Вы тут

Міністр працы і сацыяльнай абароны сустрэлася з воінамі-афганцамі


Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч сустрэлася з ветэранамі-афганцамі. Пытанні сацыяльнай падтрымкі і пенсійнага забеспячэння, прысваення груп інваліднасці, сацыяльнага адпачынку, ільготнага праезду ў транспарце і ўмоў набыцця і валодання асабістым транспартам — гэтыя і іншыя праблемы абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы. Яна прайшла ў межах дыялогавых пляцовак і была прымеркавана да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дня абаронцаў Айчыны.


15 лютага 1989 года завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Каля 29 тысяч беларусаў удзельнічала ў той вайне. За дзевяць гадоў Беларусь страціла каля 700 чалавек, чацвёра беларусаў атрымалі званні Герояў Савецкага Саюза. На сёння ў Беларусі жыве 24 тысячы ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, у тым ліку больш за 22 тысячы ветэранаў вайны ў Афганістане.

Ірына Касцевіч звярнула ўвагу, што напярэдадні Усебеларускага народнага сходу яна атрымала больш за 260 зваротаў ад розных катэгорый насельніцтва.

— Я рэгулярна сустракаюся з рознымі сацыяльнымі групамі — з пажылымі людзьмі, шматдзетнымі сем'ямі, з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Рада, што такая сустрэча адбываецца і з вамі, бо ад воінаў-інтэрнацыяналістаў я таксама атрымліваю звароты. Адзін з іх нават адклала і хачу пачуць ваша меркаванне, бо, магчыма, маё рашэнне зменіцца, — адзначыла Ірына Касцевіч. — Я разлічваю, што вы агучыце ўсе пытанні, якія вас непакояць, усё набалелае, і абяцаю, што ўсе яны будуць разгледжаны.

Падчас сустрэчы паднімаліся і пытанні павышэння пенсій, у прыватнасці, інвалідам, якія не маюць працоўнага стажу, — яны, як правіла, страцілі працаздольнасць у маладым узросце падчас баявых дзеянняў. Ірына Касцевіч заўважыла, што такое рашэнне будзе не зусім справядлівым у адносінах да тых пенсіянераў, якія адпрацавалі па 40 і больш гадоў.

— Пенсія — гэта не проста выплата па ўзросце, а найперш узнагарода за працу, — адзначыла яна.

Пытанні тэрміну лячэння ў стацыянары, прысваення груп інваліднасці і ўстаноўкі зубных пратэзаў для ветэранаў вайны ў Афганістане Ірына Касцевіч паабяцала разгледзець на сумеснай сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя. У сваю чаргу, міністр пацікавілася меркаваннем прысутных пра больш ранні выхад на пенсію ўдзельнікаў баявых дзеянняў. Намеснік старшыні Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, кіраўнік Асацыяцыі інвалідаў воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргей Красоўскі агучыў агульнае меркаванне, што гэта актуальна для тых, хто атрымаў раненні, але не мае групы інваліднасці (або адмовіўся ад яе ў маладосці, або не мае дакументальных пацвярджэнняў факта ранення). І пры гэтым стан здароўя ўжо не дазваляе працаваць.

Было на парадку дня і пытанне падтрымкі грамадскіх аб'яднанняў ветэранаў, удзельнікі і кіраўнікі якіх за ўласныя сродкі арганізуюць мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні моладзі ў школах, гімназіях, ліцэях, вайсковых часцях, выязджаюць у іншыя гарады, дзе праводзяць сустрэчы, афармляюць выстаўкі ў навучальных установах і музеях.

Міністр падкрэсліла, што вядзецца дапрацоўка закона «Аб ветэранах». І ў першым квартале бягучага года гэта работа будзе актывізавана. Усе прапановы, якія паступілі, будуць разгледжаны. У міжведамаснай групе па прапрацоўцы канцэпцыі новай рэдакцыі закона, створанай пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, удзельнічае і Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане.

Напрыканцы сустрэчы Ірына Касцевіч падзякавала ўсім удзельнікам, павіншавала з надыходзячым Днём абаронцы Айчыны і ўручыла падарункі на памяць аб сустрэчы:

— У дні гэтых лютаўскіх свят я заўсёды з гонарам і павагай гляджу на людзей у пагонах. Гэта мужчыны асаблівай адказнасці і дысцыпліны. Хтосьці атрымаў раненне, страціў здароўе, але, нягледзячы ні на што, яны настроены на пазітыў.

Аб'ём мер падтрымкі ўдзельнікаў, ветэранаў і інвалідаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, іх сем'яў залежыць ад ступені страты здароўя ў сувязі з выкананымі задачамі.

Для ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў з ліку ваеннаслужачых устаноўлена павышэнне памераў пенсій на 250  % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (з 1 лютага гэтая сума складае каля Br164), ільготнае падаткаабкладанне, а таксама гарантыі ў галіне працоўных адносін (дадатковыя адпачынкі, пераважнае захаванне рабочага месца пры іншых роўных умовах пры скарачэнні колькасці і штату работнікаў, навучанне новым прафесіям, выплата спецыяльных стыпендый).

Інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін даюцца льготы і гарантыі, прадугледжаныя для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Асноўныя — гэта бясплатнае забеспячэнне лекамі і тэхсродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэннем і аздараўленнем, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце, 50-працэнтная скідка пры аплаце тэхабслугоўвання і камунальных паслуг, паслуг сувязі.

Непрацуючым ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін з ліку ваеннаслужачых, якія атрымалі раненне, кантузію або калецтва ў перыяд баявых дзеянняў, выдзяляюцца бясплатныя лекі і тэхсродкі сацыяльнай рэабілітацыі з зацверджанага Міністэрствам аховы здароўя пераліку, даецца права на першачарговае бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, бясплатны праезд у пасажырскім транспарце.

Ветэраны баявых дзеянняў, якія сталі інвалідамі з прычыны ранення, кантузіі або калецтва пры выкананні воінскіх абавязкаў, могуць на пяць гадоў раней за надыход агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту сысці на заслужаны адпачынак. Для іх жа прадугледжана павышэнне памераў пенсій: інвалідам І і ІІ групы — на 400  % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (каля Br263), ІІІ групы — на 250  % (каля Br164). У такім жа памеры ўстаноўлена павышэнне пенсій і ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Бацькам і жонкам (якія не ўзялі новы шлюб) ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, пенсійныя выплаты павышаны на 180  % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце — каля Br118. Дзецям-інвалідам, а таксама бацькам і ўдовам інвалідаў, памерлых з прычыны ранення, кантузіі або калецтва, атрыманых пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, памер выплаты павышаны на 100  % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце — каля Br65.

Акрамя таго, названым вышэй катэгорыям аказваецца дзяржпадтрымка на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Шчыра аб набалелым

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».