Вы тут

«Часопіс «Бярозка» — выдатная стартавая пляцоўка для аўтараў-пачаткоўцаў»


Такую думку выказала падчас круглага стала «Роля падлеткавых СМІ ў развіцці творчага патэнцыялу маладых аўтараў» пісьменніца, уладальніца Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют» Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ.


— Свой творчы шлях я пачынала ў «Бярозцы». Стасункі з ёй заўсёды былі для мяне вельмі цёплыя, прыемныя і ўтульныя. Я падпісваюся на часопіс з падлеткавага ўзросту, таму магла назіраць, як ён змяняецца і трансфармуецца. «Бярозка» — крутая! Сёння гэта вельмі інтэлектуальнае і стылёвае падлеткавае выданне, якое прыемна трымаць у руках, гартаць, чытаць, хоць я ўжо і не ўваходжу ў яго ўзроставую катэгорыю. Тут ёсць шырокае поле для эксперыментаў. «Бярозка» друкуе не толькі мастацкія тэксты, але і публіцыстычныя. А яе майстар-класы карысныя не толькі для пісьменнікаў-падлеткаў, але і для больш сталых літаратараў. «Бярозка» — гэта не толькі шыкоўны старт, але і шыкоўны працяг. Распачаўшы з ёй сябраваць, вельмі цяжка супрацоўніцтва прыпыніць. Гэта насамрэч выдатна, калі ў пісьменнікаў любога ўзросту існуе магчымасць публікаваць там свае творы і спрабаваць сябе ў розных фарматах...

Па словах галоўнага рэдактара часопіса Кацярыны Каплун, «Бярозка» мае ўнікальную гісторыю даўжынёю больш чым у 95 гадоў: «На яе старонках у свой час друкавалася шмат вядомых беларускіх пісьменнікаў: Янка Маўр, Уладзімір Мазго, Алесь Карлюкевіч, Алесь Бадак, Адам Глобус і іншыя. Сучасныя падлеткі, якія нам пішуць, — гэта найразумнейшыя людзі з высокім інтэлектуальным узроўнем. Упэўненая, што часопіс у тым выглядзе, у якім ён існуе, заўсёды будзе знаходзіць свайго чытача».

— Праз часопісы і газеты адбываецца прафесійнае навучанне юных аўтараў, — разважае дзіцячая пісьменніца Алена МАСЛА. — Падлеткі, якія дасылаюць туды свае творы, маюць магчымасць зваротнай сувязі. Мая першая публікацыя была ў раённай газеце, а на журфак я паступала, маючы публікацыі ў шасці рэспубліканскіх выданнях, але «Бярозка» займала сярод іх асаблівае месца. Сваім літаратурным настаўнікам я лічу Міколу Чарняўскага — ён загадваў літаратурнай часткай. На маю думку, вельмі важна мець магчымасць чытаць, пра што пішуць твае аднагодкі і што адбіраюць прафесіяналы для друку. З 2009 да 2011 года я была рэдактарам «Бярозкі», і мой прыход у часопіс быў данінай павагі і ўдзячнасці за аказаную мне калісьці падтрымку. Я чалавек неабыякавы, і мяне вельмі цешыць сённяшні фармат выдання. Гэта сапраўды інтэлектуальны часопіс з выдатным дызайнам. А людзі, якія працуюць тут, — інтэлектуалы з добрым літаратурным густам. І мне як ужо вопытнаму аўтару вельмі важна чытаць, што публікуюць юныя пісьменнікі. Гэта дазваляе трымаць руку на пульсе часу. «Бярозка» дапамагае ўлавіць тое, што цікава маладым людзям, на што яны звяртаюць увагу і што абмяркоўваюць.

Супрацоўніца аддзела інтэлектуальнай творчасці Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі Таццяна ДАНІЛАВА расказала пра свой вопыт работы з маладымі аўтарамі. Часопіс «Бярозка» трэці год запар у якасці журы ўдзельнічае ў конкурсе «Думаць вершы», які арганізуе палац дзяцей і моладзі, і публікуе на сваіх старонках найлепшыя творы. Конкурс разлічаны на вучняў шостых — адзінаццатых класаў. Па прапанавай тэме яны рыхтуюць уласныя творы на беларускай мове: гэта могуць быць вершы, празаічныя ці нават драматычныя творы.

— Для ўдзельнікаў нашага конкурсу надрукавацца — гэта ўжо ўзнагарода за працу. Дзеці нават пытаюцца, ці будзе сёлета такая магчымасць, — адзначыла Таццяна Данілава. 
— Калі мы прапанавалі тэму «Смех без прычыны», да нашага конкурсу далучыўся і часопіс «Вожык».

Цікавы эксперымент атрымаўся, калі дзецям прапанавалі напісаць верш свайму куміру, таму што хтосьці напісаў пра Ілана Маска, а нехта — пра Скарыну і Ефрасінню Полацкую. Дзяўчынка, адна з аўтарак, прызналася, што калі расказала сваёй настаўніцы, што збіраецца пісаць пра Ілана Маска, тая яе выбар зусім не адобрыла, спрабавала адгаварыць, казала, што яна нічога не выйграе. І дарэмна, атрымалася ўсё наадварот. Увогуле, мы лічым, што дзеці павінны пісаць пра тое, што яны хочуць, спрабуем выцягнуць з іх асабістае, спецыяльна стараемся прапаноўваць такія тэмы, якія ніадкуль не спішаш, але ў школе настаўнікі спрабуюць кантраляваць творчую свабоду падлеткаў. Мы імкнёмся паказаць, што на беларускай мове можна пісаць на любыя тэмы, а не толькі пра валошкі і каласкі. Гэта інструмент, якім можна карыстацца на любым узроўні і ў любых сітуацыях.

Але ж работа з творчай моладдзю актуальная не толькі ў Мінску. Галоўны рэдактар «Бярозкі» Кацярына Каплун заўважыла, што вялікая колькасць маладых аўтараў часопіса — з іншых гарадоў і вёсак. Рэдакцыя трымае сувязь з літаратурна-журналісцкімі гурткамі па ўсёй краіне, прапаноўвае іх удзельнікам публікавацца і запрашаць рэдакцыю да сябе на заняткі. «Я заўважаю, што падлеткам вельмі цяжка прапанаваць сваю работу рэдакцыі, таму да кожнага трэба шукаць падыход, каб з'явіўся давер», — падкрэсліла Кацярына Каплун.

Пісьменніца, паэтка, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Кацярына Тарасава канстатавала, што яна шукала шляхі і да беларускай мовы, і да літаратуры, і менавіта «Бярозка» шмат у чым паспрыяла таму, што сёння яна піша, і піша па-беларуску. Дзяўчына таксама заўважыла, што часопіс стаў яшчэ больш арыентавацца на падлеткаў, асабліва гэта датычыцца яго сучаснага дызайну.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У засені «Бярозкі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.