Вы тут

Пра што раскажуць кітабы?


Гэтыя манускрыпты ствараліся з XVІ стагоддзя татарамі, якія пасяліліся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Спачатку кітабамі называлі асобны від літаратуры, а пасля згаданым тэрмінам даследчыкі сталі абазначаць наогул усю рукапісную спадчыну татараў Вялікага Княства Літоўскага і іх нашчадкаў.


Сяліцца на тэрыторыі княства татары пачалі з XІV — XV стагоддзяў. Паступова яны асіміляваліся, пераходзілі на мясцовую мову, але пры гэтым стараліся захаваць уласныя традыцыі і рэлігію, а для гэтага перакладалі на звыклую ўжо мову Каран і іншыя кнігі.

А цяпер уявіце тэксты, напісаныя арабскім пісьмом, справа налева, суцэльным радком без падзелу на словы і без вялікіх літар, у якіх дамінуе тагачасная беларуская народна-дыялектная мова.

Якім ашаламляльным адкрыццём для даследчыкаў сталі гэтыя рукапісы! Тым больш што пісьмовых беларускамоўных крыніц XVІІ і XVІІІ стагоддзяў захавалася вельмі мала.

Кітабы пісаліся на розных мовах, але беларускай належыць асаблівая роля. Па-першае, менавіта яна стала той моўнай асновай, на якой утварылася такая этнаканфесійная група, як беларускія мусульмане. Па-другое, менавіта дзякуючы даследчыкам беларускай мовы навукоўцы звярнулі ўвагу на рукапісныя крыніцы татараў ВКЛ.

Тут можна згадаць два важныя перыяды — пачатак ХХ стагоддзя, калі шэраг выдатных вучоных, грамадскіх дзеячаў зрабілі значны ўнёсак у вывучэнне кітабаў. А пачалося ўсё з работы Івана Луцкевіча, які паказаў, што ў гэтых каштоўных пісьмовых крыніцах захаваны адбіткі моўнай сітуацыі XVІІ і XVІІІ стагоддзяў, наогул гісторыі мовы. І гэта адкрыццё на той час было сапраўднай бомбай, якая «ўзарвала» навуковую грамадскасць, і даследчыкі кінуліся вывучаць усю тую інфармацыю, што захавалася дзякуючы татарскім манускрыптам. Праўда, неспакойныя 1930-я гады перарвалі гэтыя пачынанні.

Зноў да кітабаў навукоўцы звярнуліся толькі пасля Другой сусветнай вайны, тут ужо — дзякуючы рабоце прафесара Віленскага ўніверсітэта Антона Антановіча. Дарэчы, у акадэмічнай бібліятэцы ёсць кніга з аўтографам гэтага вучонага, якую ён падпісаў для Пятра Глебкі.

Работа Антановіча «Беларускія тэксты арабскім пісьмом», зробленая ў 1968 годзе, натхніла ўжо даследчыкаў з розных краін. З кітабамі разам з беларусамі працуюць іх калегі з Польшчы, Літвы. Да мовазнаўцаў далучаюцца спецыялісты іншых кірункаў — рэлігіязнаўцы, гісторыкі, культуролагі. І кожны знаходзіць сваю падставу для захаплення, бо цікавыя тут не толькі моўныя адзінкі і формы (ствараючы кітабы, татары імкнуліся перадаць тутэйшыя словы з максімальнай дакладнасцю, і цяпер па іх можна вывучаць у тым ліку і фанетычныя асаблівасці старой беларускай мовы). У кітабах адлюстраваныя побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял як для лінгвістаў, так і для этнографаў. Акрамя рэлігійных тэкстаў, сустракаецца і шмат побытавых запісаў. Тут можна знайсці ўсходнія легенды і казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульманскіх рытуалаў, павучанні для падрастаючых пакаленняў, замовы, варажбу.

Тут хопіць работы яшчэ не аднаму кітабісту (калі раней гэты тэрмін прыводзілі паўжартам, то сёння ён трапляецца ўжо ў навуковай літаратуры). Так, калі гісторыі татараў раней прысвячаліся работы, то мала хто закранаў іх літаратуру, пісьменства, узаемаадносіны з мясцовай супольнасцю. Цікава, як спалучалася ў гэтых крыніцах шмат моў, пры гэтым розныя мовы маглі выконваць свае асаблівыя функцыі. Так, на арабскай мове, сакральным складніку ісламу, пісаліся цытаты з Карана, а каментарыі да іх (напрыклад, як трэба чытаць тую ці іншую малітву, як зрабіць пэўны рытуал) пісаліся на мове штодзённага ўжытку, якой карысталіся тутэйшыя татары.

Пакуль яшчэ не закрыта пытанне аб колькасці кітабаў. Іван Луцкевіч лічыў, што яму пашчасціла знайсці ці не адзін з апошніх рукапісаў, што захаваліся са старых часоў. Пазней аказалася: такіх крыніц — мора. Кола ведаў пра татарскую пісьмовую спадчыну пашыраецца, каталогі, што апісваюць гэтыя помнікі, выходзяць у Беларусі, Польшчы, Літве.

Нават у ХХІ стагоддзі беларускія даследчыкі ў экспедыцыях па Беларусі выйшлі на новыя крыніцы. Яны рабілі электронныя копіі рукапісаў, якія захаваліся ў прыватным уладанні татарскіх сем'яў. Такім чынам было зроблена больш за 200 копій рукапісаў. Яны ўвайшлі ў асобны каталог, у дадатак да якога ідзе дыск. У планах — змясціць рукапісы і іх апісанне ў інтэрнэце.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Унікальныя крыніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».