Вы тут

Як вырошваць расаду суніц?


Расаду садовых суніц з насення вырошчваюць з многіх прычын. Напрыклад, толькі так можна размножыць сарты, кусты якіх не даюць вусоў. Акрамя таго, так можна абысціся без куплі расады новых сартоў або атрымаць сорт ягад, якімі пачаставалі суседзі.


Выбар насення

На рынку цяпер такая колькасць сартоў і гібрыдаў трускалак, што кожны зможа выбраць па сваіх запытах і перавагах.

Нарыхтаваць насенне клубніц для сяўбы можна і самастойна. Для гэтага трэба будзе ўзяць адну з самых ранніх і буйных ягад з куста сорта, які спадабаўся, і правесці з ёй шэраг маніпуляцый.

  1. Зрэжце з яе верхавіну і счысціце нажом або лязом верхні пласт з насеннем.
  2. Выкладзіце гэты пласт на паперу або шчыльную тканіну і пакіньце на 2-3 дні сушыцца ў цёплым месцы.
  3. Высахлую масу ператрыце ў далонях для адасаблення насення. Атрыманае насенне складзіце ў невялічкі слоічак або пакецік і падпішыце. На паперцы вызначце сорт (калі ведаеце) і дату збору.

Важна памятаць, што насенне садовых суніц захоўвае ўсходжасць чатыры гады.

Сяўба на расаду

Клубніцы дрэнна пераносяць пікіроўку, таму пажадана адразу сеяць іх у асобныя ёмістасці.

Не ведаеце, калі? Можна арыентавацца на тэрміны, акрэсленыя на пакуначку з насеннем, а можна праводзіць сяўбу ў канцы лютага — пачатку сакавіка.

Сама сяўба трускалак па сілах кожнаму. Дастаткова добра праліць грунт слабым растворам марганцоўкі, пасля высыхання насыпаць яго ў кантэйнеры, раскласці зверху пінцэтам насенне клубніц і апырскаць цёплай вадой з пульверызатара.

Трэба пакінуць адлегласць паміж насеннем каля двух сантыметраў, а сам кантэйнер зверху накрыць плёнкай або празрыстай накрыўкай.

Некаторыя агароднікі ўкладваюць на грунт папяровую сурвэтку і да з’яўлення ўсходаў апырскваюць пасевы праз яе.

З першых дзён сеянцам неабходны доўгі (не менш за дзесяць гадзін) светлавы дзень і тэмпература паветра ў межах 18–20 °С. У адваротным выпадку расліны моцна выцягнуцца, будуць бледнымі і слабымі.

Вырошчванне расады

Першыя ўсходы садовых суніц не трэба занадта часта паліваць — гэта можа спрыяць з’яўленню чорнай ножкі на раслінах або цвілі на сценках кантэйнера, што таксама згубна для расады. Толькі са з’яўленнем сапраўдных лісточкаў клубніцы будуць мець патрэбу ў вадзе.

Тады ж трэба прыбіраць з кантэйнераў плёнку (накрыўку). Рабіце гэта не адразу, а паступова, пачынаючы з 15–30 хвілін у дзень, загартоўваючы такім чынам расаду.

Праз 1-2 тыдні пасля таго як расліны сталі пастаянна знаходзіцца ў пакаёвых умовах без дадатковага ўкрыцця, можна прыступаць да пікіроўкі, калі яна неабходная. Перасаджваюць малюсенькія кусцікі разам з камяком зямлі, каб не пашкодзіць корань, у ёмістасці памерам дзевяць на дзевяць сантыметраў.

Пасля з’яўлення другой пары сапраўдных лістоў клубнічную расаду падкормліваюць раз у 7–10 дзён комплексным мінеральным угнаеннем па інструкцыі.

Паліў клубнічнай расады адрозніваецца на розных этапах яе вырошчвання. У першыя дні пасля сяўбы дастаткова адзін раз у суткі злёгку апырскваць грунт з насеннем з пульверызатара, каб на глебе не ўтварылася скарынка. Пасля з’яўлення ўсходаў паліў скарачаецца да аднаго разу ў тыдзень.

Са з’яўленнем у трускалак сапраўдных лісточкаў паліў ажыццяўляюць раз у тры дні, прычым вада павінна пранікаць па ўсёй глыбіні грунту. Для паліву выкарыстоўваюць адстоеную ваду пакаёвай тэмпературы.

Ідэальная для расады дажджавая або талая вада, аднак выкарыстоўваць яе можна, толькі калі вы жывяце далёка ад горада, буйных трас і прамысловых аб’ектаў.

Высадка расады

Калі пасадка трускалкі на расаду прайшла паспяхова і кусцікі падраслі, у сярэдзіне — канцы красавіка можна прыступаць да загартоўкі. Для гэтага ў цёплае надвор’е ёмістасці з раслінамі выстаўляюць на вуліцу, пазбягаючы пападання на іх прамых сонечных прамянёў.

Спачатку на свежым паветры расада павінна праводзіць усяго пяць—сем хвілін, аднак з кожным днём гэты час трэба павялічваць.

Прыкладна ў сярэдзіне мая, калі грунт прагрэецца да 15 °С, клубніцы можна перасаджваць на сталае месца, на звычайныя або высокія грады.

Аднак мала ведаць, як вырасціць расаду трускалкі, трэба яшчэ і правільна пасадзіць яе, а пасля даглядаць па правілах агратэхнікі, інакш гэтая капрызная культура будзе хварэць і не дасць ураджаю.

Па-першае, клубніцам падыходзяць толькі ўрадлівыя глебы, таму саджаць іх на беднай зямлі бессэнсоўна — кусцікі, якія вы выгадавалі з такой цяжкасцю, загінуць. Па-другое, хоць культура і любіць асветленыя ўчасткі, маладыя лісточкі могуць атрымаць апёкі ад прамых сонечных прамянёў, таму ў першыя два тыдні пасля высадкі пажадана арганізаваць клубніцам укрыццё або паўцень.

І нарэшце, высаджваць каліўцы трэба на адлегласці 30 сантыметраў адно ад аднаго, і не скупіцца на паліў як адразу пасля пасадкі, так і ў наступныя дні.

Загаловак у газеце: Расада клубніц з насення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».