Вы тут

Пра важнасць і важкасць успамінаў


Якая ўсё ж вялікая ў нас краіна: калі ў Віцебску на дварэ мінус 10, то ў нас, у Брэсце, спаўзае апошні снег, бягуць ручаі, і за акном ужо другую гадзіну спявае-цінькае птушачка. Пішу гэтыя радкі 23 лютага, а днём раней была ў гарадскім пасёлку Дамачава, на самым поўдні Брэсцкага раёна. Там ляжыць снег, але ў пасёлку павеяла вясною яшчэ больш, бо снег там чысты ў адрозненне ад чорна-рудога гарадскога. І на сонцы, паміж белымі бярозамі ды векавымі цёмнымі дубамі, ён асабліва прыгожы ў сваёй развітальнай яркай белізне.


У такі вось лагодны і прыгожы дзень, толькі крыху напярэдадні свята абаронцаў, сустракалася з ветэранам вайны Уласам Клімушкам дзесяць гадоў таму. Колькі за час работы было тых сустрэч з ветэранамі, цяпер не злічыш, а гэтая асабліва помніцца. Бо герой аказаўся не зусім тыповы. Нешта пасля той сустрэчы асэнсавала потым, зняўшы тэкст з дыктафона, а штосьці — нашмат пазней, з гадамі.

Па-першае, ветэран і, як высветлілася, вялікі гумарыст агаломшыў мяне амаль з парога, калі, ледзь акінуўшы вокам, сказаў: «Да мяне з абласной газеты прыязджала зусім маладая дзяўчына Леначка, а вы, відаць, даўно працуеце». Давялося пацвердзіць, што ў параўнанні з каляжанкай Леначкай, маладым спецыялістам, я, сапраўды, сталы журналіст, бо працавала на той час ужо добрыя два дзясяткі гадоў. А потым Улас Уласавіч запрасіў у хату, дастаў вялікі альбом з фотакарткамі і стаў расказваць пра вайну. Але зноў жа не так, як усе ветэраны, пра баі і паходы: «хто страляў, куды папаў», а прыкладна так: «Вось з гэтай прыгажуняй я пазнаёміўся пры вызваленні аднаго горада ў Чэхаславакіі, вось з гэтай гуляў па вуліцах другога горада, а ад гэтай здымка не засталося, адна толькі падпольная перапіска». Падпольная, таму што перапісвацца з замежнымі грамадзянамі байцам рэгулярнай арміі была забаронена. Але ж ён служыў у разведцы...

Гэта было ўжо пасля Перамогі, калі часць стаяла ў чэхаславацкім горадзе, іх аднойчы адпусцілі ў кіно. Там Улас і пазнаёміўся з дзяўчынай, узяў адрас. Салдата паклікалі армейскія справы, ён вярнуўся ў раён дыслакацыі сваёй часці. Ды наш няўрымслівы канспіратар усё ж знайшоў выйсце: ён пазнаёміўся з салдатам, чыя часць была побач з домам дзяўчыны. Маладому разведчыку спрыяла ў адносінах з мясцовымі добрае веданне польскай мовы, ён жа да вайны вучыўся ў польскай гімназіі. А ў чэшскіх гарадах польскую таксама добра разумелі. Адным словам, свае лісты ён акуратна складваў трохвугольнікам і накіроўваў таварышу. А той потым перадаваў іх па ўказаным адрасе. Паспеў перадаць і атрымаць ад яе некалькі лістоў... Пакуль яго не выклікаў «асабіст» і не паставіў пытанне рубам: «Ці хочаш ты працягнуць службу ў краі белых мядзведзяў?» Хлопец з беларускай вёскі ведаў, што з гэтымі людзьмі канфліктаваць небяспечна, таму палічыў за лепшае перапіску спыніць. І засталося ў яго на памяць некалькі мілых наіўных лістоў. Дзяўчына паведамляла, што лісты чытае ўважліва разам з мамай. А пісала яна пра свой горад і вясну. Тыя лісты любіла паслухаць і жонка ветэрана Соф'я Уладзіславаўна. Хоць пра шыкоўную прыгажуню са здымка яна заўважыла з ледзьве ўлоўнай іроніяй: «О, гэтай кабеце, калі яна жывая, ужо гадоў дзевяноста». Самой Соф'і на той час толькі споўнілася восемдзясят, і было відаць, што да франтавых рэліквій і ўспамінаў мужа яна ставіцца з нязменнай павагай.

Вядома, служба ў франтавой разведцы — не цукар. Можна дапусціць, што ўсялякія сітуацыі былі, нездарма ж салдат вярнуўся з фронту з баявымі ўзнагародамі. Але тады ён казаў, што гэта, відаць, ахоўная рэакцыя арганізма — перацягваць са свядомасці ўсё самае страшнае, цяжкае на задні план, а светлае — захоўваць у памяці.

Потым неаднойчы ўспамінала ветэрана. Трапляліся фільмы на тэму адаптацыі франтавікоў у мірным жыцці. Далёка не ўсе пасля ўдзелу ў вайне захоўваюць здольнасць заўважаць прыгажосць, любіць людзей, рабіць дабро. Хто змог гэта пераадолець, адаптавацца да іншага спосабу жыцця, той і ёсць, мусіць, сапраўдны герой. А ён, Улас Уласавіч, потым працаваў у школе, усё жыццё любіў прыроду, эксперыментаваў з раслінамі. Выпісваў спецыяльныя часопісы, праводзіў доследы на прышкольным участку. Расказваў, што бэз у яго цвіў, калі ён хацеў. І шмат гадоў запар расцвітаў якраз напярэдадні 8 Сакавіка. Гэта быў ужо такі рытуал-віншаванне школьных каляжанак.

Я чаму яшчэ цяпер згадала пра ветэрана, бо днямі патэлефанавала даўняя чытачка. Яна, аказваецца, пэўны час працавала ў адной школе з Уласам Уласавічам. Дык сказала, што ў яе на ўсё жыццё свята 8 Сакавіка асацыюецца з тымі яго бэзавымі букетамі. Яна тады нават пісала пра калегу ў раённай газеце. І гэта ў яе цяпер адзін з найлепшых успамінаў пра гады настаўніцкай работы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: unsplash.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.