Вы тут

Разбіраем модныя мастхэвы надыходзячага сезона: чым папоўніць гардэроб?


На парозе вясна, а значыць, прыйшоў час абнавіць гардэроб да новага сезона. Мода вясны — 2021 прапануе некалькі глабальных кірункаў: мінімалізм, унісекс і 1990-я. А ў цэлым, істотна мяняць гардэроб наўрад ці сёння па кішэні большасці беларускіх модніц. Але можна, напрыклад, папоўніць «арсенал» некалькімі акцэнтнымі рэчамі — і выглядаць актуальна. Што гэта за рэчы, мы вам зараз раскажам.


Іншае аблічча класікі

 

Сіноптыкі сёлета не абяцаюць цёплай вясны, так што на парадку дня паліто. У гэтым цёплым (ну як, адносна цёплым) сезоне будуць актуальныя фасоны «кокан», паліто ў мужчынскім стылі і аб'ёмны оверсайз з шырокімі плячыма (аб плячах пагаворым асобна — гэты трэнд будзе з намі і летам). Дарэчы прыйдуцца таксама класічны фасон з поясам і паліто-трэнч. Колеры — як традыцыйныя (перш за ўсё бэжавы, але і шэры, сіні, чорны), так і яркія насычаныя тоны — калі вам яны даспадобы. Сярод прынтаў актуальныя клетка, «гусіная лапка», геаметрычныя малюнкі. У трэндзе дастаткова шырокія лацканы.

Навінка мінулай восені — паліто-кашуля — гэтай вясной будзе на грабяні моднай хвалі. І калі восенню такія мадэлі верхняга адзення былі традыцыйнай для кашулі даўжыні, вясной хітом сезона стане мадэль ніжэй калена.

Зразумела, з прыходам цяпла мастхэвам становіцца трэнч (двухбортны плашч). Ён універсальны: падыходзіць да любога тыпу фігуры, візуальна павялічвае рост і выдатна абараняе ад дажджу і ветру. Актуальныя плашчы светлых тонаў даўжыні мідзі і класічнага крою. Але калі хочацца чагосьці больш акцэнтнага, можна выбраць трэнч сілуэта оверсайз. Напярэдадні гэтага вясновага сезона многія брэнды прадставілі двухслаёвыя трэнчы з кантраснымі ўстаўкамі.

Паступова пачне цяплець, і вам не абысціся без курткі-»касухі». Працягваючы тэму клопату пра прыроду, у гэтым сезоне стылісты прапануюць выбіраць такія курткі з экаскуры, а насіць — усім запар: прадстаўніцам любога ўзросту, аматаркам любога стылю адзення. Класічная «касуха» — кароткая куртка з цёмнай скуры з касой маланкай і адваротамі — многіх палохае сваёй брутальнасцю. Але яна так даўно з намі, што ўжо паспела стаць класікай. Спалучайце яе не толькі з джынсамі розных фасонаў, але і з лёгкімі сукенкамі і спадніцамі мідзі і максі — атрымаеце стыльны і дзёрзкі вобраз. Што датычыцца колеру, актуальнай будзе класіка — то-бок чорная «касуха». Таксама на піку папулярнасці гэтай вясной курткі-«касухі» пастэльных тонаў. Крой — адназначна оверсайз. Такая куртка (нібы з мужчынскага пляча) схавае лішнія складачкі на таліі, а «страйняшкам» дадасць далікатнасці і пяшчотнасці.

Што да каляровай палітры, у трэндзе ўсе тоны і адценні бэжавага — ад далікатных да насычаных. З яркіх колераў, прапанаваных дызайнерамі, самы смелы, капрызны і складаны — аранжавы: як яго насіць і з чым спалучаць, глядзім у Іssey Mіyake, Sportmax, Versace і Jason Wu. Падыдзе аранжавая палітра далёка не ўсім. Найбольш выйгрышна яна будзе выглядаць на яркіх дзяўчатах колератыпаў «вясна» і «восень».

І, вядома, ужо ў пачатку вясны не абысціся без сонечных акуляраў. У гэтым сезоне іх шкельцы — самых неймаверных адценняў: чырвоныя, жоўтыя, ружовыя, зялёныя і сінія. Раней такія «каляровыя» акуляры любілі дзятва і падлеткі. Зараз трэнд «пасталеў» і стаў выглядаць нечакана стыльна. Але і класічныя чорныя шкельцы ніхто не адмяняў. Актуальныя будуць і акуляры з празрыстым, злёгку прыцемненым шклом.

Старыя песні на новы лад

Адзявацца так (не зусім, вядома, але прыкладна так), як трыццаць гадоў таму моладзь хадзіла на канцэрты Цоя і «Алісы», сёння цалкам актуальна. Цяпер модныя трэнды натхнёныя 1990-мі, часам свабоды і перамен. Базавыя мадэлі гэтага вясновага сезона — усе джынсы і штаны сілуэта «бананы» з высокай таліяй, акцэнтныя плечы, запраўленыя пад рэмень аб'ёмныя світары і прасторныя «касухі» — родам адтуль.

Шырокія плечы жанчыны ўзялі з мужчынскага гардэроба ў далёкіх 1980-х, у тыя часы гэтая дэталь была нават сімвалам фемінізму. Піка папулярнасці трэнд дасягнуў у 90-х — «плечыкі» з паралону падкладаліся ў світарах і джэмперах, пінжаках і вопратцы. Бліжэй да 2000-х гэтая дэталь састарэла. А вось цяпер шырокія плечы трыумфальна вярнуліся на подыумы і ў наша жыццё. «Плечыкі» візуальна павялічваюць рост, нібы «выцягваюць» сілуэт. Такія «падушачкі» ў гэтым сезоне будуць насіць з кашулямі і блузкамі, світарамі і нават топамі. Актуальны вобраз гэтай вясны — джынсы з высокай таліяй і топ (футболка оверсайз мужчынскага крою) з падкрэсленай лініяй плячэй. А калі дзень выдаўся прахалодны, то зверху — запраўлены ў джынсы світар з аб'ёмнымі рукавамі.

Акцэнт на рукавы па-ранейшаму ў модзе. Шырокія і/або пышныя рукавы на світарах, сукенках і блузках, прадстаўленыя ў свежых вясновых калекцыях Alberta Ferrettі, Louіs Vuіtton, Fendі — лагічнае развіццё леташняга трэнду. Акцэнт на рукавы дасягаецца за кошт шырокай лініі плячэй, а таксама пры дапамозе формы рукавоў — «ліхтарыкаў» або цэлых «ліхтароў».

Джынсы-бананы, дарэчы, таксама родам з 80-х — першымі іх сталі насіць музыкі стылю джаз. Але ўжо праз 10 гадоў у такія джынсы апрануліся ўсе ад малога да вялікага ў Еўропе і Азіі. Сёння «бананы» вярнуліся пад новым імем — mom-jeans (маміны джынсы). Такія джынсы таксама працуюць на візуальнае павелічэнне росту і зрокавае памяншэнне аб'ёмаў цела. Адзінае «супрацьпаказанне» да іх — выразная фігура тыпу «яблык». Калі ў вас ну зусім не тонкі стан, такі фасон штаноў або джынсаў гэта падкрэсліць. Астатнім тыпам фігуры mom-jeans толькі дададуць прыгажосці. Спалучаюць mom-jeans у гэтым сезоне практычна з любым «верхам» — сарочкамі і топамі, лонгслівамі, пінжакамі оверсайз і класічнага крою.

Адсылка да 90-х — і цяпер актуальныя спартыўныя касцюмы, якія стылісты раяць гэтай вясной спалучаць нават з доўгімі паліто і трэнчамі. Спартыўны касцюм знізіць градус афіцыйнасці класічнага крою паліто або плашча, дадасць вобразу гарэзлівасці і іранічнасці. Але тут важна абапірацца на добры густ і пачуццё меры: адным словам, не ўпэўнены — не спалучайце.

Лагічны працяг трэнду на высокую талію — рамяні як модны акцэнт. У гэтым сезоне ў поле зроку стылістаў — спакусліва тонкая талія, і рамяні закліканы гэта падкрэсліць. Таму з рамянямі носім усё: штаны і спадніцы, сукенкі і світары, пінжакі і кардыганы. Шырокая лінія плячэй і тонкая талія: натхняемся вобразамі Сіндзі Кроўфард і іншых ікон стылю 1990-х. У іх жа вучымся насіць рамяні-ланцужкі: гэтай вясной вярнуўся яшчэ адзін трэнд канца дваццатага стагоддзя.

Ланцужкі і ланцугі на шыі таксама будуць вельмі дарэчы. Гэта самая актуальная біжутэрыя вясны, пераважна ў жоўтым метале, хоць можна і ў белым. Носяць іх адразу па некалькі: альбо два-тры тонкія ланцужкі рознай даўжыні і з рознымі кулонамі, альбо масіўны ланцуг і тонкія ланцужкі, што дапаўняюць яго. Прасцей за ўсё зразумець, як гэта павінна выглядаць, азнаёміўшыся з вобразамі модных дамоў Chrіstіan Dіor і Chloe.

Спалучэнне жаноцкасці і маскуліннасці — модны дэвіз вясновага сезона. Асабліва калі гаворка ідзе аб дзелавых луках або вобразах «на выхад». У абодвух выпадках незаменны касцюм са штанамі. Спалучаць яго дызайнеры прапануюць з жаноцкімі бодзі — на тоненькіх шлейках, у бялізнавым стылі. Або з кроп-топамі. Так, каб ваша жаноцкасць і неабароненасць лёгка «чыталіся» ў вобразе, але не кідаліся ў вочы.

Што наконт абутку, вясна — час кедаў і красовак. Класіка па-ранейшаму будзе актуальная, як і фасоны з незвычайным кроем: з ліпучкамі на шчыкалатцы, зашпількамі-маланкамі па баках або зусім без зашпілек, са стрэйчу. У трэндзе і грубыя чаравікі, найбольш актуальныя — са светлай скуры: карычневыя, бэжавыя ці ўвогуле белыя. Асаблівае месца зоймуць бацільёны. Прычым самыя розныя: з вострым або квадратным носам, на тоўстым устойлівым абцасе, шпільцы ці нават на фігурным абцасе, шчыльна аблягаючыя ножку або масіўныя.

Усё сваё нашу з сабой

З прыходам цяпла ў наша жыццё вернуцца мініяцюрныя паясныя сумачкі, якія фіксуюцца на рамяні. Пояс такой сумкі прасоўваецца ў лямкі як рэмень для штаноў, а можа насіцца паверх пінжака або світара. Такія сумачкі непрактычныя (шмат у іх не змесціцца), затое выглядаюць міла і дадаюць вобразу стылю і чароўнасці.

Больш практычны варыянт з разраду «свабодныя рукі» — заплечнікі, што ў гэтым сезоне павінны быць у кожнай модніцы. У трэндзе і вялікія, і мініяцюрныя мадэлі з натуральнай і штучнай скуры або іншых матэрыялаў, з металічным бляскам, шыпамі, ланцужкамі або махрамі.

Калі казаць непасрэдна пра сумкі, у модзе мяккія сумкі-мяшкі (іх носяць у руках) і наогул мадэлі з невыразнай формай (аздабленне — спалучэнне матэрыялаў розных тонаў або адценняў аднаго колеру). А калі стане зусім цёпла, стылісты прапануюць замяніць іх на плеценыя сумкі.

Аляксандра Анцэлевіч

Загаловак у газеце: Вясна ідзе, вясне дарогу!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка

Ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай?

Грамадства

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?

Размова з галоўным рэдактарам Ларысай Ракоўскай.

Грамадства

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Анатомія мезальянсу. Чаму няроўныя шлюбы былі, ёсць, будуць?

Любоўных гісторый, якія прыцягваюць павышаную ўвагу грамадства, нямала.

У свеце

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Каменданцкія часы. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?

Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца.