Вы тут

Арнамент на саматканай масцы


Маларыцкі строй, выраб якога адрадзілі ў цэнтры народнай творчасці, стаў культурным брэндам раёна, яго візітоўкай і цікавінкай.


Сцепаніда Сцепанюк: майстар-клас па завязванні плата.

У Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці захоўваюцца народныя касцюмы, якім па 150—200 гадоў. Іх сабралі рупліўцы па бабуліных куфэрках з усяго раёна, памылі, папрасавалі — і строі выглядаюць як новыя. Некалькі найбольш характэрных узораў адзення захоўваецца на манекенах. Два гады таму цэнтр выйграў грант, за які былі набыты вітрыны для манекенаў. Вядома, такі спосаб захоўвання выглядае больш сучасна і цывілізавана, ды і для захаванасці тканіны больш надзейны.

...Але раней, калі манекены стаялі адразу насупраць уваходных дзвярэй і фактычна «сустракалі» наведвальніка, гэта было так цікава, атмасферна! Адразу нібы адчуваў аўру даўнейшага жыцця, сапраўдная спадчына была не на карціне, не за музейнай вітрынай, а на адлегласці выцягнутай рукі. Можа, яшчэ ад таго, што прыгажосць строю, падкрэсленая бездакорнымі фігурамі, маладымі прывабнымі тварамі, здольная аказваць непараўнальнае эмацыянальнае ўздзеянне. І ў гэтым сэнсе за шклянымі вітрынамі, выстаўленыя ў радок, яны ўжо не так «жыва» выглядаюць. Прынамсі, гэта толькі маё меркаванне.

Дырэктар цэнтра народнай творчасці Валянціна СТРУНЕЦ вельмі ганарыцца не толькі сваёй калекцыяй аўтэнтычнага касцюма, але найперш тым, што цэнтр змог аднавіць традыцыі ткацтва, вышыўкі. І цяпер тут можна купіць самы сапраўдны народны касцюм, вытканы сучаснымі майстрыхамі. Вядома, сукенкі і сарочкі з тканіны ручной работы каштуюць нятанна. Але тыя, хто цікавіцца народным адзеннем, цэніць традыцыі, купляюць. Вось і не так даўно маларытчанка купіла сукенку на ўласнае вяселле.

Маларыцкі строй з яго непаўторнымі ўзорамі і адмысловым галаўным уборам — платам — даўно набыў вядомасць у нашай краіне. Пра гэтае адзенне напісаны манаграфіі, без узораў мясцовых спадніц, фартушкоў, кашуль не абыходзіцца ніводная выстаўка. Але недзе ў пачатку нулявых спецыялісты сталі адзначаць, што сапраўдных касцюмаў з бабуліных куфэркаў становіцца ўсё меней — іх разабралі музеі, установы культуры. Таму ў цэнтры народнай творчасці паставілі задачу: паўтарыць строй з характэрным узорам на сучаснай тканіне і тым самым не даць памерці даўняй традыцыі. А сапраўднай знаходкай на гэтым шляху, добрым анёлам для справы стала Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк, якая з дзяцінства асвоіла тэхналогію ткацтва, ведае прыёмы і ўзоры сваіх маці і бабулі.

Цяпер ткацкую справу асвоілі і штатныя супрацоўнікі цэнтра. Пры ўстанове працуе гурток, у якім займаюцца дзеці.

І вось ужо ў цэнтр прыходзяць людзі, каб купіць народны строй для сябе на сваю ўрачыстасць альбо ў падарунак замежным сваякам ці сябрам. А калі з пачаткам пандэміі работніцы зрабілі некалькі ўзораў медыцынскіх масак з арнаментам, то ад пакупнікоў адбою не было. Па цяперашнім часе гэта самы ходкі сувенір. Замаўляюць па некалькі штук і дзясяткамі для падарункаў альбо сувеніраў на цэлыя семінары, канферэнцыі. Згадзіцеся, цікава, акрамя традыцыйных блакнотаў з ручкамі, падчас рэгістрацыі атрымаць яшчэ і маску, прытым асаблівую, пашытую з ільняной тканіны, аздобленую палоскай з адмысловым арнаментам. Танюткае палатно, вытканае майстрыхамі, складае ўнутраны слой маскі, зверху яе абшываюць баваўняным палатном. Атрымліваецца практычна — можна мыць неаднаразова — і экалагічна — праз лён добра дыхаецца.

Ткацтвам разам з Валянцінай Струнец займаецца майстар народных рамёстваў Святлана Луцык.

Напрыклад, да леташніх абласных «Дажынак» яны выткалі 16 ручнікоў (па колькасці раёнаў вобласці). На гэтых ручніках потым выносілі караваі. Кожны ручнік даўжынёй у два з паловай метры вытканы «наборам». Яго ўпрыгожваюць арнаменты маларыцкага строю з васьміканцовай зоркай, сімвалам душы, і крыжам, знакам абярэга. Пра гэта нам расказала Валянціна Мікалаеўна.

Вядучыя на фестывалі-кірмашы таксама былі ў традыцыйных маларыцкіх касцюмах, вытканых у тэхніцы «кажушком». А яшчэ для маларыцкай дэлегацыі вырабілі адзнакі-атрыбуты: мужчыны былі ў гальштуках з арнаментам, жанчыны накінулі на шыю ў тым жа стылі шалікі. І дэлегацыя выгадна адрознівалася ад іншых, на радасць майстрых.

Валянціна Струнец дэманструе маскі.

Валянціна Струнец і яе калегі радыя, што народны строй запатрабаваны. Сучаснікі яго ўспрымаюць не толькі як нейкі элемент даўніны, фальклору, але і як сучасны стыльны аксесуар, напрыклад той жа гальштук альбо шалік. Ды і майстры адаптавалі касцюм да сучаснасці найперш па кроі. Старадаўнія касцюмы шыліся «ў зборачку»: лічылася, што жанчына прыгожая тады, калі яна круглая, калі кашуля альбо сукенка даволі шырокія. Цяперашнія модніцы стараюцца падбіраць адзенне па фігуры, і гэта ўлічваюць майстры.

Валянціна Мікалаеўна можа расказваць пра народны строй гадзінамі. Кажа, што ніводзін узор, ніводзін арнамент у народных майстрых, якімі былі ўсе вясковыя жанчыны, не паўтараецца ніколі:

— Некалькі гадоў таму, як прыехалі з кінастудыі «Беларусьфільм» здымаць дакументальнае кіно пра нас, мы сабралі каля 70 аўтэнтычных народных касцюмаў. Ні адзін не быў дакладнай копіяй другога! Яно і вядома, ніякая жанчына не захоча надзець такое ж, як у суседкі. І калі ўмоўная Маня ў нейкай вёсцы ткала такі вось (паказвае) арнамент, то ўмоўная Ганна змяняла ўзор, дадавала свае элементы, і касцюм атрымліваўся іншы. Але абавязковыя ромбы, абавязковая васьміканцовая зорка, і крыж былі заўсёды. А на спадніцы абавязкова — трайны бардзюр. Гэта сімвалы і абярэгі.

Апошняе не проста прыгожыя словы, ёсць навуковыя распрацоўкі, даследаванні. Мы самі пра іх выпадкова даведаліся. Нам аднойчы паказалі публікацыю навукоўца з Санкт-Пецярбурга. Аказваецца, яны даследавалі розныя народныя строі, у тым ліку маларыцкі. Потым нам удалося знайсці раздрукоўку патрэбнай электраграмы. Электраграма добраахвотніцы ў звычайным адзенні паказала парушэнні энергетычнай абалонкі, што азначае неабароненасць чалавека ад знешніх уздзеянняў. Тая ж самая дзяўчына, паводле паказанняў прыбора, у маларыцкім строі была «закрытая», абароненая энергетычна. Арнамент на плячы абараняе некаторыя органы, на гэты конт ёсць меркаванне вучоных. А галаву ад негатыву закрывае плат. Ды што там казаць, да нас часам заходзяць для рэлаксацыі. Калі ў чалавека раптам стрэс, нейкія непрыемнасці і трэба хутка супакоіцца, можна пахадзіць сярод нашай прыгажосці, і настрой палепшыцца. У некаторых людзей праходзіць галаўны боль, калі ім завязаць плат. І гэта не байкі, гэта досвед продкаў. Цяпер мы лечымся таблеткамі, а яны перадавалі з пакалення ў пакаленне веды, назапашаныя стагоддзямі, і карысталіся імі на карысць здароўю.

Варта адзначыць, што маларыцкія майстрыхі, удзельнікі гурткоў не варацца ў сваім саку. Яны актыўна ўдзельнічаюць у айчынных і міжнародных праектах, прапагандуюць народную творчасць, рэалізуюць уласныя задумкі і праекты.

Святлана ЯСКЕВІЧ, Маларыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Рэстаўрацыя па-беларуску: ратаваць — неабходна

Гістарычная памяць — тое, што вызначае будучыню... Здаецца, банальная ісціна, якую не трэба нікому даказваць.

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.