Вы тут

Наколькі складана вырошчваць у Беларусі вінаград?


У некаторых атрымліваецца вырасціць «сонечную ягаду» і ў нашым клімаце

Вінаград нельга назваць зусім чужой айчынным садаводам культурай. На тэрыторыі нашай краіны вінаградарства мае дастаткова доўгую гісторыю, якую сёння працягваюць энтузіясты.


Лазу, якая ў нашай свядомасці трывала асацыюецца з цёплым кліматам і вінаробнымі краінамі, пачалі актыўна вырошчваць на беларускай зямлі яшчэ пры Боне Сфорца, у XVІ стагоддзі. Менавіта каралева польская і вялікая княгіня літоўская, што да замужжа насіла тытул прынцэсы міланскай, стала актыўна развіваць вінаградарства ў ВКЛ. Другі штуршок вырошчванню вінаграду на беларускіх палях быў дадзены ўжо ў ХХ стагоддзі — у 1960-я, пры Хрушчове. Тады на поўдні нашай краіны, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях, былі створаны цэлыя калгасы, якія спецыялізаваліся на вырошчванні вінаграду. Сёння прамысловыя вінаграднікі ў Беларусі ёсць толькі на Пінскім вінзаводзе. А вінаградарства ў нашай краіне развіваюць аматары.

Лаза, якая дорыць маладосць

У НДІ пладаводства ў Самахвалавічах сабрана калекцыя з больш чым 500 сартоў вінаграду. А на дачных і прысядзібных участках сяброў клуба «Паўночны вінаград» расце каля 800 сартоў — і гэты спіс пастаянна пашыраецца.

— Клуб існуе з 2000 года, — расказвае яго цяперашні старшыня, навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур РУП «Інстытут пладаводства» Уладзімір Усцінаў. — Арганізаваў клуб 20 гадоў таму доктар сельскагаспадарчых навук Рамуальд Лойка. Цяпер у сувязі з пандэміяй мы прыпынілі пасяджэнні, але ў найбліжэйшыя дні адновім іх.

Тым больш што люты — час абмену чаранкамі вінаграду і іх укаранення, каб маладая расліна паспела падужэць перад пасадкай.

У не­ка­то­рых эн­ту­зі­яс­таў атрым­лі­ва­ец­ца вы­рошч­ва­юць на Бе­ла­ру­сі ві­на­град —  і ві­на­град­ні­кі да­юць доб­ры ўра­джай.

— Удзельнікі нашага клуба — а гэта больш за 150 чалавек — у асноўным людзі сталага ўзросту, за 50 гадоў. Але ёсць у Беларусі і маладыя вінаградары, і мы трымаем з імі сувязь, — расказвае суразмоўнік.

Вінаград — культура працаёмкая і ў нашым клімаце — грашова затратная. Што прымушае людзей спрабаваць увасобіць у жыццё забыты савецкі лозунг «На Марсе будуць яблыні квітнець!»?

Вінаград жыве ад 50—70 да 100 гадоў — пры добрым доглядзе гэта вельмі даўгавечная расліна. А неабходнасць у нашых набліжаных да экстрэмальных для гэтай расліны ўмовах пастаянна клапаціцца аб цеплалюбівых кусціках, як аб хваравітым дзіцяці, дае пажылым людзям матывацыю і не дазваляе зацыкліцца на ўласных праблемах, кажа Уладзімір Усцінаў. Пенсіянеры з клуба вінаградараў цэняць магчымасць адчуць сябе датычным да карыснай справы — развіцця беларускага вінаградарства.Плюс зносіны з аднадумцамі. Гэта дорыць пажылым людзям сілы жыць і не здавацца ў палон узросту, бо старэць няма калі — хутка новы дачны сезон. А для маладых вінаградараў гэта свайго роду выклік — вырасціць цеплалюбівую культуру далёка за межамі яе кліматычнай зоны і атрымаць ураджай.

Колер і смак

Старшыня клуба беларускіх вінаградараў Уладзімір Усцінаў узначальвае кірунак развіцця вінаградарства і ў НДІ пладаводства. Ён кажа, што ў беларускім клімаце можа расці больш за тысячу сартоў і гібрыдных формаў гэтай культуры. З усяго гэтага багацця на сённяшні дзень у Дзяржаўны рэестр сельскагаспадарчых раслін Беларусі ўнесены 17 сартоў вінаграду, раянаваных у нашай краіне. Уласнай селекцыяй цеплалюбівай культуры, не прыстасаванай для нашых умоў, беларускія навукоўцы не займаюцца, іх задача — інтрадукцыя сартоў вінаграду, выведзеных у іншых краінах, то-бок вывучэнне іх паводзінаў у нашай кліматычнай зоне. Зрэшты, селекцыяй займаюцца некаторыя энтузіясты-садаводы на сваіх сотках.

Сталовыя сарты вінаграду ў Беларусі вырошчваць праблематычна.

— Трэба разумець, што мяжа зімаўстойлівасці сталовых сартоў — мінус 24 градусы. А ў гэтым лютым, напрыклад, дзе-нідзе па краіне ўжо была зафіксаваная тэмпература -31, — адзначае спецыяліст. — Каб атрымаць ураджай, такі вінаград важна накрываць на зіму — таму сталовыя сарты ў Беларусі практычна непрыдатныя для прамысловага вырошчвання.

А прыватнікі вырошчваюць сталовы вінаград паспяхова — сарты ранняга тэрміну паспявання «Красуня», «Антрацыт» (народная назва «Чарлі»), «Лізавета», «Юпітэр», «Цытрын», «Кадранка»... Вырошчваюць і больш цеплалюбівыя сарты — ў цяпліцах. Як правіла, ураджай сартоў позняга тэрміну паспявання добра захоўваецца пры халодных станоўчых тэмпературах (як яблыкі): здымаеце гронкі ў канцы верасня — кастрычніку і ясце аж да сакавіка. І можна забяспечыць сабе, напрыклад, шыкоўную раніцу 1 студзеня з уласным вінаградам. А можна — і з уласным вінаградным віном.

Аме­ры­кан­скі сорт «Аль­фа» ў цёп­лых кра­і­нах вы­рас­тае вось та­кі. А ў нас — не вы­спя­вае. Дач­ні­кі вы­рошч­ва­юць  яго час­цей за ўсё з дэ­ка­ра­тыў­ны­мі мэ­та­мі.

Дарэчы, аб віне. Так званыя тэхнічныя сарты (створаныя адмыслова для вытворчасці соку і віна) менш патрабавальныя і лепш растуць у нашым клімаце. Калі сталовыя сарты ў нашых вінаградараў у асноўным «родам» з поўдня Расіі і з Украіны, то ў «тэхнічным» сегменце цалкам чакана пераважаюць дасягненні французскіх селекцыянераў: сарты «Маршал Фош», «Ляон Міё». Таксама вырошчваюць айчынныя энтузіясты-вінаробы амерыканскія сарты вінаграду — «Маркет», «Скандзіа», «Франціньяк»; «Рэгент» і «Салярыс» нямецкай селекцыі, венгерскія «Крышталь», «Біянка», «Агрыя».

Сваё віно

— Развіццю вінаградарства ў нашай краіне перашкаджае і адсутнасць закона аб вінаградзе і віне, — мяркуе суразмоўнік. — Дакументы, якія рэгулююць на заканадаўчым узроўні вытворчасць і продаж віна прыватнымі асобамі, што маюць уласныя вінаграднікі, існуюць ва ўсіх сумежных з Беларуссю дзяржавах. Прыняцце такога закона ў нашай краіне магло б стаць штуршком да развіцця беларускага вінаградарства. А цяпер важдацца з вінаградам у прамысловым маштабе для многіх проста няма сэнсу. Ёсць, вядома, энтузіясты, але іх мала.

Вытворчасць уласнага віна — яшчэ адзін фактар, які робіць вінаградарства прывабным для тых, хто ім захапляецца. Цалкам «экалагічна чыстае» віно з вінаграду, дарэчы, атрымаць амаль немагчыма.

— Вырошчваць вінаград абсалютна без апрацовак праблематычна — ён будзе хварэць, — кажа спецыяліст. — Але прыватнікі робяць 3-4 апрацоўкі ў сезон, а на прамысловых вінаградніках колькасць апрацовак можа дасягаць 20 і больш.

І ўсё ж віно з уласнага ўраджаю вінаграду (калі ўсё было зроблена правільна), карыснейшае за многія з тых вінаў, што вырабляюцца прамысловым спосабам.

— Набываючы віно ў краме, мы можам толькі спадзявацца на добрасумленнасць вытворцы, — адзначае Уладзімір Усцінаў. — Хімічная прамысловасць у нашы дні актыўна развіваецца: часам прасцей вырабіць напой, змяшаўшы ваду, спірт, смакавая дабаўка і фарбавальнік, і наўрад ці, калі вы не самелье, зможаце адрозніць па смаку такую падробку ад сапраўднага віна. А вырасціўшы вінаград сваімі рукамі і зрабіўшы з яго віно, вы будзеце ўпэўненыя ў якасці прадукту.

Вы­твор­часць улас­на­га ві­на­град­на­га ві­на — яшчэ адзін фак­тар, што ро­біць ві­на­гра­дар­ства пры­ваб­ным для са­да­во­даў.

Тэхналогія вытворчасці дамашняга вінаграднага віна складаная і мае шмат нюансаў і тонкасцяў. Віно, зразумела, павінна быць натуральнае, без дадавання цукру — толькі ягады і вінныя дрожджы (прычым колькасць дражджэй розная для кожнага сорту вінаграду). Можна абысціся і без дражджэй, толькі ягаднай масай. Але ў гэтым выпадку віно не атрымаецца, калі, напрыклад, сабраць ягады адразу пасля дажджу: вада змые бязважкі налёт на іх паверхні, так званыя «дзікія дрожджы».

Якое вінаграднае віно можна зрабіць у дамашніх умовах? У асноўным сухое і паўсухое, белае і чырвонае. Па цукрыстасці вінаград, вырашчаны ў нашых шыротах, не параўнаецца з паўднёвым, і каб атрымаць паўсалодкае віно, у вінаматэрыял дадаюць фруктозу. Ёсць сарты вінаграду, віно з якіх ужываецца маладым, ёсць і тыя, напоі з якіх трэба вытрымліваць. Некаторыя энтузіясты-вінаробы вытрымліваюць у дубовых бочачках віно з уласнага вінаграду 5, 10 і нават больш гадоў, расказвае Уладзімір Усцінаў. У гэтым выпадку штогод праводзіцца пераліў і дэгустацыя напою, каб пераканацца, што няма пагаршэння яго якасці.

Зрэшты, турбавацца з вытворчасцю ўласнага віна зусім не абавязкова. Самы просты і нескладаны спосаб вырошчвання вінаграду айчыннымі дачнікамі — проста як дэкаратыўнай культуры. Дарэчы, звыклая лаза, што абвівае дачныя альтанкі, з зеленавата-сінімі гронкамі і дробнымі ягадамі («для прыгажосці», а не для таго, каб іх есці) — гэта вінаград амерыканскага сорту «Альфа» (у народзе «Ізабэла»). Проста ў нас ён не выспявае да чарнаты.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Паўночны вінаград

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.