Вы тут

Чаму людзі, нават 35-гадовыя, не кажучы пра старэйшых, лёгка «вядуцца» на віртуальных махляроў


Ну вось нарэшце і мне пазванілі. А то амаль усе калегі, усе знаёмыя ўжо камунікавалі з вайбернымі «супрацоўнікамі Беларусбанка», якія папярэджваюць пра спробы спісання грошай з карткі. Днямі, напрыклад, з прадстаўніцай Столінскай сацыяльнай службы размаўляла, дык яна расказвала, як яе страшылі, маўляў, з вашай карткі спрабуюць разлічыцца ў краме Масквы. Мне сказалі проста, што зафіксавана дзве спробы спісання сродкаў з маёй банкаўскай карткі.


Дыктуюць нумар

Але я была падрыхтаваная да такой камунікацыі. І ад мяне ён дакладна не чакаў пачуць:

— Я так чакала вас, так даўно чакала! — гаварыла з прыдыханнем, горача, згадаўшы ўвесь свой досвед школьна-самадзейнага тэатра. Хлопец на тым канцы Vіber крыху сумеўся. Але ненадоўга, потым зноў стаў гаварыць, праўда, без папярэдняга наступальнага імпэту. А калі я сказала, што меней за мільён на картцы не трымаю і цалкам упэўненая ў трох ступенях абароны, суразмоўнік яшчэ больш засумаваў. Праўда, ён яшчэ раз паспрабаваў загаварыць гулліва, нібы ў тон мне, але, здаецца, канчаткова зразумеў, што тут не свеціць. Карацей, да прапановы паведаміць нумар карткі ды іншыя даныя так і не дайшло. Ды і ніхто з маіх знаёмых на гэтую дурніцу, што называюць замежным словам «вішынг», не папаўся. Ну столькі ж пішацца, гаворыцца, дзіўна было б — скажаце вы. Вось і мне дзіўна, гэта калі вельмі мякка сказаць, было чытаць зусім нядаўна ў зводках здарэнняў пра бяду 34-гадовай брастаўчанкі.

Прайдзісвет пазваніў ёй на Vіber 8 лютага з дзяжурным тэкстам пра тое, што нехта спрабуе спісаць з яе банкаўскага рахунку буйную суму. А для таго каб спыніць незаконную аперацыю, яна павінна паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі. Жанчына, нібы адурманеная віртуальным ілжэбанкірам, прадыктавала ўсе звесткі. Пасля гэтага з яе сумеснага з мужам рахунку было ўкрадзена больш за 43 тысячы рублёў.

Ну я яшчэ магу дапусціць, што магчыма з наскоку пераканаць вясковую бабульку ці зусім пажылую гарадскую пенсіянерку, ды і то яны цяпер пільныя. Але каб маладая сучасная жанчына... Магу дапусціць, што яна газет не чытае, тэлевізар не глядзіць. Няўжо інфармацыйныя сайты не адкрывае? Цяпер жа, здаецца, кожны прас расказвае пра віртуальных махляроў, і ў канцы кожнага паведамлення даюцца рэкамендацыі, як сябе паводзіць. Зноў жа, сума на рахунку гаворыць за тое, што дама не прадстаўніца сацыяльнага дна, якая жыве ў інфармацыйным вакууме, працуюць з мужам, даход маюць.

Толькі ж нядаўна, тыдні за два да яе бяды, усе брэсцкія сайты паведамлялі, як пацярпела 48-гадовая брастаўчанка. Цікава, што незнаёмец у гэтым выпадку гаварыў кабеце аб спробе спісання з рахунку, адкрытага не ў тым банку, дзе яна трымае грошы. Яна сама потым назвала і банк, і звесткі па карце. Адным словам, укралі ў яе звыш 16 тысяч рублёў...

Дапусціць, што наша маладая гераіня працавала недзе за мяжой, прыехала толькі-толькі, не ведае пра размах віртуальных махляроў, зусім не выходзіць. Пандэмія, ніхто асабліва не ездзіць. Тады што? Не знаю, няма ў мяне адказу. Хіба толькі яны выкарыстоўваюць нейкія прыёмы вытанчанага псіхалагічнага ціску, накшталт гіпнозу, што на асобных людзей дзейнічае.

Ветлівыя калектары

І галоўнае, што гэтыя махляры надзвычай знаходлівыя, увесь час мяняюць тактыку, удасканальваюць формы і метады. Вось цяпер яны нярэдка рэкамендуюцца «калектарамі» — работнікамі службы па спагнанні даўгоў. Такія выпадкі зафіксаваныя ў вобласці — паведамілі ў Брэсцкім абласным УУС. І нагадалі, што ў дзеючым заканадаўстве РБ няма азначэння калектара, калектарскай дзейнасці альбо калектарскага агенцтва, а пытанні па спагнанні даўгоў адрэгуляваныя і дакладна прапісаныя.

А махляры ў спадзяванні на прававую неадукаванасць, у справядлівым, дарэчы, спадзяванні з энтузіязмам узяліся за асваенне новага кірунку. Яны тэлефануюць на месенджар, рэкамендуюцца калектарамі (слова нашы грамадзяне ведаюць па расійскіх серыялах. — Аўт.) і паведамляюць аб наяўных запазычанасцях.

Яны запэўніваюць суразмоўцу, што той мае даўгі перад банкам, фірмай па мікрапазыках, альбо яго сваякам трэба тэрмінова выкупіць маёмасць у ламбардзе. Тэлефонныя абаненты не размаўляюць груба, не пагражаюць, яны падкрэслена ветлівыя, яны просяць выплаціць доўг, перавесці грошы на іх рахунак. Інакш... яны будуць вымушаныя нанесці візіт даўжніку. Далей наш чалавек успамінае сюжэты памянёных серыялаў, пужаецца і пераводзіць грошы сам і добраахвотна. На жаль, былі такія выпадкі.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў раяць найперш захоўваць спакой. Атрымаць больш інфармацыі пра таго, хто пазваніў: запісаць яго імя і прозвішча, месца работы, пасаду, нумар тэлефона, а потым сказаць, што ператэлефануеце і пакласці трубку. І галоўнае, не варта плаціць невядома каму па званку, нават калі вы маеце рэальныя даўгі. Яны ж нікуды не дзенуцца нават пасля таго, як адорыце махляроў.

«Генерал» з часовымі праблемамі

Пра віртуальных «палкоўнікаў» і «генералаў» песня старая, але, здаецца, ёй не будзе канца. Пісала, памятаю, на гэтую тэму калонку гады са два таму. Калегі пісалі і раней, і пазней. Здаецца, ужо ўсіх «паняў крышку ў гадах» праінструктавалі, як трэба вуха трымаць востра з палкоўнікамі, і асабліва генераламі, і асабліва ўзброеных сіл ЗША, якія стаміліся ад вайны і паходаў, так хочуць спакою і ласкі ад добрых беларускіх жанчын. Яны ж такія фатаграфіі дасылаюць: мужныя твары, гонар і годнасць у вачах, баявыя ўзнагароды ў тры рады... Спадарыні, ім не ласка ваша патрэбная, а вашы грошы.

Здымак героя вашага рамана можна загугліць і знайсці ў інтэрнэце. Ну а калі махляр профі, можа, і не знойдзеце, то хоць звярніце ўвагу на тэкст. Сапраўднаму вайскоўцу больш да твару было б класічнае: «Я салдат. І не знаю слоў любові», а не саладкавата-саплівыя маналогі пра вашу прыгажосць і дабрыню, зноў жа інтэрнэтнага паходжання, якія сотнямі ці, можа, тысячамі рассылаюцца дурніцам ва ўсе канцы свету.

Перапіска часам цягнецца месяцамі. І жанчына так пранікаецца пачуццямі да свайго «генерала-мільянера», што па першым яго закліку бяжыць і пераводзіць грошы. Бо ў яго раптам узнікаюць фінансавыя праблемы, часовыя, вядома.

Паводле слоў начальніка аддзела Брэсцкага абласнога УУС Андрэя ХРЫСЦЮКА, часцей за ўсё жанчыны пералічваюць грошы на рахункі, якія адкрыты ў краінах Афрыкі. Ён жа ваюе недзе ў Сахары, як яму не дапамагчы, нават калі і з невялікай пенсіі?

Летась брастаўчанка некалькі разоў пералічвала грошы на падазроны замежны рахунак. Супрацоўніцы банка ёй казалі, што аддае грошы махляру, яна не паверыла ім. За тры разы сума пераводаў перавысіла 1000 долараў. Потым яна ўсё ж прыйшла ў міліцыю. Чаго ўжо было ісці? А іншыя, думаю, і не прыходзяць.

Адной такі вось «генерал» сам прыслаў картку з «мільёнам долараў» на рахунку. І папрасіў яе разблакіраваць, здзейсніць невялікую пакупку. Калі гэта не атрымалася зрабіць у вашай краіне, не страшна, пісаў ён. Каханы далей паведаміў, што трэба звярнуцца да «спецыялістаў-міжнароднікаў», яны за пэўную суму збяруць патрэбны пакет дакументаў, каб пацвердзіць легальнасць грошай, тады яна атрымае запаветны мільён. І яна плаціла «міжнароднікам».

Калі ўсім сэрцам верыць у такія вось выкрунтасы авантурыстаў, то як кажа адзін мой калега: «Нічым нельга дапамагчы. Гэта ўжо клініка, дыягназ». Не кажу ўжо пра тых, якія высылаюць махлярам інтымныя фота ў доказ сваіх пачуццяў. І ўсё гэта разам наводзіць на сумныя разважанні. Калі людзі так лёгка вераць любому віртуальнаму махляру, незнаёмаму тэлефоннаму абаненту, лёгка паддаюцца на ўгаворы, значыць людзьмі не вельмі цяжка маніпуляваць наогул.

Так што чакайце, калі вам патэлефануюць альбо напішуць. Але чакайце, каб зламыснік, а не вы, застаўся ні з чым.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Я вас не чакала»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.