Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Купалаўскі тэатр


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння наведаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У парадку дня значылася знаёмства з работай тэатра і гутарка з акцёрамі.


Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы» адкрылася 14 верасня 1920 года. У 1944 годзе тэатру прысвоена імя Янкі Купалы, у 1955-м — званне «акадэмічны», у 1993-м — статус «нацыянальны».

У 2010–2013 гадах будынак тэатра знаходзіліся на рэканструкцыі, адкрыццё адбылося з удзелам кіраўніка дзяржавы 29 сакавіка 2013 года.

Кожны новы сезон Купалаўскі тэатр адкрывае «Паўлінкай» Янкі Купалы. Гэтая пастаноўка з'яўляецца візітнай карткай беларускай драматургіі.

У тэатры міністр культуры Анатоль Маркевіч коратка расказаў кіраўніку дзяржавы аб стане спраў ва ўстанове і адраджэнні «Паўлінкі». Ён распавёў, што ў абноўленым спектаклі задзейнічаныя акцёры Купалаўскага з ранейшай трупы і студэнты БДУКМ і БДАМ, якія па словах Анатоля Маркевіча, добра ўліліся ў калектыў.

Пасля дакладу міністра культуры, Прэзідэнт наведаў рэпетыцыю новай «Паўлінкі».

Кіраўнік дзяржавы ўбачыў рэпетыцыю 30-хвіліннага фрагменту з 2-га акта спектаклю. Мастацкі кіраўнік пастаноўкі актрыса тэатру Вольга Няфёдава, галоўны рэжысёр — студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Зінаіда Вядзеніна. Ролю Паўлінкі выконвае студэнтка БДУКМ Анастасія Варанкова. У спектаклі ў асноўным выкарыстаны дэкарацыі і касцюмы, якія маюцца ў тэатры.

Пасля прагляду фрагменту Прэзідэнт падняўся на сцэну, дзе адбылася гутарка паміж ім і акцёрамі. Пасля ўступнага слова Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з нядаўнім Днём нараджэння Вольгу Няфёдаву (маці Паўлінкі) і Генадзя Аўсяннікава (Пранцысь Пустарэвіч), які святкуе асабістую дату як раз сёння.


«Я не шкадую аб тым, што адбылося ў гэтым тэатры»

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, размаўляючы з калектывам Купалаўскага тэатра.

«Я не шкадую аб тым, што адбылося ў гэтым тэатры. З аднаго боку — людзей убачылі, па-другое, — не было б шчасця ды няшчасце дапамагло, паглядзіце, колькі моладзі прыйшло. То бок імгненна абнавілася сапраўдная „кроў“ гэтага тэатра. Добра, што ў нас ёсць дарослыя людзі, якія дапамогуць моладзі», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што пасля падзей у тэатры вельмі перажываў за творчую інтэлігенцыю.

Прэзідэнт расказаў пра фінансаванне Купалаўскага тэатра

Па яго словах, з 2022 года сума, заробленая на пазабюджэтнай дзейнасці тэатрам, будзе роўная суме выдаткаванай з бюджэту.

«Усе сродкі, якія вы атрымаеце, — гэта будуць вашы сродкі, ваш прыбытак. Я вам скажу, як будзе не з гэтага года, а з 2022 года: што вы напрацуеце па-за бюджэтам — столькі мы вам з бюджэту дамо», — сказаў Прэзідэнт.

Ён дадаў, што калісьці такая норма была прапанавана для спартыўных клубаў і федэрацыяй.

«Зарабілі 2 мільёны долараў, 2 мільёны і мы вам дадамо з бюджэту. Пяць зарабілі, пяць дамо — і  працуй. Але я паглядзеў на вас, за мінулы год на тое і спрацавалі. Вы 45 % па-за бюджэтам зарабілі, а астатняе — бюджэтныя сродкі. Мы павінны выйсці на гэтую раўнавагу. І ў вас будзе жаданне зарабляць. Але вашы грошы — будуць у вас», — дадаў кіраўнік краіны.

На яго думку, неабходна адысці ад устанаўлення нейкіх ставак для працаўнікоў тэатра. Ён прапанаваў зрабіць у дзяржаўных тэатральных калектывах саветы па прыкладзе прыватных арганізацый, у якія ўвойдуць ад 3 да 5 чалавек. Яны будуць мець права разам з дырэктарам размяркоўваць грашовыя сродкі.

«Яны няхай абяруць гэты савет. І хай яны самі дзеляць гэтыя грошы, якія мы ім аддамо. Гэта павінна быць усюды, ва ўсіх 29 калектывах. Прадумайце гэтую ідэю. Гэта не спантанна мною выказана», — канстатаваў Прэзідэнт.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, гэта дапаможа вывесці тэатр на большую самастойнасць і рынкавыя адносіны.

«Галоўнае, каб у тэатр ішлі людзі»

Актрыса Вольга Няфёдава падзякавала Прэзідэнту за ўвагу да галоўнага тэатра краіны.

«Я прыйшла ў тэатр у 1992 годзе пасля інстытута, заспела яшчэ стары будынак, напалову разбураны, я ведаю, што канкрэтна вы зрабілі. Вы зрабілі з тэатра тэатр, нацыянальны, акадэмічны, а гэта душа, — сказала яна. — І канкрэтна вы накіравалі, вы далі, і падняліся мы з руінаў. У нас былі такія грымёркі, што мама не гаруй! Страх быў гасподні. А зараз і прыбіральні, і душы, усё створанае для таго, каб мы тварылі сапраўды, бо Купалаўскі — гэта душа нацыі. І менавіта вы канкрэтна. Вы ж маглі не заўважыць, маглі адцягнуць увагу на іншыя дзяржаўныя справы, таму менавіта па вашай ініцыятыве, па вашай волі, і мы гэта ведаем, і вельмі цэнім. І я не стамлюся вам дзякаваць за гэта, за тое, што мы сапраўды ў годных, выдатных умовах. У нас такая тэхніка, якой няма ў іншых тэатрах, нават маскоўскіх».

Актрыса расказала пра тое, як адбывалася аднаўленне «Паўлінкі» і пра далейшыя планы тэатра.

«Зараз рэпеціруецца „Вечар“ для аднаўлення, таксама ўводзім новага чалавека на ролю Васіля. Потым у нас у планах „Зямля Эльзы“. Гэта ўсё тое, што належыць Купалаўскаму тэатру і тое, што наша, тое, што было, мы гэта адраджаем. Акрамя таго, у нас ёсць у праектах некалькі пастановак, якія мы мастацкім саветам будзем абмяркоўваць: вельмі добрая трагікамедыя пра тое, што жыццё працягваецца. Не тое, што трагедыя і ўсе плачуць, але жыццё працягваецца. Мы жывём далей», — паведаміла яна.

Актрыса закранула тэму фінансавання, без якога, на яе думку, тэатру на дадзеным этапе не абысціся. Яна выказала спадзяванне, што дзяржаўная падтрымка Купалаўскаму будзе аказаная.

«За намі за ўсімі, за трупай стаіць яшчэ калектыў каля 100 з нечым чалавек, у якіх ёсць сем’і, дзеці. Яны ўсе сядзяць на капейках гэтых, якія мы атрымліваем усе — не выжыць. Усе стойкія, усе трымаюцца, усе не прадаюць, не здаюць, бо ёсць перакананні, ёсць душа, ёсць самае галоўнае: Радзіма, і тое, што мы сапраўды дорым сваю душу ў імя чаго? У імя самага галоўнага. Але калі акцёраў новых набіраць, ім таксама павінны быць аклады нейкія, для пастановак таксама. Таму проста вельмі просім вас аднавіць фінансаванне, пасадзейнічаць гэтаму, каб мы ішлі далей, развіваліся і з гонарам неслі (гэта не пафасныя словы, як бы ты ні круціў) сцяг нашага мастацтва, бо мы, дзякуючы вам, нам усім, мы флагманы, нават вось такія чатыры чалавекі (штатныя акцёры тэатра, якія задзейнічаныя ў адноўленай «Паўлінцы» — «Зв.») плюс новенькія маладыя людзі 15 чалавек, мы ўсё роўна ім застанёмся, бо воля — яна непарушная», — сказала Вольга Няфёдава.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ў сёлетні дзяржаўны бюджэт па яго даручэнні былі закладзеныя сродкі на Купалаўскі тэатр. Ён параіў стварыць пры тэатры савет з сумленных і прыстойных людзей, каб размяркоўваць гэтыя грошы і вырашаць пытанне з колькасцю штатных работнікаў у тэатры.

«Так усе тэатры павінны працаваць. І праз год, у наступным будзе прынцып: зарабілі 5 мільёнаў — 5 мільёнаў дадаткова атрымаеце, 10 — 10 атрымаеце, 2 — 2 атрымаеце. Але ў прынцыпе вы ўжо на гэта выйшлі. Колькі бюджэт дае, столькі і вы зарабляеце. Таму я нічым не рызыкую, але падстрахуюся ў наступным годзе. А сёлета, вядома, мы дапаможам вам».

Галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, каб у тэатр ішлі людзі.

«Нацыяналізм — гэта не толькi валоданне беларускай мовай, а імкненне зрабіць нешта, што застанецца ў народнай памяці»

Такую думку Прэзідэнт выказаў у размове з калектывам Купалаўскага тэатра.

Ён дадаў, што сам заўсёды імкнуўся рабіць так, каб у народа былі традыцыі. Палітычная традыцыя, па яго словах, — штогадовае выступленне Прэзідэнта з Пасланнем парламенту і беларускаму народу і кожныя пяць гадоў Усебеларускі народны сход.

«Вы таксама сталі нават не традыцыяй, а сімвалам нашага народу. Таму заўсёды трэба ствараць тое, што будзе цябе адрозніваць ад іншых. І ў гэтым будзе добры нацыяналізм, за што мяне ў Расіі часам крытыкуюць і папракаюць. Але я кажу: я ж Прэзідэнт Беларусі. Пры ўсёй любові да расіян, я — Прэзідэнт Беларусі. Таму я буду рабіць усё, што трэба нашым беларусам, тое, што нас будзе адрозніваць. Ад рускіх таксама», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, руская мова нароўні з беларускай — багацце нашага народу.

«Нам ад гэтай спадчыны (рускай мовы — «Зв.») адмаўляцца нельга. Вы ўсе разумееце, асабліва рэктары нашых ВНУ, што мова — гэта жывое, тое, што пастаянна развіваецца», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён працягнуў, што ні творчыя работнікі, ні палітыкі не маюць права на спешку ў сваёй дзейнасці.

«Мы павінны акуратна весці палітыку на гэтым кавалку зямлі. Гэта наша, мы больш не просім і ні ў кога не павінны прасіць. Гэта наша, але мы міліметра нікому не аддамо», — заявіў кіраўнік краіны.

«Гэты тэатр больш за 100 гадоў існуе, і народ яго проста абагаўляе. І нават калі з намі здарылася гэтая бяда, усё роўна акцёры іншых тэатраў — яны ўсё глядзяць: як мы, што мы, ствараем што. Ён заўсёды быў вызначальным, на яго заўсёды глядзелі і цяпер глядзяць, думаюць: калі ж?» — адзначыла на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы артыстка тэатра Тамара Міронава. 

Яна лічыць, што маладое пакаленне трэба выхоўваць на нацыянальных каштоўнасцях і культуры і ў меншай ступені арыентавацца на Захад. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу на вялікую колькасць замежных, запазычаных слоў на гарадскіх шыльдах, у рэкламе, у назвах крамаў і гэтак далей.

На сустрэчы з Прэзідэнтам закраналіся таксама пытанні падбору кадраў для тэатра, пошуку рэжысёраў і мастацкага кіраўніка, магчымасці дзяржаўнай падтрымкі як тэатра ў цэлым, так і творчых работнікаў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву горада разгледзець магчымасць пабудаваць для творчых работнікаў маласямейныя інтэрнаты накшталт тых, што ёсць для медработнікаў у Бараўлянах. 

 

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Гродзенскі заапарк без страт выходзіць з зімоўкі і рыхтуецца да новага сезона

Літаральна нядаўна з'явіўся і першы ў гэтым годзе прыплод.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.