Вы тут

Адкрылася ХХVІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


У сталічным выставачным комплексе «БелЭкспа» ўчора было людна. Яшчэ да ўрачыстага адкрыцця Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу наведвальнікі разглядалі кнігі і задавалі пытанні гандлярам. Хтосьці рабіў фотаздымкі з прадстаўнікамі іншых краін, якія адзеліся ў нацыянальныя яркія касцюмы. Карацей, Мінскі кніжны форум па традыцыі сабраў нямала аматараў прыгожага пісьменства і паліграфічнага мастацтва. Кнігу пандэміяй напалохаць аказалася немагчыма.


Фота БЕЛТА.

Урачыстае адкрыццё форуму пачалося з прывітальных слоў кіраўніка краіны, якія зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ: «За перыяд свайго існавання Мінскі кніжны форум стаў значнай дыскусійнай пляцоўкай не толькі для аўтараў і кнігавыдаўцоў, але і для шырокага кола інтэлектуалаў, якія любяць і шануюць якаснае друкаванае слова. Сімвалічна, што цэнтральным экспанентам сёлетняга форуму выступае Садружнасць Незалежных Дзяржаў. У трыццацігоддзе гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі Беларусь старшынствуе ў Садружнасці. Мінск заўсёды быў і застаецца прынцыповым прыхільнікам супольнасці і ўсебаковай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Знакавыя выданні дзяржаў — удзельніц СНД, прадстаўленыя на выстаўцы, закліканы садзейнічаць умацаванню гуманітарных сувязяў нашых краін і народаў».

Ад сябе Максім Рыжанкоў дадаў, што ў гісторыі існавання Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу не было ніводнага перапынку. Выключэннем не стаў і гэты напружаны з пункту гледжання пандэміі год: «Мы не маглі сабе дазволіць застацца без свята і чакалі яго з нецярпеннем, каб азнаёміцца з айчыннымі і замежнымі навінкамі».

Аб дзейнасці выдавецтва Саюзнай дзяржавы выказаўся дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор РАПОТА: «Для нас заўсёды вялікі гонар удзельнічаць у такім выдатным форуме, які адбываецца сёння. Кожны год мы робім справаздачу аб сваёй рабоце — выдавецкай дзейнасці ў межах Саюзнай дзяржавы. Натуральна, мы не можам канкурыраваць з вялікімі выдавецтвамі. Мы толькі засяроджваем сваю ўвагу на тым, каб асвятляць культуру, навуку, тэхніку — тыя сферы сучаснага жыцця, якія звязваюць нашы краіны».

Міністр інфармацыі Беларусі Ігар Луцкі адзначыў: «Беларусь была і ёсць тэрыторыяй міру і згоды. Арганізатары выстаўкі сёлета, выбіраючы цэнтральнага экспанента, вырашылі аддаць гэтае права Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На працягу доўгага часу ў Садружнасці праходзіць конкурс «Мастацтва кнігі» — гэта вельмі важнае гуманітарнае мерапрыемства, якое аб'ядноўвае людзей і краіны.

Таксама ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці кніжнага форуму прыняў спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой. Ён адзначыў, што кніга не ведае граніц і лакдаўнаў, а літаратура і мова існуюць паўзверх самых складаных палітычных калізій. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец пажадаў пісьменнікам праявіць усю моц розуму і таленту, каб зрабіць свет лепшым. Намеснік старшыні Выканаўчага камітэта СНД Бекетжан Жумаханаў зачытаў урачыстыя словы падзякі старшыні Выканаўчага камітэта Сяргея Лебедзева. Уладзімір Грыгор'еў, намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расійскай Федэрацыі, павіншаваў усіх удзельнікаў з магчымасцю аднавіць сваю дзейнасць, наладзіць дыялог і абмеркаваць тэмы, якія ўсіх цікавяць.

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА, які таксама наведаў выстаўку-кірмаш, азнаёміўся з экспазіцыяй і засяродзіў увагу на дзіцячых выданнях. «Калі б мы глядзелі толькі катэгорыямі эканомікі, то, напэўна, страцілі б цэлы пласт важнай літаратуры патрыятычнага і эстэтычнага выхавання, падручнікаў, — сказаў ён. — У такім выпадку ўсе сышлі б у пагоні за прыбыткам, умоўна кажучы, у камерцыйную літаратуру, якая выдаецца вялізнымі тыражамі. Наколькі я ведаю, практычна ва ўсіх краінах кнігавыдавецкая дзейнасць у той ці іншай ступені грунтуецца ў рэчышчы так званых дзяржаўна важных твораў. Сапраўды гэтак жа адбываецца ў той жа Еўропе. Я лічу, што гэта нармальна. Тым больш гаворка не ідзе аб нейкіх казачных сумах. Многія кнігі проста не могуць выдавацца такімі накладамі, якія забяспечылі б поўную акупнасць. Але мы бачым выдатныя кнігі, якія выдаюцца і на беларускай мове тыражамі ў 1-1,5 тыс. экзэмпляраў. Такім чынам, мы забяспечваем разнастайнасць літаратуры для дзяцей.

Урачыстая частка кніжнага форуму скончылася, а вось асноўных удзельнікаў выстаўкі — кнігавыдаўцоў — чакае напружаная праца на працягу чатырох дзён.

Выдавецкі дом «Звязда» сёлета шырока прэзентуе аўтара Кацярыну Хадасевіч-Лісавую. Яе апошняя дзіцячая кніга «Загадка прынцэсы Агнесы» закранае тэму шахмат. Здавалася б, занадта сур'ёзная тэма — але насамрэч дзеці цікавяцца мудрай гульнёй. Дый як не зацікавіцца, калі аўтарка з'явілася на прэзентацыю ў выглядзе казачнай Шахматнай Феі, ці Каралевы, і пры дапамозе яе і яе герояў засвоіць складаныя правілы аказалася так весела. Што датычыцца дарослай аўдыторыі, то Выдавецкі дом «Звязда» таксама мае чым яе зацікавіць, у першы ж дзень адбылася прэзентацыя кніг Інесы Плескачэўскай «Як разгадаць Кітай» і «Без жалезнай заслоны». У наступныя дні на нашым стэндзе таксама будзе цікава (падрабязна пра гэта мы пісалі ва ўчарашнім нумары).

Адзначым, што ў кніжным форуме ўдзельнічаюць дваццаць краін. У тым ліку свае экспазіцыі прадстаўляюць Расія, Казахстан, Іран, Венесуэла, Палесціна, Аўстрыя, Пакістан, Турцыя, Германія.

На працягу ўсіх чатырох дзён выстаўка будзе пачынаць сваю работу а 10-й гадзіне раніцы, а заканчваць — у 20.00. Звярніце ўвагу, што ў нядзелю форум скончыцца на дзве гадзіны раней — у 18.00.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Кніга не ведае граніц і лакдаўнаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.