Вы тут

Кніга «Застаецца святло: успаміны пра Міхася Мушынскага» выйшла ў свет


З мінскай «Акадэмкнігі» — чарговая, уражальная па сваёй энергетычнай насычанасці кніга пра беларускую культуру. Наўрад ці дзе яе яшчэ знойдзеш: тыраж у выдання «Ковчега» — 50 экзэмпляраў…


Размова — пра зборнік нарысаў, артыкулаў, эсэ «Застаецца святло: успаміны пра Міхася Мушынскага», укладзены Аленай Аляксандраўнай Васілевіч і Таццянай Міхайлаўнай Мушынскай. Кніга расказвае пра ўнікальнага ў беларускім літаратуразнаўстве чалавека, нават трэба сказаць шырэй — унікальнага ў беларускім асветніцтве, беларускай культуры. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі і ў няпростых умовах савецкіх дзесяцігоддзяў, кіруючыся ў тым ліку і запатрабаваннямі ідэалагічных механізмаў, змог зрабіць неверагодна шмат для ўзнаўлення памяці пра пісьменнікаў-класікаў, для пашырэння іх прысутнасці ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго шчырае служэнне вывучэнню творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага вылучала Міхася Іосіфавіча ў глыбокія знаўцы і жыцця любімых ім пісьменнікаў, і іх творчасці. Сёння цяжка ўявіць, што нехта прыйдзе следам на гэтыя плённыя навуковыя, гісторыка-літаратурныя, літаратуразнаўчыя дзялянкі і абыдзе ўвагай напісанае, зробленае, здзейсненае Міхасём Мушынскім.

Прачытайце, не шкадуючы часу, кожны з тэкстаў, у якіх і захапленне навуковай руплівасцю, і шчырае апавяданне пра высокія чалавечыя якасці вучонага, пра тое, які ён быў у паўсядзённым жыцці, — і вы адкрыеце яркую Асобу, Чалавека Культуры. Часам нават падаецца, што ўсе цікавінкі далёка не самае галоўнае ў кнізе, галоўным з'яўляецца яе персанаж, вобраз якога вымалёўваецца з эпізодаў. Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў: «Згадкі пра маладосць» (у іх — фрагменты ненапісаных успамінаў «Мокрае. Клімчыкі. Вайна» самога Міхася Мушынскага, «Успаміны пра філфак...» Тамары Мушынскай — жонкі вучонага), «Абсягі і думкі» (дзе сабраны дакументы, навуковыя артыкулы, рэцэнзіі, прысвечаныя Міхасю Іосіфавічу, яго кнігам), «Маштаб асобы» (успаміны калег, пісьменнікаў), «У сямейным коле» (тэксты дачкі і сына, унука Дзяніса; знайшлося месца і вершам Міхася Іосіфавіча).

У трэцяй частцы — «Маштаб асобы» — аўтарамі выступаюць акадэмікі Уладзімір Гніламёдаў, Радзім Гарэцкі, Ігар Валатоўскі, члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Данілаў, Сцяпан Лаўшук, дактары, кандыдаты філалагічных навук, журналісты, пісьменнікі, выдаўцы Васіль Жураўлёў, Лявонцій Гаранін, Іван Чарота, Тэрэза Голуб, Ганна Запартыка, Эма Золава, Анатоль Бутэвіч, Людміла Сінькова, Генрых Далідовіч, Павел Навуменка, Гун-Брыт Колер (Германія), Георгій Кісялёў, Вольга Шынкарэнка, Вольга Нікіфарава, Міхась Кенька, Галіна Шаблінская, Вера Міцкевіч, Генадзь Кажамякін, Алеся Шамякіна, Жанна Шаладонава, Віктар Шніп. А многія з аўтараў — і вучні Міхася Мушынскага!..

Кніга ўражвае і сваёй адкрытасцю, шчырасцю. Нельга без хвалявання чытаць тэксты дачкі — Таццяны Мушынскай, якая добра вядомая як мастацтвазнавец, празаік, паэт, публіцыст, надзвычай дзейсны ў айчыннай культуры чалавек, і ўнука — кандыдата гістарычных навук, публіцыста, даследчыка жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча Дзяніса Марціновіча. У зборніку змешчана шмат фотаздымкаў, якія цудоўна дапаўняюць, ілюструюць расповеды пра жыццё літаратуразнаўца.

Асэнсоўваючы маштаб аўтараў, характар тэкстаў, сабраных у кнізе, прыходзіш да высновы, што зробленае, сабранае варта перавыдання ў такой добра вядомай серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», якой апякуецца выдавецтва «Мастацкая літаратура». Упэўнены, што кнігу заўважаць і ў навуковым свеце, і сярод тых, хто нават асабіста не ведаў Міхася Іосіфавіча, але нераўнадушны да беларускай літаратуры, да беларускай нацыянальнай культуры. Расказваючы грамадству пра такіх неардынарных людзей, як Міхась Іосіфавіч Мушынскі, даследчыкі і выдаўцы робяць выразны ўнёсак у выхаванне чытача.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Загаловак у газеце: Лёс як Прыклад

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.