікі змаглі паўнавартасна ахапіць такую вялікую выстаўку, прадугледжаны як анлайн-, так і афлайн-фармат. На YouTube канале Дома прэсы людзі з любой краіны змогуць убачыць рэпартажы з месца падзей. Не забыліся і аб традыцыйным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнікі часу», асноўная частка якога таксама пройдзе ў анлайн-рэжыме. Адзначым, што сімпозіум будзе інтэрактыўны: гледачы змогуць задаць пытанні беларускім і замежным пісьменнікам. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак расказаў аб яшчэ адной акцыі, якая датычыцца тых, хто спрабуе сябе ў літаратуры. У межах выстаўкі-кірмашу пройдзе літаратурны стартап «LіtUP». Кожны мог даслаць твор, і калі пашанцуе, знойдзе будучага выдаўца сваёй кнігі. Цікава, што ў дадзеным конкурсе адсутнічала класічнае журы. Найбольш удалыя творы адбіраліся выдавецтвамі. Гэта было зроблена з мэтай, каб, па-першае, пазбегнуць суб'ектыўнасці, па-другое, спрасціць працэс пошуку твораў выдавецтвамі. 20 лютага адбудзецца фінал-прэзентацыя пятнаццаці найлепшых літаратурных праектаў.

Можаце паўдзельнічаць у яшчэ адной вельмі цікавай акцыі, пра якую расказала першы намеснік Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. Праект ладзіцца ўжо ў трэці раз і мае назву «Паэтычны аўтобус»:

— Ён адправіцца па маршруце менавіта з моманту адкрыцця выстаўкі і будзе дзейнічаць на працягу ўсёй яе работы. Адпраўленне ад станцыі метро Няміга да самага выставачнага комплексу. Паэтычны аўтобус мае вельмі насычанае афармленне: у ім будуць размешчаны партрэты нашых пісьменнікаў і іх знакамітыя выказванні, яго ўпрыгожаць шарыкамі. Дапамог у гэтым Рэспубліканскі саюз моладзі.

Як напярэдадні адзначыў генеральны дырэктар «Макбел» Дзмітрый Макараў, падчас выстаўкі захаваны меры засцярогі: кожнаму наведвальніку пры ўваходзе вымяраюць тэмпературу, а стэнды размешчаны з улікам неабходнай сацыяльнай дыстанцыі.


Выдавецкі дом «Звязда» таксама не застаўся ў баку і прыдумаў для вас шмат цікавінак. Раім наведаць!

18 лютага

На галоўнай сцэне ў 15:30—16:30 адбудзецца шэраг мерапрыемстваў да юбілеяў класікаў беларускай літаратуры: прэзентацыя кнігі «Іван Мележ. Пясняр Палесся» і прэзентацыя кнігі «Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці».

На дзіцячай пляцоўцы ў 14:30 пачнецца прэзентацыя кнігі Ірыны Фраловай «Рамонкі на асфальце», а ў 15:00 запрашаем на прэзентацыю кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Загадка прынцэсы Агнесы».

У Кабінеце пісьменніка а 14-й гадзіне адбудзецца аўтограф-сесія Інесы Плескачэўскай.

19 лютага

На галоўнай сцэне з 16:00 да 17:20 чакаюцца адразу дзве прэзентацыі. Уладзімір Ліхадзедаў прадставіць кнігі «Блакада» і «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», а затым Інеса Плескачэўская распавядзе аб сваім вопыце міжнароднай работы, які адлюстраваны ў кнігах «Як разгадаць Кітай» і «Без жалезнай заслоны».

На дзіцячай пляцоўцы ў 13:00 Жанна Міус прэзентуе сваю кнігу «Першакрасавіцкі суп». У 13:30 можна будзе пазнаёміцца з кнігай Міхаіла Дзеравянкі «Кацяня Пых і шчанюк Прыг». Праз невялікі перапынак, у 16 гадзін, Таццяна Атрошанка прэзентуе «Байкі ды казкі бабкі Параскі».

Падзеі выстаўкі не першы год выходзяць за межы аднаго будынка. У бібліятэцы імя Янкі Купалы па вул. В. Харужай, 16 а 14:30 адбудзецца прэзентацыя 6-й кнігі авантурна-прыгодніцкага цыкла Людмілы Рублеўскай «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі».

Нагадаем, што ў гэты ж дзень адбудзецца міжнародны сімпозіум літаратараў, які пачне сваю работу ў 11: 00 і скончыцца ў 13:00, за дыскусіямі можна будзе назіраць анлайн.

20 лютага

У гэты дзень Выдавецкі дом «Звязда» будзе актыўна працаваць на дзіцячай пляцоўцы. У 13:00 вас чакае прэзентацыя кнігі Паўла Гушчынца «Прыгоды Букі Злюкі». Ірына Карнавухава распавядзе аб сваёй кнізе «У царстве свяшчэннага Байкала» у 14:30, а ў 15:30 адбудзецца прэзентацыя адразу трох кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: «Палёт на Вухуцію», «Знаёмцеся — #Падабай.к@!», «Жахліўчык».

21 лютага

На галоўнай сцэне ў 13:00 адбудзецца прэзентацыя зборніка вершаў Леаніда Дранько-Майсюка «Скарб».

Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пачынае сваю работу 18 лютага і будзе дзейнічаць да 21 лютага.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.