Вы тут

Як мінская пенсіянерка дапамагае аднагодкам стаць больш шчаслівымі


Быць маладым ці старым — чалавек вырашае сам, а ўзрост не варта мераць лічбамі ў пашпарце. Гэта філасофія жыцця кіраўніцы клуба індыйскага танца «Пазітыў» для пажылых людзей. І гэта — галоўнае, чаму яна імкнецца навучыць тых, хто прыходзіць займацца ў клуб.


Аб праблемах пенсійнага ўзросту

Зоя Сямёнава тры разы была прызнаная адным з найлепшых валанцёраў Мінска.

— Свой клуб я назвала «Пазітыў», таму што менавіта пазітыву нашым пенсіянерам і не хапае, — кажа Зоя Сямёнава.

Зоі Аронаўне ў красавіку будзе 70, а яе клубу — ужо 15 гадоў. Выйшаўшы на пенсію, яна спаўна адчула ўсё яе «хараство». Адчуванне непатрэбнасці, думкі, што жыццё прайшло, што ў сучасным свеце пажылыя людзі незапатрабаваныя, а наперадзе — толькі старасць і хваробы...

— Паглядзіце: у наш час жанчыны, якім і 55, і 60, і 70 гадоў, і нават больш, актыўна бяруць удзел у жыцці, імкнуцца працаваць і добра выглядаць, дапамагаюць сваім дзецям выхоўваць унукаў.А нярэдка пенсіянеры дапамагаюць сем'ям сваіх дзяцей і матэрыяльна. Пажылыя людзі атрымліваюць правы і ўпершыню садзяцца за руль. Хочуць падарожнічаць і пазнаваць новае. Беларускія пенсіянеры ў сваім стаўленні да жыцця вельмі падобныя да пажылых еўрапейцаў. І пры гэтым мы сутыкаемся з тым, што, апынуўшыся на пенсіі, адчуваем сябе нібы выключанымі з жыцця — з-за састарэлых стэрэатыпаў, з прычыны няправільнага стаўлення да нас.

Сіл шмат, а прымяніць сябе часта проста няма куды. Гэта — прычына цяжкага душэўнага стану і дэпрэсій у жанчын, а мужчыны часам проста співаюцца.

Суразмоўніца прызнаецца, што таксама адчувала разгубленасць, выйшаўшы на пенсію. А пасля смерці маці — перажыла дэпрэсію.

— Дачка, убачыўшы мой стан, запрасіла мяне на заняткі індыйскімі танцамі ў клуб «Сапна», дзе займалася сама. І паступова я адчула, што на душы становіцца лягчэй.

Тады пра свой клуб Зоя Аронаўна не думала. Проста танцавала нароўні з маладымі, хоць гэта было і нялёгка. Але аднойчы на рэпетыцыі здарылася сур'ёзная траўма, з прычыны якой яна страціла два суставы.

— Цяпер у мяне стаяць пратэзы суставаў. Але ж па маёй постаці і хадзе гэтага ніколі не адгадаеш, правільна?

Сапраўды, постаць у маёй суразмоўніцы каралеўская, а хада такая, якая і павінна быць у танцоркі — лёгкая і пругкая. Пасля аперацый зноў стала танцаваць, але цяпер стараецца больш сцерагчыся ад траўм.

— Прыйшлося падумаць, як зрабіць так, каб не расставацца са сваім захапленнем. І так нарадзілася ідэя клуба для маіх аднагодкаў — каб быць сярод аднадумцаў і займацца любімай справай. Выкладаю індыйскія танцы як валанцёр, мае вучні мне не плацяць. Асноўнае правіла на нашых занятках — не нанесці шкоды здароўю. Галоўнае для нас — не вынік, а задавальненне ад працэсу.

У дапенсійным жыцці з танцамі прафесія Зоі Сямёнавай звязаная не была — яна ўсё жыццё прапрацавала выхавальнікам у дзіцячым садку. І не проста выхавальнікам. Зоя Аронаўна была педагогам-наватарам. Але пра яе педагагічную тэорыю выхавання шчаслівых і таленавітых дзяцей крыху пазней. Зрэшты, з фітнесам (як цяпер сказалі б) мая суразмоўніца сябравала заўсёды.

— На занятках я выкладаю толькі тое, што выпрабавала на сабе. Шмат гадоў я займалася рытмічнай гімнастыкай, аэробікай і нават ушу. А вось цяпер улюбілася ў індыйскія танцы…

Творчы калектыў клуба «Пазітыў».

Аб удзячнасці лёсу

Сёння ў клубе індыйскага танца Зоі Сямёнавай — больш за дзесяць жанчын і адзін мужчына. А галоўная задача, якую ставіць перад сабой выкладчыца, — дапамагаць людзям стаць больш шчаслівымі.

— Карысць ад нашых заняткаў відавочная. Адна з удзельніц клуба, напрыклад, доўгія гады знаходзілася на ўліку ў кардыядыспансеры — праз два гады заняткаў  у «Пазітыве» яе знялі з уліку, таму што праблемы з ціскам зніклі. Яшчэ адна наша пенсіянерка села на шпагат — а яна ж ніколі, нават у маладосці, гэтага не магла. Расцяжка, разумная рухальная актыўнасць і правільная кардыянагрузка ўмацоўваюць здароўе і робяць маладзейшым арганізм, а індыйская музыка наогул аднаўляе клеткі. Пачынаюць лепш рухацца суставы, нармалізуецца работа сэрца. Пасля трэніроўкі кожны раз цікаўлюся: «Можа быць, хтосьці стаміўся і хоча прылегчы?» І ў адказ чую, што, наадварот, сіл дадалося і хочацца танцаваць, жыць поўным жыццём, перарабіць усе справы, а не паныла ляжаць перад тэлевізарам. Але галоўнае нават не аздараўленне, а тое, як змяняецца стаўленне да жыцця. Прыходзячы ў клуб, людзі вучацца ўсміхацца. Бо наогул у нас неяк не прынята ўсміхацца. Як і дзякаваць свайму лёсу. Заўсёды ёсць за што падзякаваць яму. Нават калі вам здаецца, што гэта не так, падумайце — і вы знойдзеце нагоды для падзякі.

Танцавальны клуб «Пазітыў» актыўна супрацоўнічае з Чырвоным Крыжам.

— Ездзім выступаць па бальніцах, дыспансерах, у санаторыях, дзіцячых дамах і інтэрнатах для пажылых людзей. Нас заўсёды вельмі добра прымаюць. І просяць прыязджаць яшчэ. Але ведаеце, што цікава? Калі мы куды-небудзь прыязджаем выступаць, першае пытанне ў гледачоў — адкуль мы прыехалі? Я кажу: мы адсюль, з Беларусі, з Мінска. І, зразумела, удакладняю, чаму паўсталі сумненні, што мы «не мясцовыя».І ведаеце, што адказваюць людзі? Што ва ўсіх у нас шчаслівыя вочы і мы шмат усміхаемся.

— Ковіду не баіцеся?

— У нас на ковід ніхто ў калектыве не хварэў, — адказвае Зоя Аронаўна. Яна ўпэўненая: чым часцей чалавек бывае шчаслівы, тым мацнейшы яго імунітэт.

А яшчэ, сцвярджае Зоя Сямёнава, індыйскія танцы дапамагаюць вярнуць маладосць.

— У Індыі жанчына застаецца жаноцкай і ў глыбокай старасці. У нас маладыя дзяўчаты — усе як на падбор фотамадэлі. Але вось дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла — і прыгажосці як не было. Не мадэль, а ламавы конь, які ўзваліў на сябе ўсё — работу, дом, мужа і дзяцей, і цягне, надрываецца ўсё жыццё. Калі да нас у клуб прыходзяць новыя ўдзельніцы, спачатку яны нават прайсці па зале прыгожа не могуць — адбіваецца шматгадовая звычка хадзіць з апушчанымі плячыма, гледзячы ў зямлю. Але, на шчасце, гэта можна паправіць! Ведаеце, мне ў краме ці грамадскім транспарце ніколі не кажуць «жанчына», як у нас прынята звяртацца і да пані за 35-40, і да 80-гадовых кабет. Мне кажуць «дамачка», — смяецца Зоя Аронаўна.

Аб марах і забудове гарадоў

Зоя Сямёнаўна сцвярджае, што ўзрост — не перашкода для выканання мары. Пачаўшы вывучаць індыйскія танцы, захацела пабываць у Індыі. За некалькі гадоў здолела сабраць патрэбную суму і праехала з тургрупай больш за тры тысячы кіламетраў па гэтай краіне.

— Індыя мяне ўразіла! — распавядае яна. — Гэтая краіна нібы паказвае кожнаму, які ён на самай справе. Таму ў Індыю здаўна імкнуліся людзі, калі ў іх з'яўлялася неабходнасць разабрацца ў сабе... Там можна ўбачыць толькі бруд і галечу, а можна — прыгажосць і веліч. Пытанне ў тым, што захоча ўбачыць турыст. Індыя — краіна шчаслівых людзей. Вось спіць на зямлі жабрак. Прачынаецца, і перш за ўсё ўсміхаецца сонцу, навакольнаму свету, тым людзям, што аказваюцца побач. Хоць па нашай еўрапейскай логіцы, ледзь прачнуўшыся, ён павінен быў бы пачаць клясці свой лёс. А ён — удзячны жыццю! Мы кажам: проста там больш сонца, вось і ўсмешак больш... Справа не толькі ў гэтым. Справа ў стаўленні да жыцця, якое прынята ў грамадстве. Хоць, вядома, сонца ў нас мала, і гэта, безумоўна, робіць свет шэрым. Таму я заўсёды здзіўляюся, калі бачу, што ў Мінску будуецца чарговы высотны дом. Магчыма, архітэктары са мной паспрачаюцца, яны кіруюцца іншымі меркаваннямі. Але зыходзячы з простай логікі, у нас нельга будаваць высокія дамы. Хмарачосы і ўвогуле высотныя будынкі добрыя для паўднёвых краін, яны даюць цень. А для нашых шырот падыходзіць невысокая забудова — тады зімой у людзей не будзе такога засмучэння.

Аб педагагічнай тэорыі

Педагогам дашкольнай адукацыі Зоя Аронаўна прапрацавала каля 40 гадоў.

— Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі ў 60-я, падчас «адлігі». Сям'я ў нас была творчая: і мама, і бацька працавалі мадэльерамі. Дызайнерамі, як цяпер прынята казаць. Напэўна, яны і заклалі ў сваіх дзяцей такія погляды на выхаванне.

Паводле тэорыі Зоі Аронаўны, галоўная задача выхавацеля — вырасціць са сваіх выхаванцаў шчаслівых людзей. А зрабіць гэта можна, толькі даўшы дзіцяці свабоду.

— Гэта вельмі дрэнна, калі маленькі чалавек усё дзяцінства праводзіць у клетцы забарон, натацый і вокрыкаў дарослых. З нявесткай і сынам мы часта спрачаемся аб выхаванні майго ўнука. Я кажу: што вы тэрарызуеце дзіця? Ян цяпер ужо падлетак, але па-ранейшаму ўсё лета праводзіць у мяне на дачы і кажа, што са мной яму вельмі добра. Пры гэтым мы і вучымся, і дома ён нам з дзедам дапамагае. Лічыцца: калі дзіця не прымушаць, яно не будзе рабіць нічога добрага. Але гэта стэрэатып, памылка дарослых. Навучыць нечаму хутка і эфектыўна можна толькі з дапамогай заахвочвання, пахвалы. А мы прывыклі не заўважаць поспехі дзяцей. Максімум — мімалётнае «добра, малайчына». Але варта дзіцяці здзейсніць промах — усё, вось гэта будзе заўважана! Ды яшчэ як заўважана! Яго будуць доўга лаяць, прыдумаюць якое-небудзь пакаранне. А потым яшчэ некалькі дзён, месяцаў, а то і гадоў будуць успамінаць малому ці падлетку яго памылку. Але мая практыка паказвае: калі акцэнтаваць увагу не на няўдачах, а на поспехах, выхаванне і навучанне дае найлепшыя плады.

Зоя Аронаўна ўспамінае, колькі разоў чула і ад калег, і ад начальства, і ад бацькоў яе выхаванцаў: занадта песціце, захвальваеце, зусім разбэсціце... А па факце дзеці хутка вучыліся, лёгка і трывала засвойвалі веды.

— Столькі гадоў прайшло, а мае выхаванцы мяне памятаюць. Нядаўна на вуліцы падыходзіць прыгожы малады мужчына: «Зоя Аронаўна, вы мяне пазнаяце?». Пазнала я яго не адразу — гэта быў мой выхаванец, з апошняга майго выпуску ў дзіцячым садку, я яго апошні раз шасцігадовым бачыла... Такі хлопец вырас — любата! Я ганаруся ўсімі сваімі выхаванцамі, і заўсёды радуюся, калі даведваюся аб іх поспехах.

Аб шчасці і надзеях

— Я раіла б пенсіянерам навучыцца не ўзірацца з трывогай у заўтрашні, а тым больш — у паслязаўтрашні дзень, — кажа суразмоўніца. — Давайце вучыцца жыць сённяшнім днём. І яшчэ: не трэба спадзявацца, што вас вылечаць. Як пісалі Ільф і Пятроў, выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Пра тое ж казалі антычныя медыкі: вылечы сябе сам. Гэта магчыма. Першы і галоўны крок на гэтым шляху — жаданне жыць і пазітыўнае стаўленне да жыцця. Сонца выйшла з-за хмар — радуйся сонцу. Няма сонца — дык заўтра ж яно будзе! Гэтаму таксама варта парадавацца.

Зараз клуб «Пазітыў» перажывае нялёгкія часы.

— У нас узніклі праблемы з памяшканнем, — дзеліцца суразмоўніца.

Многія гады клуб працаваў у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска, на вуліцы Харкаўскай — яна знаходзіцца недалёка да цэнтральных магістраляў горада і туды лёгка дабрацца. Цяпер у цэнтра з'явіліся новыя плошчы на вуліцы Люцынскай, каля МКАДа. Дабірацца туды ўдзельнікам клуба цяжка, улічваючы, што гаворка ідзе пра людзей сталага ўзросту, у якіх няма асабістых аўтамабіляў.

— Спачатку нам казалі, што мы, прыходзячы на заняткі, «распаўсюджваем ковід». Але ў нас у калектыве ніхто не хварэў і не хварэе. У зале ўстаноўлены бактэрыцыдныя лямпы, набыты люстэркі, нядаўна замянілі падлогу. І вось, калі ласка — рамонт! Навошта рамантаваць залу, якая ў выдатным стане?

Пенсіянеры спрабавалі займацца танцамі па відэасувязі — але гэта аказалася складана: не ва ўсіх удзельнікаў калектыву ёсць камп'ютары, не ўсе ўмеюць карыстацца месенджарамі, ды і падчас аддаленых заняткаў няма патрэбнай атмасферы. Спрабавалі займацца на вуліцы, на школьным стадыёне — аказалася, для гэтага пакуль занадта холадна.

Але калектыў «Пазітыву» не траціць надзею вярнуцца ў сваю залу. Бо цяжкасці, згодна з жыццёвай філасофіяй Зоі Сямёнавай, — не падстава апусціць рукі і шкадаваць сябе, а нагода дзейнічаць.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Дадайце пазітыву!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».