Вы тут

Беларускі баскетбол робіць «Крок у будучыню»


Беларуская федэрацыя баскетбола разам з ФІБА Еўропа пачала новы этап сумеснага праекта «Крок у будучыню». Праект закране ўсе рэгіёны краіны. Першым стаў Гомель, куды з'ехаліся 23 трэнеры і 24 спартсмены са Светлагорска, Калінкавіч, Рэчыцы, Жлобіна, Добруша, Чачэрска і Кармы.


«Гомель быў абраны невыпадкова — менавіта тут пачыналі сваю баскетбольную кар'еру лідары нашых камандаў Настасся і Уладзімір Верамеенкі, Аляксандр Семянюк і Андрэй Рагозенка. Рэгіён славіцца сваімі рослымі і фізічна моцнымі гульцамі, а гэта гаворыць аб тым, што спецыялістамі праводзіцца вялікая работа па селекцыі і навучанні дзяцей у групах пачатковай падрыхтоўкі. Спадзяёмся, што семінары будуць карысныя для трэнераў усіх рэгіёнаў, а найлепшыя спартсмены праз некалькі гадоў папоўняць рады маладзёжных нацыянальных камандаў. Таксама найлепшыя гульцы ў будучым будуць рэкамендаваныя для залічэння ў вучылішча алімпійскага рэзерву», — расказала генеральны сакратар — выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі баскетбола Настасся Марыніна.

Сёлета мэтавай аўдыторыяй праекта «Крок у будучыню» сталі трэнеры, якія працуюць з юнымі баскетбалістамі. Па словах Настассі Марынінай, гэтыя трэнеры — самыя галоўныя кавалі баскетбольных талентаў: «Усім трэнерам былі падрыхтаваны і выдадзены метадычныя матэрыялы, якія яны могуць выкарыстоўваць у сваёй рабоце. Тут нам вялікую дапамогу аказалі калегі з Расійскай Федэрацыі, якія прапанавалі сучасныя і якасныя дапаможнікі. Зараз таксама ажыццяўляецца пераклад і сербскага падручніка, які таксама атрымаюць усе ўдзельнікі семінараў».

Практычныя і тэарэтычныя заняткі праводзіць сербскі спецыяліст Златан Прэшыч — галоўны трэнер беларускай жаночай нацыянальнай каманды U-18, трэнер баскетбольнага клуба «Гарызонт». Раней пад яго кіраўніцтвам ужо была рэалізавана праграма ФІБА Еўропа «Яе свет, яе правілы», накіраваная на дзяўчынак 2007—2008 гадоў нараджэння, па выніках якой для навучання ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі былі адабраны найлепшыя гульцы.

«Я і хацеў бы падзякаваць Беларускай федэрацыі баскетбола і прадстаўнікам Гомеля, якія прымаюць удзел у арганізацыі мерапрыемства. Упэўнены, што трэнеры атрымалі магчымасць, не толькі папоўніць свае веды аб баскетболе, але і абмяняцца вопытам, падзяліцца ідэямі і абмеркаваць праблемныя пытанні. Для дзяцей семінар стаў добрай матывацыяй для далейшых заняткаў баскетболам», — адзначыў Златан Прэшыч.

Наступны семінар 21—22 лютага прыме Гродна. Затым семінары адбудуцца ў Брэсце, Віцебску, Магілёве, Маладзечне і Мінску. Кульмінацыяй чарговага этапу праекта «Крок у будучыню» стане вялікі кэмп, куды будуць запрошаны найбольш перспектыўныя спартсмены, якіх адбярэ група экспертаў.

Праект «Крок у будучыню» ўжо даўно пакарыў сэрцы беларускіх баскетбалістаў. У яго межах у 2018 і 2020 гадах былі праведзены два маштабныя фестывалі баскетбольнага майстэрства, якія прайшлі на сталічных арэнах Falcon Club Арэна і ў Палацы спорту. Летам і восенню 2019 года ў Валожыне і Мінску былі арганізаваны трэніровачныя лагеры для дзяцей, дзе галоўнымі лектарамі выступілі амерыканскія спецыялісты Крыс Дыял і Джасцін Бэры. У 2020 годзе «Крок у будучыню» быў зроблены на маштабных фестывалях па баскетболе 3х3 на базе адпачынку «Прывал» і ў аздараўленчым лагеры «Зялёны Бор», а таксама на эстафеце баскетбольнага майстэрства «Баскетбол на Каляды» ў Магілёве.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.