Вы тут

Мінспорту: Самы важны кірунак — падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў


У Міністэрстве спорту і турызму адбылася калегія «Аб выніках работы галіны ў 2020 годзе і задачах на 2021 год» з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі, першага віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктара Лукашэнкі, намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая.


Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук адзначыў, што мінулы год быў дастаткова цяжкі, апошнія шэсць месяцаў спартыўная грамадскасць аказалася пад беспрэцэдэнтным палітычным ціскам, што не магло не адбіцца негатыўна на рабоце галіны ў цэлым. Па словах міністра, з гэтых падзей вынесены пэўныя ўрокі. Цяжкім мінулы год стаў і праз пандэмію каранавіруса. Быў прыпынены выезд на замежныя зборы беларускіх спартсменаў. Аднак з гэтай сітуацыяй справіліся, у першую чаргу дзякуючы зладжаным дзеянням медперсаналу. Былі вызначаны чатыры «чыстыя» базы для размяшчэння нацыянальных зборных — рэспубліканскія цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», «Раўбічы», РЦАП па вяслярных відах спорту і РЦАП па конным спорце і конегадоўлі «Ратамка». Адначасова там размяшчалася каля 300 спартсменаў, дзякуючы чаму ўдалося пазбегнуць маштабных успышак захворвання. Агульная захваральнасць сярод спартсменаў і трэнераў нацыянальных каманд склала каля 4 %.

Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што самы важны і адказны кірунак для міністэрства ў гэтым годзе — падрыхтоўка да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа. Зараз яе вядзе каля 260 спартсменаў па 26 відах спорту. Кваліфікацыйныя патрабаванні для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях выканалі 47 беларускіх спартсменаў у 16 відах спорту. Плануецца, што да завяршэння адборачнага перыяду ў беларусаў будзе 110—120 ліцэнзій.

Адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці спартыўнай галіны — падрыхтоўка рэзерву. У 2020 годзе зменена напаўняльнасць груп, перагледжаны падыходы да прысваення трэнерам кваліфікацыйных катэгорый, удасканалена сістэма камплектавання вучылішчаў алімпійскага рэзерву з прыцэлам на развіццё прыярытэтных відаў спорту. У мінулым годзе шмат увагі аддавалася развіццю масавай фізічнай культуры, асабліва ў рэгіёнах. Упершыню ў галіновую праграму «Фізічная праграма і спорт» на 2021—2025 гады ўключана будаўніцтва спартыўных аб'ектаў. Згодна з праграмай, у найбліжэйшыя пяць гадоў у рэгіёнах краіны з'явіцца 32 новыя спартыўныя аб'екты.

Міністр спорту і турызму таксама адзначыў, што найбольш ад пандэміі каранавіруса пацярпела турыстычная сфера. У сувязі з гэтым першачарговыя пытанні — падтрымка турызму, у тым ліку пераарыентацыя на ўнутраны і ўязны турызм.

Па словах Сяргея Кавальчука, пры шматлікасці аспектаў жыццядзейнасці галіны ўсе задачы на найбліжэйшыя паўгода зводзяцца да аднаго: забяспечыць якасную падрыхтоўку і ўдзел беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях.

Своеасаблівыя вынікі калегіі Мінспорту падвёў Ігар Петрышэнка. Ён вызначыў шэраг задач для спартыўнай галіны на найбліжэйшы час. «Мы павінны даказаць, што Беларусь — спартыўная краіна. У Японіі нам трэба выступіць як мінімум лепш, чым на папярэдніх дзвюх алімпіядах», — падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Валерыя СЦЯЦКО

Па матэрыялах прэс-службы Міністэрства спорту і турызму

Прэв’ю: hype.tech

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.