Вы тут

Чаму «жыроўкі» за студзень аказаліся нечакана «важкія»


Марозная зіма прынесла беларусам не толькі гарэзлівыя снежныя забавы, але і сур'ёзныя лічбы ў першых за сёлета «жыроўках», якія праз студзеньскае пахаладанне аказаліся «цяжэйшыя», чым чакалася.


Нагадаем, што падрасці «камуналка» павінна была з новага года на 4,2 долара (у эквіваленце), аднак упісацца ў гэтую лічбу ў камунальнікаў не атрымалася, бо на ацяпленне жылфонду праз моцныя маразы спатрэбілася больш гігакалорый, расказалі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Да штогадовага павышэння аплаты жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) у сярэднім на пяць долараў (для «двухпакаёўкі» з трыма жыхарамі), якое звычайна падзяляецца на два этапы: у студзені (на 4,2 долара) і ў чэрвені (на 0,8 долара), сёлета дадалося марознае надвор'е. Праз дадатковае ацяпленне «жыроўка» ў «двухпакаёўцы» дадаткова пацяжэла яшчэ прыкладна на сем рублёў. Дадайце да гэтай сумы запланаванае з 1 студзеня павелічэнне тарыфаў на электрычнасць (на 10 %), газ (на 14,8 %), водазабеспячэнне (на 11,3 %) і водаадвядзенне (на 11 %), капрамонт (на 38,5 %), тэхабслугоўванне ліфта (на 4,2 %) і можаце самі падлічыць, якая частка ў павялічанай суме плацяжу набегла за дадатковыя гігакалорыі.

У розных кватэрах сумы налічэнняў за студзень павялічыліся ў залежнасці ад плошчы жылля, месцазнаходжання дома, яго энергаэфектыўнасці і рэгіёна пражывання. Памер платы за ацяпленне жылых памяшканняў можа вар'іравацца і ў залежнасці ад умоў надвор'я. А большасць шматкватэрных дамоў у краіне абсталявана прыборамі групавога ўліку расходу цеплаэнергіі. Як вынік, сума аплаты можа мяняцца пры нязменных тарыфах і залежаць ад колькасці зрасходаванага цяпла на абагрэў жылля, растлумачылі ў міністэрстве.

— У сувязі з пахаладаннем у студзені 2021 года расход цеплаэнергіі павялічыўся ў параўнанні са снежнем — адпаведна, падрасла і сума налічэнняў за ацяпленне. Другім радком у росце аплаты ЖКП стала планавае павелічэнне тарыфаў са студзеня. Разам яны і павялічылі суму па-за межамі мяркуемых лічбаў. Аднак гэта не азначае, што ўжо са студзеня павялічылася планавае налічэнне за ацяпленне. Яно, як і меркавалася, адбудзецца ў чэрвені, — расказаў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ. — Да таго ж трэба глядзець, з чаго склалася павялічаная сума по кожнай асобнай кватэры. Напрыклад, вы спажылі ў снежні тры «кубы» вады, а ў студзені — пяць, гэта таксама павялічыць лічбу за студзень.

«Марозная» сярэдняя лічба, якая паспрыяла павелічэнню аплаты студзеньскай «камуналкі», па інфармацыі Белгідрамета, за снежань склала -0,5 °С па краіне і -1,2 °С — па Мінску, а за студзень — -3,7 °С па Беларусі і -4,5 °С — па сталіцы.

— Варта ўлічваць таксама, што мінулагодняе летняе павышенне тарыфаў (з 1 чэрвеня) на ацяпленне мы адчулі толькі з пачаткам ацяпляльнага сезона 2020—2021 гадоў. А сёлета з 1 чэрвеня тарыф на цеплазабеспячэнне і ацяпленне чарговы раз павялічыцца на 0,8 долара ў эквіваленце. І гэты рост мы адчуем на падагрэве вады толькі ў ліпені 2021-га, а тарыфныя сумы за ацяпленне падрастуць толькі ў ацяпляльным сезоне 2021—2022 гадоў, — удакладніў Генадзь Аксціловіч.

У нейкім сэнсе «пашанцавала» тым дамам, дзе няма прыбораў уліку цяпла і плата за ацяпленне — пастаянная велічыня ўвесь ацяпляльны перыяд з кастрычніка да красавіка незалежна ад градуса за акном і колькасці затрачаных на абагрэў жылля гігакалорый. Пераразлік за ацяпленне ў такіх дамах робіцца па выніках ацяпляльнага перыяду.

У Міністэрстве ЖКГ нагадалі, што беларусы могуць звярнуцца ў разлікова-даведачныя цэнтры па месцы жыхарства, калі ў іх узнікаюць пытанні па налічэнні аплаты за ЖКП або ў выпадку няспраўнасці прыбораў уліку расходу цеплаэнергіі. Калі гэта паўплывала на суму налічэнняў, будзе зроблены пераразлік.

Калі сачыць за слупком тэрмометра, то можна заўважыць, што ў лютым марозных дзён яшчэ больш, чым у студзені, хоць месяц і карацейшы. Прагназаваць, ці павялічацца (або наколькі) сумы «жыровак», якія мы атрымаем у сакавіку за люты, — цяжка, але варта быць гатовымі да ўсяго, проста на ўсялякі выпадак. Напрыканцы прывяду дзве лічбы з «жыроўкі» за «асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі» ў «двухпакаёўцы» з чатырма пражываючымі. За студзень 2020-га — 58 рублёў, за студзень 2021-га — 62 рублі.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Знізіўся градус — павысіўся кошт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.