Вы тут

«Чорны корпус» генерала Пятроўскага, або Беларускі кашмар Гітлера


...У пачатку жніўня 1941 года ў Барысаве назіралася вялікая колькасць бранятэхнікі і ўзброеных атрадаў фашыстаў. Меры бяспекі прыняты беспрэцэдэнтныя: у горадзе ўведзены каменданцкі час і забарона для насельніцтва пакідаць свае дамы нават удзень. Па ўсім было відаць, што чакалі кагосьці вельмі важнага. Але каго?


Генерал-лейтэнант Леанід Пятроўскі.

План «Барбароса» на мяжы зрыву

У Старабарысаўскай сядзібе князёў Радзівілаў, якая знаходзілася недалёка ад Барысава, летам 1941 года размяшчаўся штаб групы армій «Цэнтр», дзе праходзілі ўсе асноўныя нарады нямецкага кіраўніцтва, але такую колькасць аховы тут бачылі ўпершыню. Інтрыга закончылася 4 жніўня 1941 года, калі на пляцоўцы паблізу Барысава прызямліўся самалёт Гітлера. Гэта было першае наведванне фюрарам акупаванай тэрыторыі СССР. Факт сам па сабе надзвычайны. Што ж прымусіла вялікага правадыра «непераможнай арміі» пакінуць свае справы і тэрмінова прыбыць на тэатр ваенных дзеянняў? І прыбыць менавіта ў Беларусію?

У Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (ЦАМАРФ) захоўваецца звыш 20 тысяч спраў, якія маюць дачыненне да групы армій «Цэнтр», што дзейнічала на тэрыторыі Беларусіі, а таксама нядаўна рассакрэчаныя дакументы, якія датычацца першых тыдняў, месяцаў ваенных дзеянняў нямецкай арміі на тэрыторыі краіны. Насуперак існуючаму пункту гледжання, што Чырвоная Армія была цалкам дэмаралізавана, яны сведчаць, што фашыстам тут было далёка не салодка і для іх усё пайшло не так. Савецкія войскі хоць і адступалі, але аказвалі адчайнае супраціўленне. Пра гэта можна прачытаць у лістах нямецкіх салдат дадому, напрыклад Сімон Баўмер пісаў: «...рускія аказваюць вельмі моцнае супраціўленне... У гэтым паходзе многія шкадуюць, што Расія — не Польшча і не Францыя, і няма ворага больш моцнага, чым рускія». Або з ліста унтэр-афіцэра Р. Фуша да бацькоў: «Я цяпер вельмі адзінокі, бо з майго аддзялення нікога больш не засталося ў жывых». На фронце, нягледзячы на імклівае прасоўванне, для немцаў сапраўды было нямала драматычных момантаў. У раёне Налібоцкай пушчы з 28 чэрвеня да 4 ліпеня 1941 года, дзе часці Чырвонай Арміі скоўвалі 25 дывізій нямецкай групы армій «Цэнтр», утварыўся Навагрудскі кацёл. З 6 да 10 ліпеня ў раёне Лепеля, Сянно і Багушэўска адбылася адна з найбуйнейшых бітваў перыяду вайны, у якой узяло ўдзел больш за тысячу танкаў. У выніку контрнаступлення савецкія войскі прасунуліся на захад на 50 км. Але, мабыць, самым непрыемным стала паведамленне аб вызваленні рускімі ў сярэдзіне ліпеня двух беларускіх гарадоў — Рагачова і Жлобіна 63-м стралковым корпусам пад камандаваннем нейкага генерала Пятроўскага. Неверагодна, але ён змог перайграць найлепшых нямецкіх военачальнікаў! Гэта стала поўнай нечаканасцю для немцаў і асабіста для Гітлера. А для савецкіх людзей праменем надзеі стала вячэрняе паведамленне Саўінфармбюро ад 16 ліпеня 1941 года: «На Заходнім напрамку нашы войскі зноў завалодалі гарадамі Жлобін і Рагачоў. На астатніх участках фронту ідуць упартыя баі з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка».

Гітлер нерваваўся. Знаходзячыся ва Усходняй Прусіі, у прыгарадзе Растэнбурга (цяпер — польскі горад Кентшын), дзе ў Гёрліцкім лесе з 26 чэрвеня 1941 года, практычна з самага пачатку ўварвання на тэрыторыю СССР, у наземным каменным бункеры размяшчалася яго стаўка пад назвай «Ваўчынае логава», ён адну за адной выдае свае дырэктывы. Яны трывожныя і зусім не змяшчаюць бравады краіны-пераможніцы. Хутчэй наадварот. Фонд 500 ЦАМАРФ, вопіс 12454 змяшчае дакументы «Групы армій «Б»/«Цэнтр». У іх Дырэктыва Вярхоўнага камандавання Вермахта № 33 ад 19 ліпеня. Наступная — 23 ліпеня, дадатак да дырэктывы ВКВ № 33. 30 ліпеня, Дырэктыва ВКВ № 34. У ёй групе армій «Цэнтр» загадана прыпыніць наступленне: «Ва ўмовах, калі праціўнік, не лічачыся са стратамі, аказвае ўпартае супраціўленне, неабходна адмовіцца ад правядзення аперацый з далёка ідучымі мэтамі да таго часу, пакуль праціўнік яшчэ валодае рэзервамі для нанясення контрудараў». А 27 ліпеня 1941 года ў штаб-кватэры камандуючага групай армій «Цэнтр» прайшла экстранная нарада. На ёй у дапаўненне да дырэктыў Гітлера быў зачытаны загад фельдмаршала фон Браўхіча з патрабаваннем прыпыніць наступленне на Маскву. Сам жа Браўхіч звярнуўся па тэлефоне да фюрара з просьбай узмацніць групоўку ў Беларусіі. Ашаломлены гэтай размовай, Гітлер вырашыў сам прыбыць на месца падзей. Агульная колькасць салдат групы армій «Цэнтр» — 1 мільён 455 тысяч 900 чалавек, ужо жнівень, а немцы ўсё працягваюць «таптацца» на тэрыторыі Беларусіі. Трэба было разабрацца, чаму прапрацаваны да драбнюткіх дэталяў план «Барбароса», разлічаны на вокамгненную вайну, аказаўся на мяжы зрыву. І гэта нягледзячы на загараджальныя загады для нямецкіх салдат, ідэалагічную апрацоўку, мяркуючы па дакументах, масіраваную. Адзін толькі прыклад. У фондзе 500, вопіс 12462 ЦАМАРФ захавалася «Памятка нямецкаму салдату», якую раздавалі літаральна кожнаму. Яе змест не пакідае ніякіх ілюзій аб «добрых намерах» немцаў у гэтай вайне. Каб развеяць іх у тых, хто спрабуе сёння апраўдаць фашыстаў і іх зверствы (маўляў, «гэта быў адказ на дзеянні партызан» або «калі б сустрэлі акупантаў, як у суседніх краінах, і ахвяр было б менш»), прывядзём некаторыя вытрымкі. «Помні і выконвай: 1. Раніцай, днём, ноччу заўсёды думай пра фюрара, няхай іншыя думкі не трывожаць цябе. ... Ты павінен толькі дзейнічаць, нічога не баяцца. Няма нерваў, няма сэрца, літасці, ты зроблены з нямецкага жалеза. 2. ... Знішчы ў сабе літасць і спачуванне — забівай любога рускага, савецкага, не спыняйся, калі перад табой стары ці жанчына, дзяўчынка або хлопчык. 3. Ніводная сусветная сіла не вытрымае перад германскім напорам. Мы паставім на калені ўвесь свет. Ты будзеш вырашаць лёсы Англіі, Расіі, Амерыкі. Знішчай усё жывое, што супраціўляецца на тваім шляху. Заўтра перад табой на каленях будзе стаяць увесь свет». І ўся агітка ў гэткім жа духу...

Нешта пайшло не так

Візіт Гітлера на тэрыторыю Беларусіі аказаўся для яго зусім не марнай, азнаямленчай прагулкай, а вельмі драматычнай, як пасля і для яго войска. Гэта спачатку была нейкая параднасць. Сустракаў фюрара не проста генералітэт, фактычна эліта нямецкай арміі — кавалеры Рыцарскага крыжа Першай сусветнай вайны — генерал-фельдмаршал фон Бок і генерал-фельдмаршал фон Клюге, камандуючы 2-й танкавай групай генерал-палкоўнік Вільгельм Гудэрыян і 3-й танкавай групай генерал-палкоўнік Герман Гот... Пра гэта мы даведваемся з фотасправаздачы пра наведванне Гітлерам Барысава, якая таксама захоўваецца ў архіве Мінабароны РФ. Следам за Гітлерам прызямліўся самалёт японскага пасла Осіма. На нараду ён прыбыў па асабістым запрашэнні Гітлера. Германія была вельмі зацікаўлена ў адкрыцці Японіяй другога фронту. Ці быў выпадковы выбар месца сустрэчы? Падчас вайны 1812 года ў Старабарысаўскай сядзібе спыняўся Напалеон Банапарт са сваёй світай, тут распрацоўваўся план заваявання Расіі, адсюль адкрываўся шлях на Маскву. Магчыма, і гэты факт павінен быў падкрэсліць асаблівы статус сустрэчы. Усё сімвалічна, улічваючы любоў Гітлера да містыкі. Але сама нарада, мяркуючы па дакументах, як і падзеі на фронце, пайшла не так.

Гітлер настойваў на тым, каб група армій «Цэнтр» перайшла да абароны, а танкавая армія Гудэрыяна павярнула з Маскоўскага напрамку на Гомель.

Са стэнаграмы выступлення Гітлера на нарадзе: «Першая дасягальная мэта — Ленінград і рускае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, у сувязі з тым, што ў гэтым раёне маецца вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў, а ў самім Ленінградзе знаходзіцца адзіны завод па вытворчасці звышцяжкіх танкаў, а таксама ў сувязі з неабходнасцю ліквідацыі рускага флоту на Балтыцы. Варта заняць Эстонію і рускія астравы на Балтыйскім моры...» Нямецкія генералы не хавалі здзіўлення. З успамінаў ад'ютанта фюрара: «...мы прыляцелі ў Барысаў, дзе размяшчалася камандаванне армейскай групы «Цэнтр». Гітлер вёў падрабязныя гутаркі з генераламі. Браўхіч, Бок і Гальдэр упарта настойвалі на тым, што ў армейскай групы «Цэнтр» ёсць толькі адна мэта — узяцце Масквы. Яны былі аптымістычна настроены і ў тым сэнсе, што гэтага можна дабіцца пасля некаторых перагруповак і даўзбраення яшчэ да пачатку неспрыяльнай пары года».

Гітлер у Барысаве, 04.08.1941 г

Гітлер стаяў на сваім: трэба спыніцца за Смаленскам і сіламі армейскай групы «Поўдзень» узяць Растоў. Наступленне на Маскву трэба арганізаваць такім чынам, каб наступальныя кліны з гэтых двух пунктаў сышліся на ўсходзе ад Масквы. Са стэнаграмы выступлення Гітлера на нарадзе: «Раён Масквы па сваёй важнасці стаіць толькі на трэцім месцы. Таму аперацыя ў паўднёва-ўсходнім напрамку з'яўляецца першачарговай, у той час як на ўсходнім напрамку пакуль, відавочна, лепш выбраць абарончы спосаб дзеяння. У гэты горад не павінен уступіць ні адзін нямецкі салдат. Маскву варта акружыць так, каб з яе не выйшлі ні рускія салдаты, ні грамадзянскае насельніцтва. Будуць прыняты меры для таго, каб затапіць Маскву і яе наваколлі...»

Генералы з ім не згодныя, настойваюць на прасоўванні на Маскву, запэўніваючы фюрара, што сталіцу СССР захопяць лёгка. На нарадзе ў Старабарысаве Гітлер пераконвае японскага пасла Осіма адкрыць другі фронт, той агучвае пазіцыю краіны — Японія ўстрымаецца. Да адзінай думкі прыйсці не ўдавалася. У прыгарадзе Барысава робіцца першая і няўдалая спроба штабных афіцэраў арыштаваць Гітлера. Група ж армій «Цэнтр» працягнула наступленне на Маскву, сутыкнуўшыся з беспрэцэдэнтным супраціўленнем Чырвонай Арміі, у тым ліку і з боку 63-га стралковага корпуса. У пачатку жніўня Саўінфармбюро працягвала паведамляць: «63-і стралковы корпус пад камандаваннем Леаніда Рыгоравіча Пятроўскага з 13 ліпеня 1941 года ўтрымлівае беларускія гарады Рагачоў і Жлобін». Тое, што фашысты «завязлі» ў Беларусіі, вялікая і яго роля. Каб зразумець, наколькі высокая была цана любой паспяховай аперацыі першых месяцаў вайны, цана Жлобінска-Рагачоўскай аперацыі, якую ўдалося ажыццявіць пад камандаваннем генерала Пятроўскага, варта звярнуцца да дакументаў, сведчанняў той пары.

За Радзіму стаяць насмерць!

У пачатку ліпеня 1941 года Пятроўскаму паступіў загад камандуючага Заходняй Асобай ваеннай акругай генерала арміі Дзмітрыя Рыгоравіча Паўлава. (Фактычна адзін з апошніх, падпісаных ім перад яго арыштам 7 ліпеня 1941 года. Генерала абвінавацілі ў «баязлівасці, развале кіравання войскамі» і расстралялі разам з іншымі военачальнікамі ў Лефортава ўжо 22 ліпеня.) Тады ж часцям 63-га стралковага корпуса прадпісвалася заняць пазіцыі па лініі Гадзілавічы, Рагачоў, Жлобін, Стрэшын. Задача — замацавацца на ўсходнім беразе Дняпра, а ў выпадку спроб немцаў пераправіцца цераз яго — адкінуць праціўніка. «Гатоўнасць абароны 3 ліпеня 1941 года, 16.00», — гаварылася ў ім. Але, як паказалі падзеі, камандаванне корпуса крыху інакш распарадзілася сітуацыяй: распрацоўваўся план наступальнай аперацыі. Яшчэ ў пачатку чэрвеня 1941 года корпус дыслацыраваўся ў Прыволжскай ваеннай акрузе, камандаванне якой перад вайной прыняў Леанід Рыгоравіч Пятроўскі. У 1938 годзе ён трапіў у жорны перадваенных рэпрэсій у арміі, быў звольнены з яе па лжывых даносах, у 1940-м яго вярнулі на службу. Краіна мела патрэбу ў вопытных ваенных кадрах. У сувязі з трывожнай сітуацыяй каля заходніх граніц СССР пачалася тэрміновая перакідка корпуса ў Беларусію для папаўнення войскаў Заходняй Асобай ваеннай акругі. Быў улічаны і вопыт службы Пятроўскага — тут у пачатку 1920-х ён ваяваў з белапалякамі, камандаваў батальёнам, зімой 1925 года прыняў полк у 29-й дывізіі, а ў 1937-м узначаліў 5-ы стралковы корпус, які не раз праводзіў вучэнні ў раёне Рагачова, Жлобіна, адпрацоўваючы наступленне на Бабруйск. Цяпер трэба было выканаць усё ў рэальнай абстаноўцы.

Вайна заспела корпус у дарозе, толькі першыя яго эшалоны паспелі прыбыць 21 чэрвеня на станцыі Добруш і Нова-Беліца. Раніцай 22 чэрвеня фашысты ўжо бамбілі Гомель, масты цераз Сож. Шэраг часцей корпуса разгортвалі і накіроўвалі на поўнач, у раён Оршы. Астатнія ўвайшлі ў склад 21-й арміі. Пра тое, што адбывалася ў гэтыя дні ў корпусе, даведваемся з некалькіх лістоў Пятроўскага родным. У Маскве заставаліся дачка Оля і жонка Надзея Вікулава. (Дарэчы, сваё каханне Леанід Рыгоравіч сустрэў таксама ў Беларусіі, у 1923 годзе, у Віцебску.) З ліста ад 24 чэрвеня. «...Спраў было шмат, сёння спаў усяго тры гадзіны. Ці буду ноччу спаць — не ведаю... Вельмі шкадую, што я не сярод першых часцей, а пакуль у тыле. Мы ўсе ўпэўнены ў перамозе і кожны з нас гарыць жаданнем змагацца за Радзіму, за вас, нашых блізкіх, якіх мы абараняем...» І за Радзіму стаялі насмерць.

Імклівае наступленне корпуса пачалося на світанні 13 ліпеня з усходняга берага Дняпра. Немцы, якія ўжо гаспадарылі ў Рагачове, Жлобіне, не маглі і падумаць, што дэмаралізаваная з іх пункту гледжання савецкая армія рашыцца на нейкія дзеянні. Гэта стала для іх поўнай нечаканасцю. Як ажыццяўлялася аперацыя — у дакументах рассакрэчанага архіва Маршала Савецкага Саюза Радзівона Маліноўскага, які захоўваецца ў ЦАМАРФ. Яна пачалася глыбокай ноччу, калі перадавыя палкі 63-га стралковага корпуса, застаючыся незаўважанымі, у раёне Жлобіна змаглі аднавіць узарваны пралёт моста цераз Дняпро і пасля масіраванай артпадрыхтоўкі разам з часцямі корпуса пачаць яго фарсіраванне.

З данясенняў 154-й стралковай дывізіі 63-га стралковага корпуса. «Да зыходу 13.07 дывізія двума палкамі вяла цяжкія баі, выкалупліваючы штыком і гранатай, расстрэльваючы ва ўпор засеўшых у бліндажах і дамах немцаў». Толькі 437-ы стралковы полк пад камандаваннем капітана Фёдара Баталава шэсць разоў падымаўся ў атаку, дзве з якіх былі штыкавыя. Немцы вымушаны былі адступіць.

З дзённіка камандуючага групай армій «Цэнтр» генерал-фельдмаршала фон Бока, 13 ліпеня 1941 года: «Раніцай мяне дастаткова здзівіў рапарт пра тое, што танкавая група Гудэрыяна пакінула плацдарм на беразе Дняпра ў раёне Рагачова. Добраахвотна гэта было зроблена ці пад ціскам праціўніка, пакуль не ясна».

З ліста генерала Пятроўскага родным у Маскву ад 14 ліпеня: «У нас сёння поўны выхадны, вораг сядзіць ціха пасля таго, як мы набілі яму морду».

Запіс у дзённіку камандуючага групай армій «Цэнтр» генерал-фельдмаршала фон Бока, 15 ліпеня. Ён праясняе сітуацыю: «Рускія робяцца нахабнымі на паўднёвым крыле 2-й арміі. Яны атакуюць каля Рагачова і Жлобіна».

Паляванне на Пятроўскага і загадкавая гібель

Наступленне аказалася такім імклівым і нечаканым, што немцы пачалі аказваць супраціўленне толькі пасля таго, як батальёны выйшлі ўжо да ўскраін Жлобіна і Рагачова. Два беларускія гарады сталі першымі ў гісторыі вайны, вызваленымі ад фашыстаў. І вызвалены яны былі 63-м стралковым корпусам пад камандаваннем Леаніда Рыгоравіча Пятроўскага. Пачалося прасоўванне далей, на Бабруйск. Немцы змаглі іх спыніць толькі на 30-м кіламетры. Але тым не менш 50-кіламетровая тэрыторыя аказалася вызваленая ад фашыстаў. А вышэйшае нямецкае камандаванне, не хаваючы раздражнення, сур'ёзна загаварыла пра 63-і стралковы корпус як пра моцнага саперніка. З «Ваеннага дзённіка» начальніка Генеральнага штаба Сухапутных войскаў Гальдэра 15 ліпеня: «Рускія войскі змагаюцца з найвялікшай разлютаванасцю»... Немцы вымушаны былі не толькі адступіць, але і перагрупаваць свае сілы, адцягнуць іх вялікую колькасць ад напрамку галоўнага ўдару. Корпус пад камандаваннем Пятроўскага зрываў планы нямецкага камандавання. Камандзіру 437-га стралковага палка Фёдару Баталаву ў ліку першых у СССР 9 жніўня 1941 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. З апошняга ліста Пятроўскага. «Захапілі палонных, яны кажуць, што шмат іх пабілі. Праўда, і нам нялёгка. Сяджу ў штабной машыне, а наша артылерыя б'е залпамі па немцах. Сёння быў на фронце двойчы. Майго аднаго ахоўніка параніла, мне ж шанцуе, хоць я ўжо двойчы хадзіў у атаку. Дакладней, падымаў людзей у атаку. На вайне, вядома, заўсёды шмат цяжкасцяў і стамляешся жудасна. Спаць амаль не даводзіцца».

30 дзён і начэй корпус трымаў абарону, перакрываючы шляхі наступлення на Гомельскім напрамку. Баючыся флангавага ўдару, нямецкаму камандаванню супраць трох савецкіх дывізій прыйшлося зняць з напрамку галоўнага ўдару сем злучэнняў. Прычым штаб аднаго з іх часці 63-га корпуса пры прарыве да сваіх разнеслі ў пух і прах, захапіўшы пры гэтым сакрэтную дакументацыю. Больш за тыдзень танкавы клін Гудэрыяна, адкінуты ад Дняпра, быў вымушаны шукаць новую пераправу. Але, нягледзячы на поспехі корпуса, Чырвоная Армія адыходзіла. Корпус быў адрэзаны ад асноўных сіл, кола вакол яго сціскалася. Познім вечарам 13 жніўня ў штабе 63-га корпуса прынялі тэрміновую шыфраграму. Гэта быў загад за подпісам камандуючага і члена Ваеннага савета фронту. Пятроўскаму прадпісвалася «неадкладна ўступіць у камандаванне 21-й арміяй». За бліскуча праведзеную аперацыю яму прысвоена воінскае званне генерал-лейтэнанта. Неўзабаве ў размяшчэнне корпуса прыбыў і самалёт за Пятроўскім. Але Леанід Рыгоравіч не палічыў магчымым у такі цяжкі час пакінуць корпус. У камандавання фронтам ён просіць адтэрмінаваць выкананне загаду, на прысланым самалёце адпраўляе ў тыл цяжка параненых байцоў. Сам жа пачынае рыхтаваць прарыў акружэння і адначасова наступленне. Але падзеі пачалі развівацца так імкліва, што спатрэбілася поўная перагрупоўка сіл. На досвітку праціўнік перайшоў у наступленне, прарваў абарону 154-й стралковай дывізіі, разбурыў пераправы цераз Дняпро ў раёне Жлобіна, да якога ўсё падыходзілі і падыходзілі новыя нямецкія часці. Іх задача — акружыць 63-і стралковы корпус і адкрыць дарогу на Гомель. У самога ж корпуса сувязь аказалася перарваная. Пятроўскаму давялося кіраваць баявымі дзеяннямі, не маючы ніякіх звестак аб становішчы на суседніх участках фронту. У ноч на 15 жніўня яны пачалі адыходзіць на рубеж Стоўпня, Гарадзец, Жлобін з тым, каб, прыкрываючыся з тылу часцямі 61-й стралковай дывізіі, нанесці сіламі 154-й стралковай дывізіі ўдар па ворагу ў напрамку горада Стрэшын і адкінуць яго за Дняпро. Манеўр атрымаўся. Імклівы ўдар прымусіў гітлераўцаў адступіць. Усё гэта раздражняла нямецкае кіраўніцтва, такога нахабства яны не чакалі, як і таго, што корпус стаяў насмерць. Немцы ахрысцілі яго «Чорным корпусам» — дні бітваў на гомельскім напрамку для іх сталі сапраўды чорнымі. На Пятроўскага пачалося паляванне. Ён жа 16 жніўня ў 12 гадзін аддаў загад на прарыў, дзе рукой дапісаў: «Усяму начсаставу, незалежна ад звання і пасады, у перыяд начной атакі, аж да злучэння часцей корпуса з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіцца ў перадавых ланцугах, маючы пры сабе эфектыўную зброю з задачай аб'яднаць вакол сябе ўвесь асабовы склад дывізіі...» У раёне Чацвярні (15 км на паўднёвы ўсход ад Жлобіна) Пятроўскі ўдакладніў задачы дывізіям і паказаў, што ён разам з групай камандзіраў штаба корпуса будзе рухацца сумесна з 154-й стралковай дывізіяй. Атака назначалася на 3 гадзіны 17 жніўня 1941 года. Усё прадумана да дробязяў, да прарыву нямецкага акружэння ўсё гатова, але далей звесткі абрываюцца... і — загадкавая гібель генерала. Апошняе, што памятаюць відавочцы, — генерал-лейтэнант Пятроўскі з групай афіцэраў штаба пасля кароткай, але магутнай артпадрыхтоўкі ўзначаліў атаку падраздзяленняў, каб прарваць акружэнне. А далей — домыслы, чуткі, здагадкі…

Дакументы аб падаўленым настроі нямецкіх салдат у першыя месяцы ваенных дзеянняў  на тэрыторыі Беларусі (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь).

Заслона сакрэтнасці

Доўгія гады зразумець, што ж здарылася ў трагічныя дні сярэдзіны жніўня, было складана — доступ да дакументаў быў абмежаваны, як высветлілася, па важкіх на той перыяд прычынах. У 1944 годзе, пасля вызвалення рэспублікі ад фашыстаў і распачатага расследавання, атрымалася знайсці магілу камкора, на ёй крыж і надпіс... на нямецкай мове «Генерал-лейтэнант Пятроўскі». І прыпіска: «Камандзіру «Чорнага корпуса». Мясцовыя жыхары распавялі, што пасля гібелі савецкага генерала немцы пахавалі яго з усімі воінскімі ўшанаваннямі. Менавіта гэты факт адыграў фатальную ролю ў ацэнцы дзейнасці 63-га стралковага корпуса і асабіста яго камандзіра. Аж да мая 1965-га — матэрыял пад грыфам рознай ступені сакрэтнасці, 25 гадоў забыцця ўнікальнай ваеннай аперацыі, табу і на асобу самога Пятроўскага. І гэта нягледзячы на тое, што 6 чэрвеня 1944 года была праведзена эксгумацыя генерал-лейтэнанта з наступнай канстатацыяй: «...На чэрапе і ў вобласці цемянной і левай скроневай косці парушэнні цэльнасці чарапнога века зоркападобнай формы, памерам 10 на 18 сантыметраў...». Відавочны факт — Пятроўскі пусціў сабе кулю ў лоб, хутчэй за ўсё, апошнюю. Але пры якіх абставінах? Дзе знаходзіліся людзі з блізкага акружэння, якія суправаджалі генерала? Доўгія гады — заслона сакрэтнасці. Версіі розныя, у тым ліку і тое, што гібель звязана са здрадай асоб з найбліжэйшага акружэння генерала, з укаранёнай яшчэ ў перадваенны перыяд у кіраўніцтва Заходняй Асобай ваеннай акругі агентурай, падрыхтаванай у нетрах Абвера. Увага да злучэнняў, якія базіруюцца ў Беларусіі, была асаблівая. Толькі перад вайной выяўлена больш за 100 арганізаваных груп, закінутых на тэрыторыю рэспублікі. На жаль, былі і такія, хто падазраваў самога генерала, які з нейкіх прычын апынуўся ў лесе, на машыне, без аховы. Спецыяльна адарваўся ад сваіх ці так атрымалася? Час быў складаны. Гучныя пасляваенныя працэсы ў дачыненні да ваенных захліснулі краіну — трафейная справа і авіяцыйная, справа артылерыстаў.... Тысячы класных военачальнікаў, прайшоўшы кровапралітную вайну, зноў траплялі ў жорны рэпрэсій. Праз гады на абарону сумленнага імя генерала Пятроўскага ўстала эліта савецкай арміі, маршалы СССР Дзмітрый Язаў, Андрэй Яроменка. Георгій Жукаў у сваім звароце да кіраўніцтва краіны пісаў: «Леаніда Рыгоравіча Пятроўскага я добра ведаў як аднаго з самых таленавітых і адукаваных военачальнікаў, і калі б не заўчасная гібель, думаю, што ён стаў бы камандзірам буйнога маштабу». Рашэннем Палітбюро ЦК КПСС і ўрада СССР у 1964 годзе генерал-лейтэнант Пятроўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Наступленне ж на Маскву, супраць якога пярэчыў Гітлер, як вядома, для групы армій «Цэнтр» скончылася трагічна — паражэннем, ад якога немцы так і не змаглі акрыяць. І гэта нягледзячы на велізарныя ваенныя рэсурсы — 75 дывізій, якія налічвалі 1,8 мільёна чалавек, звыш 14 тысяч гармат, 1700 танкаў і 1390 самалётаў, і нават на загараджальныя загады. Страты толькі групы армій «Цэнтр» падчас наступлення на Маскву з кастрычніка да пачатку снежня 41-га склалі звыш 145 тысяч чалавек, падчас ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусіі — 229 тысяч забітых, параненых і зніклых без вестак. Амаль уся эліта нямецкай арміі — удзельнікі нарады ў Старабарысаве, была адпраўлена ў адстаўку пасля паражэння пад Масквой, у тым ліку і яе камандуючы генерал-фельдмаршал Фон Бок, які яшчэ ў чэрвені 1941 года са здзіўленнем заўважыў: «Тут і там рускія афіцэры страляюцца, каб пазбегнуць палону». Нямецкаму генералу, якога Гітлер абвінаваціў у правале аперацыі «Тайфун» па ўзяцці Масквы, складана было зразумець, што такое для савецкага чалавека абараняць Радзіму. Сам жа ён знік пасля ганебнай кампаніі з тэатра ваенных дзеянняў з фармулёўкай «па стане здароўя»...

Наталля ГОЛУБЕВА, кандыдат гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.