Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


fedsp.com

«У жонак саперніц не бывае»

Даўно гэта было, а помніцца — нібы ўчора.

...У свае студэнцкія гады я вельмі любіла прыязджаць у Кіеў. Там, у гэтым цудоўным горадзе, жыў родны брат майго таты. Можа, таму што сам тата загінуў на фронце, можа, таму што сваіх дзяцей у дзядзькі не было, мае прыезды заўсёды шчыра віталіся. Разам з раднёй мы гулялі па горадзе, хадзілі ў тэатры, музеі, паркі, знаёміліся з людзьмі. У дзядзькі, напрыклад, быў закадычны сябра Сцяпан. Яны часта сустракаліся, разам адзначалі святы, за сталом вельмі хораша спявалі, а ў «працэсе», добра падвыпіўшы, дзядзька Сцяпан нязменна прызнаваўся жонцы ў каханні: казаў, які ж гэта цуд, што яны сустрэліся, і як жа яму пашчасціла! Гэтыя маналогі заўжды былі доўгія, палымяныя, прыгожыя словы «перасыпаліся» ўспамінамі, з якіх няцяжка было зразумець, што яны з цёткай Верай хірургі, што за вайну зрабілі безліч аперацый, прычым, здаралася, пад бамбёжкамі, што прыцярпеліся нават да таго, што «пад нажом» нехта паміраў, што ніколі не высыпаліся, што жонка — быў такі грэх — рыдала ў яго на плячы і казала, што ўсё, болей не можа, што лягчэй памерці, чым вытрымаць... А ён тады, як мог, суцяшаў, казаў, што такая ў іх работа — людзей ратаваць, жыць і трымаць сябе ў руках — пры любых абставінах. Потым, калі скончыўся кашмар вайны, яны вярнуліся ў Кіеў, жылі спачатку ў зямлянцы, трохі пазней атрымалі кватэру, у іх нарадзіўся сынок.

...У той прыезд да сваяка мяне разбудзілі мужчынскія галасы: дзядзька Сцяпан, як я зразумела, прасіў майго дзядзьку, каб той пазычыў яму грошай на... тэлевізар. Але ж ён — я дакладна ведала — у іх з цёткай Верай быў... «Можа, згарэў?» — падумала. І ўсё роўна не магла ўцяміць, як гэта ў двух хірургах бракуе грошай? На машыну, — яшчэ зразумела б... За снеданнем я стала распытваць радню і пачула, што неяк, вярнуўшыся з работы, цётка Вера не ўбачыла дома ні мужа, ні дываноў на сценах і падлозе, ні тэлевізара... Суседзі падказалі, што бачылі машыну, у якую Сцяпан усё гэта згружаў, а нейкая маладзіца яшчэ і падганяла... Трэба разумець, звяла чалавека.

Аднак сыну пра гэта Вера не сказала: тата ў камандзіроўцы, маўляў, хутка вернецца, прычым з падарункамі... Яна тады ж абышла суседзяў: напрамілы бог прасіла, каб малому — ні слова. «А сама ж ты як будзеш?» — пыталі ў Веры спагадлівыя жанчыны. «Ды па правілах ваеннага часу — жыць трэба пры любых абставінах».

І зажыла...

А праз нейкі час позна ўвечары ў іх кватэру нехта пазваніў. Гаспадыня адчыніла дзверы: за парогам стаяў Сцяпан.

— Я дамоў прыйшоў. Пусціш? — спытаў у жонкі.

Тая соладка пазяхнула, бо па-ранейшаму ніколі не высыпалася, і адказала:

— Суп на пліце. Пагрэй сам.

На гэтым, яшчэ раз пазяхнуўшы, пайшла ў спальню.

...Сцяпан потым казаў сябру, што ад сустрэчы з жонкай чакаў чаго заўгодна, — толькі не вось гэтага!

І пазней спрабаваў прасіць прабачэння. Толькі Вера, зноў жа, слухаць не стала. Сказала: «Помніш, на фронце мы так чакалі міру, нармальнага жыцця, сына... У нас ён ёсць. Значыць, будзем гадаваць. Ты толькі помні, што ў сапраўдных жонак саперніц не бывае».

Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён


«Во-о-ось дзе шчасце рыбака!»

...Нібы церам наша хата:

Чыстата...

Аж зіхаціць,

Заўтра — гадавое свята:

У Тройцу грэх не адпачыць!

 

...Брат не схільны

ў нас лайдачыць:

— Можаш крышку падсабіць?

Шчупака ў канаве бачыў,

Мне самому — не злавіць...

 

Як мага разводзіць рукі:

— Вось такенны там шчупак!

Кош бяры, без гэтай штукі

Нам не выцягнуць ніяк.

 

Я ж тады — яшчэ малая,

Вёснаў шэсць было ці пяць,

Танканогая, худая,

А рыбалку — не праспаць:

 

Не было мілейшай справы...

(І ў ваколіцах — ракі:

За гародам, у канаве,

Ў нас «хадзілі» шчупакі).

 

Часта ладзячы аблавы,

Мы ўжо зналі, што рабіць:

Мне — ваду

аж да заставы

Ў нашым рове замуціць.

 

А у ёй — гіблота п'явак,

Жук ды жаба рэй вядуць,

А шчупак?.. А цьма казявак?..

Яны ж пяты адгрызуць!

 

І нікому ні паўслова,

Што ад страху ўсё дрыжыць.

Я ваду «ўзбіваць» гатова,

Брат —

канаву замасціць.

 

Паміж намі —

метраў з дзесяць,

Ён насустрач мне ідзе,

Мы па дне нагамі месім —

Гонім рыбіну ў вадзе.

 

Зараз, зараз будзе цуда!

Я на месцы тупачу

Ля чарговае запруды

Страшна так, што верашчу!

Брат камандуе:

— На выхад!

Мігам!.. Куляю сюды:

Шчупаку няма чым дыхаць —

Зяпа сунецца з вады!

 

...Во-о-ось той момант

на рыбалцы!

Во-о-ось дзе шчасце рыбака!

Моцна кош сціскаюць пальцы,

Каб «падрэзаць» шчупака.

 

Ён жа —

выскачыць ірвецца

І звіваецца вужом!..

Так ад шчасця сэрца б'ецца,

Што й не страшна мне ўжо.

 

Дзе там п'яўкі ды казяўкі?!

З братам ловім уюноў...

І вясёлыя, з рыбалкі

Мы вяртаемся дамоў.

Валянціна Козыр, г. Мінск.


За што купіў...

Гэтая гісторыя адбылася даўно, тады, калі старшыні калгасаў яшчэ размаўлялі па-беларуску.

Значыць, адзін з іх, Анатоль Пятровіч, правёў ранішнюю нараду са спецыялістамі, размеркаваў людзей і тэхніку, усіх «распусціў», папрасіў застацца хіба новага агранома (ён з тыдзень як прыехаў). Папытаўся:

— Як з жыллём? Уладкаваўся?

— Дзякуй. Усё нармальна, — сказаў той і ўжо хацеў сысці, як пачуў новае пытанне:

— А што на сёння плануеш? Калі нічога пільнага, можа, аб'едзем вытворчыя ўчасткі? Паглядзім на палі, разам прыкінем, што дзе пасеяць...

— Згода, Анатоль Пятровіч. Я толькі на склад зазірну (там распарадзіцца трэба) і адразу назад.

— Ну тады чакаю каля машыны і едзем.

...Трэба сказаць, што паездзіць з гэтым старшынёй для многіх было за шчасце, бо гаспадаркай ён кіраваў з розумам, добра ведаў і людзей, і землі свае, ніколі не жульнічаў (іншым таксама не дазваляў), любіў некаму дапамагчы ды нешта параіць, мог пажартаваць...

Вось і з новым аграномам яны добра папрацавалі, шмат што вырашылі.

— Усё запомніў? — спытаў Анатоль Пятровіч у агранома. — А то, можа, запісаў бы, каб чаго не забыцца, не вытрасці з галавы, бо на трэці ўчастак мы напрасткі паедзем. Дарога там — яма на яміне, але ж кіламетры з тры зрэжам: за вёскай выскачым на шашу...

А тым часам вось яна, тая самая вёска, вось і той шлях.

— Як справа? — пытае ў агранома Анатоль Пятровіч.

— Нармальна, — адказвае аграном.

Машына толькі на дарогу і...

Тут жа, рэзка, улева, бо справа на ўсіх парах на іх імчаў грузавік: яны цудам не сутыкнуліся!

— Ты ж казаў, што справа ўсё нармальна, што перашкод няма?! — ледзь спыніўшы машыну, стаў сварыцца старшыня.

— А я не зразумеў: думаў, вы пра справы на ўчастку... Дык я ўчора з яго начальнікам гаварыў. Той сказаў, што ўсё нармальна.

...«За што купіў, за тое прадаю» — праўдзівая прымаўка, але ж у тым выпадку, калі бакі ведаюць, што яны прадаюць і што купляюць.

Мікалай Багданаў, Мёрскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?