Вы тут

Эпідэміёлаг — пра тое, ці трэба прышчапляцца ад COVІD-19


У Беларусі вядзецца вакцынацыя супраць каранавіруснай інфекцыі. На распаўсюджаныя пытанні, якія хвалююць многіх, адказала ўрач-эпідэміёлаг, загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марына Качкан.


— Ці апраўдана вакцынацыя супраць COVІD-19? Наколькі гэта эфектыўная мера?

— Прайшоў ужо год з таго часу, як чалавецтва сутыкнулася з каранавіруснай інфекцыяй, выкліканай штамам SARS-CoV-2, названай пасля COVІD-19. Але ні адна краіна ў свеце не змагла цалкам вырашыць праблему імклівага распаўсюджвання гэтага захворвання — ні шляхам дыстанцыравання і ізаляцыі людзей, ні індывідуальнымі прафілактычнымі мерамі, ні якім-небудзь іншым спосабам. Застаецца надзея на вакцына прафілактыку.

Сумнявацца ў эфектыўнасці вакцынацыі не варта. Прафілактычныя прышчэпкі даўно ўжываюцца ў барацьбе з інфекцыйнымі захворваннямі. Дзякуючы вакцынацыі ва ўсім свеце ліквідавана натуральная воспа. Захваральнасць па іншых інфекцыях у дзясяткі разоў знізілася альбо таксама ліквідаваная на пэўных тэрыторыях.

Варта таксама сказаць, што пакуль у Беларусі не адзначаецца рост захваральнасці на грып, а па выніках дазорнага нагляду вірусы грыпу сярод хворых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі не зафіксаваны.

У гэтым адназначна адыграла сваю ролю вакцынацыя супраць грыпу. Нагадаю, што за апошнія 16 гадоў у Мінскай вобласці назіраецца выразная тэндэнцыя да зніжэння захваральнасці насельніцтва на грып. Для параўнання: у 2005 годзе ахоп прышчэпкамі супраць грыпу ў Мінскай вобласці склаў 6,2 %, захваральнасць на грып — 3 710,1 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. У 2020 годзе пры ахопе прышчэпкамі 40,8 % насельніцтва захваральнасць на грып склала 2,5 выпадка на 100 тысяч насельніцтва.

— Хто ўжо цяпер можа прышчапіцца супраць каранавіруснай інфекцыі?

— У цяперашні час у Беларусі ў Дзяржаўным рэестры лекавых сродкаў зарэгістравана і ўжываецца вакцына Гам-КОВІД-Вак (камбінаваная вектарная вакцына для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі) вытворчасці Расійскай Федэрацыі пад гандлёвай маркай «Спадарожнік V». Згодна з «Агульнай характарыстыкай лекавага сродку», яна прымяняецца для прафілактыкі COVІD-19 у дарослых, старэйшых за 18 гадоў.

У сувязі з абмежаванымі магчымасцямі адначасовай пастаўкі неабходнай колькасці вакцыны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь вызначаны групы рызыкі, якія падлягаюць першачарговай вакцынацыі. Гэта работнікі арганізацый аховы здароўя, адукацыі і сацыяльных устаноў з кругласутачным знаходжаннем для дзяцей і дарослых.

Па меры паступлення вакцыны будуць прышчапляцца пэўныя кантынгенты, якія маюць рызыку цяжкага ходу захворвання і больш высокую рызыку заражэння інфекцыяй COVІD-19 у параўнанні з астатнім насельніцтвам у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю.

Масавая вакцынацыя насельніцтва плануецца з другога квартала 2021 года.

— Каму трэба паведаміць пра сваё жаданне прышчапіцца?

— Паліклінікі ўжо вядуць запіс ахвотных прышчапіцца супраць інфекцыі COVІD-19. Таму трэба звярнуцца ў амбулаторна-паліклінічную арганізацыю па месцы жыхарства (на тэрапеўтычны ўчастак паліклінікі, ва ўрачэбную амбулаторыю, ва ўчастковую бальніцу, фельчарска-акушэрскі пункт) для ўключэння вас і членаў вашай сям'і ў спісы на вакцынацыю супраць інфекцыі COVІD-19.

Алена КРАВЕЦ


У тэму

З Кітая ў Беларусь накіравана 100 тысяч доз вакцыны супраць каранавіруса. Кітайскі бок на бязвыплатнай аснове прадставіў Беларусі вакцыну новага тыпу вытворчасці карпарацыі «Сінафарм». Дастаўка вакцыны ажыццяўляецца авіякампаніяй Aіr Chіna на бязвыплатнай аснове.

Вакцына вытворчасці «Сінафарм» з'яўляецца першай, якая была адобрана ў Кітаі для выхаду на рынак і ўжо актыўна ўжываецца ўнутры краіны. Паводле ацэнак кітайскага боку, вакцына ад COVІD-19, распрацаваная кітайскай кампаніяй «Сінафарм», у ходзе выпрабаванняў паказала 79,34 % эфектыўнасці. На сёння, акрамя Кітая, вакцына адобрана для выкарыстання больш чым у 10 краінах свету: ААЭ, Бахрэйне, Егіпце, Іарданіі, Іраку, Сербіі, Марока, Венгрыі, Пакістане і іншых.

Загаловак у газеце: «Паліклінікі ўжо вядуць запіс ахвотных»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Які хлеб любяць у Беларусі?

Які хлеб любяць у Беларусі?

У савецкія часы гандаль прапаноўваў пакупніку абмежаваны асартымент хлебабулачных вырабаў. У 1980-я нават у буйных крамах было ўсяго 3-4 найменні хлеба.

Грамадства

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Дыхаць на поўныя грудзі. Міфы і праўда аб мамапластыцы

Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі.

Культура

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Арганізатар імпрэз Дзіяна Краснашапка: Сёння людзі знаходзяцца ў сваіх коканах, але ж для таго і існуюць танцы ды спевы, каб здымаць стрэс, негатыў

Яна ўпэўнена сябе адчувае і ў нацыянальным строі, калі робіць цеста для вясельнага каравая, і ў блакітным футры Снягуркі, калі праводзіць ранішнік для дзетак, і ў шыкоўнай сукенцы пэўнай эпохі, калі выконвае аўтэнтычныя беларускія спевы пад гукі старажытных музычных інструментаў.

Грамадства

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Паразуменне падчас капрамонту: праз штрафы ці дамаўленне?

Культура выканання работ падчас капрамонту ў Беларусі кульгае, а тэхналогія — парушаецца, сведчаць спецыялісты Дзяржбуднагляда.