Вы тут

У Мінску паказалі першы кампактны самазвал з гідраўлічным кранам-маніпулятарам


У Мінску паказалі першы кампактны самазвал «Мацак» («Крепыш») з гідраўлічным кранам-маніпулятарам. Такія аўтамабілі пачаў збіраць беларускі вытворца «Аксіём-груп» на сваіх вытворчых плошчах у сталіцы.


Самазвал AGD08M мае амаль што беларускія карані: ён спраектаваны і сабраны ў Мінску. Праўда, у яго аснове — шасі японскага паходжання. Даўжыня — крыху больш за шэсць метраў, але ў гэтым і ёсць перавага. Машына атрымалася спрытная і манеўраная: лёгка ездзіць у складаных закутках і прабіраецца ў абмежаванай прасторы.

А вось самазвальнае абсталяванне ў грузавіку роднае — выраблена ў Беларусі. Здольна перавозіць да 3500 кілаграмаў грузу і выконваць разгрузку на тры бакі. Вышыня бартоў дасягае метра, што забяспечвае прыстойную кубатуру тавараў, што перавозяцца. Уласна кажучы, адсюль і назва «Мацак»: габарыты машыны невялікія, а вось сілы «волатаўскія».

Самазвал абсталяваны кранам-маніпулятарам, сабраным італьянскім вытворцам. Каб работа ішла хутчэй, паклапаціліся аб пульце дыстанцыйнага кіравання і гідраўлічнай лябёдцы. Акрамя таго, можна кіраваць металічнай «рукой» з грузам з бяспечнага месца.

У самазвала ёмістая «японская» кабіна, дзе могуць знаходзіцца адразу тры чалавекі. У базавую камплектацыю ўваходзяць кандыцыянер і электрычны пакет.

«Нічога падобнага ў Беларусі раней не збіралі. Калі вобразна, мы злучылі ў аўтамабілі японскую надзейнасць, італьянскую якасць і беларускую стараннасць. Было важна зрабіць машыну кампактнай, так як гэта спрашчае яе эксплуатацыю і зніжае выдаткі, але ў той жа час ёмістай і функцыянальнай, з хуткай загрузкай і разгрузкай. Мы чакаем на яе вялікі попыт сярод беларускіх прадпрыемстваў», — прагназуюць вытворцы.

Дарэчы, першыя пяць машын ужо перададзены буйному прадпрыемству ЖКГ. Неўзабаве рушаць следам і іншыя — на прадпрыемстве чакаюць нямала заказаў ужо сёлета.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Спецыялісты расказалі пра асаблівасці функцыянавання АЭС

Пра кантроль за станам АЭС расказалі эксперты Дзяржатамнагляда.