Вы тут

Калі даброты капітальнага рамонту ператвараюцца ў ліха


Амаладжэнне, добраўпарадкаванне ды ўдасканаленне... Такія мэты мае капітальны рамонт жыллёвых будынкаў у Беларусі. На справе ж гэта часта ператвараецца ў камунальнае пекла, калі, як у той байцы, паміж таварышамі няма згоды. Падчас правядзення капрамонту ўзнікаюць пэўныя праблемы і пытанні, якія часта даходзяць да суда і цягнуцца не адзін год. Што рабіць, каб укладвацца ў капрамонт за запланаваныя тры з паловай месяцы, што перашкаджае камунальнікам дамовіцца з жыхарамі, і як зрабіць, каб усім было зручна, разважалі эксперты.


Чаму перавышаюцца тэрміны

Перад камунальнікамі стаяць дакладныя задачы з гэтага года капітальна рамантаваць штогод па 3 % ад агульнай колькасці эксплуатуемага жылфонду. Гэтае патрабаванне ўжо пастаўлена перад усімі абласцямі, абазначыў падчас круглага стала на БелТА Аляксей ПРАЦКО, начальнік аддзела эксплуатацыі жыллёвага фонду Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

— Сярод праблем, што паўстаюць падчас капрамонту, — нарматыўныя тэрміны будаўніцтва, і якасць правядзення работ, і кваліфікацыя работнікаў, і шмат іншага, што хвалюе і ЖКГ, і канчатковага спажыўца.

Капрамонт выконваецца ў дамах, дзе застаюцца пражываць грамадзяне. Людзей не адсяляюць, дамы працягваюць эксплуатавацца, у іх бесперабойна падаюцца ўсе энерганосьбіты, звярнуў увагу на асаблівасці работ Цімафей КРЭМЕЗ, галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— У большасці ўсе распрацаваныя нарматыўныя дакументы і тыя, што ствараюцца зараз, адносяцца да патрабаванняў адносна новага будаўніцтва, сучасных метадаў, нормаў, правілаў, якія рэалізавацца ў жылфондзе, збудаваным з 1940-х па 1990-я, пераважна проста не могуць. А яшчэ існуюць звышнарматыўныя жылыя дамы, дзе тэрмін выканання будаўніча-мантажных работ значна перавышаны. Часта ніхто не ўлічвае нарматыўныя тэрміны і працягласць гэтага рамонту, які адбываецца, падкрэслю, без адсялення жыхароў.

За тры з паловай месяцы, якія нарматыўна адводзяцца на правядзенне капрамонту ад моманту стварэння будаўнічай пляцоўкі да прыёмкі аб'екта ў эксплуатацыю, справіцца нерэальна, падкрэсліваюць спецыялісты. А цэлы месяц пры гэтым патрэбны толькі на праходжанне экспертызы.

Чатыры прычыны праблем

Своечасова ўвесці дамы ў эксплуатацыю не дазваляе некалькі асноўных прычын. Пры планаванні капрамонту не ўлічваюцца ўмовы надвор'я. Напрыклад, пачатак запланаваны на верасень, а да замены сістэм ацяплення прыходзяць акурат да пачатку ацяпляльнага сезона, калі рабіць гэта немагчыма. У выніку бярэцца перапынак у работах да вясны.

Немагчыма трапіць у кватэру для правядзення ў ёй адпаведных работ. Адзін момант — жыхароў можа проста не быць дома. Яны з'язджаюць у водпуск або іх работадавец можа не адпусціць чалавека з работы на той час, які неабходны для правядзення работ у кватэры згодна з зацверджаным графікам капрамонту. Сёлета пандэмія таксама паспрыяла таму, што жыхары катэгарычна адмаўлялі ў правядзенні работ у кватэры, асабліва састарэлыя людзі. Многія ўласнікі падчас касметычнага рамонту ў тэхналагічных нішах, дзе праходзіць інжынернае абсталяванне, закладваюць стаякі халоднага і гарачага водазабеспячэння, а нехта проста зрабіў дарагі рамонт, які падчас замены сістэмы ацяплення немагчыма не парушыць. Такія жыльцы таксама не спяшаюцца ўпускаць у кватэры рамонтнікаў.

Безадказнасць грамадзян па забеспячэнні доступу ў кватэру таксама зацягвае тэрміны капрамонту. Нават калі першапачаткова ўласнікі пагаджаюцца на рамонт, то пасля адмаўляюцца ад сваіх слоў.

— Да пачатку праекта мы праводзім сходы з жыхарамі, дзе прапануем ім устанавіць сістэму ацяплення дома з індывідуальнымі прыборамі ўліку цяпла. Гэта значыць, што на сістэме ацяплення мы павінны выканаць шэраг тэхнічных работ, а людзі — набыць прыборы ўліку. Аднак мы сутыкаемся з тым, што на сходзе грамадзяне пагаджаюцца з агульным рашэннем, мы работы закладваем у праект і пачынаем выконваць іх, а жыхары раптам адмаўляюцца ад прыбораў. У выніку мы не можам выканаць работы, што прапісаны ў праекце капрамонту. Прыходзіцца выключаць пэўныя іх віды з праектнай дакументацыі і выдзяляць у асобныя пускавыя комплексы, што не дазваляе здаць аб'ект капрамонту і ў тэрмін, і ў поўным аб'ёме, — растлумачыў Цімафей Крэмез.

Існуе і праблема абмежавання доступу рамонтнікаў на балкон. Многія жыхары касметычна рамантуюць і ашкляюць балконы і лоджыі. Часам, яны дэманціруюць пры гэтым супрацьпажарныя лесвіцы і люкі, прадугледжаныя для эвакуацыі падчас узгаранняў.

— Мы пачынаем весці прэтэнзійна-іскавую работу да пачатку капрамонту і падчас яго. Аднак суды па забеспячэнні прымусовага доступу да памяшканняў уласнікаў часам могуць цягнуцца да сямі гадоў, — расказаў пра меры ўздзеяння на жыхароў з мэтай дабрацца да балкона падчас рамонту галоўны інжынер. — А за гэтыя сем гадоў дом працягвае эксплуатавацца і атрымліваць натуральны знос. Тая ж афарбоўка фасада, якую ў межах капрамонту аднавілі, за гэты час мяняецца. І Дэпартамент па будаўніцтве ў такім выглядзе прыняць дамы ў эксплуатацыю не можа.

А яшчэ падрадныя арганізацыі, што прыходзяць на аб'екты капрамонту, часта нядобрасумленныя: несвоечасова і не ў тым памеры выконваюць работы. Вынік — звароты грамадзян з прэтэнзіямі. Метад выключэння такіх падрадчыкаў са спісаў добрасумленных арганізацый ёсць, аднак ён вельмі працяглы, і цяжка яго рэалізаваць, бо частка работ залежыць у тым ліку і ад заказчыка, і даказаць віну падрадчыка складана. У Расіі, напрыклад, існуе рэестр добрасумленных падрадных арганізацый, куды ўключаны арганізацыі для ўдзелу ў працэдуры выбару падраднай арганізацыі, дадаў спецыяліст.

Што рабіць?

Магчыма, трэба стварыць нейкі нарматыўны дакумент, не прывязаны да новага будаўніцтва, які будзе датычыцца патрабаванняў менавіта да капітальнага рамонту эксплуатуемага жылфонду. І ў гэтым дакуменце трэба прадугледзець усе патрабаванні і магчымыя адступленні ад дзеючых цяпер патрабаванняў да капрамонту і новага будаўніцтва, прапанаваў Цімафей Крэмез:

— Гэта дазволіць забяспечыць больш правільнае разуменне ўводу ў эксплуатацыю і паскорыць працэс капрамонту. Дакладна вызначыць патрабаванні да насельніцтва, якія даводзяць да жыхароў падчас сустрэч. А яшчэ ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць грамадзян. Па вопыце іншых краін, увесці меры, якія б адчувальна дазволілі разумець, што незабеспячэнне доступу ў кватэру абыдзецца чалавеку, вобразна кажучы, у 500 еўра.

Сапраўды, патрэбны нейкі нарматыўны дакумент, бо правілы і нормы, што прымяняюцца да новага будаўніцтва, складана, а часта і немагчыма прымяніць да работ, што праводзяцца падчас капрамонту, пагадзіўся Павел ДРАЗДОЎ, намеснік начальніка інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па горадзе Мінску:

— Як частковае выйсце ў 2017 годзе было прапанавана падзяляць прыёмку дома на пускавыя комплексы і прымаць іх у эксплуатацыю па частках, аднак фактычна самі аб'екты пры гэтым лічацца незавершанымі і звышнарматыўнымі.

Раздзяленне работ на пускавыя комплексы сёння нарматыўна неабгрунтавана. Прынцыпы, закладзеныя для пускавых комплексаў падчас новага будаўніцтва, амаль непрыдатныя для капрамонту. А пускавы комплекс — паўнавартасная ізаляваная частка аб'екта, якая здольная абасоблена эксплуатавацца і функцыянаваць. Гэта, напрыклад, пад'езд жылога дома ці цэх у адміністрацыйным будынку. Пры капрамонце не існуе такога абасобленага паняцця, бо аб'ект не перапыняе сваю эксплуатацыю. Таму часовае рашэнне па раздзяленні дома на пускавыя комплексы падчас капрамонту, мае на ўвазе, што комплексам можна лічыць, напрыклад, інжынерныя сеткі, дах або фасад. Аднак у нормах такіх рашэнняў няма, і работнікі пакуль дзейнічаюць на агульных дамоўленасцях, падкрэслілі эксперты.

— Нават пры такім раздзяленні работ мы не можам забяспечыць цэласнасць, бо людзі не пускаюць у кватэры і на балконы. У выніку фасад гатовы, а балконы — не. Тое ж і з інжынернымі сеткамі. З водаправодамі амаль няма праблем, жыхары згодныя на іх замену. А вось сістэма ацяплення часам мяняецца ўверсе і ўнізе, а ў кватэры паміж імі застаюцца старыя батарэі і трубы. У выніку ўсё перамяшалася, і сістэма ізноў стане старой, — прывёў прыклады Павел Драздоў. — Патрэбны дакумент, дзе былі б абазначаны нюансы, звязаныя з арганізацыяй работ, з забеспячэннем доступу ў кватэру, адказнасцю ўласніка. Было б лагічна ўпісаць гэтыя нюансы, напрыклад, у ТКП № 206, якім вызначаецца парадак правядзення работ.

Гэта што датычыцца дакументацыі, а вось як эксперты прапануюць быць з жыхарамі, мы неўзабаве раскажам.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Перарабіць нельга пакінуць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.