Вы тут

Краязнаўчымі сцяжынкамі па Кобрыне і ваколіцах


Па Кобрыншчыне і Кобрыне вандраваць, здаецца, можна бясконца. І звяртаючыся да жыццяпісаў многіх сыноў і дачок гэтай славутай старонкі — таксама. Несумненна, біяграфія краю бязмежная. 


І ў асобе кожнага земляка мы бачым выключнае прыцягненне да роднай старонкі, чулую павагу да зробленага і здзейсненага папярэднікамі, надзвычайную любоў да вялікіх і малых паселішч...Часам даводзіцца чуць і яркія выказванні, якія ўзвышаюць край, якія характарызуюць і яго сыноў і дачок…

Як, прыкладам, і ў выпадку з дасведчаным, аўтарытэтным літаратуразнаўцам і перакладчыкам Іванам Аляксеевічам Чаротам (які нарадзіўся ў вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна), які так і піша пра сваю радзіму: «Вёска мая — Лышчыкі... — не вялікая, але і не малая ў параўнанні з суседнімі паселішчамі. Як падлічыў пазней, у бяссонныя гадзіны, болей за 70 двароў, ды яшчэ хутар Пакупчыкі з шасцю дварамі і тры дамы — хутары асобныя. Звычайнае паселішча для нашых мясцін. Але гатовы ўсіх пераконваць, што мая малая радзіма зусім не звычайная. Хаця б вось і гэтая акалічнасць: у нас там — ва ўсёй ваколіцы, уключна з балацінамі, пакрытымі хмызняком і лесам, — ніколі з роду не вадзіліся гадзюкі. Этнографы-вернікі з гэтай нагоды гавораць: значыць, намоленыя мясціны. Хаця царквы ў Лышчыках няма і не было, наш прыходскі храм — у старажытных Вежках. Некалі стаяла там прыгожая і вялікая царква з трыма купаламі, і відаць яе было з некалькіх навакольных вёсак. Тая царква згарэла ў 1943 годзе...» Пагадзіцеся, цёплы і праніклівы ўспамін пра роднае паселішча!.. Іван Аляксеевіч Чарота — вядомы ў нашай краіне і за яе межамі славіст, перакладчык з сербскай і іншых славянскіх моў на беларускую. Аўтар многіх кніг па гісторыі стасункаў беларускага прыгожага пісьменства з літаратурамі народаў былой Югаславіі. 

Неяк давялося чытаць у «Звяздзе» дзве грунтоўныя гутаркі — з Іванам Чаротам і праваслаўным святаром Сяргеем Гордунам. І другі суразмоўца журналісткі Вольгі Мядзведзевай — таксама ўраджэнец Кобрыншчыны, калі быць дакладнымі — з вёскі Дзівін. Вельмі цікавае паселішча!.. Тут здаўна развіваліся дэкаратыўна-мастацкія промыслы, народныя рамёствы. Пратаіерэй Сяргей Гордун нарадзіўся ў 1959 годзе. Закончыў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў. А ў 1987 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію. У 1991 годзе абараніў дысертацыю на званне кандыдата багаслоўя. З 2005 года загадваў кафедрай біблейскіх і царкоўна-гістарычных дысцыплін Інстытута тэалогіі імя святых Мефодзія і Кірылы Беларускага дзяржаўнага універсітэта. 

Дзівін — яшчэ і радзіма дыпламата, гаспадарчага і палітычнага дзеяча Віталія Курашыка (нарадзіўся ў 1939 годзе). Адзначаны многімі ўзнагародамі: ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, украінскімі ордэнамі «За заслугі» II і III ступеняў.

Кобрын, Кобрыншчына — радзіма многіх навукоўцаў, якія працавалі, працуюць у практычнай медыцыне, а таксама займаюцца медыцынскай тэорыяй. Яркая асоба ў шэрагу такіх персанажаў гісторыі краю — расійскі вучоны Мікалай Дзмітрыевіч Юшчук (нарадзіўся ў вёсцы Авады ў снежні 1942 года). У 2002 годзе наш зямляк быў прызначаны рэктарам Маскоўскага медыка-стаматалагічнага універсітэта. Пад кіраўніцтвам і пры кансультацыі Мікалая Дзмітрыевіча абаронена 11 доктарскіх і 52 кандыдацкія дысертацыі. Яшчэ ў 1999 годзе ён быў абраны акадэмікам Расійскай акадэміі медыцынскіх навук. Мікалай Юшчук — заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі, лаўрэат Прэміі ўрада Расійскай Федэрацыі. Адзначаны ордэнамі «Знак Пашаны», «За заслугі перад Айчынай» IV ступені. А ў Мінску жыве і працуе кандыдат медыцынскіх навук, вядомы ў Беларусі дзіцячы кардыяхірург Міхаіл Мікалаевіч Карнялюк (нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Лепаты). 
З Корчыцаў — былы дырэктар (так называлася ў свой час пасада рэктара ВНУ) Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Яшчэ ў 1920-я гады закончыў у Маскве інстытут журналістыкі. Працаваў у часопісе Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі «Деревенский коммунист». У 1936 годзе быў пераведзены ў ЦК Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі — загадчыкам аддзела друку і выдавецтваў. А ў лістападзе 1937 года М. Казюка прызначылі дырэктарам БДІНГ. У ліпені 1938 арыштавалі... Праўда, недзе праз год выпусцілі. 

Вёска Дзявяткі — радзіма Міхаіла Іванавіча Дзямчука, які нарадзіўся 28 мая 1946 года. Доктар фізіка-матэматычных навук, член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У 1988 годзе быў прызначаны міністрам адукацыі. У 1991 годзе — намеснікам старшыні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. У 1994-2000 М. Дзямчук — рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. Пасля ізноў некаторы час Міхаіл Іванавіч займаў пасаду віцэ-прэм’ера беларускага ўрада. Навуковыя, дзяржаўныя заслугі нашага земляка адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміяй Рэсупблікі Беларусь. 

У Інстытуце матэматыкі НАНБ доўгі час працаваў ураджэнец вёскі Дзямідаўшчына (нарадзіўся ў 1953 годзе) кандыдат фізіка-матэматычных навук Міхаіл Мацвеевіч Чуйко. Кобрын — радзіма яшчэ аднаго матэматыка Аскара Зарыскага. Родам са старажытнага горада — і гісторык Аллон Гдальяш (нарадзіўся ў 1901 годзе), аўтар грунтоўных прац па жыццяпісу яўрэйскага народа і Ізраіля. А родам з кобрынскай вёскі Мацы (паселішча вядомасць сваю мае з 1563 года) — і беларускі сацыёлаг і філосаф Георгій Антанюк (нарадзіўся ў 1942 годзе). Доктар філасофскіх навук. Лічыцца адным з вядомых футуролагаў, сацыяльных інжынераў-метадолагаў сацыяльнай інжынерыі і сістэмных падыходаў у сацыялогіі. Не забываўся ніколі Георгій Антанюк на сваю радзіму. Пра што сведчыць і адзін з яго артыкулаў у газеце «Збудінне» — «Заходнія палешукі: іх шлях да сусветнай гісторыі (кароткая гістарычная даведка)». 

А з вёскі Хадынічы — беларускі мовазнаўца і журналіст Віктар Іванавіч Іўчанкаў (нарадзіўся ў 1962 годзе). Доктар філалагічных навук. Прафесар. З 1989 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1996 годзе быў прызначаны загадчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Сярод навуковых зацікаўленняў — стылістыка беларускай і рускай мовы, стыль Уладзіміра Караткевіча, лінгвістыка публіцыстычнага тэкста. Заснаваў у Беларусі навуковую школу дыскурснага анліза СМІ, Адзін з асноўных распрацоўшчыкаў праекта новай рэдакцыі і «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2006 — 2008 гг.). З’яўляецца аўтарам каля 400 (!) навуковых і метадычных прац. А вёска Гуцкі — радзіма ўжо ўкраінскага мовазнаўцы Астапа Васільевіча Лапскага (1926 — 2012). Астап Лапскі — і вучоны, і паэт, эсэіст, літаратуразнаўца, перакладчык, публіцыст. Закончыў Вроцлаўскі і Варшаўскі ўніверсітэты. Працаваў выкладчыкам кафедры ўкраінскай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. За прыналежнасць да «Салідарнасці» быў у 1981 годзе з універсітэта зволены. І дзесяць гадоў «прасядзеў дома». Шмат друкаваўся ва ўкраінскай перыёдыцы Польшчы. Асобна выйшлі тры зборнікі яго мастацкіх твораў. На Украіне і ў Беларусі, на вялікі жаль, гэтая асоба зусім невядомая. Праўда, напрыканцы жыцця наш зямляк быў адзначаны Нацыянальнай прэміяй Украіны імя Тараса Шаўчэнкі — за кнігі «Сябе шукаю» і «Па абодва бакі ісціны», а таксама пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Багдана Лепкага.

Кобрыншчына — і радзіма многіх дзяржаўных і гаспадарчых, палітычных дзеячаў. Сярод іх надзвычай яркай асобай падаецца Аляксандр Сцяпанавіч Рагачук, які нарадзіўся ў вёсцы Шыпавічы ў 1965 годзе. Зараз займае пасаду старшыні Брэсцкага гарвыканкама. А з вёскі Пяскі — Пётр Іванавіч Ратайка (1898 — 1982), які ў 1943 — 1944 гг. займаў пасаду намесніка старшыні Саўнаркама БССР. З 1944 года быў старшынёю Гродзенскага аблвыканкама. Першым сакратаром Маладзечанскага гаркама КПБ была ўраджэнка вёскі Андронава Аляксандра Іванаўна Федасюк (нарадзілася ў 1904 годзе). Прафесійная рэвалюцыянерка, яна з’яўлялася і сакратаром ЦК камсамола Заходняй Беларусі. Узнагароджана ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі. 

Славуты край Кобрынскі сваімі ўраджэнцамі. І гэта накладвае асаблівую пячатку на адукацыйныя, асветніцкія клопаты сучаснікаў. Сёлета ў Кобрыне адбылося шмат сімпатычных пераабсталяванняў, разлічаных на гады і дзесяцігоддзі. Горад фактычна набыў новае аблічча. І рупілася дзеля таго, лічы, уся краіна. Дапамагла ў зменах падрыхтоўка да чарговага Рэспубліканскага свята «Дажынак». У такім разе застаецца спадзявацца на ўзвышэнне, узлёт, спартыўныя, навуковыя і мастацкія здабыткі моладзі, якая ў Кобрыне, на Кобрыншчыне таленты свае ў многіх накірунках выяўляе. Ім, маладым, ужо ў блізкім заўтра быць гаспадарамі і распараджальнікамі лёсу Кобрына, Кобрыншчыны і ўсяе краіны. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: rw.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.