Вы тут

Чым жыве і натхняецца поп-спявачка Ліса


Першую песню Ліза КАСТЭНКА напісала ў 15 гадоў. Зараз ёй 21. Сваю творчасць дзяўчына прэзентавала слухачам у 2018 годзе. Менавіта тады пад псеўданімам Ліса выйшаў міні-альбом «Аксаміт». На сёння іх ужо тры. Чым жыве і натхняецца сталічная поп-спявачка цяпер, даведаліся ў яе самой.


— У творчасці імкнуся трансліраваць любоў да сябе і іншых. Гэта вельмі важна, паколькі кожны з нас — асоба, індывідуальнасць. І кожны прыгожы такі, які ёсць. Напрыклад, у кампазіцыі «Лекі» закладзена простая думка аб любові паміж людзьмі: калі табе з кімьсці добра — больш нічога не трэба. Трэк «Аўтастопам» таксама пра пачуцці: мне не важна, дзе я буду з чалавекам, хоць бы ў спадарожнай машыне ехаць... Наогул усё ў гэтым свеце — пра каханне.

Кожны мой міні-альбом мае пэўную канцэпцыю і з'яўляецца часткай трылогіі. Першы, «Аксаміт», вельмі сумбурны. Другі, «Шоўк», па гучанні лёгкі, рамантычны. А трэці, «Вельвет», жорсткі, псіхадэлічны, зусім не падобны на тое, што стварала дагэтуль. Яшчэ ёсць паўнавартасны альбом «Абракадабра» на дванаццаць кампазіцый — адзіны, у якім расказваецца не мая гісторыя, а іншай дзяўчыны.

Музыкай Ліза захаплялася з малых гадоў. Першыя крокі — заняткі ў дзіцячым садку, пазней — школьны хор і ўдзел у розных вакальных конкурсах. Пераломны момант, як кажа суразмоўніца, адбыўся ў дзясятым класе. Тады яна стала вучыцца іграць на гітары, з таго часу пачаліся сольныя выступленні з выкананнем бардаўскіх песень.

— Але хутка зразумела, што хочацца іншага. Таму сканцэнтравалася на напісанні ўласных. Такім чынам, у скарбонцы назбіралася больш за 40 кампазіцый. На гэтым моманце скончылася гісторыя Лізы з гітарай і пачалася іншая — Лісы, ужо без інструмента. Свой першы трэк запісала, калі мне было васямнаццаць гадоў. Добра памятаю гэты дзень. На студыі «лавіла» дзіўныя адчуванні, быццам гэта «не маё» і яно мне не трэба. Моцна хвалявалася, бо ўпершыню стаяла перад мікрафонам. Пачуцці былі зусім не такія, калі выконваеш чужую песню, — нашмат больш прыемныя. Кожны трэк з таго альбома мы запісалі хутка, з першага разу. На шэсць кампазіцый сышло пяць гадзін. У той час як цяпер на запіс адной трэба каля трох. Напэўна, я перфекцыяніст: магу праслухаць свой трэк каля пяці тысяч разоў, каб быць упэўненай, што сапраўды ўсё атрымалася выдатна і я не перабольшваю!

Работа над песняй уключае ў сябе чатыры этапы: першы — напісанне вершаў, другі — запіс у студыі, трэці — звядзенне трэка, чацвёрты — выступленне на сцэне. З усіх частак больш за ўсё Лісе падабаецца апошні.

— Мой першы сольнік прайшоў пазалетась. Да яго арганізацыі я шмат дзе выступала: розныя фестывалі, мерапрыемствы, але ў нейкі момант захацелася зрабіць штосьці асабістае і паглядзець, каму гэта сапраўды трэба. Была прыемна здзіўленая. Прыйшло амаль 300 чалавек, што для артыста-пачаткоўца — добры паказчык. Канцэрт быў настолькі круты, што з тых дзвюх з паловай гадзін амаль нічога не памятаю (усміхаецца).

— Часта ўзаемадзейнічаеш са сваёй аўдыторыяй?

— Калі мне дасылаюць нейкія каментарыі, адзначаюць на фотаздымках. Але не люблю, калі мяне ўзвышаюць. Я ж не «зорка» якая-небудзь, проста люблю спяваць і дзяліцца сваёй творчасцю з іншымі. Дарэчы, водгукі на песні і кліпы атрымліваю самыя розныя. Да кліпа «Ты самая прыгожая» былі толькі станоўчыя. Пасля яго выхаду аўдыторыя на YouTube падзялілася на два лагеры: некаму вельмі падабаецца, а камусьці зусім не. Гэта нармальна, да крытыкі стаўлюся спакойна. А яшчэ адчуваю, што з выхадам кожнага новага альбома чаканні ад аўдыторыі, несумненна, узрастаюць. Таму адчуваю вялікую адказнасць перад ёй. Яны ж мае сябры, незалежна ад таго, колькі іх.

— Ёсць меркаванне, што сучасныя аўтары ствараюць трэкі без вялікай сэнсавай нагрузкі...

— Мая песня «Шчасце» можа паказацца прымітыўнай, бо на працягу ўсёй кампазіцыі паўтараецца адзін радок: «Шчасце. У маёй галаве ні кроплі жарсці. Усё пра цябе. І гэта шчасце. У маёй галаве ні кроплі жарсці. Ты недаступны мне». Аднак у гэтым закладзена цэлая гісторыя: дзяўчына сустракаецца з хлопцам і ёй здаецца, што ў іх шчасце. На самай справе — не, яно толькі ў галаве гераіні. А хлопец раўнадушны да яе...

Ліса ніколі не плаціла за музыку, што рэдкасць для сучасных выканаўцаў. Вялікую частку бітоў ёй падарылі яе школьныя сябры, а апошні альбом спявачка зрабіла з сябрам Андрэем Сарокам (нікнэйм — started.).

— Гэта цалкам яго прадакшн. Выдатна, што ёсць тыя, з кім ты на адной хвалі. Увогуле трэба падзякаваць бацькам, а таксама сястры, якія мяне заўсёды падтрымліваюць. Яны таксама творчыя людзі: тата — паэт і журналіст, мама — журналістка і пісьменніца.

— Менавіта таму ты паступіла на журфак БДУ?

— Рашэнне пайсці туды было ўзважанае, ужо ў класе восьмым ведала, што мяне чакае. Я з сям'і журналістаў, хто ж у іх мог яшчэ нарадзіцца? (Усміхаецца.) Апрыёры не бачыла сябе ў іншай прафесіі, і я рада, што тут вучуся.

Журфак — гэта творчасць, гэта выдатнае месца. Хоць спачатку хацела пайсці на кінакрытыка. Магчыма, у будучыні ажыццяўлю і гэтую мару. Вучыцца ж ніколі не позна, тым больш таму, што падабаецца. Сёлета скончу ўніверсітэт, і перада мной будуць адчынены ўсе дзверы. Вельмі падабаецца прыдумваць сцэнарыі, выступаць у ролі рэжысёра, а таксама штосьці пісаць.

Хочацца паспрабаваць сябе адразу ў многіх кірунках, не лічу, што трэба канцэнтравацца на нечым адным. Зараз я адчуваю сябе шчаслівай ад тых, хто мяне акружае. Гэта сям'я, мой малады чалавек, сябры. А яшчэ музыка, вучоба, хобі. Хочацца, каб мая творчасць ахапіла большую прастору!

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота дадзена гераіняй

Загаловак у газеце: «Усё ў гэтым свеце — пра каханне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?