Вы тут

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі пытанні маніторынгу цэн на лекі


Пытанні маніторынгу цэн на лекі абмеркавалі ўчора ў Савеце Рэспублікі на пашыраным пасяджэнні з удзелам старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяны Рунец. Як не дапусціць неабгрунтаванага росту цэн, разбіраліся не толькі прадстаўнікі верхняй палаты парламента, міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, аховы здароўя, але і фармвытворцы, і кіраўніцтва аптэчных сетак.


Як адзначыла Таццяна Рунец, паводле статыстыкі за студзень цэны на лекі выраслі на 4,6  %. Наколькі гэта абгрунтавана і звязана з ростам ПДВ, яшчэ неабходна высветліць як органам дзяржкантролю, так і сенатарам.

— Сенатарскі корпус ва ўсіх рэгіёнах падключаецца да маніторынгу цэн на лекі. Але зараз мы ставім задачу не проста паглядзець цэны ў аптэках. На мой погляд, трэба вырашаць задачу комплексна — шукаць кампрамісы з вытворцамі. Яшчэ адзін важны момант — работа з дыстрыб'ютарамі і імпарцёрамі. Як вядома, нярэдка дзейнічаюць пасрэдніцкія ланцужкі, што таксама ўплывае на канчатковую цану. Таму сенатарскі корпус у рэгіёнах, дзе працуюць фармвытворцы, будзе падключацца да аналізу іх фінансава-гаспадарчай дзейнасці.

Сенатар падкрэсліла, што пры гэтым стаіць задача не нашкодзіць і прадпрыемству:

— Дзяржаўнае рэгуляванне цэн мы павінны праводзіць комплексна, вывучаючы ўсе аспекты, каб і вытворчасць не стала стратнай. У той жа час нельга дапусціць скарачэння асартыменту лекаў на рынку, каб не ўтварыўся дэфіцыт. Гэта няпросты працэс, але мы справімся з гэтай задачай.

Намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка адзначыў, што, акрамя недапушчэння росту цэн, яшчэ адной задачай з'яўляецца абарона малазабяспечаных груп насельніцтва і людзей з невялікімі даходамі.

— Яны павінны мець доступ да лекавых прэпаратаў, якія запатрабаваны і неабходны. Пры некаторых захворваннях пэўныя прэпараты пацыенты мусяць прымаць штодзень. У нас каля 500 тысяч грамадзян, якія па сваім захворванні атрымліваюць лекавыя прэпараты бясплатна. Гэта вялікая група, і лекі ім аплачвае дзяржава. Сумесна з МАРГ, Міністэрствам фінансаў, прадстаўнікамі Савета Рэспублікі, кантрольнымі органамі, фармрынкам мы павінны гарантаваць лекавую бяспеку краіны.

Дзмітрый Чараднічэнка падкрэсліў, што палітыка Міністэрства аховы здароўя накіраваная на тое, каб усе гульцы фармрынку былі ў роўных умовах — і прыватныя кампаніі, і дзяржаўныя аптэчныя сеткі.

— Мы за тое, каб на рынку прысутнічалі не толькі айчынныя прэпараты. З задачай павелічэння іх колькасці мы ў свой час справіліся. Але, зразумела, павінны быць і прэпараты імпартнай вытворчасці, якія не вырабляюцца ў нашай краіне. Вельмі важна забяспечыць наяўнасць арыгінальных прэпаратаў, бо хтосьці прыхільнік біяаналага, а хтосьці — толькі арыгінальнага варыянта. Нельга дапусціць, каб зніклі з рынку прэпараты, якія прызвычаіўся прымаць пацыент.

Намеснік міністра паведаміў, што ў гэтым кірунку Міністэрства аховы здароўя правяло работу па спрошчанай і ўмоўнай рэгістрацыі лекавых сродкаў.

— Спрошчаная рэгістрацыя працуе нядоўга — каля двух месяцаў, але ўжо 30 новых прэпаратаў прыйшло на рынак нашай краіны па спрошчанай схеме. З'яўляюцца прэпараты і па ўмоўнай рэгістрацыі, і гэта палёгка для вытворцаў. Мы змяншаем некаторыя этапы кантролю якасці, якія ўплываюць на цану. Гэтыя прэпараты шматразова правераны заводам-вытворцам, маюць не толькі адпаведную рэпутацыю, але і задакументаваныя сертыфікаты якасці, адпаведнасці і іншае.

Намеснік міністра адзначыў, што аптэкі атрымалі магчымасць пашырыць асартымент, дзякуючы БАДам, спартыўнаму харчаванню і іншым спадарожным таварам. Нядаўна пашыраны пералік безрэцэптурнага водпуску, арганізаваны інтэрнэт-гандаль некаторымі безрэцэптурнымі прэпаратамі, які будзе зацверджаны на пастаяннай аснове пасля нармалізацыі эпідэмічнай сітуацыі.

Летась у Беларусі ўпершыню з'явілася і так званая сістэма раздзялення рызык. Згодна з ёй, краіна плаціць замежнай фармакалагічнай кампаніі толькі за тыя прэпараты і тых пацыентаў, якім лячэнне дапамагло. Найперш гэта датычыцца таргетных прэпаратаў у анкалогіі. Яны падбіраюцца індывідуальна ў залежнасці ад віду пухліны і на сёння з'яўляюцца адным з самых эфектыўных сродкаў лячэння раку.

— Сістэма раздзялення рызык у нашай краіне з'явілася ўпершыню. Але гэта сусветная практыка, і мы будзем яе працягваць, — падкрэсліў Дзмітрый Чараднічэнка.

Алена КРАВЕЦ

Фота pharma.by

Загаловак у газеце: Не дапусціць неабгрунтаванага росту

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.