Вы тут

Якім выдаўся 2020 год для аграэкатурызму і якім будзе 2021-ы?


Якім выдаўся 2020 год для аграэкатурызму і якім будзе 2021-ы, расказалі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі «Агратурызм у Беларусі. Гатоўнасць да турыстычнага сезона — 2021», што прайшла ў Доме прэсы.


Дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч назвала аграэкатурызм своеасаблівым брэндам нашай краіны. «За 14 гадоў, што дзейнічае Указ Прэзідэнта «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь», які прадастаўляе льготнае крэдытаванне, мы назіраем не проста выдатныя вынікі, а дасягненні, якімі можна ганарыцца. Для параўнання ў 2006 годзе ў краіне існавала 34 аграэкасядзібы, на 1 студзеня 2021 года іх працуе ўжо 2936. Колькасць сядзіб павялічылася ў 86 разоў. Варта адзначыць, што кожная ўнікальная, не падобная да іншых.

Папярэдні 2020 год быў цяжкі для ўсяго турызму, але аграэкатурызм у Беларусі выжыў дзякуючы людзям, якія захапляюцца гэтай справай. Калі чалавек укладае ўсяго сябе, гэта дае вынік. Таму наша задача як рэгулятара турызму — падтрымліваць людзей, якія гэтым займаюцца, і дапамагаць ім».

4 лютага 2021 года Прэзідэнт падпісаў Указ № 40 па пытаннях далейшага рэгулявання аграэкатурызму. Дакументам прадугледжана працягненне да 2025 года ўжо існуючых умоў вядзення гаспадарскай дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Застаецца льготнае крэдытаванне з ААТ «Белаграпрамбанк» у памеры да двух тысяч базавых велічынь пад 5 % гадавых на тэрмін да пяці гадоў. Па словах галоўнага юрысконсульта Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Аляксандра Крэчэтава, галоўным стымулам для развіцця аграэкатурызму стаў дазвол для ўладальнікаў бізнесу аказваць паслугі на тэрыторыі дзвюх аграэкасядзіб. Таксама ён адзначыў, што перагледжаны падатковы збор, які зараз складае дзве базавыя велічыні.

Згодна з указам, Белаграпрамбанк вызначаны як базавая фінансавая ўстанова для фінансавання аграэкатурызму. Дырэктар дэпартамента карпаратыўнага бізнесу ААТ «Белаграпрамбанк» Андрэй Джумкоў падкрэсліў, што банк не абмяжоўваецца толькі работай па фінансаванні. «Для нашага банка, які спецыялізуецца на развіцці сельскай гаспадаркі аграэкатурызм успрымаецца як магчымасць уваходжання ў сельскагаспадарчы бізнес нераўнадушных і актыўных людзей. За час дзеяння ўказа мы прафінансавалі 618 фізічных асоб. Агульная сума фінансавай падтрымкі склала восем мільёнаў беларускіх рублёў. Нягледзячы на існаванне нязначнай запазычанасці, усе крэдыты выплачваюцца своечасова і добрасумленна», — адзначыў прадстаўнік Белаграпрамбанка.

Старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова расказала пра асноўныя тэндэнцыі ў развіцці аграэкатурызму: «Аграэкатурызм — гэта не толькі наш брэнд, але і дастаткова ўстойлівая галіна эканомікі, якая атрымала свой пачатак у 2003 годзе са стварэннем нашай арганізацыі. І з таго часу мы дынамічна развіваемся, рэалізуем шэраг міжнародных праектаў. У 2020 годзе Сусветная турысцкая арганізацыя планавала правесці ў Беларусі сусветны форум па развіцці сельскага турызму і мясцовых тэрыторый, але праз пандэмію каранавіруса форум быў перанесены на восень 2021 года. Гэта азначае, што наша праца атрымала міжнароднае прызнанне, што мы зрабілі тое, чаго няма ў іншых краінах. З самага пачатку мы ўзялі курс на тое, каб адрознівацца, каб не капіраваць іншыя краіны. Людзі, якія прыязджаюць у нашу краіну, павінны адчуваць, што яны трапілі менавіта ў беларускую вёску, інакш навошта ім сюды ехаць? Таму галоўнае для нас не інфраструктура, а нашы беларускія традыцыі, звычаі, фальклор. Самы прадаваемы тавар зараз — гэта ўражанні.

У 2020 годзе аграэкатурызм праявіў сваю ўстойлівасць дзякуючы гаспадарам, якія не сядзелі склаўшы рукі: рабілі рамонт, прыдумвалі праграмы для гасцей з улікам эпідэмічнай абстаноўкі, ладзілі прагулкі і паходы. Колькасць турыстаў, якія наведвалі аграсядзібы, знізілася на 20 %, але галоўнае, што сядзібы працавалі».

Гаспадар аграсядзібы «Ганка» Анатоль Ганец і гаспадар сядзібы «Свет пчол» Васіль Фралоў падкрэслілі, што адчувалі недахоп толькі ў замежных турыстах. Беларусы ж актыўна наведвалі аграсядзібы, гаспадары якіх аб'ядналіся, каб забяспечыць гасцям выдатны адпачынак.

Адказваючы на пытанне, як аграсядзібы перажылі цяжкі 2020 год, Васіль Фралоў і Анатоль Ганец сышліся ў думцы — калі не сядзець на месцы, пастаянна развівацца і прапаноўваць гасцям штосьці ўнікальнае, можна перажыць любую сітуацыю.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Народныя абрады, мёд, хлеб і... крэатыў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».